Падман выдаўцоў

Евангелле напрастольнае, выдадзенае ў Вільні, у друкарні братоў Мамонічаў з датай 17 ліпеня 1600 г., утрымлівае некалькі загадак. Кніга пачынаецца з другога аркуша. Першага аркуша не мае ніводны захаваны экзэмпляр. Дата выдання, указаная напрыканцы кнігі, зманлівая, насамрэч кніга была выдадзена пазней, у канцы 1610-х — пачатку 1620-х гг. Чаму так адбылося?

Евангелле напрастольнае з фонду Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Зазірнём у гісторыю друкавання кнігі. Евангелле напрастольнае змяшчае тэкст чатырох Евангелляў (ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана) і расклад евангельскіх богаслужбовых чытанняў. У XVI ст. попыт на такую кнігу сярод праваслаўнага насельніцтва быў вялікі, таму ў Вільні, у знакамітай друкарні Мамонічаў, выйшла тры выданні Евангелля напрастольнага. Першае, самае прыгожае, было надрукавана Пятром Мсціслаўцам у 1575 г.

Неўзабаве пасля выдання гэтага шэдэўра Мсціславец быў вымушаны пакінуць друкарню. Паміж ім і Мамонічамі адбыўся канфлікт. Выказваюцца розныя меркаванні наконт сутнасці спрэчкі: абмежаванне самастойнай дзейнасці кнігадрукара, адхіленне ад спраў друкарні, прысвойванне яго шрыфтоў і друкарскіх інструментаў, а таксама змены ў стаўленні ўрада да друку кніг для праваслаўных.

У 1583 г. друкарня Мамонічаў аднавiла работу, але дасягнуць узроўню Мсцiслаўца ў мастацкiм аздабленнi кнiг ужо не давялося. Мамонічы выдалі Евангелле напрастольнае яшчэ двойчы: адно выйшла з сапраўднай датай «17  ліпеня 1600  г.», другое надрукавалі пазней — на мяжы другога і трэцяга дзесяцігоддзяў XVII  ст., але дату паставілі тую ж самую — «17 ліпеня 1600 г.». Гэтыя Евангеллі, за выключэннем пасляслоўя і некаторых акалічнасцей, паўтаралі кнігу Мсціслаўца, але іх упрыгожванні атрымаліся грубай і спрошчанай копіяй першавыдання.

шавыдання. Да друку кнігі Мамонічы падышлі прагматычна: узялі найтаннейшую паперу мясцовай вытворчасці, прычым і яе выкарыстоўвалі эканомна, скарацілі колькасць пустых (без тэксту) аркушаў, паменшылі аб’ём пасляслоўя і надрукавалі яго дробным шрыфтам. Малітву, якая была на першым аркушы Евангелля 1575 г., наогул не змясцілі. Друкавалі нядбайна, не вельмі клапаціліся аб прыгажосці: набор атрымаўся няроўны, арнаментальныя ўпрыгожванні аднастайныя, гравюры з выявамі евангелістаў спрошчаныя. Друкавалі, відаць, не з першага сшытка, таму памылковы пачатак кнігі з другога аркуша вырашылі не выпраўляць. Трэба было хутка задаволіць патрабаванне рынку, скарыстацца выключным правам выдання і продажу кніг у Рэчы Паспалітай і бяспошліннага экспарту. Прадукцыя друкарнi разыходзiлася не толькi ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, але i сярод суседнiх усходнеi паўднёваславянскiх народаў.

Чаму ў выданні канца 1610-х — пачатку 1620-х гг. паставілі дату «17 ліпеня 1600 г.»? Магчыма, хітрыя прадпрымальнікі не хацелі плаціць падатак з кожнага новага выдання, магчыма, мелі іншыя прычыны. У пасляслоўі паведамляецца, што выданне здзейснена «за волею и позволением» канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі на сродкі скарбнага ВКЛ Лукі і бурмістра Віленскага Кузьмы Мамонічаў. Зразумела, што Мамонічы, якія займалі важныя афіцыйныя пасады, друкавалі ў тым ліку дзяржаўныя акты Літвы, шанавалі заступніцтва Льва Сапегі. Афішаваць сваю дзейнасць у падтрымку праваслаўя пасля Брэсцкай уніі было не з рукі. З XVII ст. друкарня выдавала кнігі для ўніятаў.

Загадкавае выданне Евангелля канца 1610-х — пачатку 1620-х гг. лічыцца даволі рэдкім, да нашага часу дайшло ўсяго 70 экзэмпляраў. Адзін з іх захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аналіз вадзяных знакаў паперы пацвярджае высновы даследчыкаў пра больш позняе выданне кнігі. Асобнік, як і ўсе вядомыя экзэмпляры, пачынаецца з другога аркуша.

Кніга «апранута» ў пераплёт канца XIX — пачатку XX  ст. з дошак, абцягнутых зялёным аксамітам. На верхнім вечку — сляды ад накладных упрыгожванняў, якія некалі складалі багатую аздобу асобніка. Кніжны блок замацоўваюць дзве металічныя зашпількі ў выглядзе літых фігурных спражак, упрыгожаных арнаментам і разьбой.

Раней асобнік захоўваўся ў прыбалтыйскіх стараабрадцаў. Яго апошнім уладальнікам быў Нікан Сарокін (1904 ці 1905 — 1974) з горада Дукштас, пра што сведчыць яго ўладальніцкі запіс. Дарэчы, у Ігналінскім раёне Літвы з XVII ст. пражываюць стараабрадцы паморскага сагласу. Кнігу Нікан Сарокін, верагодна, набыў у Фядота Захарава: «Сия книга Федота Архиповича Захарова».

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца перапіска былых супрацоўнікаў аддзела Лідзіі Збралевіч і Валянціны Білевіч з Ніканам Сарокіным у сувязі з набыццём старадрукаваных і рукапісных кніг для бібліятэкі. Лісты адлюстроўваюць паважлівыя, даверныя адносіны, якія склаліся падчас перамоў.

Нікан Сарокін пачаў перапіску ў сталым узросце. Ён быў «патомным камнячосам», хлапчуком дапамагаў бацьку і брату ў гэтай цяжкай працы. Цікавіўся старадрукаванымі і рукапіснымі кнігамі, набываў іх для сваёй калекцыі. Верагодна, быў членам Дукштайскай суполкі стараабрадцаў. У лістах ён згадваў пра знаёмства з вядомымі рэлігійнымі і грамадскімі дзеячамі стараабрадніцтва Балтыі Іванам Завалокам і Іванам Ягоравым.

Вядома, што стараабрадцы вельмі шанавалі старадрукаваныя даніканаўскія выданні, але асобнік віленскага Евангелля Нікан Сарокін чамусці не вельмі любіў. Ён настойліва паведамляў пра намер абмяняць Евангелле на Апостал ці якоенебудзь стараабрадніцкае выданне, кнігу пра пратапопа Авакума. На наш погляд, абмен нераўнацэнны, але гэта справа густу, бо кожны калекцыянер мае любыя і не вельмі любыя экзэмпляры. У лісце Нікан Сарокін паведамляў, што хоча ў сваім пакоі зладзіць выстаўку стараабрадніцкіх кніг для ўсеагульнага агляду. Ці ўдалося яму здзейсніць сваю мару, невядома.

У 1973  г. бібліятэцы пашчасціла набыць экзэмпляр цікавага выдання Евангелля канца 1610-х — пачатку  1620-х  гг. І сёння мы маем магчымасць даведацца пра асаблівасці друку і афармлення кнігі, рабіць высновы пра гісторыю бытавання асобніка.

Алена Цітавец, “Літаратура і мастацтва”