Віктар Марціновіч сустрэўся з гарадзенцамі перад ад’ездам за мяжу

20 лістапада ў Гародні прайшла прэзентацыя рамана “Возера радасці”.

Вядомы пісьменнік прызнаўся, што ў пэўны момант пастанавіў на кожнай сустрэчы з чытачамі казаць нешта новае: каб было цікава самому і каб трымаць марку перад публікай.

Спачатку Віктар падзяліўся сваім уражаннем пра Гародню: пісьменнік не раз выказваўся пра тое, як усё хутка мяняецца ў беларускіх гарадах.

“Пельмені ў “Семафоры”, што раней называўся проста “Пельменнай”, захавалі той самы смак”, – жартуючы ацаніў Марціновіч.

У папярэднім рамане “Мова” падзеі адбываюцца ў будучыні, “якая, я хацеў бы, каб ніколі не настала”, кажа аўтар. “Возера радасці” – твор пра сучаснасць. Сюжэт разгортваецца вакол дзяўчыны Ясі, што мае адпрацаваць абавязковае размеркаванне. Яе гісторыя – гэта вобраз містычнай Царыцы Зямной і Нябеснай.

Ад тых, хто ўжо прачытаў раман, гучала багата пытанняў сімволіку і прататыпаў, аднак мы захаваем інтрыгу. Наклад у 1,5 тысячы асобнікаў ужо разышоўся, зараз у продажы ўжо дадатковы, таму ў чытачоў з усёй краіны ёсць магчымасць набыць кнігу і атрымаць асалоду.

Палову часу прэзентацыі Віктар Марціновіч адказваў на пытанні прысутных: пра важныя для яго кнігі сучаснай літаратуры, пра ўспрыманне яго ў заходніх краінах, пра тое, хто тыя людзі, што прыходзяць на прэзентацыі Марціновіча там. Калі б аўтар не спяшаўся вярнуцца дадому, аўдыторыя магла б прасядзець – без жартаў – да ночы.

Традыцыйна доўгая чарга па аўтографы і… да пабачэння, Радзіма! Неўзабаве Віктар на доўгія паўгода ад’ездзе ў Швейцарыю: пісаць чарговы раман і сустракацца з чытачамі там.

Нагадваем, што набыць Раман “Возера Радасці”  гарадзенцы могуць у краме Праметэй (вул. Савецкая, 10). Таксама яго можна замовіць у інтэрнэт-крамах knihi.by, imbryk.by, symbal.by.