Гістарычная памяць “на крэсах”: ці ёсць паразуменне?

Гістарычная памяць на так званых “крэсах усходніх”. Жаўнеры Арміі Краёвай – героі ці антыгероі? Станіслаў Манюшка – стваральнік польскай ці беларускай оперы? Ці можна знайсці паразуменне ў гэтых ды іншых складаных пытаннях?

На тэму гістарычнай памяці ў Беластоку выступіў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні, гісторык па адукацыі, Яраслаў Ксёнжэк.

У размове з Беларускім Радыё Рацыя дыпламат адзначыў, што хоць нашыя народы маюць доўгую супольную гісторыю, але погляды на яе могуць вельмі адрознівацца, а ў некаторых пытаннях пакуль няма магчымасці дайсці да поўнага паразумення:

– Погляды розныя на розныя падзеі і з’явы. Напрыклад, погляды на жаўнераў Арміі Краёвай ды іншых армій. Гэта натуральная з’ява на гэтых тэрыторыях, якія можна назваць тэрыторыямі дынамічнымі ў гістарычным і грамадскім кантэкстах. Гэтыя тэрыторыі заўсёды былі шматкультурнымі, дзе “захад сутыкаецца з усходам”. І розніца поглядаў натуральная тут. Трэба памятаць і пра тое, што дзяржава, якая існавала да 90-х гадоў мінулага стагоддзя даклала сваю порцыю “гістарычнага бяспамяцтва”.

Дыпламат назваў і яшчэ адну рэч, якая тычыцца гістарычнай памяці і ў значнай ступені на яе ўплывае. Гэта эмоцыі:

– Эмоцыі ў пэўнай ступені суправаджаюць гістарычную памяць. Кожны прыносіць свае эмоцыі, часам вынесеныя з дому, часам з навучання і гэтык далей. Ці можна дайсці да паразумення? Гэта працэс, які патрабуе трохі часу. Трэба верыць, што гэта магчыма, але для гэтага патрэбна таксама крыху суцішыць эмоцыі. Гэтыя эмоцыі можна пакінуць “па-за дзвярыма”, і дыскутаваць, размаўляць пра розныя справы, на якія існуюць розныя погляды.

Барбара Баярын-Казберук з Інстытута Нацыянальнай Памяці ў Беластоку прыводзіць канкрэтныя прыклады таго, як да той самай гісторыі існуюць розныя падыходы ў розных дзяржавах:

– Памяць у нас супольная, але розная. Напрыклад, у гарадах Беларусі надалей ёсць вуліцы 17-га верасня. З нашага пункту гледжання, гэтая дата не вартая ніякага ўшанавання, бо гэтая дата прыгадвае пра пачатак савецкай агрэсіі на Рэч Паспалітую. І нам цяжка пагадзіцца з тым, каб надалей існавалі вуліцы 17-га верасня, таксама, як вуліцы Дзяржынскага ды ў гонар іншых асобаў, якія ў польскай памяці вельмі негатыўна запісаліся.

“Ёсць таксама і шмат супольных пазітыўных момантаў у гістарычнай памяці, па якіх няма непаразумення”, – дадае даследчыца:

– Гэта, напрыклад, героі “студзеньскага” паўстання. Гэта людзі і ідэя, якія нас яднаюць. Але ўжо цяжка знайсці такіх супольных герояў, калі казаць пра Другую сусветную вайну або пра пасляваенны перыяд. Мы не пагаджаемся з тым, каб жаўнераў Арміі Краёвай разглядалі як нейкія бандыцкія элементы. Гэта непрымальна. Але магчымасць дыялогу ёсць, дыялог гісторыкаў, якія павінны падымаць складаныя пытанні, але не ўнікаць іх. І тады мы дойдзем урэшце да паразумення і ў тых пытаннях, па якіх цяпер істотна разыходзімся.

Яраслаў Ксёнжэк у час свайго выступу-лекцыі таксама прыводзіў шмат прыкладаў таго, як па-рознаму ацэньваюцца тыя самыя постаці або падзеі ў Польшчы, Беларусі або Украіне. Так, ён узгадаў вялікі банэр з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага, які зараз можна было бачыць на ўездзе ў Гародню з боку польскай мяжы. Дыпламат падкрэсліў “польскасць” гэтай постаці, хоць і зазначыў, што паколькі палацы ў Міры і Нясвіжы знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то беларусы ўсё ж маюць права на тое, каб на падставе гэтага таксама будаваць сваю свядомасць і сваю дзяржаўнасць.

У падобным кантэксце былі ўзгаданыя Эліза Ажэшка і Тадэвуш Касцюшка. Таксама прагучала прозвішча Станіслава Манюшкі, якога палякі лічаць заснавальнікам польскай нацыянальнай оперы, але беларусы “чамусьці” называюць заснавальнікам сваёй нацыянальнай класічнай оперы.

Прагучала і тое, што ў Беларусі, у той жа Гародні ці Берасці, часта можна пачуць непрыязнае стаўленне да самаго азначэння “крэсы ўсходнія”. Паводле Яраслава Ксёнжка, раней калектыў “Крэсавянка” ад Саюзу палякаў меў нават праблемы з-за сваёй назвы.

Абмеркаванне тэмы гістарычнай памяці на тэрыторыі “крэсаў усходніх” адбылося ў межах мерапрыемства “Прыстанак гісторыя”, якое арганізаваў Інстытут Нацыянальнай Памяці напярэдадні Дня Незалежнасці Польшчы 11-га лістапада.

Яна Запольская, “Беларуская Радыё Рацыя” Фота: bialystok.ipn.gov.pl, znadniemna.pl