Наш вялікі зямляк: Уладзіслаў Страмінскі

11 лістапада ў Менску адбылася беларуская прэм’ера апошняга фільма нядаўна памерлага выбітнага польскага рэжысэра – Анджэя Вайды. Мы ўбачылі «Powidoki» (магчымы пераклад – «Пасьлявобразы», «Рэшткавыя выявы») на два месяцы раней за палякаў.

Анджэй Вайда

Нацыянальная прэм’ера ў Польшчы мае адбыцца толькі 13 студзеня, а сусьветная ўжо адбылася два месяцы таму на Міжнародным кінафэстывалі ў Таронта (Канада) у сэкцыі «Майстры». Да Менску фільм быў паказаны яшчэ на фэстывалях у Чыкага (ЗША), Рыа-дэ-Жанэйра (Бразылія), Рыме (Італія). І вось – Менск.

Тут стужка стала фільмам закрыцьця кінафэстывалю «Лістапад». Такога гонару быць сярод першых гледачоў у сьвеце мы заслужылі тым, што цэнтральным героем фільма стаў выбітны беларускі і польскі мастак і тэарэтык мастацтва Уладзіслаў Страмінскі, які нарадзіўся ў Менску, быў паплечнікам Казімера Малевіча, працаваў у Менску, Смаленску, Вільні, Вілейцы, які пазьней, баючыся перасьледу камуністаў у СССР, пераехаў у Польшчу, дзе камунізм яго здагнаў і зьнішчыў.

Страмінскі – адзін зь немалога шэрагу творцаў, якія належаць дзьвюм культурам, гісторыі двух народаў – беларусаў і палякаў. Гэта фільм пра творцу, які праславіў польскае мастацтва ў Эўропе ў міжваенны час і які быў зь гісторыі выкрасьлены камуністычнай уладай Польшчы ў часе пасьляваенным, даведзены да галечы за непрыняцьце мэтаду сацыялістычнага рэалізму. Дадамо, што натуральным чынам, і ўжо характэрным для камуністычнай Беларусі,

канструктывіст, аўтар тэорыі «ўнізму», Страмінскі быў пазбаўлены свайго месца і ў гісторыі беларускага мастацтва. І мы пайшлі ў кіно, каб адкрыць ці вярнуць гэтае імя…

Назва фільма дублюе назву створанай Страмінскім у 1948–1949 гадах сэрыі гэтак званых салярыстычных карцінаў. На іх мастак схапіў «сьляды выяваў», «пасьлявобразы» (па-польску «powidoki»), якія ўзьнікаюць у выніку позірку на сонца.

Уладзіслаў Страмінскі. З цыкла «Powidoki».

Менавіта ў гэты час, знаходзячыся пад лютым ціскам камуністычных ідэолягаў і спэцслужбаў, Страмінскі спрабуе прымірыць авангард, у які ён паверыў з пачаткам бальшавіцкай рэвалюцыі і які ён разьвіваў, з дактрынай сацрэалізму шляхам стварэньня новых прынцыпаў дзеля рэалістычнага адлюстраваньня жыцьця. Малюнкі і карціны, якія зьяўляюцца ў выніку гэтых пошукаў, ствараюць сваю форму для гэтых сьлядоў сьветлавых выяваў. Аднак, ніякія новыя формы, ніякія «пасьлявобразы» не былі патрэбнымі кіроўнай Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Яна катэгарычна патрабавала ад мастакоў ствараць прапагандысцкія творы, бясконца маляваць Леніна і Сталіна. Страмінскі ж, які быў перакананы, што адзіная значнасьць карціны – яна сама, становіцца ў апазыцыю сацрэалізму. У адказ улада помсьціць яму, наносячы ўдар за ўдарам, адлучаючы яго ад творчасьці, пазбаўляючы нават таго, без чаго чалавек і на ўзроўні біялягічным ня можа выжыць.

Багуслаў Лінда ў вобразе Уладзіслава Страмінскага.

Мастак і ўлада – канфлікт фільма Анджэя Вайды. Ён разьвіваецца, абвастраецца, разьвязваецца ў прасторы гісторыі жыцьця і творчасьці аднаго чалавека, расказанай у фільме. І, з гледзішча кінамовы, якой гэтая гісторыя даносіцца да гледача, асабіста для мяне, чалавека, які бачыў усе значныя працы Анджэя Вайды, фільм стаўся чаканы, прадказальны. Ад стужкі я зусім не чакаў мастацкіх сюрпрызаў, па якія мы так часта сёньня ходзім у кіно. І, дзякуй Майстру, я і ня ўбачыў іх.

Я чакаў фільма грунтоўнага, псыхалягічна глыбокага, гісторыю асобы ў палітычна і сацыяльна матываваных абставінах. Натуральна, я чакаў кіно, дасканалага паводле формы. Фільм Майстра. Мае чаканьні цалкам апраўдаліся.

Як і ў іншых фільмах Анджэя Вайды, у «Пасьлявобразах» сюжэтным цэнтрам ёсьць чалавек. Уся ўвага сканцэнтраваная толькі на ім, на, здавалася б, ягонай прыватнай гісторыі. Гэтая гісторыя тут дакладна распавядаецца ў мастацкіх каардынатах жанру фільма-біяграфіі. І, як і ў іншых фільмах Майстра, жыцьцяпіс ажыцьцяўляецца ў штогадзінных, штохвілінных судачыненьнях чалавека зь дзяржавай, соцыюмам, незалежна ад таго, якое месца ён займае ў грамадзтве. У дадзеным выпадку – герой зьяўляецца мастаком. Але Вайда ня быў бы выбітным Майстрам, калі б ягоны герой не станавіўся героем унівэрсальным, у чыім лёсе не адлюстраваўся б канфліктны сьвет, цэлая эпоха. З такой задачы натуральным чынам паўстае і форма фільму, яго вобразнасьць.

У фільме «Пасьлявобразы» падзеі разьвіваюцца ў пэйзажах пасьляваеннай Лодзі.

Абадраныя, брудныя фасады дамоў, разьбітыя брукаванкі, прасторныя, але зноў жа абшарпаныя кватэры і канторы, нагадваюць пра былы лоск гэтага гораду, колішняга цэнтру мастацтваў, гораду творцаў. Гэты амаль што мёртвы горад рэжысэр насяляе маўклівымі, зь мёртвымі тварамі, аднолькава шэра апранутымі людзьмі-манэкенамі, якія мэханічна перасоўваюцца па яго вуліцах. Людзі-манэкены, падпарадкаваныя новым парадкам, знаходзяцца ў маўклівай залежнасьці ад ўлады.

Заселены манэкенамі горад – дакладны, ёмісты вобраз сталінскай Польшчы.

Людзі-манэкены маўкліва, амаль шэрагамі, перамяшчаюцца па шэрым горадзе, людзі-манэкены моўчкі выстойваюць даўжэзныя чэргі ў краму па сьвіныя ногі. Яны ж штучна ажываюць на дэманстрацыях пад чырвонымі сьцягамі і партрэтамі ня іхных, але навязаных ім правадыроў. Тут і бачаньне камунізму Вайдам і ягоны мастацкі стыль!

Людзі-манэкены без абмеркаваньняў і эмоцыяў выконваюць загады сваіх начальнікаў, удзельнічаюць у працэсе маральнага гвалту дзяржавы над асобай. З застыглымі, аднолькавымі напаўмёртвымі тварамі кадравічкі і сакратаркі будуць забіраць у героя пасьведчаньні, выдаваць яму капэрты з загадамі аб звальненьні, якія ж аўтаматычна адбяруць у яго прадуктовыя карткі і нават права набываць фарбы для працы.

І толькі адна з гэтых мёртватваравых кадравічак запытаецца, ці насамрэч Страмінскі бачыў Шагала?.. Але адказу яна і не чакае, усё ёй на палітінфармацыях даўно растлумачана. І ўжо сярод сапраўдных манэкенаў, якіх герой за кавалак хлеба расстаўляе ў вітрыне, мы і ўбачым апошні раз жывога героя.

Мэтафарычная сцэна – сьмерць сярод манэкенаў. Гэта – Вайда!

А яшчэ будуць эмацыйныя сцэны-усплёскі, калі надзеленае правамі быдла будзе граміць выставы Майстра. І тонкія, да найглыбейшых псыхалягічных нюансаў, сцэны асэнсаваньня і перажываньня гвалту і ягонага асабістага жыцьця, залежнага ад гвалту, героем.

Такое змрочнае бачаньне рэжысэрам лёсу мастака, які кідае выклік таталітарнай дзяржаве. Бачаньне, адпакутаванае аўтарам фільмаў «Чалавек з жалеза», «Чалавека з мармуру», «Катыні».

Такое кіно, такая рэжысура заўсёды патрабавала ад Вайды выбару на ролі адпаведных (дадам – выбітных) актораў. Такім акторам у дадзеным выпадку стаў Багуслаў Лінда ў ролі Страмінскага. Ён глыбока, трагічна раскрыў лёс чалавека, залежнага ад брутальнага асяродзьдзя, у якім наканавана было жыць. Трагічнасьць перададзеная на найвышэйшым узроўні. Брава!!!

Але нас, беларусаў, цікавіць яшчэ, якім быў Уладзіслаў Страмінскі? Якім паказаў яго Багуслаў Лінда? У гэтым фільме і ў гэтым выкананьні мы ўбачылі свайго выбітнага земляка як асобу надзвычай таленавітую, харазматычную, інтэлектуальную, нязломную, цэласную. І – жывога чалавека ва ўсіх праявах ягоных прыватных, інтымных перажываньняў. Найвыдатнейшая акторская праца Багуслава Лінды! Такога героя, такой асобы бракуе нам, беларусам. Мы ўбачылі яе прыклад і ўдзячныя рэжысэру і актору.

Фільм Вайды – шматплянавы. «Пасьлявобразы» – і пра свабоду творчасьці, і пра спрадвечны канфлікт мастака і ўлады, і пра ўвогуле свабоду чалавека, пра ягоны выбар – быць свабодным ці быць манэкенам. Мо апошняе і ёсьць найважнейшай праблемай, якая цікавіла Анджэя Вайду. Гэтую праблему ён, якую ў розных фільмах і па-рознаму аналізаваў, у фільме «Пасьлявобразы» звужае да пытаньня: ці можа выстаяць адзінка ў супрацьстаяньні з таталітарнай сыстэмай? І адказвае, прынамсі я такі адказ прачытаў у аналізаваным фільме, – не.

Машына гвалту, яе адладжаныя мэханізмы, не даюць шанцаў на выжываньне чалавеку, які хоча быць свабодным. Таталітарны рэжым заб’е лёгка любога чалавека, які захоча быць свабодным. Мэханізмы забойства таталітарныя сыстэмы давялі да дасканаласьці. Думаю, што менавіта гэта і хацеў сказаць сваім апошнім фільмам вялікі Майстра. І я разумею гэты фільм як ягоны тэстамэнт, перадусім маладзейшым пакаленьням.

Калі пагас экран, я заплюшчыў вочы, і ў цемры ўзьніклі мае павідокі — мае пасьлявобразы маіх пакутаў, зьвязаных з маімі ўласнымі дачыненьнямі з сацрэалізмам, у які я ня верыў і які адпомсьціў мне за гэтую няверу. На шчасьце, ня так брутальна, як Страмінскаму. Але боль застаецца, як і ў кожнага, хто хоць крыху з тым сацрэалізмам сутыкнуўся.

Я рады, што паглядзеў гэты фільм у кінатэатры сярод людзей, якія разумелі, на які фільм яны прыйшлі. А мо і таму, што ўвогуле яго паглядзеў. Бо мне ня вельмі верыцца ў добры пракатны лёс «Пасьлявобразаў» Вайды ў Беларусі. Зь дзьвюх прычынаў. Першая хаваецца ў залежнасьці нашага пракату ад расейскага, які існуе ў ідэалягічных абцугах аўтарытарнага рэжыму Пуціна і яго, мякка кажучы, нелюбові да Польшчы з народжаным там антыкамунізмам. Другая – у аўтарытарызьме беларускага рэжыму, дзе сучасныя начальнікі над мастацтвам, як і ў эпоху сацыялістычнага рэалізму, які не прыняў Страмінскі, перакананыя, што творца павінен ахоўваць і абслугоўваць ідэалёгію дзяржавы, услаўляць рэжым, дзе існуе цэнзура ў розных яе праявах, абгрунтаваная эканамічнай залежнасьцю мастакоў і мастацтва ад дзяржавы. Разбуральнасьць такой зьявы выразна паказаная ў аналізаваным намі фільме Вайды. Доказы? Калі ласка. Крытычна настроеных адносна ўлады творцаў у сучаснай Беларусі, нібыта свабоднай, пераводзяць у стан дармаедаў, ім забараняюць канцэрты, зачыняюць іх выставы, цэнзуруюць іх спэктаклі і гэтак далей, і гэтак далей. Натуральна, усё адбываецца ня так брутальна, як у пасьляваенныя часы і ў Беларусі, і ў камуністычнай Польшчы, але мэханізмы – тыя ж.

Фільм «Powidoki» ўступіў у барацьбу за «Оскара» ў катэгорыі «найлепшы неангламоўны фільм». Мы, беларусы, будзем трымаць свае кулачкі за яго, бо свайго нацыянальнага, вартага міжнароднай увагі, кіно ў нас даўно няма і пры гэтай ўладзе доўга яшчэ ня будзе, а праз фільм «Powidoki», нават калі ён таго «Оскара» і не атрымае, усё ж прагучыць Беларусь як краіна, якая нараджае геніяў. У фільме існуе шырокі беларускі мастацкі кантэкст. Акрамя Страмінскага, у ім узгадваюцца Марк Шагал, Казімер Малевіч, Чэслаў Мілаш.

Вячаслаў Ракіцкі, “Наша Ніва”