Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Янка Запруднік. "Маніфэст Тутэйшага або Кантынэнт душы"

Маніфэст Тутэйшага

або

Кантынэнт душы

 

 

Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць
 
ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю
 
гісторыі беларускага народу.
 
Ігнат Абдзіраловіч[1]
 

 

 
 
Беларусь павінна стаць мостам,
 
які зьвязвае Ўсход і Захад.
 
Аляксандар Лукашэнка[2]

 

 
Усе нашы чаканьні вызначае геаграфія.
Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж
двума цэнтрамі ўплыву -- Эўразьвязам і Расеяй.
Сяргей Мартынаў[3]

 

 
 
Гэта “між” залезла ў косьці,
Пакуляла ўсё ўверх дном.
Правяць баль у хаце госьці,
Гаспадар жа — пад сталом.
Сяргей Законьнікаў[4]

 

 

 

Каб быць ПАМІЖ, трэба спачатку БЫЦЬ. Бытаваньне ПАМІЖ шкодзіць самому БЫЦЬЦЮ, пазбаўляючы яго паўнаты. ПАМІЖнасьць -- гэта памежнасьць, пэрыфэрыйнае існаваньне й мысьленьне.

МОСТ гэта – месца транзыту, а не бытаваньня. На ім не спыняюцца, па ім толькі рухаюцца да іншага берагу.

Ёсьць геаграфія прасторы і геаграфія душы. У геаграфіі душы няма ПАМІЖнасьці, няма МАСТОЎ, уся духовая прастора запоўнена ТУТнасьцю. Сутнасьць ТУТнасьці у цэнтрызьме мысьленьня.  Цэнтрычнае мысьленьне накіроўвае думку й пачуцьці на БЕЛАРУСЬ, а не на ПАМІЖнасьць і не на МОСТ. Я, ТУТны беларус, не хачу быць на ПАМІЖным МОСЬЦЕ. Хачу быць ТУТ -- на духовым КАНТЫНЭНЦЕ, сучаснае імя якому – БЕЛАРУСЬ.

Розум без пачуцьця не поўнавартасны. ТУТнасьць завастрае адказнасьць за долю Бацькаўшчыны, узбуджае творчую думку, працуе на будучыню праз наданьне поўнацэннасьці гістарычнай рэтраспэктыве, замацоўвае адчуваньне прысутнасьці[5].

ТУТ – гэта  зямля й жыцьцёвы лад, у якім жылі мае продкі. ТУТ – гэта мова, якую яны тварылі й якой я карыстаюся. ТУТ – гэта мае мастацкія каштоўнасьці й эстэтычныя густы. ТУТ – гэта магілы продкаў, што лучаць мяне з народам. Пакуль жыву, буду ТУТнічаць, буду памятаць, што кожная мясьціна ў геаграфіі народнай душы – гэта мой быційны цэтар.

На кантынэнце душы -- мой пачатак і працяг. На ім -- мае творчыя вытокі й імпульсы. На ім усе формы, колеры, вузоры, якімі ўзбагачу суродзічаў і якія  пакіну ў вянку сусьветнай духовасьці.

Беларуская душа вымяраецца не навакольлем з мастамі, а сукупнасьцяй ТУТных жыцьцяў, што папярэдзілі маё існаваньне. Народ – біялягічна-сацыяльная рэальнасьць, якая, мяняючы формы, захоўвае гістарычную цягласьць. У якой бы ладавай структуры ні бытавалі мае продкі, я неразлучна спалучаны зь імі. Я  – акумулятар іхняй быційнай і творчай энэргіі. Я, ТУТны беларус –  біялягічны й духовы спадчыньнік стагодзьдзяў, сувязны мінуўшчыны й будучыні.

Новыя формы жыцьця ствараюцца на духовай глебе, апрацаванай продкамі. Зьменлівасьць гістарычнага бытаваньня не мяняла іхняе ТУТнасьці, іхняе сувязі зь зямлёй, на якой яны жылі, якую любілі й баранілі, якая перайшла мне ў спадчыну й якую я маральна абавязаны перадаць нашчадкам.

Культурныя элемэнты, перанятыя зь іншых духовых кантынэнтаў, у моц іхняга прыняцьця, становяцца кампанэнтамі маёй культуры, арганічнай часткай маёй ТУТнасьці. У век глябалізацыі не ўцячэш ад вонкавага сьвету. “Беларуская хвароба” – уцяканьне -- праз МОСТ -- ад сябе саміх. Маё ж месца ТУТ, на кантынэнце Беларускай душы, на камені прашчурнай спадчыны.

 

Янка Запруднік

 

 

 

 

 

[1 ] Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Менск, “Навука і тэхніка”, 1993, с. 9.

[2] Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, у пасланьні да народу 23.04.2009.

[3] Сяргей Мартынаў, міністар замежных справаў РБ, у інтэрвію венскаму выданьню Der Standard. Радыё “Свабода”, 08.02.2010.

[4] Зь вершу С. Законьнікава “Між Варшавай і Масквой” у кнізе “Дол”.

 

 

 

 

 

 

 

[5] Антытэза “адсутнасьці”, пра якую піша Валянцін Акудовіч у кнізе“Код адстунасці” (Мінск, выд. І.П. Логвінаў, 2007).

 

 

 

 

 

 

 

 



[1]Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Менск, “Навука і тэхніка”, 1993, с. 9.

[2]Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, у пасланьні да народу 23.04.2009.

[3] Сяргей Мартынаў, міністар замежных справаў РБ, у інтэрвію венскаму выданьню Der Standard. Радыё “Свабода”, 08.02.2010.

[4] Зь вершу С. Законьнікава “Між Варшавай і Масквой” у кнізе “Дол”.

[5] Антытэза “адсутнасьці”, пра якую піша Валянцін Акудовіч у кнізе“Код адстунасці” (Мінск, выд. І.П. Логвінаў, 2007).

Падзяліцца: