Новы каляндар з папулярнай серыі “Не маўчы па-беларуску!” на 2017 год ад кампаніі “Будзьма!”

Кампанія “Будзьма беларусамі”, ініцыятарам і каардынатарам якой з’яўляецца МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”», працягвае папулярны праект “Не маўчы па-беларуску” і выдала новы каляндар на 2017 год.

Аматараў нашага, роднага чакаюць 365 арыгінальных малюнкаў ад мастачкі і аўтара ідэі Дар’і Мандзік, падпісаных сакавітымі беларускімі словамі і словазлучэннямі. Дызайнерскае афармленне календара зрабіў Анатоль Лазар (студыя “Адліга”). Кожны месяц – новая тэма і іншая прыказка.

Мінулагоднія выданні календара на 2015 і 2016 год карысталіся вялікім попытам. Так, каляндар “Не маўчы па-беларуску – 2016” разышоўся накладам у 10 тысяч асобнікаў. Прычым удала прадаваўся ён не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. А студыя дызайнера Ігара Назаранкі зрабіла мабільную версію календара, якая была дасяжная для бясплатнага спампоўвання.

Варта дадаць, што не так даўно кампаніяй таксама быў выдадзены набор паштовак-расфарбовак паводле нашумелага анімацыйнага фільма “Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”, якому сёлета споўнілася 5 гадоў. Цяпер кожны ахвочы можа не толькі вывучыць новыя беларускія словы, але і расфарбаваць яскравыя гістарычныя моманты на ўласны густ. І каляндар, і паштоўкі напярэдадні навагодніх святаў – добры падарунак усім, хто цікавіцца родным словам і гісторыяй.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” дзякуе парфумерна-касметычнай фабрыцы “Модум – наша касметыка” і кампаніі “Universal Press”, пастаўшчыку сувенірнай прадукцыі за чынны ўдзел у падрыхтоўцы календара.

Новы каляндар “Не маўчы па-беларуску – 2017” можна набыць у наступных крамах:

“Акадэмкніга”, пр-т Незалежнасці, 72;

“Кнігарня пісьменніка”, вул. Казлова, 2;

“Веды”, вул. К.Маркса, 36;

“Цэнтральная кнігарня”, пр-т Незалежнасці, 19;

“Кнігі & кніжачкі”, пр-т Незалежнасці, 14;

“Эўрыка”, вул. Куйбышава, 75;

Кніжны кірмаш “Свет кніг”, вул. Купалы, 27;

А таксама ў інтэрнэт-кнігарнях: knihi.by, imbryk.by i symbal.by (дастаўка па ўсім свеце).