Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Гаўляйтэр Вільгельм Кубэ: спробы актывізацыі нацыянальнага жыцця ў Генеральнай акрузе Беларусь"

 

Тэрытарыяльнае абрабоўванне

 

З усіх прынесеных фашысцкай акупацыяй на Беларусь бед не апошняе месца паводле сваіх цяжкіх наступстваў трэба аддаць гвалтоўнай, валюнтарысцкай перакройцы яе этнічнай прасторы. Ад апошняй штосьці перапала Украіне, Літве і нават самой Нямеччыне. Асноўны ж масіў тэрыторыі нашага краю знаходзіўся пад юрысдыкцыяй нямецкага вайсковага камадавання, што вельмі абцяжарвала правядзенне тут усякага роду мерапрыемстваў па арганізацыі жыцця мясцовага насельніцтва згодна з яго спрадвечным укладам.

Немалая віна праведзенай акупантамі перакройцы адміністрацыйных межаў нашай Бацькаўшчыны польскіх, рускіх, савецкіх фальсіфікатараў гісторыі беларускага народа. Апошні яны не прызнавалі за самабытны этнас, адрозны ад сваіх суседзяў. Калі ж жыхары той ці іншай тэрыторыі не прымаюцца за пэўны народ, яе можна рэзаць уздоўж і ўпоперак дзеля якіх-небудзь інтарэсаў. Такое і рабілі “новыя гаспадары” Беларусі.

Акрамя цяжкіх наступстваў ад фальсіфікацыі нашай сапраўднай гісторыі, у мінулым і яшчэ мелася нямала чаго такога, што перашкаджала арганізацыі нацыянальнага жыцця ў часы акупацыі. Так, крайне негатыўна адбілася на этнакультурнай самабытнасці Бацькаўшчыны вяртанне ў 30-я гады ХХ стагоддзя да абрыдлай кожнаму нацыянальна-самасвядомаму беларусу дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Яна, як вядома, вельмі істотна закранула і ўсе віды службовага справаводства. Таму, калі ў першыя дні акупацыі ў рукі нямецкай вайсковай, а пазней і цывільнай адміністрацый трапляла што-небудзь з савецкіх афіцыйных дакументаў, яны амаль скрозь былі напісаныя па-руску. Савецкія рэпрэсіўныя органы карысталіся рускай мовай нават пры вядзенні следства, судовых працэсаў над беларускімі пісьменнікамі! У Германіі добра ведалі, асабліва палітыкі, і пра поўнае выключэнне беларускай мовы з грамадскага ўжытку ва “ўсходніх крэсах” Другой Рэчы Паспалітай. Па гэтых прычынах на пачатку акупацыі і нямецкія вайсковыя, і цывільныя ўлады пры сваіх пісьмовых зваротах да насельніцтва Беларусі, пры візуальным афармленні населеных пунктаў выкарыстоўвалі не яго родную беларускую мову, а нямецкую, польскую ці рускую. У такім недобразычлівым стаўленні новых чужынцаў да самай дарагой каштоўнасці нашага краю ― беларускай мовы вінаватыя не яны, а іх папярэднікі: польскія крайнія нацыяналісты і рускія шавіністы. Гэта па іх віне нямецкія акупанты альбо зусім не лічылі беларусаў за самабытны народ або прызнавалі з вялікай доляй умоўнасці. Такое не магло не хваляваць мясцовыя беларускія нацыянальна-патрыятычныя колы, паколькі несла за сабою сур’ёзную пагрозу для нацыянальна-культурнага жыцця беларусаў як з боку нямецкага, так і польскага, рускага ўплываў. У тых неспрыяльных умовах выстаяць беларусам ад культурна-моўнай асіміляцыі практычна было б ніяк немагчыма. Змяніць жа становішча на карысць беларускай мовы сталася далёка не лёгкай справай. У грамадскім жыцці былой Заходняй Беларусі вельмі хутка пачала ўсталёўвацца польская мова, паколькі ў мясцовую адміністрацыю вярнуліся людзі, якія тут працавалі да вайны і зусім не лічыліся з нацыянальна-культурнымі асаблівасцямі карэнных жыхароў. Іншым не магло быць стаўленне да іх і падчас нямецкай акупацыі.

 

За беларускую справу бяруцца кампетэнтныя асобы

Цесна, арганічна знітаваных з культурай роднага краю беларусаў моцна хвалявала, і небеспадстаўна, хаця б “новыя гаспадары” не надумалі будаваць яго жыццё яшчэ і паводле рускага ўзору, дзеля чаго так старанна папрацавалі бальшавікі пасля расправы з “нацдэмакратамі”, адыходу ад дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, масавага фізічнага знішчэння ў 1937 ― 1938 гадах самых актыўных яе прыхільнікаў. І такія хваляванні мелі пад сабою глебу, бо ў той час у планах фашысцкіх палітыкаў па арганізацыі жыцця мірнага насельніцтва нашага краю ці цалкам адсутнічаў ці толькі ледзь прасочваўся беларускі фактар. Менавіта па гэтай прычыне нічога не рабілася па вызначэнні палітычнага статусу Беларусі. У людзей, заклапочаных станам нацыянальна-культурнага жыцця, трохі паспакайнела на душы пасля прызначэння ў ліпені 1941 года бургамістрам горада Менска Вітаўта Тумаша. Нягледзячы на свой параўнальна малады ўзрост (1910 г.н.) ён быў даволі знанай асобай сярод удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху. Адзін час ― а было гэта ў 30-я гады ― ён нават узначальваў заснаванае пры Віленскім універсітэце Таварыства прыяцеляў беларусаведы, сябры якога многае зрабілі дзеля даследавання розных праблем беларусазнаўства, паглыблення ведаў людзей пра сваю гісторыю і культуру. Аўтарытэту В. Тумаша сярод удзельнікаў беларускага руху добра паспрыяла яго праца ў 1940 ― 1941 гадах у якасці старшыні Лодзінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы, сябра Беларускага нацыянальнага цэнтра ў Берліне.

Не было сумненняў у мясцовай інтэлігенцыі, што на карысць беларускай нацыянальна-культурнай справе пойдзе прызначэнне ў ліпені 1941 года Радаслава Астроўскага на пасаду намесніка шэфа Менскай акругі. Так меркаваць дазваляла яго праца ў якасці першага дырэктара беларускай гімназіі ў Слуцку (з верасня 1917 г.), дырэктара Віленскай беларускай гімназіі, старшыні Таварыства беларускай школы, старшыні аддзялення Беларускага камітэта самапомачы ў Лодзі (1940 г.).

Апроч названых мною В. Тумаша і Р. Астроўскага, на розных кіраўнічых пасадах на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь у першыя месяцы пасля яе заснавання ў ліпені 1941 года працавала і шэраг іншых асобаў цвёрдай беларускай арыентацыі, што давала неблагую гарантыю на паспяховую арганізацыю ў межах гэтай ваенна-адміністрацыйнай адзінкі нацыянальнага жыцця ў адпаведнасці з укладам яе карэннага насельніцтва. І вельмі важна, што пад надзейным уплывам такіх асобаў апынулася Меншчына як самы здаровы нацыянальны асяродак Беларусі. Спробы наладзіць беларускае нацыянальнае жыццё на колішніх “усходніх крэсах” Другой Рэчы Паспалітай наткнуліся на моцны супраціў палякаў, галоўным чынам тых, што пакінулі гэтыя землі ў верасні 1939 года, а з захопам іх войскамі Вермахта зноў вярнуліся сюды. Пакрыўджаныя бальшавікамі палякі не толькі вярталі сабе адабраную і перададзеную сялянам, калектыўным гаспадарам уласнасць, але і ставілі за мэту аднавіць тут свае нацыянальна-культурныя парадкі. За іх вялося не менш упартае змаганне, чым за вяртанне уласнасці, бо, відаць, разумелі: хто будзе гаспадарыць на нацыянальна-культурнай ніве, той з цягам часу апануе і эканомікай краю. Такая ўжо заканамернасць развіцця ўсякага грамадства. Спатрэбіліся вялікія намаганні, нямала часу, каб і на далучаных у верасні 1939 года беларускіх землях пачаў набіраць моц уласцівы іх карэннаму насельніцтву культурны ўклад. Бясспрэчная заслуга ў гэтым беларускіх грамадска-палітычных і культурных дзеячоў, якія змаглі пераканаць нямецкую адміністрацыю ў неабходнасці надаць прыярытэт усяму нацыянальна-беларускаму і на заходніх землях Генеральнай акругі Беларусь, што польскае тут не мае законнага права на існаванне.

 

Беларусам не больш за акругу

Несумненна, паверыць у дасягненне пэўных зрухаў у ладкаванні нацыянальнага жыцця беларусаў на іх гістарычнай тэрыторыі даваў сам факт стварэння на ёй асобнай ваенна-адміністрацыйнай адзінкі пад назвай Генеральная акруга Беларусь. Вось толькі бяда, што ў моц розных прычын яна ахоплівала толькі чвэртку беларускіх земляў. З’ява, вядома, непажаданая, аднак, нешта падобнае ўжо было ― прычым зусім нядаўна, ― калі ўрад Савецкай Расіі выдзяліў пад Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку тэрыторыю толькі колішняй Менскай губерні. Утвораная дзяржава ў працэнтным вымярэнні да ўсёй беларускай этнічнай тэрыторыі мела меншы паказальнік за Генеральную акругу Беларусь. Але варта было БССР распачаць узвядзенне сапраўднага Беларускага Нацыянальнага Дома, у гэтай святой справе пажадалі ўзяць актыўны ўдзел нашыя супляменнікі, уключаныя ў склад Расійскай Федэрацыі і пілсудскай Польшчы беларускіх этнічных земляў. Дык ці ж не магло такое здарыцца і пасля ўтварэння Генеральнай акругі Беларусь, калі на ёй заактавізуе нацыянальнае жыццё карэннага насельніцтва? Ці ж не пацягнуцца ў думках і да дадзенай адміністрацыйнай адзінкі беларусы, што не па ўласнай волі апынуліся па-за яе межамі? Тут вельмі многае залежала ад таго, як само тытульнае насельніцтва Генеральнай акругі Беларусь паставіцца да ладкавання нацыянальнага жыцця. Жадання папрацаваць на яго не магло не быць, бо ўжо само ўтварэнне Генеральнай акругі Беларусь сведчыла аб прызнанні акупантамі беларусаў ― няхай сабе нават і не ва ўсёй іх агульнай колькасці ― за асобны народ, не падобны на рускіх, палякаў, украінцаў. А гэта ўжо многае значыла, бо палітыкам, ідэолагам фашысцкай Германіі вельмі часта даводзілася чытаць і чуць пра беларусаў зусім адваротнае.

Паколькі ў афіцыйную назву створанай акупацыйнымі ўладамі адміністрацыйнай адзінкі ўваходзіла слова “Беларусь”, гэта параджала пэўныя надзеі на магчымасць будаваць у акрузе жыццё пад’ярэмных людзей у адпаведнасці з іх спрадвечнымі нацыянальна-культурнымі традыцыямі. Такую магчымасць без усякага прамаруджвання, з зайздроснай упартасцю пастараліся выкарыстаць даволі шматлікія нацыянальнай арыентацыі беларускія колы, што крэўна ненавідзілі бальшавізм, шчыра верылі ў магчымасць усталявання задуманага гітлераўцамі ў Еўропе “новага парадку”.

Каб не зрабіць Беларусь лёгкай здабычай нямецкай культурнай асіміляцыі, патрэбна было ўсяляк узвышаць ролю мясцовых традыцый, якія стагоддзямі спавядаліся на гэтай зямлі. Дзеля дасягнення такой, бясспрэчна, прагрэсіўнай і ў тых варунках мэты нацыянальна-патрыятычныя сілы антыбальшавіцкай арыентацыі пайшлі не на адкрытую канфрантацыю з акупацыйнымі ўладамі, а на супрацоўніцтва з імі, настойліва тлумачачы апошнім, што ў Генеральнай акрузе Беларусь жыццё павінна будавацца толькі паводле беларускіх стандартаў, і што такое знойдзе поўную падтрымку ў яе народа. У ролі ж апанентаў такога ўзважанага нацыянальнага курсу маглі выступаць толькі моцна зрусіфікаваныя ці апалячаныя беларусы, з поглядамі якіх, на вялікае шчасце, не вельмі лічыліся акупацыйныя ўлады. Добра спрактыкаваныя за міжваенныя гады беларускія грамадска-палітычныя, культурныя дзеячы ў змаганні за карэнныя інтарэсы свайго народа выдатна разумелі, што ў гады акупацыі іх можна паспяхова адстойваць толькі пры згодзе, падтрымцы з боку кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь і найперш самога яе гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Розныя праблемы славянскіх узаемадачыненняў для яго не былі навіной, паколькі нарадзіўся на тэрыторыі, якая сёння належыць Рэспубліцы Польшча, да таго ж яшчэ меў добрую адукацыю, цікавіўся гісторыяй культуры, спрабаваў свае здольнасці на ніве прыгожага пісьменства. Усё гэта яму вельмі спатрэбілася па прыбыцці 1 верасня 1941 года ў Менск для заняцця пасады генеральнага камісара Генеральнай акругі Беларусь.

Без перабольшвання акруга на той час вызначалася моцна акрэсленай беларускасцю. І гэта зразумела, калі ўявіць сабе, якія сюды ўваходзілі акругі (гебіты): Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Менская, Наваградская, Слонімская і Слуцкая. Сапраўдны асяродак беларускай этнічнай тэрыторыі! Палічыць яе насельніцтва не беларусамі, а палякамі, рускімі ці ўкраінцамі ніяк не выпадала, бо скрозь, асабліва ў сельскай мясцовасці, панавалі культура, мова, звычаі толькі першых з пералічаных народаў, чаго нельга было не браць пад увагу пры арганізацыі нацыянальнага жыцця ў межах Генеральнай акругі Беларусь. Многія наконт гэтага прапановы беларускіх культурных дзеячоў з належнай увагай разглядаліся яе кіраўніцтвам, у тым ліку і самім гаўляйтэрам В. Кубэ. Ужо ў першыя месяцы знаходжання на  гэтай пасадзе ад яго можна было пачуць штосьці прыемнае для неадарваных ад роднай глебы беларусаў датычна будучага лёсу іх краю. Гэта не магло не радаваць тых, хто лічыў сваім абавязкам не заставацца ў баку ад ладкавання нацыянальнага жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі, усяляк імкнуўся ачысціць яго ад прычыненага паланізацыяй і русіфікацыяй бруду. Такой стваральнай працы ніколькі не перашкаджалі “новыя гаспадары”, ведаючы пра прыхільнае стаўленне да яе В. Кубэ, яшчэ раз падкрэслю, нядрэнна дасведчанага ў праблемах нацыянальна-культурнага развіцця народаў славянскай этнічнай супольнасці. Ужо сам факт прызнання В. Кубэ прысутнасці сярод іх і беларусаў у якасці самабытнага этнасу меў надзвычай важнае значэнне для апошніх, бо гэта і аблягчала і абавязвала хоць самае мінімальнае рабіць дзеля задавальнення іх законных нацыянальна-культурных запатрабаванняў. І такое мела месца, што пацвярджаецца ў першую чаргу стварэннем даволі шырокай для варункаў акупацыйнага часу сеткі беларускамоўных навучальных устаноў, багаццем беларускамоўнага перыядычнага друку, арганізацыяй выдання кніг на беларускай мове, разгортваннем дзейнасці не толькі аматарскіх, фальклорных, але і прафесійных тэатральна-мастацкіх калектываў.

 

Праявы беларускасці ў В. Кубэ

У кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь даволі хутка сфармавалася цвёрдая ўпэўненасць у шчырасці імкнення беларусаў да самабытнага этнакультурнага жыцця, у вялікім жаданні хутчэй вызваліць яго ад шкодных чужацкіх уплываў, гвалтоўна навязаных папярэднімі палітычнымі рэжымамі. І ў дадзеным напрамку нямала што рабілася на практыцы. Дзесьці на ўсходзе па віне фашысцкай Германіі лілася кроў, а на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь адбудоўвалася, нібыта ў мірны час, нацыянальнае жыццё яе карэннага насельніцтва.

Час ад часу па нацыянальным пытанні выступаў у друку, на сустрэчах з беларускімі дзеячамі і сам гаўляйтэр В. Кубэ. Дзеля гэтага ён найчасцей выкарыстоўваў юбілейныя даты, у тым ліку і 22 чэрвеня ― дзень нападу Германіі на СССР. У першую гадавіну гэтай падзеі рэдакцыя “Беларускай газэты” (22 чэрвеня 1942 г.) змясціла яго артыкул “Год змаганьня супроць чырвонае пошасьці”. Падобна вялікаму спецыялісту ён дазволіў сабе даволі падрабязна паразважаць пра беларускае пытанне. Беларусь, на яго думку, “нацыянальна й гістарычна ня мае нічога супольнага з Масквою… Беларусы ніколі ня былі расейцамі (тут, зразумела, ніяк не запярэчыш В. Кубэ. ― Л. Л.). На працягу тысячагадовай гісторыі Беларусі тыя цесныя 150 год, у якія народ і край заставаліся прыгнечаныя Пецярбургам, былі толькі ланцугамі нядолі й нязвольніцтва. У канцы XVIII стагодзьдзя беларусы толькі зьмянілі недастойнае польскае ярмо на расейскае нявольніцтва. Ці быў белы або чырвоны цар ― заўсёды гэта было панаваннем кроўна-чужога гвалту, які панявольваў беларусаў”.

Цяжка сказаць, прыведзеная цытата ёсць вынік самастойных тэарэтычных разваг В. Кубэ ці яна ўпісаная ў яго артыкул кімсьці са штату рэферэнтаў. Аднак у любым выпадку змест цытаты падзяляўся В. Кубэ. Значыцца, ён прызнаваў Беларусь за самабытны этнічны край і не атаясамліваў яго народ з усходнім суседам. А ў працах жа абсалютнай бальшыні рускіх навукоўцаў сцвярджалася зусім адваротнае. Ад яго не адышлі некаторыя з гора-тэарэтыкаў, палітыкаў і ў нашыя дні.

У гэтым артыкуле В. Кубэ ў зусім іншым ракурсе, чым прынята ў нас, характарызаваў нацыянальную палітыку цывільных нямецкіх уладаў у дачыненні да беларусаў. Кіраўнік акругі ніколькі не сумняваецца, што яна забяспечвае шляхі да новага жыцця “сумленнаму, здароваму й несапсутаму ў сваім ядры беларускаму народу… Беларускую мову мы, немцы, ахоўваем і апякуемся ёю. Поле й хата, сямейнае жыцьцё, школа, царкоўная свабода, культура, тэатр, асьвета й мастацтва ў беларускім характары ― вось тая мэта, якую мы ставім перад “найбольш нязнаным народам Эўропы”, як называлі беларусаў. Ад самога беларускага народу залежыць паказаць сябе годным таго даверу, які мае да яго Вяліканямеччына. Бальшавіцкая Расея руйнуе, нацыянал-сацыялістычная Вяліканямеччына будуе.

(…) 10 міліёнаў беларусаў стаяць безабароннымі паміж 90 міліёнамі расейцаў і 18 міліёнамі палякаў. 100 міліёнаў немцаў гарантуюць 10 мільёнам беларусаў нацыянальнае самасьцьверджаньне ў коле народаў вызваленскай Эўропы. Менск ужо ня будзе больш рэклямавым прадмесьцем Масквы й сталінскіх бандытаў! Менск павінен стацца цэнтраляю собскага беларускага жыцьця пад нямецкім правадырствам (здорава: сабскае жыццё пад чужым правадырствам!? ― Л. Л.) у новай Эўропе. Але Беларусь мусіць прыйсьці да самасьведамасьці і энэргічна ўзяцца за заданьні, вызначаныя ёй Празорам. Беларусь больш ― ня форт выпаду чырвоных валадароў супроць Эўропы, а мяжа новай Эўропы супроць стэпавага духу маскалёў”.

Несумненна, такія словы гаўляйтэра цешылі душу і сэрца тых беларусаў, што верылі, прыкладалі вялікія намаганні дзеля развіцця роднага краю ў поўнай гармоніі з яго нацыянальнымі, а не звонку гвалтам навязанымі стандартамі. Да таго ж сказанае першай палітычнай асобай Генеральнай акругі Беларусь абавязвала ўсіх падначаленых яе ўладзе не перашкаджаць дзеянням творчай інтэлігенцыі па навядзенні нацыянальнага парадку ў родным доме беларусаў. І якіх-небудзь сур’ёзных бар’ераў яна не сустракала ў сваёй працы, хаця ў атачэнні В. Кубэ знаходзілася нямала палітыкаў, у т.л. і даволі высокага рангу, якія на беларускую справу глядзелі з пазіцый нацыянал-сацыялізму, на першым плане ў якога стаяла паступовае анямечванне ўсіх падняволеных народаў. І толькі перыядычныя выступленні В. Кубэ ў абарону беларускай этнакультурнай самабытнасці стрымлівалі дэструктыўныя дзеянні яго апанентаў. Не выключана, што В. Кубэ, як і бальшыня высокіх палітыкаў, цвёрда верыў у канчатковую перамогу Германіі ў вайне і быў не супраць пасля заканчэння яе і надалей трымаць уладу над падначаленай Генеральнаму камісарыяту Беларусь тэрыторыяй. А каб апошнюю ў выніку ўсталявання новых адміністрацыйных межаў не далучылі да якога-небудзь іншага палітыка-тэрытарыяльнага фармавання, усяляк імкнуўся ўмацаваць беларускую этнакультурную адметнасць. З такім жа фактарам звычайна лічацца палітыкі, калі размова датычыць пытанняў будовы дзяржаўнага жыцця нават і пакораных народаў. Той жа і іх, хто страціў, не імкнецца да адраджэння ўласцівай яму этнакультурнай адметнасці, як правіла, не набывае статусу дзяржаўнай нацыі. На гэта варта было б звярнуць увагу і сучасным беларускім дзяржаўным, грамадска-палітычным, культурным дзеячам, так заклапочаным праблемай аб’яднання Беларусі з яе амаль дашчэнту дэфармаваным нацыянальным жыццём з Расіяй.

З мэтай больш поўнага ўяўлення пра стаўленне В. Кубэ да беларускага нацыянальнага пытання падам яшчэ адну цытату з яго публічных выступленняў. Падчас іх гаўляйтэр найчасцей за ўсё любіў гаварыць пра беларускую мову, бо для яго не з’яўлялася сакрэтам, што давялося апошняй зведаць у суровыя гады паланізацыі і русіфікацыі. Выступаючы ў ліпені 1942 года ў Баранавічах, ён паабяцаў даць Беларусі, акрамя “палітычнае правадырства”, яшчэ і “свабоднае разгортваньне свае собскае першаіснасьці, свае мовы, культуры й мастацтва”, лічыў, што як толькі паўстане Беларуская самаахова, яна “павінна прычыніцца да таго, каб Беларусь сталася бясспрэчным прасторам беларускага народу, дзе кожны мог-бы свабодна гаварыць сваёй моваю…” (1)

Такія, бяспрэчна, надзвычай карысныя для беларускай справы публічныя выказванні В. Кубэ рабіў не толькі дзеля якіх-небудзь прапагандысцкіх мэтаў, бо многае з агучанага ім, хаця і з вялікай цяжкасцю, усё ж пераўвасаблялася ў жыццё. Тут у першую чаргу можна адзначыць неблагія для ўмоў акупацыі дасягненні ў арганізацыі дзейнасці нацыянальных устаноў адукацыі і культуры, выданні газет, часопісаў і кніг. У 1941/42 н.г. у цэлым па акрузе працавала 3050 школ, якія наведвалі 279 тыс. вучняў. Заняткі з імі вялі больш за 10 тыс. настаўнікаў. З агульнага ліку школ беларускіх было 2702, польскіх ― 334, літоўскіх ― 14. На першыя з пералічаных даводзілася каля 90 % усёй школьнай сеткі. Упершыню больш за 150 гадоў на гэтай этнічнай тэрыторыі Беларусі, а таксама на тых яе землях, што ўключылі ў рэйхскамісарыят “Україна”, у акругу “Беласток”, у Віленскім краі не функцыянавала аніводнай рускай школы, на што не паступала ні скаргаў, ні заяў ад бацькоў. А вось палякі выказвалі незвычайную актыўнасць да арганізацыі школ з роднай мовай навучання і гатовыя былі да аднаўлення характэрнай “усходнім крэсам” сістэмы адукацыі ўзору да 17 верасня 1939 г. З гэтым у іх нічога не атрымалася галоўным чынам дзякуючы ўмяшальніцтву кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь і самога В. Кубэ.

Адсутнічаў у Генеральнай акрузе Беларусь і рускамоўны перыядычны друк, што не прычынілася да ўзнікнення якога-небудзь апазіцыйнага руху. З беларускамоўнай перыёдыкі самыя вялікія наклады мелі “Беларуская газэта” і “Голас вёскі”. Шырокім попытам у насельніцтва карысталася “Баранавіцкая газэта”, апошні нумар якой выйшаў 26 чэрвеня 1944 года. Настаўнікі школы і вучні знаёміліся з патрэбнымі ім матэрыяламі на старонках часопісаў “Беларуская школа”, “Школа і жыцьцё”. У Саюза беларускай моладзі быў уласны часопіс “Жыве Беларусь!”.

Нацыянальна-патрыятычныя сілы мелі бясконцую радасць, што В. Кубэ распарадзіўся на ўсёй тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь надаць толькі беларускай мове статус адзінай афіцыйнай у абслугоўванні цывільнага жыцця, што так рэдка назіралася ў айчыннай гісторыі. Многія добра памяталі, як беларускую мову не пускалі ў грамадскі ўжытак царскія чыноўнікі, як мэтанакіравана сталі абмяжоўваць яе сацыяльныя функцыі іх савецкія калегі пасля адыходу ад дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Косткай у горле была беларуская мова для чынавенства “ўсходніх крэсаў” Польшчы. І тут на табе, зусім не шараговы нямецкі нацыст гаўляйтэр В. Кубэ з такой пашанай паставіўся да беларускага слова. Іншым разам чыноўнікі мясцовай цывільнай адміністрацыі імкнуліся забеспечыць беларускай мове статус адзінай афіцыйнай, не спыняючыся нават перад прымусам, праз выкарыстанне антыдэмакратычных метадаў, што толькі кампраментавала добрую задуму. Вядомы спецыяліст па праблеме гісторыі Беларусі ў гады нямецкай акупацыі Юры Туронак у якасці доказу прыводзіць прыклад, калі ў чэрвені 1942 года ў Слонімскай акрузе прынялі рашэнне караць грашовым штрафам тых, хто ў працоўны час не карыстаецца беларускай ці нямецкай мовамі. Датычыла гэта ў першую чаргу польскамоўных асобаў, бо па-руску на Слонімшчыне проста не было каму размаўляць.

В. Кубэ імпанавала паўсядзённая стваральная праца творчай інтэлігенцыі па адбудове, упарадкаванні нацыянальнага жыцця. Не выключана, што менавіта пад уплывам такіх старанняў ён неаднаразова рабіў публічныя заявы пра сваё жаданне ў чымсці дапамагчы адраджэнню беларускага краю, які ў мінулым так шмат перажыў самых цяжкіх і несправядлівых выпрабаванняў. Падобная пазіцыя гаўляйтара не магла не прывабліваць да сябе беларускіх дзеячоў нацыянальнай арыентацыі. Даволі хутка ўсталяваліся ў аснове сваёй прыязныя дачыненні паміж такімі дзеячамі і кіраўніцтвам Генеральнай акругі Беларусь, што толькі ішло на карысць нацыянальнай справе.

 

Актывізацыя нацыянальнага руху

Многім з тых, хто рознымі шляхамі прыйшоў да супрацоўніцтва з нямецкай акупацыйнай адміністрацый, падабаліся абяцанні генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ даць ёй нацыянальна-культурную аўтаномію ў складзе Германіі ў выпадку яе перамогі ў вайне з СССР. Асаблівая надзея на атрыманне такой аўтаноміі ўзнікла ў людзей, калі да В. Кубэ вельмі наблізіўся бургамістар Менска Вацлаў Іваноўскі (з 1942 г), добра вядомы яшчэ ад пачатку ХХ ст. як актыўны змагар за беларускую ідэю. На той час не было роўнага гэтай асобе паводле ўкладу ў беларускую справу. В. Іваноўскі ― гэта заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902 г.), кіраўнік створанага ім у 1906 г. у Пецярбургу першага беларускага выдавецтва-суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, удзельнік Усебеларускага з’езда ў Менску (1917 г.), мінсітр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), дырэктар Менскага беларускага педагагічнага інстытута (1920 г.). Як бачым, Менску вельмі пашчасціла, што яго бургамістрам стаў такі чалавек. У В. Іваноўскага яшчэ больш пашырылася магчымасць уплываць на беларускае нацыянальнае жыццё, калі ў чэрвені 1943 года В. Кубэ прызначыў яго за старшыню Беларускай рады даверу пры Генеральным камісары Беларусі. В. Кубэ не цураўся і іншых цвёрдай беларускай арыентацыі культурных дзеячоў.

Усялякая вайна, а тым больш акупацыя, непазбежна вядуць да рэзкага пагаршэння матэрыяльнага становішча людзей.  Пра гэта многімі беларусамі добра памяталася з часоў Першай сусветнай вайны, ад заканчэння якой мінула ўсяго толькі трохі больш за два дзесяткі гадоў. Каб папярэдзіць цалкам верагодныя для бальшыні жыхароў цяжкія сацыяльныя наступствы акупацыі, сталі супольна думаць пра аб’яднанне іх намаганняў у мэтах барацьбы з любой нястачай. На шчасце, насустрач такім крайне неабходным намаганням пайшлі і акупацыйныя ўлады на чале з В. Кубэ, дазволіўшы стварыць ужо ў кастрычніку 1941 года Беларускую народную самапомач (БНС). Узначаліў яе даволі вопытны грамадска-палітычны дзеяч Іван Ермачэнка. Шырокую вядомасць набыў ёй дзякуючы сваёй дыпламатычнай службе ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Стаць І. Ермачэнку кіраўніком БНС, не ў малой ступені, паспрыялі яго вышэйшая медыцынская адукацыя (закончыў медыцынскі факультэт Карлава універсітэта ў Празе), праца за старшыню Беларускага камітэта самапомачы ў Празе (1940 г.). У ліку ўсіх 13 аддзелаў ― рэфератаў Цэнтральнай рады БНС меўся і школьны (узначальваў Я. Скурат). У адным з пунктаў Статуту БНС гаварылася пра неабходнасць “пашыраць і развіваць беларускую (падкрэслена мною. ― Л. Л.) культуру” (2). І ў інтарэсах яе рабілася нямала з таго, чаму не перашкаджаў акупацыйны рэжым. Калі ў ліпені 1942 года праходзіў з’езд кіраўнікоў нацыянальнай БНС, на ім было заяўлена, “што за кароткі час БНС ператварылася з дабрачыннай у агульнакраёвую арганізацыю, якая сканцантравала ў сваіх руках школьную справу, культурна-асветную дзейнасць… стала цэнтрам ўсяго беларускага жыцця, яго кіруючым штабам” (3). Культурна-асветніцкі накірунак працягваў займаць важнае месца ў дзейнасці БНС і пасля таго, як яе ў чэрвені 1943 года рэарганізавалі ў Беларускую самапомач, а ў сакавіку 1944 года падпарадкавалі Беларускай цэнтральнай радзе.

Пры іншым стаўленні В. Кубэ да беларускага пытання наўрад ці вярнулася б да нашага народа гістарычная сімволіка: герб “Пагоня” і створаны на яго аснове бел-чырвона-белы сцяг. Яна абудзіла ў людзей зацікаўленасць да сваёй мінуўшчыны, спрыяла вяртанню да іх сапраўднай гістарычнай памяці. Ад добра дасведчаных знаўцаў гісторыі многія даведаліся, што герб “Пагоня” ў выглядзе конніка з узнятым над галавой мячом ужо ў ХІІІ стагоддзі ўжываўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, межы якога тады не выходзілі за этнаграфічныя беларускія землі. Герб “Пагоня” быў так моцна знітаваны з беларускай гісторыяй, што на яго не адважылася замахнуцца нават расійская імператрыца Кацярына ІІ ― адна з галоўных удзельнікаў гвалтоўных падзелаў Рэчы Паспалітай. Ён быў нададзены шэрагу гарадоў нашай зямлі, розным вайсковым фармаванням, выкарыстоўваўся паўстанцамі 1794, 1830 ― 1831, 1863 ― 1864 гадоў, удзельнікамі нацыянальна-адраджэнскага руху ў гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. Бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся некалькімі стагоддзямі пазней за герб “Пагоня” і быў добра засведчаны падчас славутай бітвы пад Оршай у 1514 годзе, калі воіны нашай зямлі перамаглі маскоўцаў, значна ўступаючы ім па колькасці ваяроў. Атрыманы беларусамі дазвол ад нямецкіх уладаў на карыстанне сваёй нацыянальнай сімволікай спрыяў не толькі адраджэнню гістарычнай памяці, але і павышэнню гонару за родную Бацькаўшчыну, выклікаў вялікае жаданне працаваць на яе карысць і ў экстрэмальных умовах фашысцкай акупацыі, што выразна выявілася і ў імкненні людзей не дапусціць згасання сваіх нацыянальна-культурных традыцый у выніку навіслай для іх рэальнай пагрозы германізацыі.

Бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня” адразу ж былі вызначаны ў якасці нацыянальнай сімволікі пры распачатай улетку 1942 года спробе Беларускай народнай самапомаччы стварыць ваенізаванае фармаванне ― Беларускі корпус самааховы. Яго заснавальнікі не сумняваліся, што такую нацыянальную сімволіку ахвотна прымуць жаўнеры, асабліва заходняй часткі Беларусі, бацькі і дзяды якіх зусім нядаўна ― у 1917 ― 1923 гадах з бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня” змагаліся за сваю нацыянальна-дзяржаўную незалежнасць. На землях Заходняй Беларусі, уключаных у адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года “у склад Польскай дзяржавы, беларускі нацыянальна вызваленчы і дэмакратычны рух вёў барацьбу пад нацыянальнай сімволікай. Яна выкарыстоўвалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах працоўных, беларускім студэнцтвам. Беларуская нацыянальная сімволіка была элементам школьна-гімназічнага касцюма беларускіх вучняў. У 1939 годзе насельніцтва Заходняй Беларусі ў многіх мясцінах вітала Чырвоную Армію сваёй нацыянальнай сімволікай” (4). Было б вялікай памылкай не выкарыстаць такой нацыянальнай сімволікі ў практыцы вайсковага жыцця ў гады нямецкай акупацыі, што дапамагло б жаўнерам лепш усвядоміць значэнне таго, што і ў беларусаў некалі меліся дзяржава і сваё войска. Вяртанне да жыцця беларускай гістарычнай, нацыянальнай сімволікі ў той складаны, да канца неакрэслены час было сапраўднай нацыянальнай заваёвай тых, каго хвалявала, які лёс чакае родную Бацькаўшчыну пад чужацкім ботам.

Пры нагодзе В. Кубэ не адмаўляў сабе папрысутнічаць на рознага роду беларускіх культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, часта пакідаючы ў кнізе наведвальнікаў свой водгук, нязменна-станоўчы. Не думаецца, што такое рабілася толькі дзеля здабыцця павагі ў беларускага народа, у разліку на неабходную ад яго падтрымку. Гаўляйтар і без гэтага меў дастаткова сілы, паўнамоцтваў, каб спаўна распараджацца лёсам жыхароў падначаленай яму тэрыторыі. Таму паважлівае стаўленне В. Кубэ да беларускіх духоўных каштоўнасцяў можна растлумачыць толькі яго высокім культурным узроўнем, павагай да прыгожага. Усім такім людзям уласціва не толькі вялікая любоў да культурна-моўных традыцый уласнага, але і іншых народаў. У крывавую бойню з СССР фашысцкая Германія кінула нямала і самых таленавітых прадстаўнікоў культуры і мастацтва, і бальшыня з іх, трапіўшы ў іншыя краіны, па-вандалісцку не ставіліся да іх духоўнага багацця. Бяспрэчна, да катэгорыі такіх асобаў належаў і В. Кубэ.

Ведаючы пра шчырае захапленне В. Кубэ беларускай традыцыйнай культурай, яе гарачыя прыхільнікі з інтэлігенцыі імкнуліся не ўпусціць ніводнай зручнай нагоды, каб не запрасіць яго папрысутнічаць на тым ці іншым мерапрыемства. Каб хоць неяк парушыць суровае правіла вайны: “Музы маўчаць, калі гавораць гарматы”, заклапочаныя цяжкім лёсам беларускага народа асобы загадзя пачалі з вясны 1942 года старанна рыхтавацца да правядзення самага любімага ім свята Купалля, якое доўгія гады не адзначалася з-за ўведзенай на яго забароны бальшавікамі. Акупанты ж з пэўных выгодных і для сябе меркаванняў не сталі пярэчыць вяртанню да жыцця гэтага старажытнага свята. У Менску месцам правядзення яго выбралі парк ля ракі Свіслач. Прысутнічалі на свяце нават прадстаўнікі гарадской ваеннай і цывільнай адміністрацый на чале з генеральным камісарам гаўляйтэрам В. Кубэ. Вядома ж, хітры палітык, тонкі дыпламат не мог не выкарыстаць такой нагоды, каб чагосьці не сказаць на карысць акупацыйнай палітыкі фашысцкага рэйху: “Упершыню я маю радасць браць удзел у нацыянальнай урачыстасці беларускага народу. Мы, нацыянал-сацыялістыя, маем зусім асаблівае зразуменьне народжанае народам культуры, і вы знойдзеце ў гэтай галіне вашае работы зусім асаблівае падтрыманьне з нашага боку. Ад сэрца жадаем вам у гэтым першым дасягненьні шчасьця й просім вас у яшчэ большай меры падтрымліваць работу Беларускае Народнае Самапомачы. Яна мае важнае значаньне для вашага собскага народу, які пад моцнай аховай Адольфа Гітлера й нямецкага народу можа весці свой собскі спосаб жыцьця. Што тут ёсьць чужое, будзе адкінутае. Ад вас саміх залежыць прыкласьці свае сілы да абароны супроць таго, хто захоча перашкодзіць рабоце тут” (5).

Паблажлівае стаўленне В. Кубэ да беларускага пытання дазваляла навуковай, творчай інтэлігенцыі, без аглядкі па баках, будаваць сваю дзейнасць з улікам нацыянальных інтарэсаў, смела ісці ў народ і гаварыць яму ўсю праўду пра мінулае, схіляць да актыўнага ўдзелу ў ладкаванні нацыянальнага жыцця ў рамках дазволенага акупацыйнымі ўладамі. Ва ўсім гэтым выключна важную ролю адыгрываў перыядычны друк. Для яго была закрыта толькі прапаганда савецкага ладу жыцця, затое ніхто не забараняў пісаць пра самыя адметныя старонкі з гісторыі беларускага народа, нацыянальна-дзяржаўнага, культурнага развіцця, якія бессаромна былі сфальсіфікаваны царскімі і бальшавіцкімі ідэолагамі. Акупацыя заспела беларусаў практычна ў поўным гістарычным бяспамяцтве: айчынная гісторыя не выкладалася ні ў агульнаадукацыйнай школе, ні ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Усяго гэтага не мог не ўлічваць акупацыйны перыядычны друк. На яго старонкі прыйшлі дагэтуль невядомыя матэрыялы пра першую беларускую дзяржаву ― Полацкае княства, пра прыярытэтнае значэнне беларускага фактару ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Не забываліся гаварыць беларусам пра дастаткова высокі ўзровень і самабытнасць іх культуры ў Сярэднявеччы. Дзякуючы старанням журналістаў многае стала вядомым чытачам пра масавыя фізічныя рэпрэсіі бальшавіцкага рэжыму.

 

З бацькоўскай павагай да роднай мовы

Не знікала са старонак перыядычнага друку праблема адбудовы беларускага нацыянальнага жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі. У такога роду публікацыях нічому так багата не адводзілі месца, як беларускай мове, хаця, здавалася б, навошта пісаць пра мову, калі ідзе кровапралітная вайна, у твой родны дом прабраўся вораг. Мове прысвячалі не толькі навуковыя, публіцыстычныя артыкулы, каб дапамагчы людзям лепш зразумець яе ролю ў лёсе народа, але і паэтычныя творы. У гэтым жанры з сардэчнай задушэўнасцю выступіў з вершам “Мова” паэт Змітрок Заранка:

Я шаную цябе, мая родная мова,

Растапіла ты ў сэрцы маім пачуцьцё;

Паважаць я хачу ― тваё кожнае слова,

А ў патрэбе аддаць за цябе і жыцьцё.

Ён востра крытыкаваў у гэтым вершы беларусаў, што адцураліся, зганьбілі роднае слова і “падхалімамі ворагам сталі служыць”. Каб больш такога здзеку з яго не было, паэт заклікае:

Дык каб нам у жыцьці зноў дарогай крывою

Не ісці, не бадзяцца, нідзе не блудзіць;

Трэ, браточкі, усім нам адзінай сям’ёю,

Нашай мове, радзіме, пачэсна служыць.

(“Голас вёскі”, 11 лютага 1942 г.)

На ўсе сто працэнтаў упэўнены, што сёння рэдакцыя ніводнай афіцыйнай газеты не асмеліцца змясціць такі верш. Прычына відавочная: не тая зараз дзяржаўная моўная палітыка.

Бадай, не адшукаць аніводнай беларускамоўнай газеты на акупаванай тэрыторыі, якая не змясціла б на сваіх старонках набатнага верша Алеся Гаруна (1887 ― 1920) “Мой брат…”, бо ў ім меліся вельмі актуальныя на той час радкі (не страцілі яны сваёй актуальнасці і пасёння!):

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,

Роднай мовы сваёй не цурайся,

Як не зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер не зрачыся.

…Дык шануй, Беларус, сваю мову ―

Гэты скарб нам на вечныя годы;

За пашану радзімаму слову

Ушануюць нас брацьця-народы!

У Магільнянскай сямігадовай школе (Уздзенскі раён), дзе аўтар дадзенага артыкула вучыўся ў 1941/42 н.г. у шостым класе, амаль на кожным культурна-мастацкім мерапрыемстве дэкламаваўся гэты любімы ўсімі нацыянальна-патрыятычны верш Алеся Гаруна.

Адзначу і такі факт, што рэдакцыя “Беларускай газэты” з другога нумара яе за 1943 год увяла сталую рубрыку “Культура мовы”.

 

Моладзь на службе нацыянальнаму ідэалу

Гаўляйтэр В. Кубэ прыхільна ставіўся да шырокага выкарыстання мясцовых нацыянальна-культурных традыцый у дзейнасці заснаванага ў чэрвені 1943 года паводле яго загаду Саюза беларускай моладзі (СБМ). Хаця апошні ствараўся на манер германскага саюза гітлераўскай моладзі, знаходзіўся пад пільным кантролем акупацыйных уладаў, беларускасці тут усё ж знайшлі належнае месца. Сказанае пераканаўча пацвярджаецца шэрагам палажэнняў са “Статута арганізацыі моладзі “Саюз Беларускае Моладзі” (СБМ)”, у прыватнасці наступным: “Правесьці нацыянальна-патрыятычнае ўзгадаваньне праз азнаямленьне з мінуўшчынаю беларускага народу і краю, вывучэньне роднае беларускае мовы і культуры (падкрэслена мною. ― Л. Л.), развіцьцё сваіх нацыянальных асаблівасьцяў і пазнаньне свае Бацькаўшчыны”.

Мне не даводзілася знаёміцца са статутнымі дакументамі сучаснага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ), але думаю, што ў іх не надаецца такая прэстыжная роля беларускай мове і культуры, інакш бы яго кіраўнікі ў сваёй практычнай дзейнасці не абмяжоўваліся толькі рускім словам, а культуру не выкарыстоўвалі б у якасці сродку садзеяння ўтварэнню супольнай расійска-беларускай саюзнай дзяржавы, ніколькі не зважаючы, што ў ёй яшчэ больш шпаркімі тэмпамі будзе праходзіць культурна-моўная русіфікацыя беларускага народа, бо гэтаму федэратыўнаму дзяржаўнаму ўтварэнню зусім не патрэбна будзе самабытнасць апошняга.

Нацыянальна-патрыятычнаму выхаванню моладзі ніколі не перашкаджала прысутнасць у Статуце СБМ і палажэнняў прагерманскага характару, да прыкладу, наступнага: “Вызваліць беларускую моладзь ад варожых і шкодных уплываў, адрадзіць яе маральна і ўзгадаваць у дусе Новае Беларусі пад моцным правадырствам нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны”. Дзейнасць СБМ павінна была будавацца так, каб моладзь моцна ўсвядоміла “сабе ўсё гістарычнае значэньне таго, што яна жывець у эпоху Адольфа Гітлера, Правадыра Новай Эўропы”. І ўсё ж на першым месцы ў працы з беларускай моладзю стаяла не падрыхтоўка яе да жыцця ў абноўленай Еўропе, а шчырае, самаахвярнае служэнне свайму нацыянальнаму ідэалу.

Як і ва ўсіх іншых выпадках падобнага роду, В. Кубэ не мог не выкарыстаць дзень заснавання Саюза беларускай моладзі (22 чэрвеня 1943 г.) дзеля заваявання вялікага даверу ў насельніцтва сваёй акругі. Выступаючы з гэтай нагоды ў гарадскім тэатры Менска, ён пацешыў прысутных тут, і найперш моладзь, наступнымі словамі: “Беларускі народ на працягу сотні год свае гісторыі знаходзіўся ў сьцені сваіх больш магутных суседзяў. Але тое, што беларускасьць на працягу паўтысячагодзьдзя ўтрымалася ў сваёй радзіме і ўтрымала адзінства свае нацыянальнае асабістасьці, сведчыць аб самароднай сіле гэтага зацятага сялянскага народу. У беларускім народзе параўнальна вялікая частка нардычнае крыві. Гэта тлумачыць тое, што беларусы ня далі сябе зьнішчыць… ні Польшчы, ні царскаму гвалтоўнаму панаваньню, або бальшавіцкаму крываваму тэрору”  (6).

Да працы ў кіраўнічых структурах СБМ прыйшло нямала таленавітых арганізатараў, а галоўнае ― шчыра адданых карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны асобаў. Цалкам заслужана пасаду кіраўніка СБМ аддалі Міхасю Ганько. Ён быў не толькі добрым арганізатарам, але меў яшчэ здольнасці да разнабаковай творчай дзейнасці: спрабаваў сябе ў паэзіі, рэдагаваў і выдаваў часопіс СБМ “Жыве Беларусь!”.

Па многіх параметрах адпавядала сваёй пасадзе другая па ранзе пасля М. Ганько асоба галоўная кіраўнічка юначак СБМ Надзея Абрамава. Па адукацыі ― медык (закончыла Менскі медыцынскі інстытут), таму і на кіраўнічай пасадзе ў СБМ рэгулярна выступала перад моладдзю з дакладамі па пытаннях аховы здароўя. Друкавалася ў часопісе “Жыве Беларусь!”. Прызнаннем аўтарытэту гэтай асобы ў мясцовых уладаў трэба лічыць і абранне яе ў ліпені 1943 года сябрам Беларускай рады даверу пры Генеральным камісарыяце Беларусі. Удзельнічала ў працы Другога ўсебеларускага кангрэсу (27 чэрвеня 1944 г.).

Сваімі стараннямі і ўласным прыкладам Н. Абрамавай удалося залучыць у шэрагі СБМ нямала нацыянальна актыўнай моладзі. І часцей за ўсё гэта былі настаўнікі. Належала да іх і ўраджэнка в. Бор Наваградскага раёна Галіна Бузук. Па рэкамендацыі Н. Абрамавай яна  спачатку працавала культурным рэферэнтам ў Кіраўнічым штабе СБМ, а затым рэдагавала інструктарскі бюлетэнь аддзела прапаганды гэтага штаба. Нягледзячы на вялікую занятасць па службе ў Г. Бузук заўжды знаходзіўся час для напісання вершаў, якія вызначаліся сваім нацыянальным патрыятызмам, верай у шчаслівую будучыню роднай Бацькаўшчыны. Такія матывы захоўваліся ў вершах і пасля таго, як іх аўтар, ратуючыся ад савецкай Феміды, апынуўся на тэрыторыі Германіі. Пацвердзіць сказанае можна такімі радкамі аднаго з іх:

Беларусь ― наша казка-быліна,

Беларусь ― наша шчасце-жыццё,

Вер, што прыйдзе калісьці хвіліна,

І прыгорнеш нас горача зноў!

(Малады змагар. 1944. № 3; Берлін).

Не прыгарнула. Пасля дэпартацыі ў СССР губляецца след таленавітай паэткі. А некаторыя ж лічылі, што з гадамі ў паэзіі яна можа быць нароўні з Наталляй Арсеневай.

Да актыўнай дзейнасці ў СБМ далучылася навучэнка Віленскай і Нясвіжскай гімназій, пляменніца Якуба Коласа Надзея Міцкевіч. Пачала з выканання абавязкаў павятовай кіраўнічкі юначак у СБМ у Нясвіжы, а з лютага 1944 года выкладала ў Краёвай школе СБМ у Фларыянаве (каля Баранавічаў). Яе апошняя акцыя на радзіме ― гэта ўдзел у пасяджэнні Другога ўсебеларускага кангрэса, пасля чаго вымушаная эміграцыя ў Германію (Факты пра дзейнасць СБМ узяты са змястоўнай і цікавай кнігі Юры Туронка “Людзі СБМ”. Вільня. 2006.).

Абсалютная бальшыня з сяброў СБМ не спыняла сваю працу на карысць беларускай справы і ў эміграцыі. Сярод іх ёсць нямала такіх, хто зрабіў важкі ўнёсак у жыццё беларускай дыяспары. Але не пазайздросціш тым сябрам СБМ, што засталіся дома. Калі камусьці і пашчасціла не трапіць у турэмныя засценкі, усё ж у сваёй службовай кар’еры доўгі час даводзілася сустракацца з рознага роду перашкодамі. А вось у дачыненні да сяброў Саюза рускай моладзі, які дзейнічаў і на Беларусі ў зоне нямецкага вайсковага камандавання, савецкія рэпрэсіўныя службы не праяўлялі такой строгасці.

Акупацыя абудзіла ідэю аўтакефаліі

Ад нацыянальна-патрыятычных дзеячоў не запатрабавалася шмат сіл і намаганняў, каб выпатрабаваць у В. Кубэ дазвол не толькі на аднаўленне працы праваслаўнай царквы, але і яе беларусізацыю. Рабілася імі такое з глыбокага і правільнага пераканання, што набажэнства любой канфесіі ў чужой мове прыносіць народу больш шкоды, чым карысці. Толькі ведаючы пра спрыяльнае стаўленне В. Кубэ да нацыянальных інтарэсаў насельніцтва падначаленай яму акругі, частка праваслаўнага духавенства цвёрдай беларускай арыентацыі з такой жа якасцю свецкімі асобамі дазволілі сабе прыступіць да рэалізацыі сваёй задумы аб стварэнні аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Дасягнуць гэтай запаветнай для многіх пакаленняў духоўных дзеячоў і свецкіх нацыянальных актывістаў мары было надзвычай складана з-за моцнага панавання і ў той час прарускага духу ў асяроддзі праваслаўнага духавенства, асабліва яго высокіх чыноў. Ідучы насустрач беларускім аўтакефалістам, В. Кубэ звяртаецца 3 кастрычніка 1941 года да мітрапаліта праваслаўнай царквы Беларусі Панцеляймона з лістом, дзе былі такія словы: “…б) праваслаўная царква на Беларусі мае называцца “Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква”; в) пропаведзь, навучаньне рэлігіі і адміністрацыйнае справаводства царквы маюць быць на беларускай мове”. О, як гэта актуальна і патрэбна нам сёння!

Прадпісанне В. Кубэ як толькі мог ігнараваў мітрапаліт Панцеляймон, яшчэ цясней згуртоўваючы вакол сябе іерархаў і іншых высокіх духоўных асобаў прарускай арыентацыі. Пры зручных абставінах яны не спыняліся нават перад тым, каб зрабіць ілжывы данос у службу СД на святароў-аўтакефалістаў за нібыта іх патаемнае супрацоўніцтва з падпольшчыкамі і партызанамі. Беларускаму нацыянальнаму актыву не заставалася нічога іншага зрабіць, як ізноў звярнуцца па дапамогу да В. Кубэ. Мітрапаліта Панцеляймона вызвалілі ад пасады і паслалі ў Лядскі манастыр (Смалявіцкі раён). Без яго ўдзелу 30 жніўня 1942 года ў Менску пачаў працу Усебеларускі Царкоўны Сабор, галоўным пытаннем якога было абвяшчэнне праваслаўнай царквы Беларусі аўтакефальнаю. Як і прапаноўвалася кіраўніцтвам Генеральнага камісарыята Беларусь, у час пасяджэння ў Сабора выкарыстоўвалася толькі беларуская мова. З усіх выступоўцаў толькі адзін гаварыў па-руску. Пасля грунтоўнага абмеркавання праекта Статута Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) і іншых неабходных дакументаў яны былі ўхвалены. Аднак з-за вялікіх інтрыг іерархаў іх падпісалі і паслалі патрыярхам у розныя краіны толькі ў красавіку 1943 года.

Прынятыя Усебеларускім Царкоўным Саборам рашэнні па пераўтварэнні праваслаўнай царквы Беларусі ў аўтакефальную практычна зусім не праводзіліся ў жыццё. Іх зрывала прарускай арыентацыі даволі шматлікая частка праваслаўнага духавенства. Не без удзелу апошняга ў 1943 годзе ад выбуху партызанскай міны загінуў адзін з галоўных выступоўцаў на Саборы протаіерэй І. Кушнер. Тэма яго даклада ― “Пытанне аўтакефаліі на Беларусі”.

Тагачасны стан праваслаўя так характарызавалі аўтары пасланага 5 ліпеня 1943 года ў Галоўны камісарыят Беларусі мемарандума: “Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква сягоньня па складу іерархічна-адміністрацыйнага апарату, па яго нацыянальным настаўленьні ўстабілізавалася як расейская з моцным антыбеларускім характарам і, як такая, праяўляе актыўную дзейнасць. Сэнс гэтага той, каб і праз царкву ўтрымаць лучнасць абшараў былой “адзінай недзялімай Расіі”… Вонкавыя расейскія чыньнікі знаходзяць добры адгалосак сваім імкненьням у пануючай сёньня іерархіі і царкоўнай адміністрацыі Беларускай Царквы” (Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы. Нью-Йорк. 1956. С. 127).

Іншым разам у канцылярыю В. Кубэ слалі лісты і праціўнікі аўтакефаліі, што абавязвала да больш глыбокага вывучэння стану і перспектыў праваслаўнай царквы Беларусі з мэтай надзейнага забеспячэння ёй рэальнай незалежнасці. Смерць В. Кубэ 22 верасня 1943 года ад выбуху міны ў яго кватэры паставіла ў больш складаныя ўмовы тыя колы, што дамагаліся беларусізацыі праваслаўнай царквы. Каб яна трывала стала на такія прагрэсіўныя пазіцыі, дзеля гэтага нямала прыкладалася намаганняў уплывовымі нацыянальна-актыўнымі духоўнымі і свецкімі асобамі. Іх усяляк падтрымлівала кіраўніцтва ўтворанай у снежні 1943 года Беларускай Цэнтральнай Рады на чале з Радаславам Астроўскім. Аднак якіх-небудзь істотных зрухаў на карысць аўтакефаліі не назіралася і галоўным чынам з-за моцна настроенага супроць яе прамаскоўскага кіраўніцтва праваслаўнай царквы Беларусі. Яму ўдалося зацягнуць справу да канца акупацыі, а калі апынулася на Захадзе, нават і кроку не зрабіла да аўтакефаліі, а ў лютым 1946 года падпарадкавалася Рускай замежнай праваслаўнай царкве, кінуўшы на волю лёсу сваіх беларускіх вернікаў. На шчасце, сярод іх і свецкіх асобаў знайшліся сапраўдныя беларускія нацыянальныя патрыёты, якія пры падтрымцы кіраўніцтва Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў чэрвені 1948 года заснавалі на саборы ў нямецкім горадзе Канстанцы незалежную ад Маскоўскага патрыярхату ўласную аўтакефальную праваслаўную царкву.

 

З ліку нешараговых ахвяр

Акрамя забойства В. Кубэ, не на карысць беларускага нацыянальна-патрыятычнага руху пайшлі паспяхова праведзеныя замахі на галоўнага рэдактара “Беларускай газэты” Уладзіслава Казлоўскага (13 лістапада 1943 г.), бургамістра г. Менска, старшыні Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі Вацлава Іваноўскага (7 снежня 1943 г.). Пра апошняга з названых ужо пэўныя звесткі прыводзіліся. У. Казлоўскі сцвердзіўся як актыўны беларускі дзеяч, паэт, публіцыст у міжваенны перыяд: сакратар Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, рэдактар-выдавец часопіса “Новы шлях” (орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі). Такі чалавек не мог не дбаць пра нацыянальныя інтарэсы сваёй Бацькаўшчыны і ў гады нямецкай акупацыі. Але будучы рэдактарам “Беларускай газэты”, павінен быў выконваць волю і тых, хто даў дазвол на выданне гэтага перыядычнага органа. Выступаў з артыкуламі антыбальшавіцкага і антысемісцкага характару. І ўсё ж найбольш увагі надаваў беларускай нацыянальнай тэматыцы, вучыў людзей рупіцца пра сваю духоўную спадчыну і ў час, калі яны так моцна былі занепакоены сваім фізічным выжываннем. Пераканацца ў гэтым можна, да прыкладу, з артыкула У. Казлоўскага ў “Беларускай газэце” ад 17 снежня 1942 года, дзе вялася гаворка пра мову зносін у сям’і. У ім знаходзім вельмі актуальныя і на сёння словы: “Беларус, у якога ў сям’і гавораць не пабеларуску, фактычна не павінен называцца беларусам.

(…) кожны, хто сябе ўважае за беларуса, павінен гаварыць пабеларуску, інакш яму можна закінуць здраду свае нацыі, і ён не будзе мець на гэта ніякага тлумачэння”.

Праўда, ёсць у гэтым артыкуле і такое, што не садзейнічала ўмацаванню пазіцый беларускай мовы, улічваючы высокую ступень русіфікацыі жыхароў нашага краю. Наўрад ці рабілі іх прыхільнікамі беларускай мовы такія словы У. Казлоўскага: “На кожнага, хто гаворыць парасейску, трэба глядзець, як на чужынца, дый чужынца шкоднага, варожага беларускай справе, як на чалавека, які выяўляе русіфікатарскія намеры”.

У. Казлоўскага, як асобу з вялікай адказнасцю за лёс Бацькаўшчыны, не маглі не хваляваць спробы некаторай часткі інтэлігенцыі пазабаўляцца паміж сабой ведамі нямецкай мовы, бо такое ж з цягам часу магло набыць і масавы характар, адкрыць прамы шлях да германізацыі кульутры Беларусі. Адкрыта выступіць супроць такой адмоўнай з’явы было небяспечна, як гэта і сёння публічна крытыкаваць дзяржаўную палітыку русіфікацыі. Каб не быць абвінавачаным, рэдактар “Беларускай газэты” не раз звяртаўся да чытача з эзопаўскай мовай, як напрыклад, у артыкуле “Любіць сваё, шанаваць чужое” (21 студзеня 1943 г.): “…запраўдны патрыёт ня можа захапляцца чужым, хаця-б гэтае чужое й здавалася прыгажэйшым за сваё.

(…) Ня будзе патрыётам свайго народу той, хто паслугоўваецца чужой мовай у тым асяродзьдзі, якое разумее добра ягоную мову”.

Гэта наша вялікая нацыянальная трагедыя, што акупацыйныя ўлады, кіраўнікі партызанскага руху і бальшавіцкага партыйнага падполля пакінулі пасля сябе нямала ахвяр і сярод людзей, што да канца жыцця асабліва ні ў чым сур’ёзна не правініліся перад сваім народам, аддана служылі роднай Бацькаўшчыне, хаця не заўсёды гэта лёгка ўдавалася ім. Масавыя савецкія фізічныя рэпрэсіі 30-х гадоў, жорсткія здзекі з усяго беларускага ў Другой Рэчы Паспалітай, фашысцкая акупацыя не раз вымушалі змаганцаў за лепшую долю народа крута мяняць сваю пазіцыю, перакідвацца ў процілеглы лагер. Мяркую, што ў 20-я гады мінулага стагоддзя ні сам грамадска-палітычны дзеяч Фабіян Акінчыц (нарадзіўся ў студзені 1886 г. на Стаўбцоўшчыне), ні атачэнне апошняга не ўяўлялі яго ў якасці стваральніка беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, загадчыка школы прапагандыстаў пад Берлінам (з пачатку 1941 г.), бо ён жа здабыў сабе шырокую вядомасць, будучы актыўным членам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, членам Галоўнай управы і Надзорчай рады Таварыства беларускай школы, рэдактарам шэрага беларускамоўных перыядычных выданняў і г.д. Загінуў 7 сакавіка 1943 года ад рук мінскіх падпольшчыкаў. Такіх прыкладаў можна прывесці мноства. А ўсе ж яны родныя дзеці маці-Беларусі! Пры іншых палітычных рэжымах такая трагедыя яе ніколі не напаткала б.

 

Час уносіць свае карэктывы

Мінула 65 гадоў пасля заканчэння вайны з Германіяй. Прыйшоў час, калі страціла ўсялякую неабходнасць падзяляць беларускі народ на ворагаў і абаронцаў Бацькаўшчыны. Зараз перад ёю на ўвесь рост стаяць зусім іншыя праблемы: як усцерагчы свой народ ад цяжкіх наступстваў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Калі акупацыя несла за сабою рэальную пагрозу біялагічнага вынішчэння беларускага народа, дык русіфікацыя будзе мець вынікам яго этнічнае выміранне, якое прывядзе да абавязковай страты і дзяржаўнага суверэнітэту, што ўжо сёння даволі рэльефна назіраецца па многіх пазіцыях.

Шэсць з паловай дзесяткаў гадоў пасля паразы Германіі даюць падставы больш аб’ектыўна паставіцца і да яе акупацыйнай палітыкі. Яшчэ задоўга да пачатку Другой сусветнай вайны нямецкая нацыя належала да адной з самых высокаразвітых не толькі ў Еўропе, але і свеце. Нялёгкая вайна з СССР вымусіла фашысцкі рэжым паставіць пад ружжо нават самых вядомых у сферы культуры асобаў. Бальшыня з іх, трапіўшы ў іншыя краіны ў якасці заваёўнікаў, не магла ў моц свайго прафесійнага стутусу па-варварску ставіцца да чужых духоўных каштоўнасцяў. Да ліку такіх асобаў, несумненна, належыў і Вільгельм Кубэ. Часткова, збольшага праведзеная з яго дазволу беларусізацыя культурна-асветніцкага жыцця ў межах Генеральнай акругі Беларусь не прайшла марна. Пасля заканчэння вайны моладзь гэтай тэрыторыі паважлівей за астатнюю ставілася да сваіх культурна-моўных традыцый, выказвала незадаволенасць русіфікацыяй навучальна-выхаваўчага працэсу агульнаадукацыйных школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Забойства В. Кубэ і прыход да ўлады Курта фон Готбэрга зрабілі толькі больш жорсткім акупацыйны рэжым, сур’ёзна ўскладнілі працу творчай інтэлігенцыі на карысць беларускай нацыянальнай справы.

У нас дастаткова падстаў сцвярджаць пра прысутнасць даволі прыстойнага нацыянальна-культурнага жыцця на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь у часы В. Кубэ. Сказаць жа такое пра сённяшнюю Рэспубліку Беларусь наўрад ці хто асмеліцца з сур’ёзных людзей, улічваючы безмежнае панаванне ў ёй чужамоўнага палітычнага кіраўніцтва, такой жа сістэмы народнай адукацыі, дашчэнту зрусіфікаванай культуры, адарванага ад нацыянальнай глебы набажэнства нашай галоўнай хрысціянскай канфесіі ― Беларускай праваслаўнай царквы. Памылковым было б шукаць прычыны ўсяму гэтаму ў нібыта спрадвечным імкненні беларусаў да супольнага жыцця з рускім народам у мэтах бясплатнага карыстання яго багатымі культурна-моўнымі набыткамі. Прычына тут заключаецца ў свядомай дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі беларусаў, махавік якой у апошнія пятнаццаць гадоў працуе на больш высокіх абаротах, чым у любы такі адрэзак часу за ўсе папярэднія дзвесці з гакам гадоў. У такіх экстрэмальных умовах творчай інтэлігенцыі нацыянальнай арыентацыі вельмі цяжка што-небудзь важнае рабіць дзеля развіцця прыроднай для нашага краю культуры, захавання самабытнасці яго тытульнага насельніцтва. Нацыянальны патэнцыял культуры Беларусі ледзь не дашчэнту выпустошаны русіфікацыяй пры амаль поўнай бяздзейнасці па яго захаванні з боку творчай інтэлігенцыі. Праклятымі ж калабарантамі (такая тэрміналогія ўжываецца і пасёння дзяржаўнымі ідэолагамі) і ва ўмовах жорсткай фашысцкай акупацы і, калі рубам стаяла пытанне аб біялагічным выжыванні беларускага народа, рабілася на ніве нацыянальнай адукацыі і культуры не менш, чым у нашыя дні, бо гэтаму перашкаджае засілле ў дадзеных найважнейшых этнаўтваральных сферах рускіх культурна-моўных стандартаў.

У выпадку перамогі Германіі, чаго, на вялікае шчасце, не адбылося, калабаранты ў створаную фашыстамі “Новую Еўропу” прывялі б Беларусь не анямечанай, не спаланізаванай, не зрусіфікаванай, а з яе сапраўдным прыродным нацыянальным абліччам. Сёння ж палітычнае кіраўніцтва краіны са сваім ідэалагічным апаратам і моцна залежнай ад іх часткай інтэлегенцыі цягнуць беларусаў у Еўропу амаль пры поўнай страце імі свайго нацыянальнага “Я”, за што трэба дзякаваць найперш прэзідэнцкай вертыкалі ― галоўнаму чынніку дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.

Аб’ектыўнае асвятленне нямецкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі важна не толькі для гістарычнай навукі. Яно, несумненна, паспрыяе яшчэ і ўсталяванню больш цесных сувязяў паміж беларускім і нямецкім народамі, урад якога не пабаяўся прызнаць віну Германіі за ўчыненыя злачынствы і выплаціў немалыя кампенсацыйныя сумы бязвінным ахвярам. Неабходнасць збліжэння Беларусі з гэтай краінай дыктуюцца і паглыбленнем на сучасным этапе глабалізацыйных працэсаў сярод еўрапейскіх народаў, што абавязвае іх да супольных намаганняў па захаванні культурна-моўнай разнастайнасці гэтага кантыненту планеты Зямля.

 

Леанід Лыч,
доктар гістарычных навук, прафесар
 
 
 
------------------------------------------------------------------------------------------

 

 

  1. Голас вёскі. 1942. 16 ліпеня
  2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (у далейшым ― ЭГБ). Т. 1. Мн., 1993. С. 390.
  3. ЭГБ. Т. 1. Мн., 1993. С. 391.
  4. ЭГБ. Т. 1. С. 393
  5. Беларуская газэта. 1942. 12 ліпеня
  6. Голас вёскі. 1943. 29 чэрвеня.

 

 

Падзяліцца: