“Дні беларускай культуры – 2016” у Прэйлі

23 кастрычніка ў Прэйльскім Доме культуры пануе атмасфера ўзнесласці і ўрачыстасці – мясцовыя беларусы ў рамках Дзён беларускай культуры святкуюць 125-годдзе з дня нараджэння свайго любімага паэта – Максіма Багдановіча.

Сабралася шмат гасцей: з Рыгі, з Екабпілса, з Ліванаў, з Дагды, прыйшлі жыхары горада паўдзельнічаць у мерапрыемстве і паглядзець на сваіх суседзяў і сяброў. І вось загучаў пранізлівы, кранаючы душу славуты раманс паэта “Зорка Венера” у выкананні Екабпілскага ансамбля “Завіруха”. Зала заціхла. Калі адгучаў апошні акорд, на сцэну адкрыць мерапрыемства выйшлі вядучыя – Святлана Сцяпанава і Наталля Лапошка і далі слова гасцям – Валянціне Піскуновай, старшыні Саюза беларусаў Латвіі, пад эгідай якога праводзілася мерапрыемства, і Алёне Лазаревай, члену Кансультатыўнага камітэта пры Міністэрстве культуры Латвіі.

Ганаровыя госці цёпла павіншавалі прысутных гледачоў, слухачоў і арганізатараў – славянскае таварыства “Радуга”, г.Прэйлі, і адзначылі, што імя М.Багдановіча значна для кожнага беларуса і неабходна далей несці веды пра беларускую культуру тут, у Латвіі, дзе мы ўсе жывём і якую любім, і іменна праз культурныя сувязі мацаваць сяброўства і ўзаемаразуменне, і прыемна, што таварыства славянскай культуры Прэйльскага краю “Радуга” уваходзіць у Саюз беларусаў Латвіі і ўносіць беларускую ноту ў сваю дзейнасць.

А далей пачалася літаратурная частка праграмы, якую вяла Алёна Пабяржына з Дагды. Яна азнаёміла аўдыторыю з жыццёвым і творчым шляхам таленавітага паэта, празаіка, перакладчыка, літаратуразнаўцы, аднаго з стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часа Максіма Багдановіча. Прагучалі вершы “Учора шчасце толькі глянула нясмела”, “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі” …

На сцэне ізноў ансамбль “Завіруха” Екабпілскага беларускага таварыства “Спатканне” (кіраўнік Вольга Прановіч). Іх нярэдка запрашаюць у госці і любяць слухаць – спяваюць яны з задорам, з агеньчыкам. Старшыня таварыства Валянціна Дарашчонак прачытала свой любімы верш паэта і паліліся песні. Закончыў ансамбль сваё выступленне эфектнай песняй “Беларусачка” у выкананні самай малодшай удзельніцы – Юліяны-Серафімы Гравітэ, вучаніцы пачатковай школы.

А далей ініцыятыву ўзялі гаспадары мерапрыемства. Прэйльскія ансамблі “Калінушка” і “Рабінушка”, якая нядаўна адзначыла свой юбілей – 20-годдзе дзейнасці, кіраўнік Святлана Сцяпанава, – і паказалі публіцы свае дасягненні. Спявалі і народныя песні і аўтарскія, гледачы падпявалі і доўга апладыравалі выканаўцам.

Потым выступіў ліванскі ансамбль “Узоры” пад кіраўніцтвам Лідзіі Знотыні, старшыні Славянскага таварыства “Узоры”, аднаго з арганізатараў мерапрыемства. Прагучалі пяць народных песень у іх выкананні і выступілі яны выдатна, што слухачы адзначылі сваёй адпаведнай рэакцыяй.

І заключным прыгожым моцным акордам канцэрта стала выступленне ансамбля “Аколіца” Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца” (кіраўнік Тамара Старавойтава). Яны прыехалі падтрымаць сваіх сяброў з Прэйлі, паказаць сваё майстэрства і прапанаваць больш цесныя творчыя сувязі. У іх выкананні прагучалі песні на беларускай, украінскай, рускай мовах, а таксама на латгальскай.

Напрыканцы вечарыны старшыня таварыства славянскай культуры Прэйльскага краю “Радуга” В.А.Максімава сказала, што песні гучалі розныя, мы знаем іх мноства, і гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што песня аб’ядноўвае людзей, натхняе, сцвярджае нашу любоў да нашай Латгаліі, Латвіі і этнічнай радзімы кожнага. Яна выказала падзяку гледачам – за актыўнасць, за цікавасць да праводзімых мерапрыемстваў, за шчырыя апладысменты, падзяку Прейльскай гарадцкой думе і цэнтру культуры за дапамогу ў правядзенні цудоўнага свята. Падзякавала ўсім гасцям, сказаўшы, што свята адбылося, і ў гэтым заслуга ўсіх ансамблей – і з Екабпілса, і з Ліванаў, і з Дагды, і безумоўна Прэйльскіх. Таксама адзначыла каштоўнасць намаганняў Саюза беларусаў Латвіі і яго старшыні В.Піскуновай у справе аб’яднання ўсіх беларусаў, беларускіх ансамблей, набыцця для іх нацыянальных касцюмаў, каб яны прыгожа выглядалі, што мы сёння і назіралі.

І ў заключэнне пажадала ўсім здароўя, добрага настрою, прыемных сустрэч і здзяйснення творчых планаў.

Алёна Міцкевіч, «Прамень»