Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Алесь Адамковіч. "БНР не міф"

Разглядаючы гісторыю БНР, можна адзначыць, што воляй лёсу ёй не было наканавана замацавацца на палітычнай мапе Еўропы, але яна была рэальнай дзяржавай, якая ў тых складаных гістарычных крыважэрных рэаліях не змагла ўтрымаць сваю незалежнасць. У выніку ў 1921 г. была разарвана палякамі і рускімі, якія акупавалі яе землі.

Сёння вельмі часта кажуць, што БНР гэта прыгожы міф, які стварылі беларусы ў эміграцыі. Ніякай БНР як рэальнай дзяржавы не існавала, яна не мела свайго войска і г.д. Не стану з імі спрачацца. Толькі тут хацеў бы прывесці некаторыя матэрыялы, а менавіта выпіскі з розных газет таго часу, каб паказаць, што міф не БНР, міф тое, што яе не існавала. Гэтая публіцыстыка каштоўная тым, што яна адлюстроўвала падзеі тут і  зараз, яшчэ не было часу для пераасэнсавання падзей і іх міфалагізацыі. Адлюстроўвалася прамая дзея тых дзён. Міфалагізаваць тыя гады і забараняць памяць пра БНР пачнуць пазней.

Руская газета „Віленское слово“ ад 6 студзеня 1921 г.:

З размоў са спадаром Ластоўскім

Вярнуўшыся ў Коўна з Жэневы глава беларускага ўрада спадар Ластоўскі паведаміў, што ім быў уручаны мемарандум Лізе Нацый, у якім не было дамаганняў аб прадстаўленні беларусам месца ў Лізе Нацый, а толькі выкладзена настойлівая просьба абмежаваць ад некаторых членаў Лігі Нацый беларускі народ. Швейцарская прэса жыва адгукнулася на гэтыя справядлівыя патрабаванні беларускага народа і цягам некалькіх дзён швейцарскія газеты былі прысвечаныя беларускаму пытанню. Спадар Ластоўскі пасля чаго быў запрошаны на пасяджэнне шматлікіх камісій Лігі Нацый, дзе даваў тлумачэнні па найбольш важных пытаннях.

Па пытанні аб плебісцыце на тэрыторыі Сярэдняй Літвы, калі б такі быў бы прызначаны, Ластоўскі настойваў на пастаноўцы пытання ці „за Польшчу“, ці „За Літву і Беларусь“. Спадар Ластоўскі тлумачыў, што пытанне аб падзеле тэрыторыі паміж Літвой і Беларуссю мірна вырашыцца гэтымі двума братнімі народамі без пабочнай дапамогі.

Па заяве спадара Ластоўскага, абяцанні, атрыманыя ім у Жэневе, пераўзышлі ўсе яго чаканні. Беларускае пытанне, хутчэй за ўсё, будзе вырашана ў бліжэйшай будучыні.

Газета „Віленскае слова“ ад 28 лістапада 1920 г.:

Паміж урадамі Ластоўскага і Ковенскім дасягнута згода. Беларускі ўрад будзе знаходзіцца ў Коўна, адкуль і будзе арганізоўваць паўстанні ў частцы Беларусі, занятай палякамі. Ластоўскі спадзяецца ўстанавіць кантакт з Савецкай Беларуссю.

На ўсход ад Слуцка ў раёне Ужыц (Бабруйскі павет) працягваюцца баі беларускіх паўстанцкіх атрадаў з бальшавікамі. Бальшавікі адчайна абараняюць подступы да чыгуначнай лініі. Ходзяць чуткі, што для падаўлення паўстанцаў вызваны дзве савецкія дывізіі. Паўстанцы гатовыя абараняць сваю зямлю да апошняй кроплі крыві. Кіраўнікі руху спадзяюцца пашырыць паўстанне ў бальшавіцкіх тылах і чакаюць дапамогі звонку. Паўстанне адбываецца пад лозунгамі незалежнай дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Польская газета „Варшаўскае слова“ ад 27 лістапада 1920 г.:

Аб ходзе змагання войск савецкай Расіі з арміяй генерала Балаховіча даведваемся наступнае:

Галоўныя сілы Балаховіча былі сканцэнтраваны ў наступных месцах:

У Ельску на поўдзень ад Мазыра, па лініі ідучай ад Мазыра да Аўручча, стаіць так званая рабочая брыгада пад кіраўніцтвам атамана Іскры.

У Мазыры стаіць 1-ая дывізія пад кіраўніцтвам брата генерала палкоўніка Балаховіча. Другая дывізія пад кіраўніцтвам палкоўніка Мікашы, колькасцю каля 5 тысяч чалавек, сканцэнтраваная была ў Васілевічах, на поўнач ад Мазыра, па лініі, ідучай ад Мазыра да Рэчыцы. Сам генерал Балаховіч стаяў пад Рэчыцай, узначальваючы конныя аддзелы. У рэзерве знаходзілася трэцяя дывізія пад кіраўніцтвам генерала Яраслаўцава, што ў Петрыкаве на захад ад Мазыра.

Пад першым напорам бальшавікоў рабочая брыгада атамана Іскры адступіла з Ельску ў заходнім кірунку, здаўшы без бою два аддзелы і пакінуўшы некалькі дзесяткаў машынных карабінаў. Другая дывізія палкоўніка Мікашы, якая поўнасцю складалася з даўнейшых бальшавіцкіх палонных ўступіўшых у армію Балаховіча, цалкам перайшла на бальшавіцкі бок, акрамя самога палкоўніка Мікашы і 200 інструктараў.

Карыстаючыся адступленнем брыгады Іскры і здрадай другой дывізіі, бальшавікі клінам урэзаліся ў двух месцах у паўночна-заходнім накірунку, сціскаючы брыгаду Іскры пад Рэчыцай.

Тым часам палкоўнік Балаховіч, знаходзячыся на захад ад Мазыра, разбіў групу бальшавікоў, якая сціскала брыгаду Іскры, і здолеў навязаць кантакт з трэцяй дывізіяй генерала Яраслаўцава.

Генерал Балаховіч у гэты момант пасунуўся ва ўсходнім кірунку, займаючы Гомель. Жадаючы спыніць далейшае прасоўванне бальшавікоў, якія здзейснілі ўдалую аперацыю пад Рэчыцай, прыгразіў, што калі бальшавікі не здадуцца, пусціць у паветра Гомель.

Адказ бальшавікоў на гэты ультыматум пакуль не атрыманы..

Таксама ў мінулую суботу да генерала Балаховіча звярталіся бальшавіцкія парламентары з нямецкім афіцэрам з прапановай, каб генерал Балаховіч злучыўся з войскам Ковенскай Літвы з мэтай змагання з войскамі генерала Жэлігоўскага. Генерал Балаховіч гэтую прапанову думаў адкінуць.

Англійская газета „Morning Post“ з Лондана ад 26 лістапада 1920 г.:

У Вільні пачаліся лёсавызначальныя падзеі, якія маюць на мэце злучэнне Жэлігоўскага з Балаховічам. Калі так адбудзецца, то не выключана тое, што бальшавікі зноў паспрабуюць заняць Вільню.

Віленская польская газета „Наруд“ ад 7 лістапада 1920 г.:

Пінск, 6 лістапада 1920 г. армія генерала Булак-Балаховіча, якая пасля сканчэння тэрміна замірэння перайшла на тэрыторыю Беларусі, прасоўваецца наўпрост. Многія аддзелы ўжо дайшлі да Мазыра. Сама ж армія не можа хутка перамяшчацца з-за адсутнасці камунікацый, на чыгунцы ўсе масты былі ўзарваныя. Насельніцтва вельмі зычліва прымае армію Балаховіча. Сяляне пастаўляюць харчаванне і ахвотна даюць дабраахвотнікаў. У выніку гэтага армія хутка расце, налічвае ўжо каля 50 тысячаў жаўнераў.

Руская газета „Віленскі кур’ер“ ад 20 снежня 1920 г.:

- Віленскія беларусы, зыходзячы з таго становішча, што плебісцыт больш за ўсё будзе тычыцца беларускага насельніцтва Сярэдняй Літвы, адправілі па гэтаму пытанню ў Лігу Нацый вялікі мемарандум.

- Як перадаюць, генерал Балаховіч стаў на чале беларускіх партызанскіх атрадаў, якія засталіся і выбралі яго сваім галоўнакамандуючым.

- Віленская беларуская газета „Наша думка“ сцвярджала, што выехаўшая ў Варшаву беларуская дэлегацыя, якая будзе прасіць Польшу ўстанавіць з Беларуссю ўсходнія межы, нікому невядомая.

- Беларускі ўрад Ластоўскага ў Жэневе прад’явіў патрабаванні, каб, калі будзе адбывацца плебісцыт наконт Сярэдняй Літвы, ён праходзіў на ўсход ад Лініі Керзана.

Гэтыя радкі вяртаюць не толькі ў далёкія 1920 г.г., але і паказваюць, у якіх умовах страчвалася БНР, каб пасля яе можна было забараніць і выветрыць з памяці народа, а пасля выбіць з беларусаў прагу да вольнасці і жадання свае нацыянальнае дзяржавы, а затым і ўвогуле зрабіць так, каб яны перасталі быць беларусамі. Як бачым, многае дасягнута…

 

Алесь Адамковіч, Вільня

Падзяліцца: