«Чарнобыльская малітва» Алексіевіч на сцэне ў Варшаве

У Варшаве адбыўся адмысловы паказ пастаноўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Спектакль «Чарнобыльская малітва» спалучыў літаратурную першакрыніцу, мінімалістычны антураж і каларыт беларускіх народных песень у выкананні народнай артысткі Таццяны Мархель.

Уладзімір Карачэўскі – дырэктар тэатра – расказвае пра гастролі:

– Мы даўно ўжо выношвалі ідэю, каб прыехаць сюды. Гэтая п’еса існуе ўжо даўно, яна знакавая для нашага тэатра. Я б вельмі хацеў, каб мы яшчэ не раз прыехалі ў Варшаву, у Польшчу з іншымі спектаклямі, бо нам ёсць, што паказаць, чым падзяліцца.

П’еса выконвалася пераважна па-беларуску. Публіка вітала акцёраў стаячай авацыяй, а самі акцёры адзначылі, што гралі ў Варшаве з асаблівым настроем і лічаць паказ поспехам. Гастролі арганізаваныя беларускім пасольствам у сувязі з аб’яўленым у Беларусі Годам культуры і 30-ай гадавінай Чарнобыльскай катастрофы.

Станіслаў Раманчук, «Беларускае Радыё Рацыя»