Будзьма памятаць. Як дэпартавалі беларусаў

Нямногія з нас задумваліся, што выраз “ціхі тэрор” у нейкім сэнсе гучыць як аксюмаран. Але менавіта “ціхім тэрорам” і называецца тое, што адбывалася на беларускім памежжы (да далучэння Заходняй Беларусі) з канца 1934 па 1937 год. Другая дата зразумелая махавік рэпрэсіяў быў раскручаны менавіта ў 37-м… А што з першай?

1 снежня 1934 года ў Ленінградзе Леанід Мікалаеў з нагана ў патыліцу забіў на трэцім паверсе Смольнага інстытута кіраўніка ленінградскай партыйнай арганізацыі Сяргея Міронавіча Кірава. Чаму? За гады, што мінулі з таго здарэння, версіяў было нямала: Сталін вінаваціў Каменева і Зіноўева, за часамі Хрушчова вінавацілі самога Сталіна, цяпер жа найбольш распаўсюджаная версія кажа, што Мікалаеў дзейнічаў з уласнай ініцыятывы. Як гэта закранула Беларусь? А вось як: забойства мела наступствы, што тычыліся непасрэдна беларусаў – тых, якія жылі каля тагачаснай мяжы. Вядома, пераследу і да гэтага падлягалі “грамадзяне варожага паходжання, служыцелі культу, збеглыя са ссылкі і заўважаныя ў супрацьпраўных дзеяннях”. Але пасля 1 снежня ціск узмацніўся, і часцей за ўсё прадстаўнікі органаў ужо не разбіраліся, ці падпадаюць затрыманыя пад гэтыя катэгорыі, – пачаўся “ціхі тэрор”.

Спачатку планавалася выселіць з прымежнай паласы 2 тысячы сем’яў “нядобранадзейных” (столькі налічыў кіраўнік беларускай партарганізацыі Гікала). Каб вырашыць, хто добранадзейны, а хто не, 17 чэрвеня 1935 года з самой Масквы быў атрыманы загад органам НКУС БССР неафіцыйна праверыць найперш “служачых савецкіх, кааператыўных ды іншых арганізацый”. Адначасова на імя наркама ўнутраных справаў БССР Ляплеўскага прыйшла сакрэтная дырэктыва – пачаць ачыстку памежных раёнаў ад па-антысавецку настроеных элементаў.

Хто і як гэта рабіў? Адным з выканаўцаў быў Пётр Сямёнавіч Майскі, 1904 года нараджэння, сябра партыі з 1932 года. Ён згадваў, што, калі высветлілі сувязі забойцы Кірава за мяжой (з кім? якія?), польска-савецкую мяжу загадалі ачысціць ад падазроных элементаў. То бок тых, хто патэнцыйна мог мець сувязі з Польшчай. Улічваючы, што мяжа ў 1921 годзе падзяліла папалам часам і сямейныя падворкі і шмат у каго засталіся па той бок не толькі знаёмыя, але і сваякі, выбіраць было з каго. З успамінаў Майскага: “І вось раз’язджаў я па хутарах. Хаваў вочы, каб не бачыць галечу, у якой жывуць сяляне. Затыкаў вушы, каб не чуць плач малых дзяцей, казаў ім, што яны высяляюцца. Дакументы не афармлялі, проста давалі на зборы 24 гадзіны…”

План быў выкананы паспяхова: 1400 сем’яў адправілі на поўнач Расіі, 600 сем’яў – у Казахстан…

Юлія Іванаўна Ізотава (Гардзей) з вёскі Задвор’е Копыльскага раёна акурат і мела дом “на кардоне”. Яна згадвала: “А ў нас жа зямля і не падпадала пад тую высылку… Працавалі, што ішакі, не бачылі ніякага асабістага жыцця”.

Але 48 сем’яў былі абраныя для высялення. Што цікава, дзве сям’і (і сваякі Юліі Іванаўны таксама) атрымалі крыху больш часу на зборы. Чаму? Бо сям’я меркавала скончыць будаўніцтва дома для старэйшага сына. “Кончылі хату, склалі печ, з коміна пайшоў дым. І, гавораць, старшыня сельсавета сказаў: “Хай глядзіць, у які бок дым ідзе, у такі бок ён і паедзе”.

У тую ж ноч арыштавалі двух братоў Ізотавай. Астатняй частцы сям’і далі час на зборы і вывезлі следам. Сустрэліся яны ў Слуцку: “Ведаеце, калі б брат асобна жыў, сказалі, што нас не сталі б высяляць. Але ўсё роўна – дачакаліся, пакуль будзе гатовы дом, і забралі яго, цяпер, сказалі, збірайцеся. Ноччу”.

Разам з сям’ёй Юліі Іванаўны выслалі і сям’ю Васілеўскіх з вёскі Калініна, нягледзячы на тое, што яны мелі інфармацыю, нібы іх не будуць высылаць. Былі падагнаныя машыны, і хутка, каб ніхто не бачыў, каб не было шуму, усіх звезлі. І вось Слуцк, і вось Агароднікі – а там ужо чакаюць адпраўлення вагоны з жыхарамі Копыльскага і Краснаслабодскага раёнаў.

Аперацыя па высяленні была паспяхова завершаная да жніўня 1935 года. Агулам было выселена 1979 сем’яў, а гэта 9877 чалавек. На поўнач Расіі і ў Казахстан адправілася дзесяць эшалонаў з людзьмі. Разам з імі – 527 кароваў і 270 коней.

Але кіраўніцтву было мала. 14 верасня была зацверджаная пастанова “Аб перасяленні жыхароў з 500-метровай памежнай паласы”.

Найвышэйшыя органы НКУС зацвярджалі спісы населеных пунктаў, жыхары якіх мусілі пакінуць родныя мясціны. Амаль 900 гаспадарак калгаснікаў і прыватных асобаў планавалі рассяліць у межах раёна альбо рэспублікі – нават грашовыя сродкі на гэта вылучаліся. Згодна з планам сем’і мусілі перавозіць гаспадарку (дом, быдла, рэчы) на новае месца жыхарства самастойна.

Тэкст: Дзяніс Пыхалаў (паводле кнігі “Крывавая мяжа”, А.Л.Заеркі), Фотаздымкі: Андрэй Лянкевіч