Сустрэча з Уладзімірам Ягоўдзікам

У золкі вечар 25-га кастрычніка ў нашай клюбоўні адбылася цёплая сустрэча з Уладзімірам Ягоўдзікам, які завітаў да нас разам са сваёй жонкай Марыяй і малодшай дачкой Верай.

Спадар Уладзімір распавёў шмат цікавых гісторыяў са свайго жыцця, пра таленавітых сваякоў і знаёмых, уласную творчасць. З гонарам паведаміў, што з ягонай роднай вёскі Кастровічы бярэ пачатак славуты род Кастравіцкіх. Прадстаўнікамі гэтага роду з'яўляюцца паэты Гіём Апалінэр і Карусь Каганец; разам з Уладзімірам Ягоўдзікам яны нібыта ўвасабляюць тры грыбы Кастравіцкага гербу.

Пачынаючы з 1995 году сп. Уладзімір разам з жонкай Марыяй займаюцца выдавецкай дзейнасцю (цяпер за гэтую справу адказная выключна сп. Марыя). Некаторыя з кніг, выдадзеных уласным выдавецтвам, сп. Уладзімір падараваў клюбоўні. Для ўкраінскай дыяспары была перадана кніга "Дні – як лукі" перакладчыка Алеся Траяноўскага, у якой ён знаёміць суайчыннікаў з творчасцю Марка Баяслава - украінскага паэта, ваяра Ўкраінскай паўстанцкай арміі.

Асабліва цікавымі былі апавяданні пра знаёмства з Ларысай Геніюш і першае ўражанне, цытаты з яе лістоў. Палітыка вельмі моцна ўплывала на іх стасункі, падтрымліваць іх было часам небяспечна, трэба было з асцярогай перадаваць лісты праз іншых людзей. Першы ліст ад славутай паэткі сп. Уладзімір атрымаў 17-га кастрычніка 1972 г.

І шмат іншых цікавостак мы даведаліся ад Уладзіміра Ягоўдзіка падчас імпрэзы, напрыклад, пра кнігу Міхала Іоські "Маркс, Энгельс и революционная Белоруссия" ці пра скульптуры Нёман і Прыпяць пры менскім Палацы Незалежнасці працы Алеся Шацілы, зяця сп. Ўладзіміра, за што мы яму шчыра ўдзячныя!

pahonia.cz