Дасьледнікі Кембрыджу назвалі самых вядомых ураджэнцаў Беларусі. На першым месцы – Міцкевіч

Каманда дызайнэраў, інжынэраў і навукоўцаў з Кембрыджу стварыла Пантэон самых славутых асобаў сьвету.

Стваральнікі гэтага праекту сабралі імёны амаль 11 000 чалавек, якія маюць профілі ў Вікіпэдыі прынамсі на 25 розных мовах. Затым яны распрацавалі Індэкс гістарычнай папулярнасьці. Балы ў рэйтынгу залежаць ад колькасьці праглядаў профіляў гэтых асобаў у Вікіпэдыі ад 2008 году да 2013 году.

Першае месца ў Індэксе гістарычнай папулярнасьці сярод ураджэнцаў Беларусі займае паэт Адам Міцкевіч. Яго профіль у Вікіпэдыі за 5 гадоў адчынялі амаль 6 мільёнаў разоў.

Дзясятка самых папулярных ураджэнцаў Беларусі выглядае так:

1. Адам Міцкевіч, паэт 2. Шымон Пэрэс, палітык 3. Леў Выгоцкі, псыхоляг 4. Марк Шагал, мастак 5. Мэнахем Бэгін, палітык 6. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, палітык 7. Фэлікс Дзяржынскі, палітык 8. Хаім Вэйцман, палітык 9. Рышард Капусьцінскі, пісьменьнік 10. Андрэй Грамыка, палітык

У трыццатку ўвайшлі Янка Купала (12), Аляксандар Лукашэнка (16), Сяргей Сідорскі (25), Аляксандар Глеб (27) і Вольга Корбут (28).

Са 190 краін, якія разглядаюцца ў рэйтынгу, Беларусь паводле папулярнасьці сваіх ураджэнцаў знаходзіцца на 41 месцы.

На падставе гэтай мэтадалёгіі найбольш вядомым чалавекам ва ўсёй гісторыі быў Арыстотэль, а затым Плятон, Ісус Хрыстос, Сакрат і Аляксандар Вялікі. Першае месца ў Індэксе гістарычнай папулярнасьці займаюць палітыкі, за імі акторы, футбалісты, пісьменьнікі і рэлігійныя дзеячы.