Вяртанне ў Мір

Музей “Замкавы комплекс “Мір” набыў калекцыю з 18 партрэтаў князёў Радзівілаў, якая зараз прадстаўлена ў Партрэтнай зале Паўночнага корпуса палаца.

Упершыню калекцыю ў Міры ўбачылі ў 2014 годзе, але з таго часу вяліся перамовы з уласнікам партрэтаў – князем Канстанцінам Гагенлоэ-Шылінгсфюрстам – пра іх набыццё. Дарэчы, нягледзячы на тое, што з партрэтамі беларусы пазнаёміліся ўжо два гады таму, колькасць наведвальнікаў на мінулым тыдні ўзрасла: агулам палотны ўбачыла звыш 20 тысяч чалавек.

У Партрэтнай зале зараз толькі 12 карцін, астатнія – у запасніках музея, некаторым жывапісным палотнам патрэбна рэстаўрацыя. Але справа ў тым, што музей не мае ўласнага рэстаўратара па жывапісе, таму супрацоўнікі будуць звяртацца да спецыялістаў з іншых музеяў. Так, напрыклад, у Рэстаўрацыйным цэнтры імя Пранаса Гудзінаса Нацыянальнага мастацкага музея Літвы складзена праграма рэстаўрацыі калекцыі на некалькі гадоў. Па словах дырэктара комплекса Вольгі Папко, фінансаванне работ будзе здзяйсняцца за кошт пазабюджэтных сродкаў музея, найверагодна, і сіламі беларускіх рэстаўратараў.

Распрацоўка экскурсій і праграм пад калекцыю не прадугледжана, бо гаворка не пра адмысловую выставу. Мо з часам, калі партрэты будуць вывазіць за мяжу, супрацоўнікі музея зробяць дадатковыя мерапрыемствы. А чым зараз можна зацікавіць наведвальніка?

– Род князёў Радзівілаў быў вельмі шматлікі, захавалася не адна сотня партрэтаў. Аднак, калі князі Вітгенштэйны замаўлялі ў XIX стагоддзі гэтыя копіі, то выбіралі самых цікавых, вялікіх сваіх продкаў з роду князёў Радзівілаў, – кажа дырэктар музея. – Цікавы падбор партрэтаваных асобаў. Большая частка партрэтаў – парныя, прадстаўляюць мужа і жонку. Па гэтых палотнах можна прадставіць кароткую гісторыю роду – ад міфічнага заснавальніка роду Вайшунда да князёў Міхаіла Казіміра Рыбанькі, роставы партрэт якога перавышае два метры. Што цікава, зала адноўлена пад эпоху Рыбанькі. І каб ён сам замаўляў творы, то свой зрабіў бы, відаць, якраз самым вялікім.

Зараз у музеі вядзецца работа над новымі эксплікацыямі Партрэтнай залы, у якой будзе адлюстравана гісторыя стварэння і набыцця партрэтаў. Дырэктар комплексу Вольга Папко падрыхтавала некалькі публікацый па гісторыі калекцыі. Ааснова даследавання – дакументы з Федэральнага архіва горада Кобленца, што ў Германіі, дзе захоўваецца асабісты архіў роду князёў Вітгенштэйнаў і князя Гагенлоэ.

Вольга Ропат, «Культура»