“Бардаўская восень 2016” завяршылася канцэртам у Беластоку

Канцэрт у Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку завяршыў XXIII фестываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні “Бардаўская восень 2016”.

Перад беластоцкай публікай выступіў пераможца конкурснай часткі фестывалю гурт “Сон-трава” ды зорка фестывалю “W-Z Аркестр & Зміцер Вайцюшкевіч”, а таксама падляшскі гурт “ILO&FRENDS”, салістка якога Ілона Карпюк-Дамброўская з “бардамі” звязаная з пачатку фестывалю:

– Гэта заўсёды важная нагода, калі можна патрапіць на фестываль, да якога маеш не толькі дачыненне, у тым сэнсе, што паставяць цябе ў праграму, але проста з якім ты эмацыйна звязаны. Я звязана з гэтым фестывалем ад самага пачатку. Не ў сэнсе арганізатарскім, але як глядач. Вырастала на гэтым фестывалі, назірала ўсе змены. Тое, што гурт “ILO&FRENDS” ёсць частка фестывалю «Бардаўская восень», – для мяне асабіста вельмі важна.

Сёлета беларускіх бардаў можна было пачуць апрача Бельска Падляшскага і Беластоку, таксама ў Орлі, Нарве ды Нараўцы. Галоўным арганізатарам фестывалю “Бардаўская восень” выступае Звяз ў карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Шчыты”.

Давід Гайко, «Беларускае Радыё Рацыя»