Буслік лятае ў Неапалі

У кастрычніку супляменнікі з Неапаля будуць прымаць гасцей з Беларусі. Артысты розных нацыянальнасцяў едуць на гастролі. Ладзіць праект “Беларусь шматнацыянальная” апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а плячо падтрымкі на гэты раз падстаўляе Асацыяцыя “Bellarus”. Неапальскія беларусы знаходзяць канцэртныя пляцоўкі, арганізоўваюць цікавую праграму для гасцей з Беларусі.

Пакуль самадзейныя артысты пакуюць чамаданы – гастролі пачнуцца 10 кастрычніка – раскажам пра тое, чым адметная беларуская суполка ў Італіі. Гутарым з прэзідэнтам Асацыяцыі “Bellarus” Таццянай Пумпулевай.

На беларускай імпрэзе ў Неапалі

На беларускай імпрэзе ў Неапалі Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/dzen-za-dnyem/article/buslik-lyatae-neapali.html

– Колькі ўжо гадоў асацыя­цыі?

– Яна з’явілася ў 2010-м, цяпер у суполцы каля 200 чалавек. Ёсць сваё памяшканне, дзе мы сустракаемся, адзначаем святы, праводзім рэпетыцыі. Дарэчы, пры суполцы створаны хор “Спадчына”, і летась ён выступаў пад час выставы, прысвечанай Марку Шагалу, у горадзе Cava dei Tirreni. Сярод нашых сяброў ёсць паэты, перакладчыкі, народныя майстры, творцы. Часта праводзім літаратурныя сустрэчы, круглыя сталы, майстар-класы. Так, нядаўна ў плыні праекта “Літаратура і кераміка” праходзілі навучальныя курсы па ганчарным мастацтве.

– Таццяна, як Вы самі апыну­ліся ў Італіі?

– Працавала настаўніцай пачатовых класаў і з 1996-га штогод суправаджала дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі рэгіёнаў Гомельшчыны, што ехалі на аздараўленне ў Італію. Аднойчы ў Неапалі сустрэлася са сваім будучым мужам, закахалася, выйшла замуж... Не ўсё, аднак, было проста: давялося пацвярджаць адукацыю, вывучаць італьянскую мову. Пасля вучылася ў Лінгвістычным універсітэце ўсходніх моў, які закончыла ў 2009 годзе.

– Ці на добрым рахунку беларуская арганізацыя ў Неапалі?

– Нам ужо 6 гадоў, і завязаліся стасункі з многімі іншымі этнасуполкамі, наладзілі адносіны з адміністрацыяй горада і рэгіёна Калабрыя. З гэтага года Асацыяцыя “Bellarus” – у афіцыйным рэестры рэгіянальных аб’яднанняў, уключана ў спіс працоўных арганізацый “круглага стала” пры гарадскім муніцыпалітэце. Як бачым, дзейнасць асацыяцыі прыкметная. Увогуле ж Неапаль – трэці па велічыні горад Італіі: больш за мільён жыхароў. Шмат прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў – некаторыя імпрэзы ладзім з імі разам, на многія запрашаем як гледачоў. Часта прыходзяць і мясцовыя жыхары, а таксама рускамоўныя грамадзяне з краін, што ўтварыліся на постсавецкай прасторы. Пахвалюся: у апошні час было шмат публікацый у італьянскай прэсе пра дзейнасць нашай суполкі.

— Назавіце самыя значныя падзеі, якія адбыліся ў вас за апошні час.

– Безумоўна, гэта – адкрыццё філіяла асацыяцыі “Bellarus” у горадзе Катанзара, што ў рэгіёне Калабрыя. Вось рыхтуемся прымаць дэлегацыю з Беларусі: самадзейных артыстаў праекта Упаўнаважанага па справах рэілігій і нацыянальнасцяў “Беларусь шматнацыянальная”.

Таццяна Пумпулева

– Традыцыйнае пытанне: якія планы?

– Спадзяемся, у хуткім часе наш беларускі “буслік”, сімвал, які ёсць і на лагатыпе асацыяцыі, з’явіцца і ў цэнтральнай, і ў паўночнай частках Італіі. Актыўна працуем, каб там адкрыліся філіялы асацыяцыі. А дзверы нашага аб’яднання заўсёды адкрытыя. Мы рады будзем прыняць новых сяброў, творчых людзей, каб разам рэалізоўваць цікавыя ідэі: пашыраць беларускія традыцыі, родную мову на італьянскай зямлі.

– Таццяна, як вядома, у 2017 годзе будзе юбілей першай друкаванай Бібліі Скарыны. Ці не думаеце вы, што наш першадрукар, наведваючы ў 1514 годзе Падую і Рым разам з каралём Даніі, мог пабываць і ў Неапалі, каб паглядзець на вулкан Везувій ды руіны Пампеі?

– Дзякуй за цікавую падказку! Мы паспрабуем пашукаць адпаведныя дакументы.

Галіна Івуць, «Голас Радзімы»