“Дні беларускай культуры – 2016” у Краславе

У рамках Дзён беларускай культуры ў Латвіі сябры беларускага культурнага таварыства «Вясёлка» у Краславе 29 верасня правялі вечар, прысвечаны 125-годдзю класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Вядучыя імпрэзы Святлана Стэльмачонак і Ніна Гадун расказалі аб жыццёвым і творчым шляху паэта, прачыталі яго вершы. Вершы Максіма Багдановіча таксама чыталі Тамара Саўчанка, Надзея Петкун, Аляксандр Клімаў, Дзмітрый Кабанаў і Гунціс Унгурс. Прыгожа гучалі песні на словы Багдановіча ў выкананні ансамбля “Накцюрн” (мастацкі кіраўнік Рыта Андрэева) – “Зорка Венера”; ансамбля “Варавіксне” (мастацкі кіраўнік Таццяна Вагале) – “Слуцкія ткачыхі” і вучаніц школы “Варавіксне” Эрыкі Зайкоўскай і Анны Латкоўскай – “Па-над белым пухам вішань”.

Было зачытана пісьмо-віншаванне і падзяка кіраўніцтву і актыву таварыства за арганізацыю мерапрыемства ад Валянціны Піскуновай, старшыні Саюза беларусаў Латвіі, і Алёны Лазаревай, ініціятара правядзення Дзён беларускай культуры, старшыні Беларускага таварыства “Прамень”, члена праўлення Саюза беларусаў Латвіі.

У свяце прынялі ўдзел сябры беларускага таварыства “Уздым” Галіна Сантоцкая, Таццяна Дзянісава, Жана Раманоўская, Юлія Хмяльніцкая і Станіслаў Валодзька. Яны павіншавілі арганізатараў свята з гэтай яскравай падзеяй, пажадалі ім далейшых поспехаў на ніве беларускай культуры. Галіна Сантоцкая прачытала верш Багдановіча “Музыка”. Юлія Хмяльніцкая выканала песню на словы Станіслава Валодзькі “Суніцы для Багдановіча” (музыка Міколы Яцкова). Станіслаў Валодзька прачытаў два свае вершы прысвечаныя памяці Багдановіча “Ля сіняй бухты” і “Ракуцёўскае лета”.

На вечарыне з народнымі песнямі выступіў мясцовы ансамбль “Ивушка” (мастацкі кіраўнік Антаніна Тучэ), ансамбль “Варавікснэ” (мастацкі кіраўнік Т.Вагалэ).

Аляксандр Клімаў, намеснік старшыні Беларускага культурнага таварыства “Вясёлка”, г. Краслава