“Дні беларускай культуры – 2016” у Екабпілсе

Цудоўнаю вечарынаю адзначылася праграма “Дзён беларускай культуры – 2016” ў Екабпілсе. Падзея адбылася 24 верасня. Сабралася шмат народу, бо запрашала беларускае таварыства “Спатканне” усіх, каму хацелася свята для душы.

І нездарма ансамбль “Завіруха” (кіраўнік А.Прановіч), з выступлення якога пачалося мерапрыемства, першай песняй праспяваў “Хлеб ды соль”. А затым слова ўзяла Валянціна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі. Яна напомніла, што правядзенне Дзён беларускай культуры ўжо стала традыцыяй, а Максім Багдановіч, якому прысвечана сёлетняя праграма, – адзін з самых любімых беларускіх паэтаў. Кожны яго твор пранікае ў душу, не пакідае абыякавым, у яго варта вучыцца любові да роднай зямлі, мовы, гэта патрыёт сваей радзімы, і нездарма яго імя ўнесена ў фонд сусветнай культуры ЮНЭСКА. І яшчэ госця з Рыгі сардэчна павіншавала старшыню таварыства “Спатканне” Валянціну Дарашчонак за актыўную дзейнасць, энтузіязм, з якім таварыства працуе, несучы веды пра багатую беларускую культуру жыхарам горада і мацуючы сяброўскія адносіны паміж землякамі.

А далей Валянціна Дарашчонак расказвала ўважлівай аудыторыі пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча. Распавяданне перамяжалася чытаннем вершаў паэта, такіх, як “Вераніка”, “Зязюля”, “Краю мой родны”, “Жывеш не вечна, чалавек”, “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”. Гучалі і песні на словы паэта – такія, як “Зорка Венера”, любімы беларусамі раманс, і “Слуцкія ткачыхі”. Многім слухачам стала ў навіну, калі пасля выканання “Слуцкіх ткачых” выйшла на сцэну Алёна Лазарева, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі, і прачытала гэты верш на латышскай мове, дадаўшы, што пераклад зрабіў усім вядомы латгальскі паэт Яніс Веянс. Іменна так мацуецца сяброўства і дабразычлівасць паміж народамі.

Цікава і з душой выступіў ансамбль рускай песні “Барыня”. Кіраўнік ансамбля Алёна Агафонава у сваім прывітальным слове адзначыла, што нягледзячы на малады ўзрост, Максім Багдановіч паспеў так многа сказаць усяму свету, і нават праз 100 гадоў яго вершы гучаць сучасна і кранаюць сэрцы. Паказальна, што адну з сваіх песень ансамбль выканаў на беларускай мове.

Цёпла, з гумарам і шляхецкім зухам прывіталі сваіх сяброў-беларусаў, старшыню суполкі “Спатканне” Валянціну Дарашчонак і ансамбль “Завіруху” прадстаўнікі польскага таварыства “Родацы”. “Усіх кранула, – сказаў пан Аляксандр Расчэўскі, – творчасць цудоўнага, глыбокага паэта Максіма Багдановіча, нам было вельмі карысна паслухаць яго творы. І яшчэ. Сімвалічна, што беларусы пачалі сваю вечарыну з песні пра хлеб, які, як вядома, усяму галава. І мы хочам вам падараваць ад нас таксама хлеб. Як кажуць у народзе, будзе хлеб, будзе і песня. Жывіце, беларусы, доўга! – і пад апладысменты прысутных аддаў у рукі Валянціне вялізны крэндзель.

Упрыгожаннем канцэртнай праграмы і ізюмінкай стала выступленне дзвюх зорак – цудоўнай дзяўчынкі Юліаны-Вікторыі з песняй “Я – беларусачка” і вучня 8-го класа Мішы Прановіча, які пад акампанемент кокле праспяваў латышскую народную песню і як бы завязаў вузельчык, напомніўшы ўсім, што мы жывем у Латвіі і яна – наша другая радзіма.

А яшчэ цудоўна выступілі ўкраінцы. Нечакана для ўсіх музычны кіраўнік украінскай суполкі “Явір” Аляксандр Любенка не толькі праспяваў песню, але і прачытаў верш Максіма Багдановіча “Вераніка” на беларускай мове, а Памялава Ніна праспявала 2 прыгожыя песні – украінскую і другую – “Беларусь”, як знак павагі ўсім прысутным і рэспубліцы-суседцы.

Пасля слова ўзяла Зента Трэцьяк, дэпутат Сайэма. Яна падзякавала “Спатканне” за добрую арганізацыю свята, за дасканалы агляд творчасці М.Багдановіча, сказаўшы, што екабпілсцы змаглі не толькі парадаваць гасцей, але і здзівіць – цудоўнымі нумарамі, новымі талентамі, такім шчырым і цесным супрацоўніцтвам з рознымі суполкамі горада, і пажадала ім поспехаў і здароўя.

І як заключны акорд, прагучалі словы Аляксандра Сушкевіча, першага сакратара пасольства Рэспублікі Беларусь:

Слухаючы ўсё, што гаварылася сёння, я не магу не парадавацца за нашу Беларусь, што ў ей есць столькі талентаў! Я таксама люблю творчасць Максіма Багдановіча і хачу прачытаць вам яго верш. Я не магу не парадавацца за нашых людзей, якія зберагаюць нашу спадчыну, нясуць свет беларускай культуры і за межамі. Вы робіце вялікую справу. І я хачу унесці ўклад у дзейнасць вашага таврыства – падараваць ад пасольства анталогію беларускай музыкі. Слухайце, выкарыстоўвайце гэтыя цудоўныя мелодыі. Дзякуй вам за вашу працу і хай вашы мары і праекты здзяйсняюцца!”

Алёна Міцкевіч, «Прамень»