Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?"

З усіх краін постсавецкай прасторы, не лічачы Расійскай Федэрацыі, руская культура найбольш моцныя пазіцыі мае на Беларусі. Адных гэта радуе (маўляў, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для больш цеснай інтэграцыі гэтых дзвюх дзяржаў), другіх — непакоіць (дэфармуецца нацыянальны патэнцыял беларускай культуры).

Да апошняй катэгорыі людзей належыць і аўтар дадзенага артыкула, бо мае глыбокае перакананне: кожны народ , у тым ліку і беларускі, дасягне найбольшага духоўнага росквіту, забяспечыць сваю этнакультурную самабытнасць, развіваючыся толькі ў адной культуры — культуры роднай. На вялікі жаль, і раней і зараз у гэтай на ўсе сто працэнтаў правільнай высновы вельмі багата апанентаў, не выключаючы нават кіраўнікоў культуры, саміх творчых людзей беларускага паходжання. І найчасцей за ўсё яе (выснову) любяць аспрэчваць нібыта спрадвечным жаданнем саміх беларусаў жыць дзвюма культурамі: роднай і рускай. Як усё гэта нам перашкаджае ў самабытным культурным развіцці, падтрыманні на належным узроўні нацыянальнай самасвядомасці, паглыбленні працэсаў этнічнай кансалідацыі, будзе сказана пазней. Я ж пачну сваю гаворку з чытачом пра прычыны, чаму значная частка беларусаў ці індыферэнтна ставіцца да панавання рускай культуры ў іх родным доме, ці нават усяляк вітае падобную з’яву. Без гістарычнага экскурсу тут ніяк не абысціся.

У трыадзіным славянскім “братэрстве”

На двухкультур’е беларусам, як нікому з іх суседзяў, добра пашанцавала яшчэ за Рэччу Паспалітай, ды так, што на час гвалтоўнага дэмантажу гэтай дзяржавы ў канцы XVIII стагоддзя яны засталіся амаль зусім без уласнай нацыянальнай інтэлігенцыі і заможных станаў: спаланізаваліся. Гэты фактар Расія выкарыстоўвала ў якасці галоўнага дзеля апраўдання свайго дачынення да падзелаў Рэчы Паспалітай: у выніку паланізацыі, маўляў, гіне велізарны пласт адзінакроўнага з рускімі этнасу. Пасля далучэння да царскай імперыі амаль усіх беларускіх зямель тут адразу ж пачалася жорсткая, бязлітасная барацьба дзвюх культур, хаця і славянскіх, — польскай і рускай. Рана ці позна пераможцам з яе павінна была выйсці тая, якую падтрымлівала дзяржава, гэта значыць руская.

Першы сур’ёзны ўдар па польскай культуры на Беларусі ўладныя структуры нанеслі пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў. Будучы не ў стане падпарадкаваць расійскаму інтарэсу Віленскі ўніверсітэт праз саперніцтва, канкурэнцыю дзвюх педагагічных сістэм — польскай і рускай, — яны пайшлі ў 1832 годзе на адміністрацыйнае закрыццё гэтай даволі прэстыжнай і ў перадавых краінах Еўропы вышэйшай навучальнай установы. Магчыма, толькі касцёл больш за яе зрабіў дзеля ўсталявання на Беларусі польскага духу. Цяпер ужо ў рускай адукацыі тут не існавала такога грознага, магутнага канкурэнта. Хацелася б звярнуць увагу чытачоў, што расправілася з ім не сама сістэма рускай адукацыі са сваёй педагагічнай інтэлігенцыяй, а ўлада, каб яны ведалі, што і сёння ад апошняй вельмі многае залежыць у характары, змесце дзейнасці адукацыйных устаноў. Што яна скіравана на русіфікацыю маладых пакаленняў беларускага народа, усім зразумела, а вось змяніць становішча не можам, бо гэтага не хоча дзяржава.

Ліквідатары Віленскага ўніверсітэта разлічвалі, што пасля такой акцыі адразу ж знізіцца прэстыжнасць тых польскіх школ Беларусі, выпускнікі якіх маглі паступаць вучыцца ў польскамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. На практыцы такога не атрымалася: палякі з характэрнай для іх спрадвеку здаровай этнічнай самасвядомасцю працягвалі пасылаць сваіх дзяцей у школы з роднай мовай навучання, нягледзячы і на тое, што цяпер яны ўжо ператварыліся ў тупіковыя (усе вышэйшыя навучальныя ўстановы Расіі былі толькі рускамоўныя), падобна на сучасныя беларускамоўныя школы, толькі стаўленне да іх у нас не такое паважлівае, як у заходніх суседзяў да школ у роднай мове.

Зразумеўшы, што польская адукацыя на Беларусі можа паспяхова канкурыраваць з зусім новай для яе рускай, улады звярнуліся да гвалтоўных метадаў укаранення апошняй. “У другой чвэрці XIX ст., — чытаем у адным з самых сур’ёзных выданняў па дадзенай праблеме, — у Беларусі былі ліквідаваны манастырскія каталіцкія вучылішчы і быў значна аслаблены уплыў каталіцкага духавенства на выхаванне юнацтва ў агульнаадукацыйных школах. Агульнаадукацыйная руская школа стала, нарэшце, пануючай у Беларусі” (Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі.— Мн., 1968, с.158).

З дапамогай дзяржавы дасягнуты пранікненне, умацаванне рускага фактару і на іншых дзялянках духоўнага жыцця Беларусі. Ад гэтага часу яе карэннаму насельніцтву давялося на працягу не аднаго дзесяцігоддзя жыць нават у трох культурах: у сваёй уласнай (пераважна фальклорнай), польскай і рускай. Навязанае нашаму народу жыццё ва ўмовах трохкультур’я пайшло на спад пасля разгрому паўстання 1863—1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Аднак яшчэ і на пачатку XX стагоддзя польскі фактар захоўваў за сабою даволі важнае месца ў духоўным жыцці Беларусі, асабліва сярод насельніцтва каталіцкага веравызнання.

Што ж датычыцца беларускай нацыянальнай прафесійнай культуры, дык яна, мо толькі за выключэннем прыгожага пісьменства, часткова выяўленчага мастацтва, і на рубяжы XIX—XX стагоддзяў усё яшчэ знаходзілася ў зародкавым стане, прычым не з-за таго, што яе нібыта не было каму развіваць, а таму, што гэтаму ўсяляк перашкаджалі афіцыйныя ўлады. Рабілася ж такое з адной адзінай мэтай: праз распаўсюджванне рускай культуры на Беларусі зрусіфікаваць яе карэнных жыхароў і цалкам інтэграваць у рускі этнас. Таму Беларусь не мела належнай карысці ад распаўсюджвання на яе тэрыторыі ні польскай, ні рускай культур, бо вельмі ж антыгуманнымі, калі не сказаць агрэсіўнымі, былі мэты ў кожнай з іх.

Уладарнаму шэсцю рускай культуры па беларускіх гонях не ў малой ступені спрыяла няўзважанае стаўленне да гэтай небяспечнай з’явы мясцовых прыхільнікаў, праваднікоў курсу паланізацыі. Яны ўсё яшчэ працягвалі ў яўна пройгрышным для сябе становішчы саперніцтва з рускімі асімілятарамі за культурны ўплыў на беларускі этнас. Толькі тады, калі апошнія са сваімі культурна-анексіянісцкімі планамі ўварваліся і на этнічную тэрыторыю Каралеўства Польскага, прагрэсіўная частка яго грамадства ўсур’ёз схамянулася. І прычын для гэтага мелася дастаткова. Вось як тагачаснае становішча характарызуюць сучасныя польскія гісторыкі: “Ва ўсіх галінах жыцця пасля падаўлення паўстання разгарнулася гвалтоўная русіфікацыя: польская мова была выведзена з ужытку ў школе і іншых установах. Адзіная вышэйшая навучальная ўстанова — Галоўная школа ў Варшаве — была пераўтворана ў расійскі Імператарскі ўніверсітэт. У сярэдніх школах мовай выкладання стала руская, а заняткі па польскай — як па замежнай — праводзіліся ў пазакласны час. У пачатковых школах выкладанне вялося таксама на рускай мове, а на польскай забаранялася гаварыць нават на перапынках” (Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. X—XXI стст. Варшава, 2006. С. 151). Вось гэта дык “узор” славянскага братэрства!

У варунках такога моцнага ўціску дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі і на беларускую, і на польскую культуры носьбіты апошняй сталі больш-менш прыхільна ставіцца да ўсіх, хто не хацеў стаць ахвярай культурна-моўнай асіміляцыі. У прагрэсіўных колах польскага грамадства з радасцю сустрэлі выхад у свет у 1906 годзе беларускіх газет “Наша доля” і “Наша Ніва”, арганізацыю ў Санкт-Пецярбургу беларускай выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца” і шэраг іншых акцый па развіцці беларускай нацыянальнай культуры.

Але ж ці ў стане былі гэтыя ініцыятыўныя захады нешматлікіх адраджэнцаў паспяхова супрацьстаяць магутнай па сіле русіфікацыі, узведзенай у ранг дзяржаўнай палітыкі? Вядома, не. Беларусь і на пачатку XX стагоддзя не магла пахваліцца ніводнай дзялянкай прафесійнай культуры, дзе б суадносіны паміж нацыянальным і рускім склаліся на карысць першага. Мэтанакіраваная асіміляцыя нашага краю праз навязванне яму ўсяго рускага не дасягнула катастрафічных маштабаў толькі дзякуючы таму, што гэтая страшэнная з’ява як след не пранікла на вёску — спрадвечную этнічную калыску беларускага народа. Аднак пэўныя крокі ў гэтым напрамку рабіліся праз Рускую праваслаўную царкву і рускамоўную пачатковую школу. Усё больш адметную ролю ў адрыве вяскоўцаў ад традыцыйнага ўкладу жыцця і далучэння да рускага адыгрываў досыць разгалінаваны ў нас афіцыйны рускамоўны друк. Адсюль зразумела, чаму нават нягледзячы на ўпартае супраціўленне польскага элемента пранікненню рускай культуры на Беларусь, што часта даволі актыўна падтрымлівала і яе мясцовае карэннае насельніцтва, сярод апошняга на рубяжы XIX—XX стагоддзяў усё ж мелася даволі вялікая колькасць людзей, ужо не ў першым пакаленні ўзгадаваных на рускіх культурна-моўных стандартах. Сярод такіх людзей былі не толькі пасіўныя, але і актыўныя носьбіты рускай культуры, асабліва тыя, што закончылі вышэйшыя рускамоўныя навучальныя ўстановы. Звычайна больш высокая ступень русіфікацыі была характэрна інтэлігенцыі праваслаўнага веравызнання, у чым, несумненна, галоўная роля належала духавенству дадзенай хрысціянскай канфесіі.

Пад уплывам нацыянальна-культурных рухаў у царскай Расіі ўсё большая колькасць інтэлігентаў-беларусаў, нават ужо як след зрусіфікаваных, станавілася ў апазіцыю да дзяржаўнай палітыкі асіміляцыі іх роднага краю. Востра крытыкаваць, рашуча выступаць супраць такой заганнай палітыкі лічыў сваім святым абавязкам кожны нацыянальна свядомы адукаваны беларус. Да яго голасу ўсё больш прыслухоўваўся і просты люд. Таму калі пачалася Першая сусветная вайна і значная частка яго засталася на захопленай кайзераўскімі войскамі тэрыторыі, практычна ніхто з беларусаў не думаў развіваць на ёй польскую ці рускую культуры, а клапаціўся пра стан толькі ўласнай. Ніхто не ліў слёзы, што з 1915/16 навучальнага года пазачыняліся амаль усе рускамоўныя навучальныя ўстановы. І не ліў слёзы толькі таму, што на іх месцы ствараліся беларускамоўныя. Заўважу, што такія важныя ўчынкі рабіліся ў час, калі з усёй вастрынёй паўстала пытанне пра само біялагічнае выжыванне беларускага народа, калі прыкладна паўтара мільёна яго сарвалася з родных мясцінаў(часта пад прымусам рускіх военачальнікаў) і апынулася ў чужых далёкіх краях.

Такая любоў, прыхільнасць беларусаў да роднай культуры не ёсць толькі вынік іх прыроджанай павагі да духоўных традыцый старэйшых пакаленняў. Яго да гэтага ўвесь час клікала цвёрдай нацыянальнай арыентацыі інтэлігенцыя, прычым нават і тады, калі не змаўкалі гарматныя стрэлы Першай сусветнай вайны. У якасці доказу прывяду вытрымку з артыкула доктара медыцыны Прохарава ў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку газеце “Вольная Беларусь” (24.VI. 1917): “Беларусь бедна і галодна, але ні ад хлеба, а ад хібнасьці асьветы і нацыанальнаго ўсьвядамленьня. Мо німа на сьвеці гэткаго пракрыўджанага лёсам народу, як беларусы.

(...) Беларусь бедна і галодна ад таго векавога застою і ўціску з двух бакоў, ад тае нічуванае паняверкі, дзякуючы каторай яна страціла свае школы, асьвету і нацыанальную сьвядомасьць. Спачатку польскасьць, потым польскасьць і русыфікатарства разам спаляндравалі сьвядомасьць беларуса дашчэнту. Але беларус не пайшоў ні за тымі, ні за другімі; ён замкнуўся ў самым сабе ды як-бы упаў у летаргічны сон. Разбуджаны рэвалюцыйнай грымотай, ён блудзіць па цемры, і ня можа ўцяміць хто-ж ён: рускі (маскаль) ці паляк. Але сонца вольнасці сьвеціць яскрава і на белым, як сьвет, штандары Беларусі напісана: “т ы б е л а р у с”.
Няздзейсненая мара

Нішто так добра не паспрыяла нашаму народу хоць збольшага сцвердзіцца ў беларускасці, навучыцца паважаць сябе, сваю гісторыю і культуру, як міжваенная беларусізацыя, атрымаўшая з ліпеня 1924 года статус дзяржаўнай палітыкі. Восемдзесят гадоў таму ў нас не было больш папулярнага і паважанага слова, як беларусізацыя. Сёння пра яе не згадваюць ні афіцыйныя ідэолагі (бо палітыка сучасных уладаў ёсць антыпод беларусізацыі), ні, за рэдкім выключэннем, інтэлектуальная эліта(бо ўзгадаваная на рускіх культурна-моўных стандартах).За няпоўныя дзесяць гадоў беларусізацыі (далейшае існаванне яе спынілася не без удзелу агульнасаюзнага партыйнага цэнтра ў Маскве ) яе шчырым прыхільнікам удалося столькі зрабіць для развіцця нацыянальнай адукацыі і культуры, павышэння нацыянальнай самасвядомасці народа, што святую ідэю беларусізацыі ён змог стойка пранесці праз масавыя рэпрэсіі 30-х гадоў, жорсткую фашысцкую акупацыю, увесь пасляваенны перыяд бальшавіцкай русіфікатарскай палітыкі.

Праяўленая ў гады беларусізацыі нечуваная да гэтага прага нашага народа жыць паводле сваіх духоўных каштоўнасцяў не выклікала ў яго ні грама варожасці да рускай, польскай, украінскай, яўрэйскай і культур іншых нацыянальных мяншыняў БССР. Між іншым, у шэрагу нацыянальных рэгіёнаў СССР такой павагі да чужых культур магло і не назірацца. Найбольш за ўсё нападак рабілася на рускую культуру, паколькі папярэднім палітычным рэжымам яна на працягу доўгага часу выкарыстоўвалася ў якасці асноўнага сродку асіміляцыі ўсіх нярускіх народаў царскай імперыі. Вось адно з выказванняў заўзятага праціўніка рускай культуры, аўтарства якога належыць армянскаму грамадска-палітычнаму дзеячу Дарбіняну: “Толькі тады, калі мы адарвём нашы адукаваныя класы ад рускай мовы, — мы зможам вызваліць нашую нацыю ад таго нездаровага ўплыву, які прыносяць з сабой руская літаратура, руская грамадская думка, руская культура”. У Беларусі публічна такія думкі не выказваліся, бо яна мела блізкую культуру да рускай і да таго ж яшчэ значная колькасць мясцовых чыноўнікаў, асабліва накіраваных Масквою, і інтэлігенцыі з’яўлялася яе носьбітамі.

Першы сур’ёзны ўдар па беларускай нацыянальнай культуры прычыніла распачатая ў канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя барацьба бальшавіцкай партыі і падначаленых ёй рэпрэсіўных органаў з надуманым беларускім нацдэмакратызмам, у выніку чаго ад творчай стваральнай дзейнасці было адарвана нямала таленавітай інтэлігенцыі. Аднак гэта не ідзе ў ніякае параўнанне з тымі агромністымі стратамі, што панесла нацыянальная культура тытульнага народа нашага краю пад час масавых фізічных рэпрэсій 1937—1938 гадоў. Праз гвалтоўную смерць, зняволенне ў турмы і лагеры, высылку ў аддаленыя раёны СССР шматлікіх творцаў Беларусь зрабілася няздольнай толькі за кошт уласных рэсурсаў па-гаспадарску апрацоўваць і здымаць добры ўраджай са сваёй культурнай нівы. Гэтую неспрыяльную для беларускай культуры сітуацыю пастараліся як след выкарыстаць мясцовыя носьбіты рускай культуры і камуністычны ідэалагічны апарат. І хоць у 30-я гады на Беларусі распачалася дзейнасць шэрага раней невядомых ёй прэстыжных устаноў культуры, у іх, аднак, вельмі моцнымі аказаліся пазіцыі рускага фактару.

Мала, надзвычай, мала клапаціліся пра ўсталяванне разумных суадносін паміж беларускай і рускай культурамі на працягу ўсяго пасляваеннага перыяду. Шмат вады на кола апошняй лілося дзякуючы існаванню на Беларусі выключна толькі адной рускамоўнай вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы. Калі падрыхтоўка кадраў для прафесійнай культуры ў асноўным ажыццяўлялася на беларускіх нацыянальных пачатках, дык тыя, хто павінен быў станавіцца яе законным спажыўцом (а даволі часта нават і стваральнікам у тым ці іншым жанры) узгадоўваліся ў гарадскіх агульнаадукацыйных школах, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах толькі на рускіх культурна-моўных стандартах. У выніку беларуская нацыянальная культура для маладых пакаленняў беларускага народа з’яўлялася, за рэдкім выключэннем, ці зусім чужой, ці мала зразумелай. Па гэтай прычыне яны больш цягнуліся да рускай, чым сваёй роднай беларускай, што непазбежна вяло іх да асіміляцыі ў добра прыжытай у нашым краі форме русіфікацыі. Непараўнальна лепшая падрыхтаванасць новых пакаленняў беларускага народа да жыцця ў рускім культурна-моўным полі не магла не быць прынята пад увагу творчай інтэлігенцыяй. Не сакрэт, што кожны творца заўжды жадае мець надзейнага і як мага больш масавага спажыўца сваёй працы. Сярод мізэрнай часткі беларускамоўнай моладзі (на людзей старэйшых пакаленняў ужо асабліва не арыентаваліся ў 1970—80-я гады) амаль не было надзеі знайсці такога спажыўца. Найбольш актыўна на рускамоўную частку насельніцтва Беларусі працавалі розныя мясцовыя інструментальна-вакальныя ансамблі, якім усяляк імкнуліся дапамагаць яе кампазітары і паэты-песеннікі. Нават і са з’яўленнем ансамбляў “Песняры”, “Верасы”, “Сябры” эстраду рэспублікі ніяк нельга было аднесці да катэгорыі беларускамоўнай.Не ўпісвалася ў яе рэчышча дзейнасць артыстаў опернага мастацтва, аперэты, цырка, многіх калектываў драматычных тэатраў, студыі “Беларусьфільм” і інш. Асноўныя сілы творчай інтэлігенцыі шчодра аддавалі ўвесь свой талент на рускую культуру Беларусі, ніколькі не задумваючыся над тым, што гэтым самым яны абкрадваюць яе нацыянальную культуру, спрыяюць русіфікацыі карэнных жыхароў.

Рэальныя магчымасці для пераадолення гэтай шкоднай, небяспечнай з’явы давалі гарбачоўская перабудова, прыняты 26 студзеня 1990 года Закон аб мовах у Беларускай ССР (беларуская мова прызнавалася адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы). Некалькі пазней былі прыняты нарматыўныя акты па ўзмацненні ролі беларускага нацыянальнага фактару ў практычнай дзейнасці ўстаноў адукацыі і культуры. Накшталт перыяду міжваеннай беларусізацыі і на пачатку 90-х гадоў ізноў узнікла рэальная магчымасць культурнага развіцця краіны на ўласнай нацыянальнай аснове.

Цывілізаваны свет мае вельмі багатую практыку выратавання з дапамогай дзяржавы і пры актыўным удзеле інтэлігенцыі народаў ад асіміляцыі, прычым нават на самай высокай стадыі яе. Моцна зрусіфікаваныя чыноўніцкі апарат Беларусі і пераважная частка інтэлігенцыі, прычым творчай, праігнаравалі гэтую практыку і майскім рэферэндумам 1995 года зладзілі для беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння апошні дзень Пампеі.

Самарусіфікацыя ў рангу дзяржаўнай палітыкі

Як аўтар кніг “Гісторыя культуры Беларусі” (1997; разам з Уладзімірам Навіцкім), “Гісторыя культуры Беларусі са старажытных часоў да 1569 г.” (2005), “Гісторыя культуры Беларусі ў перыяд Рэчы Паспалітай (1569—1795 гг.)” (2006), “Гісторыя культуры Беларусі пад уладай Расійскай імперыі (канец ХVІІІ ст. — 1917 г.) (2007) і значнай колькасці часопісных артыкулаў па дадзенай праблеме зусім не баюся памыліцца ў сцвярджэнні, што за ўсю гісторыю ў беларускай нацыянальнай культуры не было такіх страшных, абвальных гадоў, як пасля майскага рэферэндуму 1995 года. Архінедарэчна, дзіка, што такое руйнаванне яе адбываецца ў мірны час і ў суверэннай, а не ў каланіяльна залежнай Беларусі! Во што могуць улады, маючы неабходную ім для гэтага падтрымку ад шырокіх колаў інтэлігенцыі. Нават такую магутную скаліну, як пісьменніцкая арганізацыя, з якой па ўкладзе ў нацыянальную справу не можа параўнацца ніякае іншае творчае аб’яднанне, раскалолі на дзве часткі, зрабіўшы адну з іх цалкам паслухмяную і залежную ад чыноўніцкага апарату. Словам, вярнуліся да ўласцівых савецкай таталітарнай сістэме парадкаў. Праўрадавая групоўка пісьменнікаў, калі не сёння, дык заўтра, будзе больш працаваць на рускую, чым беларускамоўную літаратуру. Магчыма, нешта падобнае мог выношваць у думках і колішні камуністычны ідэалагічны апарат, але ён не адважыўся на падобную разбуральную акцыю ў дачыненні да такой прэстыжнай катэгорыі інтэлігенцыі, як пісьменніцкая. Зараз яна не вызначаецца адзінствам поглядаў, падыходаў да вырашэння надзённых задач выратавання беларускага народа ад навязанай яму дзяржаўнымі структурамі дэнацыяналізацыі. Яна набудзе яшчэ больш пагрозлівы характар, калі крута зменяцца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі суадносіны паміж беларускімі і рускімі майстрамі мастацкага слова на карысць апошніх. А такое абавязкова адбудзецца. Ужо сёння новае маладое папаўненне Саюза пісьменнікаў Беларусі складаюць у асноўным рускамоўныя аўтары. Досыць вялікая ўдзельная вага сярод яго “навабранцаў” падае на малавядомых у літаратуры асобаў, бо многія з іх не выйшлі далей за напісанне артыкулаў для калектыўных зборнікаў і перыядычнага друку. Ёсць усе падставы меркаваць, што не такі ўжо і далёкі час, калі Саюз пісьменнікаў Беларусі стане Союзом русских писателей Беларуси, а іх беларускамоўныя калегі аб’яднаюцца пры ім у нешта подобнае на фракцыю ці секцыю. І гэта акурат будзе адпавядаць рэальным суадносінам паміж рускім і беларускім фактарамі ў культурным жыцці Беларусі. Як бачым, у сучасных уладаў і падлеглай іх волі інтэлігенцыі ўсё вельмі добра атрымліваецца па стварэнні на Беларусі аднолькавай з Расіяй культурна-моўнай прасторы. Калі раней дзеля гэтай мэты з належнай аддачай выкарыстоўваліся ў асноўным вакальна-інструментальныя ансамблі, значная колькасць тэатральных калектываў, кінематограф, дык зараз у адным рэчышчы з імі будзе працаваць разгалінаваны штат аб’яднаных у СПБ рускамоўных аўтараў. Нібыта ў нас не хапае рускамоўнай літаратуры, што выдаецца і паступае з Расійскай Федэрацыі.

Не сакрэт, што з самарусіфікацыяй многія з беларусаў, у тым ліку і інтэлігенты, добра сябравалі і ў даперабудовачны час, інакш не адбылося б такой карэннай дэнацыяналізацыі іх культурнага жыцця. Але калі раней падобную трагедыю хоць у нейкай ступені можна апраўдаць адсутнасцю ў беларусаў сапраўднай дзяржаўнасці, дык сёння гэта ўжо не падстава для працягу іх далейшай асіміляцыі на афіцыйным узроўні. Дзяржава для таго і ствараецца, каб забяспечыць свайму тытульнаму народу нармальнае нацыянальна культурнае жыццё, надзейна адгароджанае ад усялякіх асіміляцыйных працэсаў. Пры маўклівай згодзе бальшыні беларусаў уладныя структуры не праводзяць такой здаровага сэнсу нацыянальнай палітыкі. Складваецца ўражанне, што ні сам народ з-за высокай ступені русіфікацыі, ні яго дзяржава не здольныя да стваральнай нацыянальнай дзейнасці, пачуваюць сябе зусім задаволенымі ў чужой (рускай) культурна-моўнай стыхіі. Калі ўсё гэта так, тады ніякі знадворны фактар не зможа выратаваць беларускі народ ад канчатковай асіміляцыі. Да сусветнай цывілізацыі можна апеляваць, ставіць ёй да ведама антыбеларускі характар нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, але праблему выратавання ад русіфікацыі павінны развязваць у першую чаргу самі ахвяры яе. Без глыбокага ўсведамлення такой неабходнасці беларусы і кроку не зробяць наперад дзеля свайго выратавання. Не здарма ж, каб актывізаваць яўрэяў да аўтаэмансіпацыі, іх ідэолагі не раз заяўлялі, што “выратаванне нацыі толькі ў яе ўласных руках, і калі яна на гэта не здольная, ёй немагчыма дапамагчы”. Яўрэі паспяхова справіліся з такой гістарычнай місіяй. Ці не той гэта прыклад для нас, беларусаў, каб нарэшце ўсёй грамадой узяцца за адбудову ўласнага нацыянальнага дому і не займацца на чале з вярхоўнай дзяржаўнай уладай бруднай справай — самарусіфікацыяй?

Зараз у культурнай сферы практычна не знайсці такога ўчастка, на якім беларусы не займаліся самарусіфікацыяй. Пра адукацыю свядома гаварыць не буду, бо кожны ведае, што яна амаль нічога агульнага не мае з беларускім нацыянальным ідэалам. Працуючы ў тыповым рускім педагагічным культурна-моўным рэчышчы, такая адукацыя здольная толькі да дэструктыўнай дзейнасці ў дачыненні да ўсяго беларускага нацыянальнага. А вось пра элітарныя, прафесійныя пласты культуры, якія не толькі на сучасным этапе, але і значна раней адыгрывалі вызначальную ролю ў этнаўтваральных працэсах, ёсць прамы сэнс пагаварыць на поўным сур’ёзе. І адразу скажу, што ў такіх пластах, на нашую вялікую бяду, пануе (і не першы год) руская культура, чаму яна ў найбольшай ступені абавязаная свядомай дзяржаўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь, нястомнай працы вялікай арміі творчых людзей яе карэннага насельніцтва па распаўсюджванні гэтай культуры ў народзе, узбагачэнні яе сваімі ўласнымі набыткамі. Такой унікальнай, а больш правільна — недарэчнай сітуацыі, бадай, не знайсці нідзе ў свеце!

У іншых краінах у падобнай, як на Беларусі, крайне небяспечнай для нацыянальнай культуры сітуацыі ўвесь творчы патэнцыял інтэлігенцыі згуртоўваецца на выратаванне народа ад асіміляцыі. У нас жа, як нейкае сатанінскае пракляцце, абсалютная бальшыня інтэлігенцыі для вялікай радасці прарускай арыентацыі ўладных структур і з набыццём Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту ніколькі не зменшыла сваіх намаганняў па стварэнні і распаўсюджванні на яе тэрыторыі рускамоўных культурных каштоўнасцяў. Не выключаю, што хтосьці з прадстаўнікоў інтэлігенцыі, асабліва маладога ўзросту, добра не ўсведамляе, якую ён шкоду прычыняе беларускаму нацыянальнаму інтарэсу, выступаючы ў ролі стваральніка, правадніка рускай культуры ў нашым краі. Аднак пераважнай часткай творчай інтэлігенцыі яе герастратаўская роля ў дачыненні да нацыянальнай культуры свайго народа спаўна ўсведамляецца. Дзейнічае ж гэтая досыць шматлікая частка інтэлігенцыі падобным чынам найперш таму, што ў належнай ступені не валодае такім неацэнным дарам, як беларуская нацыянальная самасвядомасць, але затое ведае, што працай на карысць рускай культуры хутчэй здабудзе ад дзяржавы матэрыяльную ўзнагароду, урадавыя званні і медалі, а яшчэ чаго добрага стане вядомай і на неабсяжных прасторах Расійскай Федэрацыі. Для такіх творцаў Беларусь — гэта ўсяго толькі невялічкі лапік зямлі, нешта падобнае на Манака ці Ліхтэнштэйн, малазаселены, закінуты астравок на Курылах альбо дзе-небудзь у іншым месцы Ціхага акіяна. Здзіўляе, чаму адпаведныя структуры Расіі як след не прыгледзяцца і па заслугах не адзначаць стваральнікаў, прапагандыстаў рускай культуры на Беларусі з ліку мясцовай творчай інтэлігенцыі? Няўжо не задавальняе ўсходнюю суседку іх талент?

Загнаная на задворкі беларускамоўная культура ледзь не да мінімуму знізіла сваю ролю быць галоўным этнавызначальным фактарам. Ніколькі не баюся сцвердзіць, што сёння для значнай колькасці карэнных жыхароў іх беларускасць зводзіцца не больш як толькі да тэрытарыяльнай супольнасці людзей (жывем жа на беларускай зямлі) ці палітычнай — (знаходзімся ў полі функцыянавання ўладных структур Рэспублікі Беларусь). Вызваліўшыся ад такой тэрытарыяльнай і палітычнай залежнасці, яны некалі абавязкова адмовяцца ад такой непадмацаванай канкрэтнымі дзеяннямі беларускасці і без асаблівых ваганняў залічаць сябе да нацыі, духоўнымі набыткамі якой жывуць, — рускай і здабудуць дзякуючы гэтаму вялікую пашану да сябе ад дзяржавы, што так стараецца сцерці культурна-моўныя адметнасці карэннага насельніцтва краіны і цалкам ідэнтыфікаваць іх з рускімі.

Здавалася б, шчыраванне легіёна нашых творчых людзей на ніве рускай культуры Беларусі выкліча ў адказ у іх калег з Расіі моцнае жаданне нешта хоць трохі падобнае рабіць і для свайго заходняга суседа. Але гадамі нічога такога не назіраецца. Ніхто тут са здольных да літаратурнай дзейнасці людзей рускай нацыянальнасці не стаў пісаць па-беларуску. Зусім не модна для расійскіх эстрадных калектываў уключаць у свой рэпертуар беларускамоўныя песні. Амаль не гучаць яны па расійскіх радыёканалах і тэлебачанні. Словам, аніякага раўнапраўнага суіснавання дзвюх культур на расійска-беларускай прасторы не назіраецца: руская культура на Беларусі — пан, беларуская культура ў Расіі — нуль. Вось такая атрымліваецца роўнасць. Ці не час, дарагія творцы-беларусы, зразумець гэта і аддаваць усе свае сілы развіццю, распаўсюджванню, выкарыстанню на бацькоўскай зямлі роднай, а не якой-небудзь іншай культуры. Годзе быць рабамі чужога, дзьмуць не ў сваю дуду, інакш апынемся ля разбітага карыта, у той час як суседнія народы з году ў год будуць нарошчваць нацыянальны патэнцыял роднай культуры.

Сёння, як ніколі раней, галоўную, самую адказную сферу дзейнасці нацыянальна свядомай часткі беларускага грамадства я бачу не ў эканоміцы (прыкметы верагоднага галадання адсутнічаюць), не ў высокіх звёнах прафесійнай палітыкі (людзі звыкліся, прыцярпеліся да адсутнасці сапраўднай дэмакратыі), а ў культуры. Бо можна быць і багатым, і з ўсім наборам палітычных, грамадзянскіх правоў, але калі тваю родную культуру выпхнула з жыцця якаясьці чужая, лічы, што ты ўжо на мяжы этнічнага вымірання. Беларусы і стаўшы дзяржаўным народам, нястрымна рухаюцца да такога ганебнага этнабіялагічнага статусу, але рухаюцца не па сваёй, а па волі тых, хто развівае, шырыць тут рускую культуру. Зараз на яе ніве працуе ў дзесяткі разоў больш творцаў самых розных катэгорый, чым на беларускай. І што найбольш страшна: працуюць на тых участках, ад якіх у вырашальнай ступені залежыць стан культуры Беларусі ў цэлым. З поўнай падставай да такога ўчастка можна аднесці і “кантору”, што займаецца музычна-песенным афармленнем мастацкіх радыёперадач. Сярод іх сустракаюцца і такія, што не прымусяць радавацца, ганарыцца дасягненнямі беларускай культуры толькі людзей канчаткова адарваных ад нацыянальнай духоўнай спадчыны Бацькаўшчыны. Пазітыўную ролю такіх перадач вельмі добра разумеюць іх музычна-песенныя афарміцелі, пераважна абыякавыя, а то і варожа настроеныя да беларускай культуры. Таму, як толькі заканчваецца такая перадача, услед за ёй абавязкова гучаць рускамоўныя песні расійскіх ці беларускіх аўтараў, і яна ўжо не робіць такога моцнага этнаўтваральнага ўздзеяння на настрой слухачоў. Яны тут жа патанаюць у рускай культурна-моўнай стыхіі. Дарэчы, падобная практыка цягнецца ад савецкіх часоў. Тады бальшавіцкія ідэолагі вельмі пільна сачылі за тым, каб на нацыянальным радыё саюзных рэспублік асабліва не доўжыліся перадачы з музычна-песеннай спадчыны карэннай нацыянальнасці. Прапаноўвалася абавязкова разбаўляць іх меласам якіх-небудзь этнічных груп гэтай жа рэспублікі ці карэннага насельніцтва іншых нацыянальных рэгіёнаў СССР. Але асобае месца адводзілася рускім музычна-песенным творам. Усё гэта рабілася з адной-адзінай мэтай: не даць узмацніцца нацыянальнай самасвядомасці нярускіх народаў. З распадам СССР усе колішнія саюзныя рэспублікі рашуча адмовіліся ад гэтай заганнай практыкі. Яна мае працяг толькі ў Рэспубліцы Беларусь і эфектыўна творыць тут сваю брудную справу.

Ёсць пільная патрэба звярнуць увагу і на такую праблему. Для многіх не сакрэт, што ўжо працяглы час назіраецца даволі значны штогадовы прыток на Беларусь выхадцаў з іншых краін, у т.л. небеларускага паходжання. Як правіла, гэта пераважна рускамоўнае насельніцтва. Яно вельмі хутка асвойваецца на новым месцы, паколькі тут няма патрэбы авалодваць моваю карэнных жыхароў. Але ці заўсёды апошнія ўтульна сябе адчуваюць у зносінах з прыезджымі. Вядома не. Прыклад з уласнага жыцця. Аднойчы па прычынах медыцынскага характару маю кватэру пачаў рэгулярна наведваць масажыст. Ужо больш за сорак гадоў прытрымліваюся правіла: у межах сваёй краіны з усімі размаўляць толькі па-беларуску. Такое правіла знайшло яшчэ больш трывалую прапіску ў родным доме. І вось нечакана для мяне масажыст заяўляе: “Говорите со мной по-русски. Я чуваш и белорусского языка не понимаю”. Каб не мець праблем з медыцынскай установай, адкуль прыслалі масажыста, давялося некалькі дзён выконваць яго просьбу. Пры ўсім, што адбывалася ў час такіх сустрэч, я не маю аніякіх прэтэнзій да чуваша. Лічу, што і ў гэтым прыватным выпадку найперш вінавата неадпаведная беларускаму нацыянальнаму інтарэсу дзяржаўная моўная палітыка, паколькі зрабіла зусім непатрэбным ведаць мову тытульнага народа і тутэйшаму насельніцтву, і прыезджым. Хапае адной рускай мовы, якая ў адрозненне ад беларускай не з’яўляецца недаступнай для тых, хто па сваёй ці чужой волі атабарыўся ў нашым краі. Па прыбыцці ў Польшчу, Германію, Францыю... эмігранты адразу ж узяліся б за авалодванне іх дзяржаўнымі мовамі. З-за таго, што на Беларусі з яе нацыянальнай мовай усё не па-людску, я, напэўна, падчас дыялогу загавару па-руску і з прадстаўніком якога-небудзь афрыканскага ці азіяцкага племені, калі ён па службе завітае ў мой дом і скажа: “Я владею только русским языком”. Што ж рабіць? Шмат пакаленняў беларусаў за чужымі палітычнымі рэжымамі не з’яўляліся гаспадарамі на ўласнай зямлі, патрываем у такім зняволеным становішчы і пры собскай уладзе. Мы ж беларусы — народ памяркоўны і талерантны.

Не памылюся ў такім сцвярджэнні: для нашых зарыентаваных на Маскву ўладаў прышлае і ўсё іншанацыянальнае рускамоўнае насельніцтва краіны больш паважанае, чым яе жыхары са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, вялікай павагай да роднага, бо першае ніколі не ўзніме голас супраць сучаснай дзяржаўнай антыбеларускай культурна-моўнай палітыкі, а другія ж, наадварот, ніколі не пагодзяцца з ёй і ўсяляк будуць старацца змяніць становішча. Дзеля забеспячэння сабе яшчэ большай апоры ў рускамоўным насельніцтве ўлады і надалей будуць імкнуцца да яго павелічэння і за кошт імігрантаў, прычым робячы ўпор на тое, каб ехалі на Беларусь людзі, яшчэ да гэтага моцна інтэграваныя ў рускую культуру, з’яўляліся носьбітамі рускай мовы. У такіх варунках чыноўніцкаму апарату лягчэй будзе прадухіліць пагрозу арганізаванага выступу беларусаў з недэфармаванай этнічнай самасвядомасцю супраць антынацыянальнай дзяржаўнай культурна-моўнай палітыкі з-за нязначнай удзельнай вагі іх у агульнай колькасці жыхароў краіны. Гэта найвялікшая трагедыя, што яе і рускамоўны негр, і рускамоўны араб, і рускамоўны кітаец, і рускамоўны ... даражэй, бліжэй чыноўніцкаму апарату, чым беларускамоўны жыхар з ліку карэннага насельніцтва. Даражэй таму, што з імі ўлады гавораць на адной мове, носьбіта ж роднага слова яны разглядаюць як рэальнага непрымірэнца ў дачыненні да дэструктыўнай моўнай палітыкі дзяржавы, патэнцыяльнага змаганца за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.

Нацыянальнае — альфа і амега культуры Беларусі

Калі мы жадаем заставацца народам з самабытнай культурай, а не быць нейкім беларуска-рускім сурагатам, нам трэба ў дзесяткі разоў узняць ролю нацыянальнага фактару ў духоўным жыцці краіны. Магчыма ж гэта толькі праз істотнае абмежаванне маштабаў выкарыстання ў ім рускай культуры. Яна павінна займаць у нас такое месца, каб Беларусь ніхто не зблытваў з Тамбоўшчынай, Валагодчынай ці якім-небудзь іншым рэгіёнам Расійскай Федерацыі. Прадбачу, што ў такой маёй прапановы будзе шмат апанентаў. У якасці галоўнай антытэзы яны абавязкова спашлюцца на здаўна ўсталяваную ў нас, нібыта ледзь не добраахвотна, практыку развіцця культуры паводле рускіх традыцый. На самой жа справе нічога падобнага не было ў нашай гісторыі. Як ужо адзначалася вышэй, рускія культурна-моўныя стандарты, за рэдкім выключэннем, навязаны беларускаму народу гвалтоўна. Таму, хто не згодны з такім сцвярджэннем, параіў бы пры чытанні аб’ектыўных гістарычных прац звярнуць асаблівую ўвагу на тое, якую вялікую магчымасць для мэтанакіраванага пранікнення (у абсалютнай бальшыні выпадкаў прымусова) рускай культуры ў наш край адыгралі зробленыя царызмам захады пасля задушэння нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гг. Беларусаў свядома пазбавілі права мець нацыянальныя навучальныя ўстановы, выкарыстоўваць роднае слова пры выданні ўсіх жанраў літаратуры, у дзейнасці прафесійных устаноў культуры з тым, каб даць тут поўную прастору рускаму пачатку. Пасля адміністрацыйнага скасавання ў 1839 годзе уніяцкай царквы, дзе нягледзячы на супрацьдзеянне каталіцкага і праваслаўнага духавенства, усё ж адчувалася беларуская прысутнасць, ён запанаваў і ў праваслаўных прыходах. Шмат што ў заслугу за ўмацаванне рускай культуры на Беларусі можна паставіць савецкай камандна-бюракратычнай машыне. Яе ідэолагаў ніколі не бянтэжыла, што рабіць жа гэта даводзілася за кошт адсоўвання на задні план беларускай культуры. На вялікі жаль, і сёння ў такіх дурной памяці ідэолагаў ёсць нямала паслядоўнікаў у суверэннай Беларусі. Таму гаварыць пра нейкія цывілізаваныя метады распаўсюджвання рускіх культурна-моўных стандартаў у мінулым і сёння няма аніякіх сур’ёзных падстаў. І чым раней мы ўсвядомім гэта і нешта канкрэтнае пачнём рабіць па аптымізацыі маштабаў выкарыстання ўласнага і суседскага, навязанага стагоддзямі цырызмам, камуністычнай ідэалогіяй і самой зрусіфікаванай часткай беларусаў, тым хутчэй акрэсляцца пазітыўныя зрухі ў забеспячэнні Бацькаўшчыне ўмоў для самабытнага этнакультурнага развіцця. Спадзявацца ж на вельмі хуткі прыход саміх людзей да такога разумнага ўсведамлення важнасці ўласнага шляху ў творчай дзейнасці ніяк не даводзіцца з-за іх моцнай зрусіфікаванасці, на якую так эфектыўна працуе сёння дзяржаўны сектар культуры пры вялікім ухваленні і пад несціханыя аладысменты нафтаноснага ўсходняга суседа. Яно, відаць, і можна было б і радавацца стварэнню, распаўсюджванню на беларускай зямлі рускіх духоўных каштоўнасцяў, але толькі пры ўмовах трывалай пазіцыі, поўнага панавання ўласных, як гэта характэрна амаль усім суверэнным краінам свету. Нараджэнне ж на Беларусі новых рускамоўных літаратурных твораў, заснаванне на гэтай жа мове новых перыядычных выданняў, вытворчасць на ёй іншай духоўнай прадукцыі толькі павялічвае дысбаланс паміж беларускім і рускім фактарамі ў культуры на карысць апошняга, садзейнічае русіфікацыі законнага гаспадара нашай зямлі, дэфармуе яе прыроднае духоўнае аблічча. Пра ўсе гэтыя цяжкія наступствы трэба на ўвесь голас гаварыць з народам і найперш — з творчай інтэлігенцыяй, каб яна добра ведала, што яе прамое прызначэнне развіваць беларускамоўную культуру, а не якую-небудзь іншую. Здаровай нацыянальнай арыентацыі колам беларускага грамадства трэба настойліва змагацца за перацягванне на родную культурную ніву ўсіх, хто па самых розных прычынах пакінуў яе, стаў на спрадвечнай беларускай зямлі актыўным носьбітам не прыналежных ёй духоўных каштоўнасцяў. Пры гэтым асаблівая, па-сапраўднаму бацькоўская ўвага павінна надавацца рускамоўнай творчай моладзі, якая як след не разумее ролі нацыянальнага фактару і гатовая ўсё, што ствараецца ёю на рускай мове, беспадстаўна заносіць на баланс беларускай нацыянальнай культуры. Ці ж можна, скажам, дакараць тых кампазітараў і спевакоў, што сваімі рускамоўнымі песнямі вытурылі і вытураюць на задворкі беларускамоўныя. Ва ўсім тут вінаватая нашая пабудаваная на рускіх культурна-моўных матэрыялах сістэма народнай адукацыі. Упэўнены, калі б педагогі адпаведных навучальных устаноў давялі да разумення кожнага студэнта, што сапраўдную каштоўнасць для нацыянальнай культуры беларускага народа мае толькі тое, што ствараецца на роднай мове яго зямлі, народжаныя на ёй рускамоўныя песні так уладарна не дамінавалі б над беларускамоўнымі. Іншае стаўленне да моўнага фактару мелі б многія мясцовыя майстры рускага прыгожага пісьменства, не атаясамліваючы народжаныя з-пад іх пяра мастацкія творы з беларускай нацыянальнай літаратурай. Дарэчы такі памылковы погляд прагучаў і з вуснаў Валерыя Мароза падчас праведзенага ў студзені 2007 года ў Брэсце круглага стала па праблемах краязнаўства: “Сёння шмат беларускіх паэтаў пішуць па-руску, і нікому не прыходзіць на розум далучаць іх да рускай літаратуры” (ЛіМ. 02.02.2007). Прыходзіць. І даволі многім, з якімі згодны і аўтар гэтых радкоў. Ён катэгарычна не падзяляе выказанай на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” (30.03.2007) думкі старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца: “Незалежна ад таго, на якой мове літаратар піша, ён — беларускі...”. У дадзеным выпадку ён беларускі толькі па месцы пражывання, па прыналежнасці да краіны, грамадзянінам якой з’яўляецца. А каб быць беларускім літаратарам, праз творы прыгожага пісьменства ўносіць уклад ва ўзбагачэнне нацыянальнай культуры, трэба пісаць толькі па-беларуску. Мы ведаем, што пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года і грамадзянскай вайны ў Расіі нямала яе таленавітых пісьменнікаў апынулася ў Францыі, Германіі і шэрагу іншых краін. На чужыне яны не здрадзілі роднаму слову і тварылі на ім сапраўдныя літаратурныя шэдэўры. Ні ў адной з краін Еўропы іх аўтараў не называлі французскімі, нямецкімі, польскімі... пісьменнікамі, а ўжывалі ў гэтых мэтах толькі азначэнне — “рускія”. Яно захавалася і за дзецьмі рускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, калі яны пісалі па-руску. А вось тыя, хто ў спадчыну ад бацькоў атрымаў дар пісьменніка, але перайшоў на мову тытульнага народа краіны пражывання, ужо называўся па яе найменні: французскі, англійскі, нямецкі і г.д. Таму не будзем рабіць нацяжкі, называючы рускамоўных пісьменнікаў Беларусі, прычым незалежна ад іх нацыянальнага паходжання, беларускімі.

У поглядах на дадзенае пытанне мне больш блізкая пазіцыя першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Аўруціна. У сваёй гутарцы з карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва” (13.04.2007г.) Кастусём Ладуцькам ён ужывае тэрміналогію “рускія пісьменнікі Беларусі”, лічыць, што менавіта “праз аўтараў, якія пішуць па-руску, культура і літаратура Пушкіна, Талстога прыходзіць у дзяржаву...”. Таму як жа тут называць нашых рускамоўных пісьменнікаў беларускімі, калі яны сваімі творамі сеюць тут культуру і літаратуру Пушкіна і Талстога?! Вось каб такімі творамі можна было пашыраць у нацыянальнай форме культуру і літаратуру нашых песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, тады назоў “беларускія пісьменнікі” пасаваў бы і для рускамоўных пісьменнікаў. Паколькі такое немагчыма, будзем рэчы называць сваімі імёнамі і мець цвёрдую ўпэўненасць, што толькі беларускамоўнымі творамі можна ўзбагачаць нацыянальную культуру Беларусі. Іншага варыянту літаратарам не дадзена.

У добра памятныя многімі брэжнеўскія часы таксама было прынята па ініцыятыве камуністычных ідэолагаў называць рускамоўных пісьменнікаў малаколькасных народаў Крайняй Поўначы і Далёкага Ўсходу Расійскай Федэрацыі нацыянальнымі. Пазней, як вядома, не без іх удзелу адбыўся амаль поўны адрыў многіх гэтых народаў ад роднай мовы і ў выніку — ад нацыянальнай культуры ўвогуле. І цяпер, калі мяняюцца адміністрацыйныя межы, праводзіцца аб’яднанне нацыянальных раёнаў, акругаў, ніхто не лічыцца з моцна дэфармаванымі этнакультурнымі традыцыямі іх жыхароў. У назвах новых адміністрацыйных адзінак ужо звычайна адсутнічаюць этнонімы. Вось калі і мы праз развіццё рускамоўнай літаратуры ўсё больш будзем умацоўваць у культуры Беларусі ролю рускага фактару, дык і яе прасцей простага будзе аб’яднаць з Расійскай Федэрацыяй у саюзную дзяржаву без захавання ўласнага імя. Чаго добрага ў гэтай частцы палітычнай карты Еўропы зноў з’явіцца Паўночна-Заходні край. Нашыя дзяржаўныя мужы і блізкая ім інтэлігенцыя крайне незадаволеныя, што кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі бачыць Беларусь у складзе будучай саюзнай дзяржавы толькі ў якасці шасці губерняў. А калі ўдумацца, дык яно мае рацыю, бо не бачыць у Беларусі нічога адметнага ў культурна-моўным плане ад усіх астатніх губерняў рускай этнічнай тэрыторыі. Літве, Латвіі, Эстоніі палітыкі Расіі ніколі не адважыліся б прапанаваць уступіць у склад саюзнай дзяржавы на правах абласцей з утратай іх гістарычных і сучасных назваў, бо апошнія і па форме і па сутнасці адпавядаюць этнакультурнаму ўкладу жыцця гэтых краін. Таму кіраўнікі Беларусі, калі жадаюць захаваць гэтую назву, а разам з ёю і ўласную адметную дзяржаўнасць, ім трэба ў першую чаргу саму Беларусь зрабіць беларускай, а не цешыцца тым, што яна ўжо амаль не мае аніякіх культурна-моўных адрозненняў ад губерняў еўрапейскай часткі Расіі. У развязванні гэтай лёсавызначальнай праблемы нішто так не дапаможа, як забеспячэнне беларускай мове на практыцы рэальнага статусу дзяржаўнай. Да гэтага рэвалюцыйнага павароту трэба рыхтаваць народ, у тым ліку і сродкамі беларускамоўнай мастацкай літаратуры, не выцясняючы яе з роднага дома рускамоўнай. Карысць літаратуры на няроднай мове беларускае грамадства спаўна зведала, калі яго краіна знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і СССР. На дэнацыяналізацыю культуры Беларусі польскамоўная, а затым рускамоўная мастацкая літаратура паўплывалі не менш, чым дзейнасць на гэтых мовах устаноў адукацыі, касцёла і царквы. Было б вялікай памылкай думаць, што ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь яе рускамоўныя аўтары сваімі літаратурнымі творамі могуць хоць штосьці карыснае зрабіць дзеля нацыянальнай культуры. Як і раней, яны будуць служыць умацаванню рускага фактару ў нашым духоўным жыцці, што не адпавядае беларускай нацыянальнай ідэі. Жадаем мы гэта прызнаць ці не, але, бясспрэчна, што на тых участках культуры Беларусі, дзе выкарыстоўваецца руская мова, там усё падпарадкавана выключна рускаму інтарэсу. Прычым, як правіла, са сферы культуры ён у абавязковым парадку перакідваецца ў эканоміку, палітыку, у выгодным для сябе кірунку ўздзейнічае на менталітэт людзей. Гэта і раней і зараз вельмі добра ведаюць, не без дапамогі афіцыйных ідэолагаў, крамлёўскія палітыкі, пускаючы ў ход усе сродкі дзеля захавання колішніх пазіцый рускай мовы на постсавецкай прасторы. Параўнальна новы ў палітыцы першы віцэ-прэзідент Расіі Дзмітрый Мядзведзяў так выказаўся датычна гэтай праблемы: “Русский язык укрепляется за рубежом для продвижения туда русских национальных интересов». Таму не думаецца, што распаўсюджванне рускай мовы ў культуры Беларусі не робіцца дзеля умацавання такіх інтарэсаў. Гэтага не могуць не разумець і яе дзяржаўныя мужы і ўзятая імі на службу інтэлігенцыя. Іх пазіцыя ў дадзеным пытанні ідзе ўразрэз з беларускай нацыянальнай ідэяй, затое знаходзіць поўнае ўхваленне ў Маскоўскім Крамлі.

Словам, як нельга, напрыклад, у здабыткі беларускай літаратуры ўключаць польскамоўныя творы нашых землякоў, у іх ліку і самага таленавітага Адама Міцкевіча, так не належыць да яе і ўсё тое, што сёння пішацца па-руску ў Рэспубліцы Беларусь.

Нават і самы дасканалы рускамоўны твор, народжаны на нашай зямлі, ніхто не дадумаецца без перакладу на мову яе карэннага насельніцтва ўнесці ў школьныя падручнікі па беларускай літаратуры з-за неадпаведнасці яе форме (мове). Чым хутчэй творчая інтэлігенцыя ўсвядоміць аксіяматычную ісціну: дзе канчаецца беларуская мова, там канчаецца беларуская нацыянальная культура, тым хутчэй яна пачне папаўняцца патрэбнымі ёй набыткамі, а не чымсьці чужародным, стане гаспадыняй у сябе дома. Без такога ўсведамлення нас чакае далейшая дэнацыяналізацыя, канцавы пункт якой — культурна-моўная асіміляцыя ў форме русіфікацыі.

У нашых умовах вельмі складана, але трэба ўсё ж нейкім чынам давесці да ўсведамлення народа, палітыкаў, творчай інтэлігенцыі, што выкарыстанне рускай мовы не толькі ў службовым справаводстве, установах народнай адукацыі і культуры, сродках масавай інфармацыі, праваслаўным набажэнстве, але і ва ўсіх жанрах літаратуры, у тым ліку і мастацкай, не прыносіць аніякай карысці беларускай мове з-за страшэннага абмежавання яе сацыяльных функцый. Прысутнасць рускай мовы ў пералічаных сферах была б жаданай, калі б беларуская мова выконвала не менш як 90% усяго аб’ёму функцый па абслугоўванні грамадскага жыцця. А такое ж, а то яшчэ і ў большай ступені, характэрна для моваў тытульных народаў амаль усіх краін. Вось да такога ідэальнага моўнага стандарту павінны імкнуцца і беларусы, цвёрда ведаючы, што да яго і на крок нас не наблізіць росквіт рускамоўнай літаратуры ў Рэспубліцы Беларусь.

Пранікненне, запанаванне чужамоўнай культуры на той ці іншай тэрыторыі могуць быць параўнаны з эпідэміямі халеры, чумы альбо яшчэ якой-небудзь небяспечнай хваробы — сучаснага птушынага грыпу. Ва ўсіх гэтых выпадках выратоўваецца ад этнічнай ці біялагічнай смерці толькі нязначная частка людзей, практычна ўжо не здольных з-за сваёй малалікасці вярнуцца да нармальнага жыцця. Нельга не ўзяць пад увагу і такога: калі актыўных змагароў з эпідэміямі ўсяляк хваляць, самым смелым з іх заслужана ставяць помнікі, дык тым, хто адважыўся выступіць супраць чужацкай культурнай экспансіі, як правіла, навешваюць ярлыкі: зацяты нацыяналіст у бальшавіцкім разуменні слова, русафоб, франкафоб, германафоб і г.д. Не выключана, што па гэтай прычыне многія шчырыя прыхільнікі, носьбіты беларускай нацыянальнай культуры бездзейнічаюць, хоць і бачаць рэальную пагрозу канчатковага выцяснення яе чужымі духоўнымі каштоўнасцямі. Такая шкодная пасіўнасць нацыянальнай эліты толькі на карысць апошнім.

Рускую культуру нельга не любіць

Наперад прадбачу, што мае погляды пра неадпаведнасць беларускаму інтарэсу празмернага панавання на нашай зямлі рускай культуры будуць рэзка асуджаны многімі яе не толькі актыўнымі, але і пасіўнымі носьбітамі, і што за гэта мне не ўхіліцца ад ярлыка “русафоб”. Насіць яго мала каму б было даспадобы, тым больш аўтару гэтых радкоў, які, трапіўшы ў 16-гадовым узросце ў Мінск, пачаў у моц аб’ектыўных прычын без прынукі паступова пераходзіць з беларускіх на рускія культурна-моўныя стандарты: вучыўся ў рускамоўным статыстычным тэхнікуме (беларускамоўных сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў не існавала), наведваў рускамоўныя кінотэатры, рознага роду мерапрыемствы культурна-забаўляльнага, спартыўна-масавага характару, бо беларуская мова тут не выкарыстоўвалася. Поўная інтэграцыя ў рускую культуру адбылося, калі па службе даводзілася амаль на працягу дзесяці гадоў знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Па вяртанні ў канцы 50-х гадоў у Мінск, я адчуў яшчэ большую зрусіфікаванасць яго грамадскага жыцця, чым як гэта назіралася ў першыя пасляваенныя гады. Абраўшы ўвосень1962 года шлях у навуку, я , як і ўсе супрацоўнікі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, пры напісанні прац карыстаўся толькі рускай мовай. На ёй выкананы мае кандыдацкая і доктарская дысертацыі. Пішу ўсё гэта таму, каб паказаць адсутнасць у мяне характэрных для русафобаў рысаў. Калі вымушалі абставіны, адсутнічалі ўмовы для самасцвярджэння ў беларускасці, я цалкам жыў паводле рускіх канонаў. Да пасіўнага супраціўлення афіцыйнай русіфікатарскай палітыцы прыйшоў у другой палове 60-х гадоў, пасля абароны кандыдацкай дысертацыі. Праяўлялася яно ў першую чаргу ў мэтанакіраваным уласным вяртанні да нацыянальных культурна-моўных вытокаў праз свядомае пэўнае абмежаванне спажывання рускіх духоўных каштоўнасцяў.

Пра бесперспектыўнасць беларускага народа ва ўмовах навязанага яму камуністычнай партыяй жыцця паводле рускіх культурна-моўных стандартаў упершыню заявіў у друку ў гады гарбачоўскай перабудовы. Прычым на адрас самой рускай культуры і мовы мною не сказана аніводнага зневажальнага слова. Лічыў і лічу, што руская культура — гэта найвялікшае дасягненне для ўсяго цывілізаванага свету. На працягу многіх стагоддзяў у яе развіццё, акрамя саміх рускіх, каласальны ўнёсак укладвалі і ўкладваюць прадстаўнікі іншанацыянальнай творчай інтэлігенцыі, якія жылі і працягваюць жыць на тэрыторыі Расіі. Нямала вартых самай добрай адзнакі каштоўнасцяў рускай культуры створана ў іншых краінах. Аднак прызнаная ўсім светам высокая прэстыжнасць рускай культуры не давала падстаў палітычным рэжымам Расійскай імперыі, СССР і сучаснай Рэспублікі Беларусі супольна з адданай ім (рэжымам) часткай творчай інтэлігенцыі так мэтанакіравана выцясняць гэтай культурай беларускую з яе гістарычнай тэрыторыі. Такое выцясненне супярэчыць інтарэсам не толькі беларускай нацыі, славянскай супольнасці народаў, але і ўсёй сусветнай цывілізацыі. Дзяржаўную палітыку Рэспублікі Беларусь у галіне культуры трэба крута павярнуць на ўсе сто восемдзесят градусаў. І толькі тады да гэтай палітыкі будуць дапасоўвацца словы з віншавання кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ІХ Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна—2007”: “…развіццё нацыянальнай культуры з’яўляецца ў нашай краіне справай дзяржаўнай важнасці”. Каб усё гэта адпавядала рэчаіснасці, руская культура так уладарна не панавала б на беларускай зямлі. Карэнным чынам павінны змяніць сваё стаўленне да нацыянальнай культуры і самі работнікі дадзенай сферы. У наш час працаваць з такой маштабнасцю на карысць рускай культуры, якая так моцна прычынілася да руйнавання нацыянальнага патэнцыялу духоўнага жыцця Беларусі, асіміляцыі яе карэннага насельніцтва, азначае ні што іншае, як яшчэ больш ускладняць развязванне гэтай лёсавызначальнай для нас праблемы. Улічваючы такія стратныя для краіны суадносіны ў функцыянаванні тут беларускай і рускай культур, неабходна ў першую чаргу ўсе творчыя сілы і сродкі дзяржаўнага сектара культуры скіраваць на развіццё, узбагачэнне ў ёй нацыянальнага, г. зн. беларускага, элемента. Хаця было б негуманна, недэмакратычна такі падыход ужываць у дачыненні да грамадскага (недзяржаўнага) сектара культуры, паасобных творцаў, усё-такі кіраўніцтва гэтай сферы духоўнага жыцця павінна адважыцца на такое, каб даказаць і творчай інтэлігенцыі, і ўсяму грамадству, што ў сучаснай няпростай сітуацыі нам вельмі важна ўзняць планку нацыянальнай, асабліва беларускамоўнай, культуры. Узгадаваныя на рускіх культурна-моўных стандартах беларусы не адчуюць ад такой узважанай дзяржаўнай палітыкі нават самай нязначнай нязручнасці ці прыгнёту, бо пры сучасных тэхнічных сродках перадачы, распаўсюджвання паміж краінамі духоўных каштоўнасцяў у людзей застануцца неабмежаваныя магчымасці працягваць праводзіць свой вольны час у рэчышчы рускай культуры. Да таго ж выказанае мною вышэй меркаванне пра неабходнасць неадкладнага павышэння ролі нацыянальнага фактару на ўсіх дзялянках духоўнага жыцця краіны зводзіцца ўсяго толькі да істотнага абмежавання ў ім маштабаў выкарыстання рускай культуры, а не да прывядзення яе да такога нізкага ўзроўню, на якім ужо не першы дзесятак гадоў знаходзіцца на сваёй гістарычнай зямлі беларуская культура. Каб была магчымасць павысіць яе ролю ў духоўным жыцці краіны без абмежавання рамак функцыянавання тут рускай культуры, я цалкам падтрымаў бы такі вырыянт. Але такой магчымасці не існуе ў рэальнасці: беларускую нацыянальную культуру не без удзелу пэўных палітычных сіл і часткі творчых дзеячаў адцясніла на задні план не польская, не ўкраінская, не нямецкая, не яшчэ якая-небудзь культура, а руская.

Не сумняваюся, многія апаненты паспрабуюць абвінаваціць мяне ў імкненні адгарадзіць Беларусь і ад культур іншых народаў з мэтай забеспячэння тут усіх неабходных умоў для існавання толькі яе нацыянальнай культуры. Ім будзе такі адказ: аўтар гэтых радкоў прыхільнік далучэння насельніцтва Беларусі да як мага большай колькасці культур і асабліва ўсіх яе нацыянальных мяншыняў, але толькі ў такой ступені, каб гэта не выціснула на задворкі культуру тытульнага народа, як такое назіраецца сёння. Я вельмі незадаволены тым, што з-за панавання ў нас рускай культуры, — а робіцца ж гэта зусім свядома з мэтай трымаць напагатове беларусаў да аб’яднання з Расіяй у адну дзяржаву, — крайне рэдка пачуеш па радыё ці тэлебачанні песні славянскіх народаў, народаў колішняга СССР. А як не хапае людзям неапалітанскіх, цірольскіх, індыйскіх песень! І ўсё гэта з прычыны свядомага пераўтварэння ўстаноў культуры, сродкаў масавай інфармацыі ў інструмент руска-беларускай палітычнай інтэграцыі. Многія дзеячы культуры ўносяць у гэтую справу куды большы ўклад, чым самі палітыкі, ніколькі не задумваючыся над тым, што яны замест таго, каб быць рухавіком нацыянальнай культуры, выступаюць у непрыгляднай ролі яе разбуральніка. Такое наўрад ці дзе-небудзь сустрэнеш на зямной кулі.

Усіх сваіх крытыкаў — а іх, напэўна, будзе легіён — настойліва прашу пасля абвінавачвання мяне ў “русафобстве” пастарацца абавязкова выказаць свае меркаванні датычна выратавання беларускага народа ад канчатковай русіфікацыі, бо толькі ў такім выпадку крытыка будзе і карыснай, і канструктыўнай. Гэтай праблемай я даўно жыву і лічу, што пры працягу далейшага існавання такіх магутных чыннікаў дэнацыяналізацыі беларускага народа, як поўнасцю рускамоўнае службовае справаводства, амаль цалкам рускамоўныя адукацыя, электронныя сродкі масавай інфармацыі, пераважна рускамоўныя прафесійная культура, праваслаўная царква, наша краіна не зможа стаць на шлях самабытнага этнакультурнага развіцця. А забяспечыць жа яго — гэта наш святы абавязак, гістарычнае прызначэнне.

Дэнацыяналізацыя да такой ступені раз’ела беларускі арганізм, што не толькі просты люд, але і многія прадстаўнікі інтэлігенцыі, палітыкі не знаходзяць у сабе жадання вярнуць краіну да самабытнага этнакультурнага жыцця. Засілле ў ім рускага элемента ўспрымаецца, як нешта зусім заканамернае, а крайне асцярожныя спробы нацыянальна зарыентаваных людзей утаймаваць яго разглядаюцца, як варожая акцыя, накіраваная нібыта супраць утварэння агульнасаюзнай руска-беларускай дзяржавы. А на самой жа справе такая акцыя — гэта адзіны сродак у беларусаў уцалець як самабытнай нацыі. На рускіх культурна-моўных стандартах захавацца, ісці, па шляху нацыянальнага духоўнага росквіту — справа зусім нерэальная.

Каб зрабіць культурную сітуацыю на Беларусі адпаведнай яе нацыянальнаму ідэалу, дзеля гэтага патрэбныя да канца адданыя яму палітыкі і творцы. Сёння мо як ніколі раней, у нас вялікі дэфіцыт на іх. Але, верыцца, калі праб’е час, яны абавязкова з’явяцца ў нас і выведуць краіну з архіневыгоднага становішча, калі сваёй беларускай нацыянальнай культуры свядома забяспечваюць у грамадскім жыцці меншую прастору, чым рускай. Прыйшоў час памяняць іх месцамі. І гэта ў нашых сілах.

На падставе ўсяго вышэйсказанага дазволю сабе зрабіць рэзюме такога зместу: руская культура, як ніякая іншая, блізкая беларускаму народу. Але ў сябе дома мы павінны развіваць беларускамоўную культуру, бо яна ёсць асноўная страва ўсяго нашага духоўнага жыцця, а рускамоўны элемент мае быць толькі прыправай да яе. Гэта найвялікшы парадокс, што ў нас шмат часу раней і зараз усё адбывалася і адбываецца наадварот. На пастаўленае ў загалоўку артыкула пытанне даю адказ: сучаснае бязмежнае панаванне рускай культуры на Беларусі — гэта вялікі мінус для яе. Каб рускай культуры ў нашым краі стаць плюсам, большую частку заваяванай ёю з дапамогаю дзяржавы і ўласнай творчай інтэлігенцыі прасторы трэба аддаць пад беларускую культуру. Пры навядзенні належнага парадку ў гэтай сферы эталонам для нас можа ў першую чаргу служыць Расія: на яе этнічнай тэрыторыі гаспадарыць толькі руская культура, усе астатнія культуры маюць падпарадкаванае да яе становішча, не спрычыняюцца да дэнацыяналізацыі карэннага насельніцтва. Дзеля паспяховага выратавання беларускага народа ад канчатковай русіфікацыі трэба як мага паўней паставіць наяўны творчы патэнцыял краіны на службу беларускай нацыянальнай культуры. Расія і без Беларусі справіцца з праблемамі развіцця ўласнай рускай культуры. У Еўропу Беларусь павінна ісці са сваёй нацыянальнай, а не рускай культурай. У цывілізаваным свеце Беларусь прызнаюць і будуць паважаць толькі як беларускую культурна-моўную краіну.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук,прафесар

Цытавана па кн.: "Евреи Беларуси. История и культура: Сб. статей." — Мн., 1997. Т.1. С.147.

Падзяліцца: