У Нараўку, на “Дажынкі”

Напрыканцы лета ў Нараўцы (ва ўсходняй Польшчы, цэнтр гміны ў Гайнаўскім павеце) ладзіўся фэст “Дажынкі”.

І з самае раніцы вёска, у якой шмат этнічных беларусаў, жыла чаканнем свята. Сонца, добры настрой, усмешкі нараўчан і гасцей фэсту сведчылі: добры ў Нараўцы ўраджай – удасца й урачыстасць у гонар хлебаробаў. У той жа дзень ушаноўвалі яшчэ й Багародзіцу паводле хрысціянскіх традыцый, а паводле народных – Зямлю-маці за яе плоднасць.

На сцэне ў польскай вёсцы Нараўцы – беларускі гурт “Аколіца” з Дагды

Было чым палюбавацца: гэта і “кветачкі з райскага саду”, і шыкоўныя мастацкія кампазіцыі са снапамі, вянкамі з каласоў жыта, пшаніцы, лёну, аўса. Дарэчы, такія снапы – абавязковы атрыбут свята. Выбіралі вяскоўцы й госці сабе той, што найбольш падабаўся – з імі й фатаграфаваліся. Прыгожым было нават агароднае пудзіла, гэткі вобраз нястомнага вартаўніка агародаў. Адразу бачна: у Нараўцы шмат і добрых працаўнікоў, і талентаў, знаўцаў дароў прыроды. З клопатам і цеплынёй мы, госці з Латвіі, таксама звязалі малыя снопікі з каласкоў, павязалі на іх стужкі, падарылі ансамблю “Narewczanki”.

Прыгожае беларускае свята “Дажынкі” ладзіцца цяпер, як вядома, і для таго, каб нашы дзеці, унукі таксама ведалі, не забывалі, як раней жылі продкі, шанавалі традыцыі, звычаі беларусаў. Вяскоўцы й госці фэсту маглі пакаштаваць смачныя мясцовыя стравы, купіць на кірмашы вырабы рамеснікаў, народных умельцаў, а таксама духмяны мёд , пахкія караваі ды шмат што яшчэ.

Усіх фэстаўцаў віталі святары: блаславілі свята малітвамі, акрапілі ўсіх святой вадой. Пасля ўрачыстай імшы выступіў кіраўнік Нараўчанскай гміны Мікола Павільч. Ён падзякаваў працаўнікам за плённую працу, потым уручыў узнагароды заслужаным людзям. І пачаўся вялікі канцэрт, у якім паўдзельнічалі самыя розныя творчыя гурты: “Калінка”, “Lailand”, “Ciernica” з Беластока, “Hutar” з Гродка, “Metro” з Гайнаўкі, “Сegielki” з Ляўкова, “Rosy” з Рыбал. Выступаў і мясцовы гурт “Narewczanki”, а таксама наш беларускі “Аколіца” (мастацкi кiраўнiк Тамара Старавойтава) – з Дагдскага беларускага таварыства “Вербiца”. І было ж на што паглядзець, бо ў кожнага гурта – непаўторнае аблічча, свае “фішкі”. Было і агульнае: усе артысты, гурты былі на сцэне шчырымі, непасрэднымі – свойскімі, як кажуць у беларусаў.

Наш гурт спяваў на латышскай, беларускай, латгальскай, рускай мовах. Вельмі прыгожа на польскай мове павіншала ўсіх Алена Пабяржэна. Вядома ж, быў на “Дажынках” і каравай з мукі новага ўраджаю. Ад беларусаў Дагды гонар мелі ўручыць святыню гаспадарам свята Марыя Міцкевіч, якая загадвае аддзелам адукацыі, культуры і спорту ў Дагдскай краёвай думе, і кіраўніца суполкі “Вербіца” Таццяна Гогалінская. А Райціс Азіньш, намеснік мэра Дагды, падараваў адміністрацыі Нараўкі нацыянальныя сувеніры.

Цікава было пабываць у польскіх сяброў-супляменнікаў. Ад беларусаў Дагды наш вялікі-вялікі дзякуй ініцыятарам, арганізатарам свята. Добрым анёлам нашым была чароўная Катажына Бяляўская. Дзякуй за шчырае запрашэнне на фэст дырэктарцы муніцыпальнага цэнтра ў Нараўцы Хелене Рэент. Вялікі дзякуй гурту “Narewczanki” ды яго мастацкаму кіраўніку Пятру Скепку. Дзякуй тым, хто ладзіў для нас цікавыя экскурсіі ў бібліятэцы, галерэі, Белавежскім парку народаў, рэзервацыі зуброў. Дзякуй за падарункі. Дзякуй шафёрам нашым Юрыю Чарняцову і Алдзісу Гражулісу за камфортную язду. Наша падзяка Дагдскай краёвай думе, дэпутатам – за падтрымку, магчымасць пабываць на “Дажынках” у Нараўцы. Гэта – надзвычай яркая старонка ў гісторыі “Аколіцы”. Мы не забудзем добрыя, шчырыя твары людзей, іх усмешкі, дружныя апладысменты. Іх ніколі не забыць! І хочацца новых такіх сустрэч. І верыцца, што яны – будуць абавязкова.

Арыя Клінтс, г. Дагда, Латвія, «Голас Радзімы»