Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Маці беларускай нацыянальнай перыёдыкі" (да стагоддзя выхаду ў свет газеты “Наша ніва”)

Леанід Лыч
 
"Маці беларускай нацыянальнай перыёдыкі"
(да стагоддзя выхаду ў свет газеты "Наша Ніва") 

 

Пачатак мінулага стагоддзя прынёс беларускаму народу нямала надзей на захаванне сябе як самабытнага этнасу. Такое з’явілася не спантанна, а ў выніку самаахвярнай барацьбы многіх пакаленняў беларусаў за свае сацыяльна-палітычныя правы. Шмат намаганняў давялося прыкласці таксама дзеля захавання і выдання беларускамоўнай газеты “Наша ніва”, першы нумар якой выйшаў 23 лістапада 1906 года. На роднай мове беларусаў і раней выдаваліся газеты – “Мужыцкая праўда” (1862—1863), “Наша доля” (14 верасня – 14 снежня 1906 г.).

Несумненна, роля іх вялікая ў станаўленні беларускага нацыянальнага перыядычнага друку. Першай з названых газет выйшла сем нумароў, другой – шэсць. І ўсё ж маткаю такога друку наканавана было стаць газеце “Наша ніва”. Выдавалася яна ў старажытным беларускім палітычным і культурным цэнтры – Вільні. Да нараджэння газеты прычыніліся такія выбітныя беларускія грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы, як браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і інш. У апошнія гады выдання газеты яе рэдагаваў сам Янка Купала. Далучэнне да выпуску “Нашай нівы” такіх выдатных асобаў дапамагло ёй вельмі хутка набыць вялікую папулярнасць на ўсёй тэрыторыі Бацькаўшчыны, стаць любімай для многіх яе суродзічаў, якіх лёс параскідаў па розных кутках Расійскай імперыі ці вымусіў падацца ў эміграцыю.

З’яўленне на свет газеты “Наша ніва” было выклікана актывізацыяй беларускага нацыянальна-культурнага руху. Ад першага і да апошняга нумара газета аддана служыла яму. У тагачаснай Беларусі, як і ў папярэдні перыяд, у страшэнным занядбанні знаходзілася родная мова карэннага насельніцтва. Трапіла ж у такое становішча з-за ўпартага нежадання царскага самадзяржаўя дапусціць яе ў грамадскае жыццё і асабліва ў сферу народнай адукацыі. Народу тлумачылася такая палітыка нібыта адсутнасцю ў самой прыродзе арыгінальнай беларускай мовы. Дый саміх беларусаў не жадалі прызнаваць за самабытны этнас. І на вялікую бяду, нямала хто з іх, у тым ліку і дастаткова адукаваных, паверыла ў такую фальсіфікацыю, стала свядома адыходзіць ад уласных культурна-моўных традыцый. Рэдакцыя газеты шмат змясціла публікацый, каб прадухіліць такую небяспечную, шкодную з’яву.

З навукова абгрунтаванымі артыкуламі ў абарону беларускай мовы выступаў і таленавіты не па гадах нашаніўскі публіцыст Сяргей Палуян (1890—1910). У верасні 1909 года ён такую бясспрэчную думку даводзіў чытачу “Нашай нівы”: “Нам у першую чаргу трэба адрадзіць сваю мову... Толькі адрадзіўшы мову, мы зможам паставіць на цвёрды грунт наш рух. Бо нацыянальны рух як вялікая жыццёвая гістарычная сіла можа жыць толькі тады, калі пад яго будзе падведзены такі фундамент, як гібка абробленая мова, ды й літаратура і навука ў гэтай мове... А кожны зразумее, што пры цяперашніх варунках не можа развівацца наша мова, калі ёй няма месца ў жыцці (падкрэслена мною. – Л. Л.). Заваяваць ёй месца ў грамадзянстве – вось нашая першая неадкладная задача”. Уражвае, што гэтую адзінаправільную ў дачыненні да беларускай мовы думку змог сфармуляваць дзевятнаццацігадовы юнак, а сёння такое непадуладна нават калектывам буйных устаноў навуковага, культурна-асветнцкага кірунку. І хоць у нас ужо даўно ёсць “гібка абробленая мова”, па-ранейшаму, як сто гадоў таму назад, “ёй няма месца ў жыцці”, што зусім не адпавядае сучаснаму так пашыранаму ў грамадстве лозунгу-дэвізу: “Мы за квітнеючую Беларусь”, бо без шырокай прысутнасці беларускай мовы ў грамадскім жыцці народу квітнець ніяк немагчыма.

Азнаямленне шырокіх колаў чытачоў з прагрэсіўнай пазіцыяй “Нашай нівы” па пытаннях беларускай мовы, несумненна, садзейнічала росту яе пасіўных і актыўных носьбітаў. Не выключана, што акурат дзякуючы газеце ў кастрычніку 1913 года рабочыя Капыля звярнуліся ў Дзяржаўную думу з петыцыяй аб афіцыйным прызнанні беларускай мовы.

Не зведваўся дэфіцыт у публікацыях “Нашай нівы” па моцна набалелай, даўно састарэлай праблеме беларускай нацыянальнай школы. Нібыта нейкае боскае пакаранне: царскі ўрад дазволіў амаль усім нярускім народам ствараць школы на матчынай мове, а братам-славянам беларусам і ўкраінцам такое было катэгарычна забаронена. І ўсё з-за таго, што афіцыйна іх не лічылі за самастойны народ, атаясамлівалі з рускімі. Выходзіць, культурна-моўная блізкасць беларусаў да рускіх не пайшла на карысць першым. На той час народы свету вельмі добра пераканаліся, як многа можна дасягнуць праз школу, дзе вучаць, выхоўваюць дзяцей у іх роднай мове, у цеснай сувязі з мясцовымі традыцыямі, айчыннай гісторыяй. Вось чаму так рана газета “Наша ніва” пачала ўзнімаць пытанне аб забеспячэнні беларусам законнага права навучання сваіх дзяцей на роднай мове. Ужо ў першым нумары за 1906 год можна было прычытаць такія праўдзівыя словы паэтэсы моцнага нацыянальнага гарту Цёткі (Алаізы Пашкевіч): “Калі пачнуць у нас уводзіць новыя начальныя школы, трэба, канечне, каб дзяцей у іх навучалі па-беларуску, каб тлумачылі ім усё па-тутэйшаму, па-свойму... Дзеля таго ўсе беларусы, хто хоча даць народу праўдзівую навуку, павінны дамагацца для беларусаў беларускай начальнай школы”. У такім духу выступалі на старонках “Нашай нівы” і ўсе астатнія прагрэсіўныя беларускія грамадска-палітычныя, культурныя дзеячы, прадстаўнікі педагагічнай інтэлігенцыі.

Прынцыповая пазіцыя рэдакцыі газеты “Наша ніва” ў пытанні забеспячэння беларускаму народу цалкам законнага права навучаць сваіх дзяцей на іх роднай мове не падабалася ўладам. Каб не дапусціць шырокага распаўсюджвання ў масах гэтай прагрэсіўнай ідэі, мясцовая адміністрацыя прарускай арыентацыі забараніла шэрагу арганізацый і катэгорый грамадзян выпісваць гэтую газеты. Асабліва строга сачылі за тым, каб яна не трапляла ў рукі настаўнікаў і вучняў. А яна ўсё ж трапляла, бо многім з іх не падабаўся адрыў народнай адукацыі нашага краю ад яго нацыянальных ідэалаў, яе адкрытая накіраванасць на русіфікацыю маладых пакаленняў беларускага народа.

Дзякуючы добра наладжанай газетнай прапагандзе беларускай нацыянальнай школы ў яе неўзабаве з’явілася вялізарная колькасць шчырых прыхільнікаў. І толькі ўпартае нежаданне рэакцыйнага царскага рэжыму мяняць што-небудзь у сферы адукацыі на карысць беларусаў не дазваляла арганізаваць іх навучанне ў адпаведнасці з нацыянальна-культурнымі традыцыямі. Затое такое стала рэальнасцю пасля ўварвання падчас першай сусветнай вайны на тэрыторыю Беларусі нямецкіх інтэрвентаў, у выніку чаго было спынена дзеянне на ёй рэакцыйных законаў царскай Расіі ў галіне адукацыі.

Будучы працяглы перыяд народам палітычна бяспраўным, залежным, беларусы, натуральна, аказаліся не ў стане развіваць на сваёй зямлі адпаведную яе традыцыям прафесійную, элітарную культуру. Уласна беларускай яна была толькі на вёсцы, у асяроддзі сялянства. У гарадах жа сярод заможных станаў насельніцтва да сярэдзіны ХІХ стагоддзя панавала польская культура, якую з дапамогай уладаў царскай імперыі затым пацясніла руская. Той, хто дбаў, актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальна-культурным руху не мог мірыцца з такім пройгрышным для народа становішчам. Не задавальняла яно і рэдакцыю газеты “Наша ніва”, якая жадала, каб на беларускай зямлі рэй вялі не чужыя, а свая нацыянальная культура. “Найлягчэйшая дарога да гэтага, – чытаем у газеце пад нумарам 19-20 за 1912 г., – развіваць народную культуру, карыстаючыся роднай мовай народа...” (падкрэслена мною. – Л. Л.). А вядома ж, што яшчэ і сёння сярод культуролагаў, кіраўнічага складу работнікаў сферы культуры ёсць нямала людзей, якія лічаць і пераконваюць іншых у рэальнасці развіваць беларускую нацыянальную культуру не на беларускай мове. Сярод нашаніўцаў, як вынікае са зместу прыведзенай цытаты, не бытавала такога памылковага, шкоднага погляду. Для іх культура беларусаў па-за іх роднай мовай адразу ж губляла сваё нацыянальнае аблічча. Не рускую ці польскую культуры на Беларусі, а менавіта яе самабытную, нацыянальную разглядала “Наша ніва” як “аграмадны дар і скарб для ўсеславянскай і ўсясветнай людскай культуры” (1910, № 27). Зразумела, толькі з такіх пазіцый і сёння мы павінны падыходзіць да вызначэння рэальнага нацыянальна-культурнага становішча ў Рэспубліцы Беларусь. Нашае заканамернае жаданне бачыць яе сярод самых перадавых у свеце краін абавязвае дбаць пра развіццё беларускай нацыянальнай культуры, а не культуры ўвогуле без уліку яе моўнага фактару.

Не спадзеючыся, што пры рэакцыйным царскім рэжыме ўсё ж некалі адкрыюцца спрыяльныя магчымасці для развіцця элітарных пластоў беларускай культуры, нашаніўцы рупліва стараліся выхоўваць у людзей паважлівае стаўленне да сваіх багатых, арыгінальных набыткаў у народнай творчасці, жаданне і надалей плённа працаваць у гэтым напрамку. На матэрыялах газеты чытачы вучыліся паважаць свой непаўторны вусны фальклор, прыгожую песенна-музычную творчасць, выдатныя дасягненні выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

З такога роду матэрыялаў этнакультурнага, краязнаўчага характару чытач выносіў аб’ектыўную думку, што пры ўсёй сваёй культурна-моўнай блізкасці да суседніх славянскіх народаў, беларусы ёсць самабытная арыгінальная нацыя. Як на здзіў, да яе ўсё ахвотней пачалі цягнуцца і многія прадстаўнікі з заможных станаў, якія да гэтага “купаліся” ў польскай культуры ці жылі рускай. Вядомыя выпадкі, што некаторыя з іх фінансава дапамагалі газеце. Гэты патрыятычны прыклад варты шырокага пераймання ў нашыя дні, паколькі многія перыядычныя выданні нацыянальна-адраджэнскай арыентацыі зведваюць вялікія фінансавыя цяжкасці.

Не шкадавала рэдакцыя газеты “Наша ніва” месца дзеля асвятлення незвычайна заблытанага на Беларусі рэлігійнага пытання. Арыентацыя праваслаўнай царквы на рускія ідэалы, а каталіцкага касцёла – на польскія прычыніліся да таго, што гэтыя дзве найважнейшыя хрысціянскія канфесіі будавалі сваю дзейнасць ледзь не цалкам па-за беларускім інтарэсам. Здаўна ўсталяваны і памылковы, і шкодны погляд, што праваслаўныя беларусы – гэта рускія, а рыма-каталіцкія – палякі, усяляк падтрымлівалі, шырылі царква і касцёл і на пачатку ХХ стагоддзя, што сур’ёзна перашкаджала этнічнай кансалідацыі беларускага народа. Гэта добра разумеў і рашуча крытыкаваў наш вядомы палітычны і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст Антон Луцкевіч. У № 45 газеты “Наша ніва” за 1911 год ён пісаў такое, што гэтага ніяк нельга ігнараваць і сёння: “…пакуль касцёл і царква не зробяцца ў Беларусі беларускімі, народ наш заўсёды будзе дзяліцца на дзве часці… Гэты раздзел паводле рэлігіі робіць у нас тое, што пры найвялікшым развіцці нашай мовы суцэльнага, адзінага нацыянальнага жыцця ў нашага народа быць не можа, пакуль наша мова не здабудзе сабе належных правоў у царкве і касцёле”.

Нельга пераацаніць значэння “Нашай нівы” ў адраджэнні гістарычнай памяці беларускага народа. Шматгадовымі стараннямі польскіх і рускіх гісторыкаў дзесяткі яго пакаленняў былі ўзгадаваны ў поўным адрыве ад рэальных падзей айчыннай гісторыі, у выніку чаго многія адукаваныя этнічныя беларусы пад уздзеяннем рознага роду фальсіфікацый адарваліся ад родных каранёў і пачалі лічыць сябе за палякаў і рускіх. Такое не магло не хваляваць апантаную беларускай нацыянальнай ідэяй рэдакцыю газеты. Яна ўводзіць спецыяльную рубрыку “З нашай мінуўшчыны”, у якой вельмі часта выступаў з артыкуламі па нацыянальнай гісторыі Вацлаў Ластоўскі. У 1910 годзе ў свет з’явілася яго праца “Кароткая гісторыя Беларусі”.

Наданне рэдакцыяй газеты “Наша ніва” прыярытэту нацыянальнаму не зрабіла гэты перыядычны орган шавіністычным, варожым да ўсяго таго, што належыць іншым народам. На яе старонках не знайсці зняважлівых матэрыялаў пра палякаў ці рускіх, хаця па віне іх урадаў беларусы глынулі празмерна вялікую дозу культурна-моўнай асіміляцыі, не мелі магчымасці ў поўнай меры выкарыстаць свой прыродны патэнцыял дзеля прыстойнага ўласнага духоўнага развіцця.

Былі ў “Нашай ніве” і іншыя прагрэсіўна нацыянальныя накірункі, што дае ўсе падставы называюць яе маткаю беларускай нацыянальнай перыёдыкі. Праіснавала газета “Наша ніва” ўсяго толькі каля дзевяці гадоў (выданне спынена ў жніўні 1915 года ў сувязі з набліжэннем да Вільні кайзераўскіх войскаў). Але і за гэты кароткі тэрмін ёй нягледзячы на ўсялякія перашкоды з боку мясцовых уладаў удалося выканаць каласальную працу па нацыянальна-культурным прасвятленні беларусаў, вяртанні ім гістарычнай памяці, узняцці на больш высокую ступень этнічнай кансалідацыі, узгадаванні таленавітых майстроў мастацкага слова. У матэрыялах газеты ў асноўных сваіх рысах выкрышталізавалася беларуская нацыянальная ідэя. Газета бездакорна выканала сфармуляваную ў сваім першым нумары задуму: “Мы будзем служыць усяму пакрыўджанаму беларускаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас яе да люстра свет падаў у цёмнасць. Мы будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, – зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы…”

За няпоўныя дзевяць гадоў ніводзін з іншых беларускіх перыядычных органаў не зрабіў для святой справы нацыянальна-культурнага адраджэння Бацькаўшчыны столькі, колькі газета “Наша ніва”. Хацелася б, каб на гэта не забываліся рэдакцыі сучасных беларускамоўных газет.

Неацэнны ўклад рэдакцыі і аўтарскага калектыву газеты “Наша ніва” ў выратаванне беларускага народа ад канчатковай дэнацыяналізацыі варты таго, каб на самым высокім дзяржаўным узроўні з шырокім удзелам перадавых колаў грамадства адзначыць стогадовы юбілей гэтага найвыдатнейшага за ўсю нашую гісторыю друкаванага органа. Сёння прынята сродкі масавай інфармацыі называць чацвёртай уладай, таму было б лагічна стагоддзю ад дня выхаду ў свет першага нумара газеты “Наша ніва” прысвяціць спецыяльнае паседжанне Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, правесці падобнага роду мерапрыемствы ў міністэрствах інфармацыі і адукацыі, Саюзе беларускіх пісьменнікаў і Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Маладой беларускай суверэннай дзяржаве неабходна высока цаніць падзеі з сваёй айчыннай гісторыі, што спрыялі прабуджэнню нацыянальнай актыўнасці народа. Газета “Наша ніва” ўнесла неацэнны ўклад у гэтую святую справу.

Пажадана, каб ужо прама з сённяшняга дня сродкі масавай інфармацыі пачалі рэгулярна знаёміць людзей з найбольш адметнымі старонкамі ў гісторыі “Нашай нівы”, з той самаахвярнай, напоўненай буйнымі дасягненнямі барацьбой актывістаў нацыянальнага адраджэння пачатку дваццатага стагоддзя за права развівацца паводле сваіх духоўных традыцый. Народ павінен ведаць, што рабілася нашымі старэйшымі пакаленнямі па забеспячэнні неабходных умоваў для прыстойнага самабытнага этнакультурнага жыцця на Бацькаўшчыне і старацца, каб сёння яно яшчэ больш адпавядала такому стандарту.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

Падзяліцца: