У Гайнаўцы прайшла сустрэча з падляшскім Напалеонам Ордам

Называюць яго падляшскім Напалеонам Ордам. Уладыслаў Петрук быў госцям сустрэчы ў Цэнтры прамоцыі рэгіёна „Чарлёнка” ў Гайнаўцы. Мастак стварыў багаты архіў графікі, выкананай тушшу і пяром. Гэта, бадай, адзін з найбольшых збораў мастацкай дакументацыі архітэктуры і краявіду Падляшша. Кожная карціна – гэта некалькідзённая праца і эмоцыі, як кажа Уладыслаў Петрук.

– Калі робіш здымкі фотаапаратам, то ты не малюеш, у гэтым няма ніякай задумы. А я аналізую ўсё: кожную дэталь, кожную кропку, кожную крэску. Раскладаю ўсё на такія атамы. Таму гэта нешта іншае, я гэта ўсё перажываю, а апарат не перажывае – ім толькі запісаў вобраз і нічога больш.

Першы альбом мастака – гэта збор карцін, якія паўсталі ў час некалькігадовай працы ў Тыднёвіку беларусаў у Польшчы „Ніва”. Каронай яго 30-гадовай працы, звязанай з Падляшшам, з’яўляецца альбом “Архітэктура і прырода Падляшскага ваяводства” („Architektura i Przyroda Województwa Podlaskiego”).

Уля Шубзда, «Беларускае Радыё Рацыя»