Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Пра мову ўсёй грамадой"

Леанід Лыч

"Пра мову ўсёй грамадой"

Сёння рэальны стан беларускай мовы непакоіць кожнага грамадзяніна краіны, якія жадае бачыць свой народ з высокаразвітай самабытнай нацыянальнай культурай. Пра гэта сведчыць даволі частыя выступленні рупліўцаў беларускай мовы на старонках афіцыйнага і неафіцыйнага друку. Паколькі аўтарамі такога зместу артыкулаў з’яўляецца якаясьці адна канкрэтная асоба, на іх практычна не звяртаецца аніякая ўвага з боку дзяржаўных інстытутаў, адказных за лёс роднага слова беларусаў, а разам з ім і за стан іх нацыянальнай культуры ў цэлым.

Больш разумна і паважліва ставяцца да тытульных нацый ва ўсіх тых краінах, што як і Беларусь, утварыліся ў выніку развалу СССР. У іх не адна, а ўжо некалькі праведзена канферэнцый, сімпозіўмаў, круглых сталоў па выкарыстанню моваў у розных сферах дзейнасці чалавека. У іх працы бралі ўдзел не толькі мовазнаўцы, а і прадстаўнікі самых шырокіх пластоў грамадства і абавязкова палітыкі, бо часта ад іх у найбольшай ступені залежыць лёс той ці іншай мовы. Не сакрэт, што ў суседняй нам Украіне родная мова яе карэннага насельніцтва надзелена непараўнальна большым, чым беларуская мова, аб’ёмам сацыяльных функцый і не занесена ЮНЭСКА, як апошняя, у разрад моваў, што адміраюць. Аднак улады, грамадскасць краіны ў кастрычніку мінулага года ладзілі міжнародны кангрэс на тэму: “Украінская мова ўчора, сёння і заўтра ва Украіне і свеце.” Удзельнікаў Кангрэса вітаў сам прэзідзент В. Юшчанка, галава Вярхоўнай Рады В. Літвін, што сведчыць пра добрае разуменне гэтымі высокімі дзяржаўнымі дзеячамі ролі ўкраінскай мовы ў лёсе краіны. На Кангрэс прыехалі прадстаўнікі 22 краін свету, 26 абласцей Украіны. З дакладамі і паведамленнямі на пленарных паседжаннях і секцыях выступіла каля 500 чалавек. З вуснаў асноўнага дакладчыка акадэміка Украінскай Акадэміі Навук, прэзідэнта Міжнароднай Асацыяцыі “Украіна і сусветнае ўкраінства” П. Кананенкі, удзельнікі гэтага форуму пачулі такія словы: “Захаваем мову, захаваем сябе, як нацыю. Мова павінна аб’ядноўваць нас, таму што яна ёсць падмурак нацыі”.

Нешта падобнае пісалася, гаварылася і ў нас, але толькі не перад такой прадстаўнічай і аўтарытэтнай аўдыторыяй і часта ў невялікай газетнай нататцы малавядомага аўтара, таму не выклікала ніякага рэзанансу ні ў грамадстве, ні ў дзяржаўных структурах. Пра такі наш найдаражэйшы, нацыянальна-духоўны скарб, як беларуская мова, трэба гаварыць усёй гармадой, разам з палітыкамі, якія, як ніхто іншы, нясуць найбольшую адказнасць перад народам за лёс яго роднага і да таго ж яшчэ дзяржаўнага слова.

Дарэчы, у нас ёсць вопыт публічнага, сур’ёзнага абмеракавання моўнага пытання. Перш за ўсё гэта праведзеная 14-21 лістапада ў 1926 года ў Мінску Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Абвешчаная дзяржавай у ліпені 1924 года беларусізацыя паспрыяла вельмі хуткаму пранікненню беларускай мовы ва ўсе віды службовага справаводства, ва ўсе тыпы навучальных устаноў, у тым ліку і вышэйшыя, у рэдакцыі газет і часопісаў, выдавецтвы. Яна загучала ў час правядзення з’ездаў, сесій і іншага роду форумаў савецкіх і партыйных органаў рэспубліканскага маштабу. Чыноўнікі ўсіх рангаў начэй не дасыпалі, каб вывучыць дзяржаўную беларускую мову. І гэта сталася ім падуладным: калі ў 1925 годзе толькі 22 адсоткі супрацоўнікаў цэнтральных (рэспубліканскіх) устаноў валодала беларускай мовай і 36 адсоткаў - акруговых і раённых устаноў, дык у 1927 годзе адпаведна 80 і 70 адсоткаў. Каб паспяхова спраўляцца з абслугоўваннем грамадскага жыцця, беларускай мове патрэбны быў належным чынам унармаваны, дасканалы правапіс. А яго якраз і не мелася, што паслужыла падставай склікаць не абы якую, а акадэмічную моўную канферэнцыю з запрашэннем на яе і замежных спецыялістаў. У Мінск прыехалі рэктар Літоўскага дзяржаўнага універсітэта прафесар Міколас Біржышка, латышскі паэт Ян Райніс, прафесар М. Фасмер (Берлінскі універсітэт), Ю. Голомбек (Варшаўскі універсітэт), Гарчынскі (Ленінградскі універсітэт), П. Растаргуеў (Маскоўскі універсітэт), дацэнты Е. Блесе (Латвійскі універсітэт), Німчынаў (Харкаўскі універсітэт), што надало канферэнцыі па беларускай мове міжнародны характар. Усё гэта стала магчымым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, добраму разуменню не толькі вучонымі-філолагамі, але і ўладнымі структурамі яе выключнай ролі ў лёсе народа.

Сёлета спаўняецца 80 гадоў ад часу правядзенны той без перабольшвання гістарычнай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Лепшай нагоды для правядзення і ў гэтым годзе канферэнцыі па беларускай мове нам не знайсці. Толькі на абмеркаванне трэба выносіць не правапіс, а праблему павышэння ролі беларускай мовы ў абслугоўванні грамадскага жыцця. Тут яна практычна зусім адсутнічае, хаця юрыдычна і абвешчана дзяржаўнаю. Так ужо склалася ў сусветнай практыцы: мова, якая не абслугоўвае ўладу, гіне. У такой сітуацыі яе не ў стане выратаваць ніякія высокамастацкія літаратурныя творы, ніякія закліканні шанаваць, любіць роднае слова. Мова ўзнікла як сродак абслугоўвання людзей у розных сферах іх дзейнасці, пераважна грамадскай, таму і памірае, як толькі перастае быць такім сродкам.
На канферэнцыю варта запрасіць прадстаўнікоў усіх краінаў СНД, бо ў іх ажыццёўлена шмат дзейсных мерапрыемстваў па гарманізацыі суадносін выкарыстання нацыянальнай і рускай моваў у сферы грамадскага жыцця. Іх пазітыўны вопыт дапаможа і нам наблізіцца да справядлівага развязвання гэтай найскладанай праблемы. Выпрацаваны на канферэнцыі калектыўны погляд на сучасны стан беларускай мовы і перспектывы яе пераўтварэння ў сапраўды дзяржаўную будзе непараўнальна больш правільны за прыватныя і індывідуальныя выказванні паасобных аўтараў, што выступаюць на старонках газет і часопісаў. Да такога калектыўнага погляду, несумненна, больш прыслухаюцца і грамадства і, галоўнае, сама дзяржава, ад якой у найбольшай ступені залежыць будучыня беларускай мовы. Нам не даруе, нас не зразумее цывілізаваны свет, калі родная мова тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь апынецца на абочыне, стане цалкам незапатрабаванай ні грамадствам, ні ўладнымі структурамі. Упэўнены, што выпрацаваная на канферэнцыі калектыўная думка дасць добры плён, дапаможа беларускаму народу захавацца і развівацца ў сваёй спрадвечнай роднай мове. Мы, беларусы, у сваім моўным развіцці не маем права выдзяляцца сярод усіх астатніх еўрапейскіх народаў, для якіх родная мова – гэта само жыццё.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

Падзяліцца: