Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Дзесяцігоддзе вялікіх страт"

  Леанід Лыч

 "Дзесяцігоддзе вялікіх страт"

У нашай шматвяковай гісторыі ёсць нямала чымсьці адметных адзін ад аднаго дзесяцігоддзяў. Для адных з іх было характэрным узвышэнне беларускага народа ў сваім эканамічным сацыяльна-палітычным і духоўным развіцці , для другіх – таптанне на месцы і нават пэўны заняпад. У мінулым стагоддзі адносна спрыяльным з нацыянальнага пункту гледжання быў дзесяцігадовы перыяд 1923–1932 гадоў.

Ужываю слова “адносна”, таму што і ў гэтыя гады нас не абмінулі рэпрэсіўныя акцыі савецкай камандна-бюракратычнай машыны. Але ўсё ж галоўнае, што на гэты перыяд прыпалі правядзенне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы пераходу рэспублікі да дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі і актыўны ўдзел шырокіх колаў грамадства ў яе практычным ажыццяўленні. Супрацоўніцтва ўладных структур з самім народам у пабудове сапраўднага беларускага нацыянальнага дома даў станоўчыя вынікі на ўсіх дзялянках стваральнай дзейнасці людзей і асабліва ў іх культурна-моўным адраджэнні і развіцці. З’явіліся ўсе перадумовы для таго, каб жыццё нашых людзей набыло ў вышэйшай ступені сваё беларускае нацыянальнае аблічча, не з’яўляючыся злепкам з рускай, польскай ці якой-небудзь іншай культуры. Даводзіцца толькі здзіўляцца, што не толькі сучасная дзяржава, але і ўсе грамадска-асветніцкія арганізацыі не палічылі патрэбным адзначыць сёлета 80-годдзе ад часу ўвядзення ў рэспубліцы дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі.

На вялікі жаль, больш ужо аніводнаму з наступных дзесяцігоддзяў дваццатага стагоддзя не ўдалося стаць дзесяцігоддзем беларусізацыі. Толькі некалькі гадоў пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года Закона аб мовах у Беларускай ССР у небе над краінай лунаў дух беларусізацыі. Улетку 1994 года над ёю навісла сур’ёзная пагроза, якая з наступнага года, асабліва пасля майскага рэферэндуму, набыла незваротны характар. У выніку краіна ўступіла ў дзесяцігоддзе, якое, як ніякае іншае, вельмі моцна падарвала нацыянальныя асновы яе культурнага жыцця. Такога татальнага разбурэння іх не назіралася нават пасля задушэння царскімі войскамі нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гады. Відаць, пры жаданні ўласны ўрад можа непараўнальна больш зрабіць па культурна-моўнай асіміляцыі свайго народа, чым якія-небудзь чужыя сілы.

Каб надаць свайму антыбеларускаму курсу ў галіне моўнай палітыкі хоць звонку дэмакратычны, інтэрнацыяналісцкі характар, афіцыйныя ідэолагі сталі шырока прапагандаваць міф пра рускую мову як другую родную мову беларуса. Іх ніколькі не стрымліваў факт, што ні ў аднаго народа планеты Зямля няма дзвюх моваў і таму іх не можа быць і ў беларускага. Але ён, не выключаючы і дыпламаванай інтэлігенцыі, у агульнай большасці паверыў у гэтую хітра прыдуманую казачку. Тут пэўную ролю адыграла шырокае тыражаванне ў нас паняцця “роднае”, яшчэ за эсэраўскімі часамі, калі, асабліва не ўнікаючы ў сам сэнс, вельмі любілі ўжываць такія словазлучэнні: “родная партыя”, “родны калгас”, “родны ГУЛАГ”, “родная школа”... У такой сітуацыі нескладана было палітыкам і іх ідэолагам пусціць ва ўжытак і “родная руская мова беларусаў”. Асаблівы ўпор на такое азначэнне яе рабілі і робяць ва ўсіх тыпах рускамоўных навучальных устаноў краіны. І нямала моладзі верыць у гэтую бессаромную выдумку. Толькі самыя ўдумлівыя, з да канца не размытай нацыянальнай самаахвярнасцю не пагаджаліся з ёю, і шукаюць выйсця з моўнага тупіка.

Пачалі з мовы і адукацыі

У адпаведнасці з набытай у свеце практыкай і дзяржаўны чыноўніцкі апарат Беларусі сваю антынацыянальную палітыку пачаў з вывядзення мовы карэннага насельніцтва з усіх сфераў грамадскай дзейнасці і найперш са сваіх службовых кабінетаў, усіх тыпаў навучальных устаноў. Пасля майскага рэферэндуму 1995 года рэзка зменшыліся аб’ёмы падрыхтоўкі і выдання службовай дакументацыі на беларускай мове. Ёй нібыта зарвала падчас правядзення розных пасяджэнняў афіцыйнага характару. Дзяржава гарой стала, каб не дапусціць арганізацыі хоць адной на ўсю краіну беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы, хаця і добра ведала, што на ўсім еўрапейскім кантыненце яе няма толькі ў “суверэннай” Рэспубліцы Беларусь.

Адсутнасць беларускамоўнай вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы вельмі добра спрыяла адарваным ад нацыянальнага грунту кіраўніцтву Міністэрства адукацыі РБ і падначаленым яму звёнам педагагічнай інтэлігенцыі выводзіць родную мову тытульнага этнасу з агульнаадукацыйных школ. Да гонару нацыянальна-свядомай часткі грамадства ёй удалося ад пачатку гарбачоўскай перабудовы і да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі прыкладна ўдвоіць удзельную вагу беларускамоўных вучняў у кантынгенце агульнаадукацыйных школ. У 1994/95 навучальным годзе ў Мінскай вобласці яна ўжо раўнялася 55%, у Гродзенскай – 51 %. Толькі ў Мінску гэты паказчык заставаўся крайне нізкім – 21%. Затое з агульнай колькасці вучняў падрыхтоўчых (першых) класаў у сталіцы па-беларуску навучалася 58%. Першае ж месца па дадзеным паказчыку займала Мінская вобласць – 91%, апошняе – Віцебская – 62%.здавалася, што нарэшце і ў нас школа стане асяродкам нацыянальнага жыцця, пачне ўзгадоўваць дзяцей у духу культурна-моўных традыцый роднага краю. Але зусім інакш глядзелі на яе асобы, якія знаходзіліся ў высокіх эшалонах улады. Будучы самі дашчэнту зрусіфікаванымі, яны жадалі, каб такімі прыходзілі ў самастойнае жыццё і маладыя пакаленні беларускага народа. Гэтая шкодная, злачынная мэта вельмі хутка пераўвасаблялася ў практыку. У першы навучальны год новага стагоддзя толькі ў школах Мінскай вобласці палова іх кантынгенту навучалася ў беларускай мове, а ў Гомельскай – 20%, Магілёўскай – 21, Мінску – 7. Такі антынацыянальны характар дзейнасці агульнаадукацыйнай школы цалкам адпавядаў настроям дзяржаўных дзеячаў, кіраўнікоў народнай адукацыі, таму яны не толькі нічога не рабілі, каб спыніць русіфікацыю школьнікаў, а, наадварот, усяляк садзейнічалі ёй. І як вынік, маштабы выкарыстання беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе агульнаадукацыйных школ працягвалі звужацца, няўхільна набліжацца да жабрацкага ўзроўню.

Мэтам русіфікацыі вучнёўскай моладзі служыла і служыць выключэнне з вучэбных планаў па беларускай літаратуры і гісторыі твораў і тэм, выкладанне якіх магло б істотна паўплываць на рост нацыянальнай самасвядомасці.

Практычна ўсё, што робіць сучасная дзяржава ў галіне народнай адукацыі , ні на ёту не адпавядае нацыянальнаму інтарэсу беларусаў. Яна і па сёння прасякнутая тым рэакцыйным смярдзючым духам, які пасяліў у яе душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў. Што адукацыя ў чужой мове – гэта нацыянальная трагедыя для любога народа, ведаюць нават людзі з няпоўнай сярэдняй адукацыяй. Ва ўладных структурах іх ужо даўно няма. Там пераважаюць дыпламаваныя асобы, не выключаючы кандыдатаў і дактароў навук. І калі ўсе, ці абсалютная большасць з іх з’яўляюцца прыхільнікамі рускамоўнай адукацыі, няцяжка ўявіць, на якой астранамічнай адлегласці знаходзяцца яны ад беларускай нацыянальнай ідэі, як уся іх практычная дзейнасць супярэчыць карэнным інтарэсам краіны. Некалі гісторыкам не будзе аніякіх цяжкасцяў адшукаць галоўных віноўнікаў этнічнай смерці яе карэннага насельніцтва.

Не тым насеннем засяваецца культурная ніва

Палітыку дзяржаўнага двухмоўя, уведзенага ў краіне ў адпаведнасці з вынікамі вышэйзгаданага майскага рэферэндуму, без прамаруджвання пастараліся спаўна выкарыстаць афіцыйныя ўстановы культуры, сярод работнікаў якіх заўжды быў востры дэфіцыт на асобаў, здольных працаваць у нацыянальным культурна-моўным рэчышчы. У іх складзе стала пераважалі носьбіты рускай, а не беларускай культуры. Рэферэндум яны сустракалі з вялікай радасцю і з нечуванай да гэтага актыўнасцю сталі пладзіць рускамоўныя культурныя каштоўнасці, не зважаючы, што гэтым самым дэфармуюць нацыянальны патэнцыял духоўнага жыцця Беларусі, пазбаўляюць яе самастойнасці.

Проста не верыцца, каб нашы высокаадукаваныя палітыкі, узяўшы на сябе разам са сваёй афіцыйнай інтэлігенцыяй усю адказнасць за лёс краіны, не разумелі, што духоўнае жыццё яе ніколі не ўзбагаціцца, не стане больш самабытным, калі ў ім будзе панаваць чужая культура, няхай сабе нават і руская. Пра гібельныя наступствы выкарыстання польскай, а затым рускай моваў у мастацкай творчасці беларускага народа яго грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы добра ведалі ўжо дзвесце і болей гадоў таму. Вось чаму яшчэ ў маладым веку нашы слынныя песняры Янка Купала і Якуб Колас адмовіліся выкарыстоўваць на старонках сваіх твораў польскую і рускую мовы. У процілеглым выпадку і яны прайшлі б шлях Адама Міцкевіча, Фёдара Дастаеўскага, а нашая мастацкая літаратура засталася б ад гэтага ў вялікім пройгрышы. А вось сёння ў нас і высокія палітыкі, і адказныя за стан духоўнай творчасці народа зусім інакш глядзяць на перапампаванне беларускіх талентаў у рускамоўную культуру.

І яны, на вялікую згубу народа, касякамі ідуць у яе, бо маюць неабходную падтрымку ад уладаў, не выключаючы і больш высокага матэрыяльнага заахвочвання. Да таго ж афіцыйныя ідэолагі не стамляюцца сцвярджаць, што сапраўднага духоўнага росквіту Беларусь можа дасягнуць толькі праз неабмежаванае распаўсюджванне на яе тэрыторыі рускай культуры. Такія байкі ніяк не стыкуюцца з прагрэсіўнай сусветнай практыкай. Усе народы з высокім узроўнем культуры сталі такімі толькі дзякуючы ўзбагачэнню свайго духоўнага патэнцыялу ўласным, а не чужым матэрыялам. Сёння, калі так моцна здэнацыяналізавана духоўнае жыццё краіны, выступаць яе таленавітым людзям у ролі донара і без таго моцна запанаванай тут рускай культуры крайне неразумна, вельмі не пажадана. Так могуць рабіць толькі асобы з нулявой беларускай нацыянальнай самасвядомасцю. Шкада, што іх у нас легіён і колькасна ён працягвае расці. У гэтай бязрадаснай сітуацыі міжвольна прыходзіш да думкі, што нібыта ўвесь разгалісты чыноўніцкі апарат і прыцягнутая ім на службу інтэлігенцыя зусім не разумеюць нацыянальнага прызначэння беларусаў у сусветнай цывілізацыі і цалкам задаволены, што іх духоўнае жыццё няўхільна зводзіцца да звычайнага азадка культуры рускага народа. З вялікай горыччу даводзіцца канстатаваць, што мэтанакіраванае наданне дзяржавай прэстыжу рускамоўнаму пласту культуры Беларусі пераўтварыла яе ў самую адсталую ў Еўропе краіну па частцы выкарыстання нацыянальных здабыткаў у сукупнай духоўнай творчасці народа. Яшчэ ніколі ў нас не былі так скасабочаны суадносіны паміж нацыянальнай і звычайнай ці створанай дома паводле чужых стандартаў культурамі. Перавага апошняй над першай ніколі не выведзе нас у разрад краін з высокай культурай. Шкада, што гэтага не хочуць прызнаць не толькі палітыкі, але і самі дзеячы культуры, абсалютная колькасць якіх не ў ладах з роднай мовай, таму і робяць яны большы ўклад у развіццё і распаўсюджванне ў краіне рускамоўнай , чым беларускай культуры.

Праца на рускамоўным матэрыяле адрывае творчую інтэлігенцыю ад нацыянальных інтарэсаў беларускага народа, робіць яе калі не варожай, дык абыякавай да дзяржаўнага суверэнітэту краіны. Недарэмна многія з такой русіфікаванай, далёкай ад нацыянальнай ідэі інтэлігенцыі ідуць нават наперадзе саміх дзяржаўных мужоў у пытаннях палітычнага аб’яднання Беларусі і Расіі. Асабліва такое выявілася падчас сёлетняга Славянскага (больш правільна Рускага) базару ў Віцебску, калі ладзілася выступленне артыстаў пакуль што руска-беларускай Саюзнай дзяржавы. Апошняй нам трэба, як агню, баяцца, бо ў ёй шматгадовай русіфікацыяй аслабленая беларускасць не будзе мець аніякіх перспектыў на выжыванне. Сучасная дзяржаўная палітыка, будучы адкрыта скіраванай на размыванне дзяржаўнага патэнцыялу духоўнага жыцця беларускага народу, супярэчыць не толькі яго карэнным інтарэсам. Яна з’яўляецца траянскім канём і для славянскай супольнасці народаў у цэлым, толькі мае вынікам збядненне яе культурна–моўнай разнастайнасці. І ў вышэйшай ступені недарэчна, што такую палітыку ў дачыненні да тытульнага народа Беларусі праводзяць дзяржаўныя мужы, якія займаюць высокія месцы ў розных грамадскіх падраздзяленнях славянскай супольнасці, ладзяць канферэнцыі, “круглыя сталы” па самых надзённых пытаннях яе жыццядзейнасці. Ці не лепш было б спачатку хоць з большага навесці парадак у сваёй нацыянальнай гаспадарцы, а тады ўжо займацца агульнаславянскай справай , каб не пусціць яе пад адгон па беларускім варыянце?

Час усім нам дапяць, што пастаўленая ў рускай мове на самым высокім прафесійным узроўні п’еса ці опера, класна выкананая на ёй самым шчырым беларусам эстрадная песня, напісаны раман ніколі не будуць успрынятыя, асабліва сусветнаю грамадскасцю як здабытак беларускай нацыянальнай культуры. Як бы мы не імкнуліся развіваць на сваёй зямлі рускую культуру і якіх бы вяршыць мы не дасягнулі на гэтым бесперспектыўным шляху, яна ніколі не стане нацыянальным здабыткам, а будзе, як і ўсе папярэднія больш чым два стагоддзі, служыць толькі сродкам асіміляцыі беларускага народа. Таму ў дзяржаўным сектары культуры трэба ўсталяваць вельмі разумныя суадносіны паміж беларускай і рускай культурамі, добра памятаючы, што візітнай карткай нашай краіны ў духоўную цывілізацыю свету можа служыць толькі пабудаваная на беларускай моўнай аснове культура, што толькі яна заслугоўвае насіць статус нацыянальнай, забяспечвае этнакультурную самабытнасць беларускага народа, уносіць уклад у культурную разнастайнасць планеты Зямля.

Выцясненне рускай культурай культуры беларускай на яе гістарычнай тэрыторыі сур’ёзна непакоіць многіх з тых пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, артыстаў і інш., хто не адарваўся ад сваёй прыроднай духоўнай спадчыны і працуе над яе ўзбагачэннем. Але да іх клопату не прыслухоўваюцца ўладныя структуры, упарта тлумачачы асаблівасці культурнай сітуацыі на Беларусі векавечнай дружбай двух суседніх славянскіх народаў, не зважаючы аднак на тое, што гэтая ж дружба практычна ніяк не садзейнічае прысутнасці нашай культуры на тэрыторыі Расіі. Адказ тут можа быць толькі такі: франтальнае панаванне рускай культуры на тэрыторыі Беларусі ёсць вынік свядомай – у далёкім мінулым і на сучасным этапе – дзяржаўнай палітыкі, а не жаданне саміх людзей, асабліва маладых пакаленняў. Апошнім часам назіраецца такое, што многія з іх яўную перавагу аддаюць сучаснай англа-амерыканскай эстрадзе і нават самі стараюцца нешта зарабіць дзеля яе ўзбагачэння і прыжывання ў родны доме. Стратную па ўсіх пазіцыях дзяржаўную палітыку ў галіне культуры можна растлумачыць толькі адным: нежаданнем уладных структур даць народу магчымасць жыць развівацца на ўласным нацыянальным грунце, што, на іх думку, магло б затармазіць, стаць сур’ёзнай перашкодай да здзяйснення палітычнай інтэграцыі з Расіяй. І трэба аддаць належнае намаганням такіх структур: за апошняе дзесяцігоддзе яны не дазволілі прагрэсіўным колам грамадства стварыць нічога істотнага па ўзвядзенні беларускага нацыянальнага дома. Па-ранейшаму, абсалютная бальшыня беларусаў жыве па-за сваім нацыянальна-культурным полем, абслугоўваецца мовай суседняй дзяржавы. Адсутнасць нармальнага нацыянальнага жыцця на Беларусі самым адмоўным чынам адбіваецца на яе лёсе. Перадавыя станы грамадства ўсё гэта разумеюць і імкнуцца неяк паправіць становішча. Таму і ў такіх неспрыяльных, антычалавечых нацыянальных умовах на нашай зямлі ёсць нямала людзей, гатовых начыста адкінуць навязаныя ім чужыя і жыць, тварыць паводле спрадвечна беларускіх культурна-моўных стандартаў. Але такое прагрэсіўнае, заканамернае жаданне сустракае велізарны, неадольны супраціў з боку дзяржавы, і ў многіх апускаюцца рукі. Сустракаюцца і такія, што проста не выносяць глабальнага пагружэння краіны ў багну рускай культурна-моўнай асіміляцыі і стараюцца куды-небудзь з’ехаць, каб толькі не быць сведкамі гэтай этнічнай трагедыі. А з’язджаюць жа па гэтай прычыне не адкіды грамадства, а ў большасці выпадкаў здольныя да плённай творчай дзейнасці асобы.

Заганнасць дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры апошніх дзесяць гадоў у поўнай меры праяўляецца ў дзейнасці афіцыйнага тэлебачання. Нават у часы непадзельнага панавання камуністычнай ідэалогіі яно так не адрывалася ад беларускай нацыянальнай асновы, як гэта назіраецца сёння. Дзяржава ў сваім герастратаўскім змаганні з прыроднай для нашай краіны культурай нават не збаялася ледзь не цалкам пазбавіцца беларускамоўнага гледача нацыянальнага тэлебачання, замяніўшы яго рускамоўным. Пакуль што да вельмі сумных вынікаў прыходзіш, калі пачынаеш параўноўваць афіцыйнае выключэнне беларускай мовы з дзяржаўнага тэлебачання з дазволам фашысцкіх уладаў у ваенныя гады выкарыстоўваць яе ў 15-хвілінных перадачах Гамбургскага радыё. Тэлебачанне – гэты пакуль што найноўшы ў свеце сродак масавай інфармацыі сёння куды лепш выкарыстоўваецца ў нацыянальных інтарэсах многіх афрыканскіх плямёнаў , чым у нашай краіне для яе тытульнага народа. З дапамогай тэлебачання на іх родных мовах вядзецца накіраваная на захаванне і развіццё адпаведнага мясцовым прыродным пачаткам духоўнага жыцця, на фармаванне нацыянальнай свядомасці , якая панесла шмат страт з-за працяглага панавання ў капіталістычных краінах чужой культуры і мовы. А вось дзяржаўнае тэлебачанне Рэспублікі Беларусь упарта не фармуе такой патрэбнай кожнаму народу каштоўнасці, як нацыянальная самасвядомасць. Да таго ж, маючы такі абмежаваны аб’ём чыстых, а не “трасянкавых” беларускамоўных перадач, тэлебачанне толькі садзейнічае ўзнікненню ў маладасведчанай у пытаннях філалогіі часткі насельніцтва памылковага меркавання пра адсутнасць у беларускай мовы дадатковага запасу слоў, каб належным чынам асвятліць важнейшыя падзеі ўнутранага і знешняга жыцця. Сучаснае бязрадаснае, прыгнечанае становішча беларускага народа і нечуванае раўнадушша многіх да ажыццяўлення хаця б якіх-небудзь практычных крокаў да паляпшэння сітуацыі тлумачыцца амаль поўнай немагчымасцю публічна паведаць усю праўду пра галоўных віноўнікаў такой трагедыі, выказаць меркаванні пра шляхі выйсця з яе. Беларусь, як вядома з друку, у шматгадовым рэйтынгу, праведзеным міжнароднай праваабарончай арганізацыяй “Freedom House”, “Свабода слова–2004” (ім ахоплена 193 краіны свету), заняла 182-е месца. Вось тут і паспрабуй данесці грамадству, што робяць уладныя структуры Беларусі па дэмантажу нацыянальна-культурнага патэнцыялу яе тытульнага народа.

Калі б на Беларусі да ўлады прыйшлі сапраўдныя нацыянальныя патрыёты, яны ў першую ж чаргу паспрабавалі б пераўтварыць тэлебачанне са сродку русіфікацыі тытульнага народа ў магутны інструмент адбудовы і развіцця яго культуры на трывалым прыродным падмурку, чым забяспечылі б краіне аўтарытэт на сусветнай арэне, дапамаглі б пераадоленню трывала ўсталяванага скрозь погляду на беларусаў як на нейкае недасканалае аморфнае адгалінаванне рускага этнасу.

За адсутнасць праўды ў сродках масавай інфармацыі народу даводзіцца плаціць надзвычай высокую цану, траціць грунт пад нагамі, звыкацца з чужымі стандартамі. Мне думаецца, што нават і не адарваная ад роднай глебы частка палітыкаў і інтэлігенцыі не разумее, што за апошняе дзесяцігоддзе нацыянальны пласт беларускай культуры зведаў такія сур’ёзныя разбурэнні, што сёння ён слабейшы, чым у апошнія гады існавання БССР. Тады ў нас выдавалася багата ў поўным сэнсе слова беларускіх газет тыражом у досыць салідную лічбу. У значнай ступені ўлічваўся беларускі інтарэс на радыё і тэлебачанні. Калі сёння яны, асабліва апошняе, ёсць тыповы ідэалагічны сродак масавай русіфікацыі, дык за камуністычным часам тут адчувалася і беларуская прысутнасць. Два беларусы з вялікай літары старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні Генадзь Бураўкін і вядучы моўнай тэлепраграмы “Роднае слова” Уладзімір Содаль для беларускай справы рабілі больш, чым сёння ўвесь калектыў магутнага ідэалагічнага апарату прэзідэнцкай вертыкалі.

Сцвярджаць пра значна большую дэфармацыю сучаснага нацыянальнага патэнцыялу духоўнага жыцця ў параўнанні з тым, якім ён быў за камуністамі, дазваляюць тыя адмоўныя перамены, што за апошнія дзесяць гадоў адбыліся ў сельскай мясцовасці. На жаль, і яна не засталася ў баку ад дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Да таго ж яшчэ дэмаграфічна вымірае, тоне ў алкагалізме. І гэта не дзіўна, калі грамадства не сувымерае свае дзеянні паводзін з нацыянальнай ідэяй, не бачыць перад сабой аніякай перспектывы. Многія суцяшаюць сябе абвешчанай дзяржавай праграмай адраджэння вёскі. Во парадокс: не было ні вайны, ні якіх-небудзь страшэнных прыродных катаклізмаў, а вёска так заняпала, што дзяржаве трэба адраджаць яе??? Магчыма, такія-сякія пазітыўныя рухі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і адбудуцца, але вярнуць вёсцы здольнасць быць этнічным асяродкам беларускага народа наўрад ці ўдасца. Няма адпаведных кадраў. Дзеля падняцця вёскі сюды прышлюць нямала арганізатараў сельскагаспадарчай вытворчасці, спецыялістаў аграрнага профілю. Але ж амаль усе яны належаць да носьбітаў рускіх культурна-моўных стандартаў, за што нам трэба ў першую чаргу дзякаваць сучаснай сістэме народнай адукацыі. Такія пасланцы не толькі не адновяць моцна заняпалы і на вёсцы нацыянальны беларускі дух, а, наадварот, яшчэ больш знясіляць яго.

Чужая нацыянальна-культурная стыхія ў войску

Прэзідэнцкая вертыкаль супольна з ваенным камандаваннем на “выдатна” справіліся ў апошняе дзесяцігоддзе з вывядзеннем з салдацкага жыцця тых беларускіх ваенна-гістарычных традыцый і культурна-моўных пачаткаў, якія пакрысе сталі прышчапляцца тут на пачатку 90-х гадоў. Агульнапрызнана, што пасля народнай адукацыі, культуры, службовага справаводства, навукі больш нізкая іншая сфера не ў стане пазітыўна паўплываць на прэстыжнасць роднай мовы, як армія. Вось чаму ўсе краіны, што не сімвалічна, а рэальна станавіліся на шлях нацыянальна-культурнага Адраджэння, не забываліся паклапаціцца пра ўвядзенне яе роднай мовы ў побыт салдата. Не забываліся пра яе і заснавальнікі нашай першай нацыянальнай дзяржавы ХХ стагоддзя – Беларускай Народнай Рэспублікі. Будаванне вайсковага жыцця на гістарычных, культурна-моўных традыцыях Беларусі яны лічылі першачарговай задачай. У выдадзеным Беларускай Вайсковай Камісіяй у 1920 годзе ў Менску “Падарунку Беларускаму Жаўнеру” так запісана:”Ведай, што ты беларус і гавары паўсюдна на беларускай мове, таму што гэта твая родная мова, мова тваіх бацькоў і дзядоў. Хто саромеецца сваёй роднай мовы, той не сын свайго краю, той нявольнік у чужых і здраднік свайго народа. Твой край, народ і мова не горш іншых краін, народаў і моваў”. Зараз салдаты гавораць зусім іншае пра беларускую мову. Таму і не чуваць яе ў казармах, у час выступленняў салдацкіх самадзейных калектываў. Паводле ваенна-гістарычных традыцый моўных стандартаў наша войска ніколькі не адрозніваецца ад расійскага і, трэба думаць, не будзе адрознівацца да тае пары, пакуль нашага салдата будуць выхоўваць на сувораўскіх традыцыях (балазе, існуе ж у нас Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава), пакуль будучых афіцэраў рыхтуюць у Мінскім сувораўскім вучылішчы. Такой краіны і ў Афрыцы не знойдзеш, дзе б армія будавалася паводле стандартаў “Суверэннай “ Беларусі ўсё да твару. А ў перыяд жа міжваеннай беларусізацыі былі спробы – і даволі ўдалыя – па арганізацыі жыцця дыслакаваных у рэспубліцы вайсковых падраздзяленняў на беларускіх нацыянальна-культурных традыцыях. Беларускае слова ўспрымалася салдатам як сваё роднае.

Культурна-моўная залежнасць паглыбляецца

Апошняе дзесяцігоддзе ўводзе ў нацыянальную гісторыю як час напружаных пошукаў шляхоў палітычнага аб’яднання Беларусі з Расіяй. Не раз назіралася такое, што беларусы гатовыя былі інтэграваць у Расію ледзь не на любых умовах, толькі б заняць там высокія пасады на яе абшарах . нічога не выйшла. Нягледзячы на ўсе старанні, рэальная адзіная руска-беларуская дзяржаўная прастора так і не была створана.

Больш таго, на некаторых дзялянках палітычнай сістэмы адрозненні паміж Расіяй і Беларуссю нават паглыбіліся.

Не выключана, што няўдачы ў стварэнні адзінай сумеснай дзяржаўнай прасторы вымусіла і вымушае нашых палітыкаў і іх памагатых з ліку інтэлігенцыі праяўляць як мага большую актыўнасць у фармаванні супольнай культурнай прасторы. І з вялікай ступенню верагоднасці можна ўжо гаварыць пра яе наяўнасць. Толькі, вось бяда, у гэтай небяспечнай для нас прасторы вельмі мізэрную ролю адыгрывае беларускі фактар, асабліва ў народнай адукацыі і навуцы, пабудаваных на моўнай аснове пластах прафесійнай культуры. І як трэба было чакаць, Беларусь трапіла б у яшчэ большую, чым як назіралася раней, культурна-моўную залежнасць ад Расіі, што непазбежна вядзе да падпарадкаванасці апошняй у іншых сферах грамадскай дзейнасці людзей, бо страціўшы сваю этнакультурную адметнасць яны стануцца няздольнымі да незалежнага палітычнага і эканамічнага развіцця. Такімі якасцямі ў поўным аб’ёме валодае толькі народ з высокім узроўнем уласнага нацыянальна-культурнага жыцця, а не той, што карыстаецца духоўнымі каштоўнасцямі з чужога карыта. Папахлябалі мы з яго нямала за Рэччу Паспалітай, Расійскай і Савецкай імперыямі, а зараз і незалежная Рэспубліка Беларусь імкнецца да краёў запоўніць яго здабыткамі культуры Расіі з тым, каб было што спажыць беларусам ураніцы і ўвечар. І пры вялікім спрыянні дзяржавы даспажываліся да таго, што аграмадныя масы беларусаў больш здольныя і ахвочыя жыць і працаваць у рускім, чым у сваім прыродным культурна-моўным рэжыме. Гэтай з’яве іншага вызначэння, як асіміляцыя, нельга адшукаць. І “заслуга”сучаснай дзяржавы тут вельмі відавочная. Яна паспяхова давяршае тое, пра што так марылі і ў сне, і наяве, чаго ўпарта дамагаліся многія пакаленні рускіх вялікадзяржаўных шавіністаў.

Не маючы сур’ёзнага намеру прывесці Беларусь да поўнай рэальнай палітычнай незалежнасці, дзяржаўныя мужы начэй не спалі ў думках , як прынізіць яе аўтарытэт, зрабіць непапулярнай у народзе. І многае тут дасягнута, бо апошні з-за працяглага палітычнага прыгнёту пад уладай Рэчы Паспалітай і Расіі не вызначаўся належным узроўнем нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці. Таму не даводзіцца здзіўляцца, што масы маўчалі, калі канстытуцыйна ўсталяваны 25 жніўня 1991 года Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь аб’ядналі з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які адзначаецца 3 ліпеня. Маўчалі яны і пазней, хаця бачылі, што ў час нелагічна сумешчаных свят больш мерапрыемстваў праводзіцца пад знакам перамогі над ворагам, чым прысвечаных дзяржаўнаму суверэнітэту. І гэта апраўдана, бо 3 ліпеня ўвайшло ў нашу гісторыю як дзень вызвалення Беларусі ад акупантаў, а не як дзяржаўнай незалежнасці. Пасляваеннай Беларусі нават і не сніўся такі высокі ганаровы статус. Яна цалкам залежала ад Масквы, не мела права без узгаднення з ёю развязваць самыя шараговыя пытанні. Скрыжаваннем двух свят: Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адно свята і правядзенне першага з названых 3 ліпеня, а не 25 жніўня па сутнасці пазбавіла яе народ самага вялікага свята – Дня дзяржаўнай незалежнасці, а ўладам дала магчымасць амаль нічога сур’ёзнага не рабіць дзеля дасягнення краінай такога статуса ў рэальнасці. І як вынік, з кожным годам яна становіцца ўсё больш і больш палітычна, эканамічна, нацыянальна-культурна залежнай ад Расіі. Сёлетняе святкаванне Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якое супала з 60-годдзем яе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цалкам праходзіла ў руска-савецкім рэчышчы, пры поўным выключэнні беларускай мовы з усіх афіцыйных святочных мерапрыемстваў. Яна прысутнічала толькі ў ролі нямой сведкі ў візуальным афармленні месцаў збору людзей. Стваралася ўражанне, што людзі сходзіліся ў прызначанае месца святкаваць культурна-моўную залежнасць Беларусі ад Расіі, а не выказаць сваю радасць з нагоды набыцця нашым народам ў жніўні 1991 года дзяржаўнага суверэнітэту. Не пераадолеўшы такой магутнай культурна-моўнай залежнасці ад Расіі, мы не маем права гаварыць пра наяўнасць у Беларусі рэальнага нацыянальнага суверэнітэту.

Беларусы, істотна пазбаўленыя прыстойнай этнакультурнай самабытнасці галоўным чынам з-за неабмежаванага панавання ў іх грамадскім жыцці рускай мовы, за што трэба быць “удзячным” і сучаснаму палітычнаму рэжыму, не ў стане здзейсніць чаго-небудзь вартага дзеля свайго ўласнага шчасця. Таму ў нас няма ні сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, ні незалежнай ад волі ўсходняга суседа развітай эканомікі. Без адметнага нацыянальна-культурнага, магутнага аблічча нам не сцвердзіцца на сваёй роднай зямлі ў якасці цывілізаванага еўрапейскага народа. Яшчэ ніводнаму народу не ўдалося стварыць нацыянальную дзяржаўнасць, трывалую эканамічную базу, дасягнуць духоўнага росквіту на чужых – навязаных ці добраахвотна запазычаных культурна-моўных каштоўнасцях. І ў моц гэтых прычын вызваленне ад чужога культурна-моўнага ўплыву і пераход на свае ўласныя прыродныя стандарты павінны разглядацца як першачарговая агульнанацыянальнага маштабу задача сучаснага беларускага грамадства. Іншага выйсця з егіпецкага палону ў яго няма.

Дзяржава не ёсць выразнік беларускага духу

Наперад прадбачу, як непрыемна будзе чытаць такую думку маім рускамоўным сапляменнікам, але ўсё ж сфармулюю яе: рускамоўны чыноўніцкі апарат не здольны і ніколі не выведзе беларускі народ на шлях прыстойнага самабытнага нацыянальна-культурнага развіцця, а таму і не зробіць краіну эканамічна магутнай і палітычна суверэннай. Нацыянальная культура са сваім адзіным асяродкам – мовай валодае невычэрпным патэнцыялам для актывізацыі грамадства да буйнамаштабнай стваральнай дзейнасці ва ўсіх сферах жыцця людзей. У нас гэты сродак стагоддзямі выкарыстоўваўся ў самай мізэрнай ступені, таму няма чым пахваліцца ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў этнічнай кансалідацыі народа.

Наша велізарная трагедыя заключаецца ў тым, што мы і па сёння да канца не ўсведамляем , якая гэта бяда, калі краінай кіруюць палітыкі, ледзь не цалкам адарваныя ад яе нацыянальна-культурных пачаткаў і галоўнае – беларускай мовы. Яны ёсць носьбіты суседніх нам рускіх, а не родных беларускіх культурна-моўных традыцый. Проста немагчыма ўявіць, каб такая дысгармонія назіралася ў Нямеччыне, Францыі, Італіі, Японіі ці яшчэ ў якой-небудзь іншай цывілізаванай краіне свету. А вось у цэнтры Еўропы безнацыянальныя палітыкі не толькі дапускаюць такое, але і публічна ганарацца ім. Па віне такіх палітыкаў нам за апошняе дзесяцігоддзе давялося зведаць столькі нацыянальных страт, колькі іх не панеслі за аналагічны тэрмін за ўсе часы сваёй гісторыі. І марна было б разлічваць, што сучасныя ўлады вось-вось адумаюцца і ад дэнацыяналізацыі духоўнага жыцця беларусаў пяройдуць да яго стабілізацыі. На такі прагрэсіўны крок яны проста няздольныя, бо ўзгадаваныя на духоўных традыцыях суседняй краіны. Бязмежнай адданасцю ім яны даказвалі сваю гатоўнасць ісці і на такія формы інтэграцыі з апошняй, якія пярэчаць беларускаму інтарэсу. Нечуваная культурна-моўная залежнасць ад Расіі не дае і не будзе даваць Беларусі нават самай мізэрнай магчымасці развіцця. Практыка апошняга дзесяцігоддзя пераканаўча пацвердзіла, што сапраўдная, рэальная беларуская дзяржаўнасць не можа быць дасягнутай па-за нацыянальнымі культурна-моўнымі рамкамі.

Дзяржаўным дзеячам і паслухмянай ім частцы інтэлігенцыі час зразумець, што якую высокую ступень каштоўнасці яны не надавалі б умела навязанаму беларусам рускаму культурна-моўнаму фактару, ён не наш, з ім нам нельга самасцвярджацца ў сваёй нацыянальнасці, здабыць прыстойнае месца ў сусветнай цывілізацыі. У яе трэба ехаць на сваім, прычым прыродным, кані, а не на траянскім. Уся зверху данізу прэзідэнцкая вертыкаль мусіць добра сабе ўсвядоміць, што толькі такая нацыянальная палітыка адпавядае карэнным інтарэсам беларускага народа, якая прызнае неабходнасць панавання на тэрыторыі ўсёй краіны яго культуры і мовы. Гэта вынікае з заканамернасцяў развіцця ўсіх тытульных і не пярэчыць прынцыпу гуманізму ва ўзаемадачыненнях карэннага насельніцтва з прадстаўнікамі ўсіх астатніх народаў, што жывуць на яе гістарычнай тэрыторыі. Калі ж антынацыянальная палітыка дзяржавы будзе працягвацца і надалей, дык неўзабаве мы прыйдзем да таго, што ў грамадскіх месцах будзе больш чуваць родная мова прадстаўнікоў розных народаў рэспублікі Беларусь, чым яе карэнных жыхароў. Можа хтосьці гэта расцэніць як перамогу агульначалавечых каштоўнасцяў над рэгіянальнымі, я ж на такое буду глядзець, як на нацыянальную катастрофу.

Любіць, паважаць родную культуру і мову ёсць найвялікшы дар прыроды. Паколькі ён як след не прапісаўся ў нашых элітарных палітычных і інтэлігенцкіх колах, ім не лішнім было б павучыцца шанаваць духоўную спадчыну ўласнай краны ў іншых народаў. Вядомы выразнік яго інтарэсаў І. Ільін пісаў: “…нацыянальная асаблівасць па-свойму ўяўляе Дух божы, праслаўляе Госпада… таму думка патушыць гэтую разнастайнасць можа нарадзіцца толькі ў духоўна мёртвай, хворай душы”. (Ильин И.О национализме // Наши задачи. М., 1992. С. 280). Няцяжка ўявіць, колькі ў нас такіх духоўна мёртвых, хворых душ у верхніх пластах грамадства, улічваючы ўсё зробленае імі за апошнія дзесяць гадоў па разбурэнні беларускай культурна-моўнай асаблівасці.

Па-за роднай культурай беларусы становяцца этнічнай масай

Хочам мы таго ці не, але наўмыснае ўтрыманне дзяржавай абсалютнай большасці беларусаў па-за рамкамі іх роднай культуры і мовы пераўтварае народ у бесструктурную этнічную масу, размывае і без таго яго кволую нацыянальную самасвядомасць, а гэта ж самае дарагое і святое, што ёсць у кожнага цывілізаванага народа. Правільна вызначыў яе ролю Васіль Быкаў: “...нацыянальная самасвядомасць вырашае лёс усіх нас, гэта такі капітал, які не купіш ні за якую валюту. Беларусы, на жаль, захавалі вельмі малую самасвядомасць, тут наша няшчасце”. Пра ўсё гэта цудоўна ведае наш чыноўніцкі апарат, але замест таго, каб умацаваць нацыянальную самасвядомасць тытульнага народа, усяляк нішчыць яе, бо разумее, што, пазбаўлены такой каштоўнасці, ён станецца зусім не здольным быць суб’ектам сваёй палітычнай гісторыі, будзе пакорлівым у руках тых, хто прабіўся да ўлады. Зараз для большасць беларусаў характэрны такі ўзровень нацыянальнай свядомасці, з якога звычайна пачынаецца франтальны этнічны распад кожнага народа з паступовым пераходам яго індывідуумаў у іншыя этнічныя супольнасці. Як кожны асобны суб’ект нацыі, страціўшы родныя і перайшоўшы на культуру, мову іншага народа рана ці позна далучае сябе да законнага народа – носьбіта гэтых духоўных каштоўнасцяў, такое пры падобнай культурна-моўнай пераарыентацыі не можа не адбыцца і з нацыяй у цэлым. Сусветная практыка багатая на такія бязрадасныя прыклады. Калі карэнным чынам не змяніць нацыянальнай палітыкі дзяржавы ў галіне культуры і мовы, колькасць такіх прыкладаў на планеце зямля павялічыцца яшчэ на адну адзінку за кошт беларусаў.

Так бязлітасна нішчыць усё, што стварае нацыянальную аснову жыцця кожнага насельніцтва, беларускія ўладныя структуры дазваляюць сабе толькі таму, што не бачаць у краіне такой здаровай, уплывовай сілы ў грамадстве, якая магла б рашуча паўстаць супраць падобнага злачынства. Звычайна такой сілай з’яўляецца глыбока ўросшая ў народны арганізм нацыянальная інтэлігенцыя. Адарваная ад беларускіх культурна-моўных стандартаў вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школа не ўзгадавала нам, не стварыла такой інтэлігенцыі. Калі хтосьці з яе не адарваўся ад спадчынных каранёў, шануе, спавядае нацыянальна-духоўныя каштоўнасці, дык гэта хутчэй за ўсё пэўныя асабістыя якасці яго. У цэлым жа наша інтэлігенцыя – гэта проста адукаваная частка грамадства, але практычна няздольная да сапраўднай стваральнай нацыянальнай дзейнасці. Немагчыма назваць такую антынацыянальную акцыю дзяржавы, супраць якой у масавым парадку выступіла б сучасная інтэлігенцыя. Думаю, калі ўладныя структуры прынялі б пастанову аб закрыцці ўсіх беларускамоўных школ, выключэнні з вучэбных планаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі, перавод усіх сродкаў масавай інфармацыі на рускую мову, забароне прысвойваць імёны слынных сыноў беларускага народа населеным пунктам і іх вуліцам, дык і тады інтэлігенцыя не выказала б аніякага пратэсту, апраўдваючы такія крокі неабходнасцю ставіць агульнапланетарныя, агульначалавечыя інтарэсы вышэй за нацыянальныя. Вось якую “карысць” мы маем ад інтэлігенцыі з хворай нацыянальнай самасвядомасцю.

Прэзідэнцкая вертыкаль смела можа паставіць сабе ў вялікую заслугу, што за апошняе дзесяцігоддзе ёй удалося ўсе адказныя за стан народнай адукацыі, культуры, навукі ўладныя структуры, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, дзяржаўны ідэалагічны апарат укамплектаваць асобамі антынацыянальнай арыентацыі, якія пры выкананні сваіх службовых абавязкаў лічаць за норму карыстацца толькі рускай мовай. Датычыць гэта і элітнага кадравага апарату ўсіх звёнаў міністэрства адукацыі і культуры, чаго, дарэчы, не назіралася за бальшавіцкім часам, калі Беларусь па ўсіх параметрах залежала ад Маскоўскага Крамля. Ігнараванне высокім кіраўнічым кадравым апаратам гэтых міністэрстваў беларускай мовы прычынілася да рэзкага зніжэння яе прэстыжнасці сярод асноўнай масы педагагічнай і мастацкай інтэлігенцыі. У выніку сярод яе ў дзесяткі разоў больш не толькі пасіўных, але і актыўных носьбітаў рускіх культурна-моўных каштоўнасцяў, чым беларускіх. Няцяжка зразумець, якую велізарную шкоду ўжо прычыніла і будзе прычыняць нашаму народу такая інтэлігенцыя сваёй працай па-за беларускім нацыянальна-культурным полем. Усяго гэтага не назіралася, калі б сама дзяржава свядома не збочыла з нацыянальнага шляху і не пайшла на рашучае ўмацаванне рускіх пачаткаў ва ўсіх сферах духоўнага жыцця краіны.

У пэўнай ступені адказнасць сучасных палітыкаў невысокага рангу і афіцыйнай інтэлігенцыі за дапушчанае рэзкае паглыбленне працэсу развалу этнічных асноў беларускага народа зніжае адсутнасць у іх усялякай магчымасці атрымаць па дадзенай праблеме сур’ёзную навуковую інфармацыю. Паколькі не ўсе з такіх палітыкаў і інтэлігентаў канчаткова адрынуліся ад уласнай нацыянальна-культурнай спадчыны, то пры валоданні ў поўным аб’ёме праўдзівай інфармацыяй пра негатыўныя, крайне небяспечныя з’явы ў ёй (спадчыне), яны маглі б па-іншаму ставіцца да вельмі абвостранай на сёння праблемы захавання беларускага народа як самабытнага этнасу.
На аб’ектыўнае, бясстрашнае абмеркаванне нацыянальнага, культурна-моўнага становішча на старонках афіцыйных літаратурных крыніц, часопісаў і газет, на радыё і тэлебачанні накладзена найстражэйшае табу. Забаронена, а таму афіцыйнымі структурамі не праводзяцца па такой праблеме навукова-практычных канферэнцый, сімпозіумаў, “круглых сталоў”. Ствараецца ўражанне, што ў краіне адсутнічаюць усялякія формы нацыянальна-культурнага жыцця. Толькі дзе-нідзе ў афіцыйным друку прамільгне пра яго кароценькая інфармацыя, прычым абавязкова ў пазітыўным плане. Здаецца, што нават Кампартыя Беларусі дазваляла больш крытычна выказацца на адрас яе тварэнне – меліярацыю, чым сучасная “дэмакратычная” ўлада на сваё любімае дзіця – русіфікацыю. І ўладу ой як слухаюць галоўныя рэдактары дзяржаўных газет і часопісаў. Недарэмна за апошняе дзесяцігоддзе амаль ніхто з іх не зняты з гэтых пасадаў. А калі хто-небудзь і пакінуў крэсла галоўнага рэдактара, дык гэта толькі з прычыны пераводу на больш высокую пасаду.

Неяк павярхоўна падыходзіць да асвятлення крайне вострай на Беларусі сучаснай нацыянальнай праблемы незалежны, нацыянальны друк. А прыкладаў жа адваротнага характару ў нас хапае. Тут я маю на ўвазе газеты “Наша Ніва” (лістапад 1906 – жнівень 1915 г.), “Вольная Беларусь” (чэрвень 1917 – кастрычнік 1918 г.), “Беларускі шлях” (сакавік – жнівень 1918 г.). Без гэтых перыядычных выданняў у нас наўрад ці расла б , як грыбы пасля дажджу, колькасць беларускамоўных навучальных школ на занятай нямецкімі інтэрвентамі тэрыторыі, ці была б утворана і разгарнула сваю дзейнасць Беларуская Народная Рэспубліка.

Не вызначаюцца глыбінёй аналізу сучаснага нацыянальнага становішча даволі частыя ў нас з’езды, канферэнцыі, сімпозіумы, “круглыя сталы”, што праводзяцца незалежнымі грамадска-палітычнымі, культурна-асветніцкімі арганізацыямі, таму ў нас няма навукова распрацаванай Канцэпцыі выратавання беларускага народа ад этнічнага заняпаду, таму мы так здорава прайгравалі у час прэзідэнцкіх выбараў, выбараў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, абласныя і раённыя (гарадскія) Саветы дэпутатаў. Часта прыходзіць у галаву думка: ці не адстаём мы ў плане тэарэтычнага асэнсавання нацыянальнай праблематыкі ад сваіх папярэднікаў, што займаліся ёю ў першыя тры дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя? Калі гэта так, не здымаю і з сябе адказнасці.

Словам, праблем з паваротам шырокіх колаў палітыкаў і інтэлігенцыі рознага сацыяльнага становішча да бязмежна абвостранай нацыянальнай праблемы непачаты край. Абсалютная бальшыня людзей гэтых элітных катэгорый грамадства не задзейнічана ў нацыянальна-адраджэнскім працэсе, адсюль – адсутнасць усялякіх пазітыўных вынікаў у выратаванні беларускага народа ад растварэння ў рускай культурна-моўнай стыхіі.

Было б памылковым у архізаганнай нацыянальнай палітыцы Рэспублікі Беларусь зусім не бачыць расійскага ўплыву. Палітыкі і ідэолагі нашай ўсходняй суседкі выдатна разумеюць, што з умацаваннем пазіцый рускага фактару ў культурна-моўным жыцці Беларусі намнога лягчэй будзе праводзіць тут свой курс, а пры неабходнасці і цалкам падпарадкаваць яе сваім інтарэсам. Гэта нашы дзяржаўныя дзеячы і адданая ім частка інтэлігенцыі ніяк не могуць уцяміць азбучнай ісціны, што народ, пазбаўлены магчымасці нармальна развівацца на сваім прыродным культурна-моўным грунце, не здольны на вялікія здзяйсненні ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сферы духоўнай дзейнасці, ніколі не будзе вызначацца высокім узроўнем нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці, пры пэўным збегу акалічнасцей выявіць поўнае раўнадушша да страты палітычнай незалежнасці ўласнай краіны і маўкліва пагодзіцца жыць з тым народам, чыімі духоўнымі каштоўнасцямі ўжо не ў першым пакаленні карыстаецца. Такіх прыкладаў у сусветнай практыцы няма. Толькі вось бяда, беларуская палітычная і ідэалагічная эліты не хочуць лічыцца з імі і працягваць з зайздроснай энергіяй нарошчваць магутнасці рускага фактару ў нацыянальна-культурным жыцці краіны за кошт раўналежнага зніжэння ролі ў ім ўсяго беларускага, бо іншага варыянту правядзення такога стратнага, небяспечнага курсу проста не існуе ў прыродзе. Не верыцца, што гэта не ведалі дзяржаўны чыноўніцкі і ідэалагічны апараты. Ведалі, але, відаць, вельмі вялікае жаданне было зліквідаваць у духоўным жыцці беларусаў усё тое, што адрознівала іх ад рускіх.

Інтэнсіўная, буйнамаштабная дэградацыя нацыянальных асноў беларускага народа яшчэ раз сведчыць, што можна вытлумачыць толькі правядзеннем адпаведнай мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі, бясконца радавала яе самых галоўных праваднікоў і ідэолагаў. Без дасягнення такой дэградацыі ў прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, несумненна, не было б падстаў не раз публічна заяўляць: “Белорусы – это те же русские”. Падобныя словы даволі часта гучалі з вуснаў высокіх іерархаў праваслаўнай царквы Беларусі. Усё, як у горшыя часы за Расійскай імперыяй.

Здаровай нацыянальнай самасвядомасці дзяржаўныя дзеячы і ідэолагі ніколі не дазволілі б сабе радавацца , што іх агульны народ не ёсць самабытная этнічная супольнасць, што гэта ўсяго толькі нейкая частка народа суседняй краіны. Нуль цана тым дзяржаўным і ідэалагічным структурам, якія з даўно прызнанага самім жыццём адметнага ад іншых народа пераўтварылі, ці пераўтвараюць яго ў выніку культурна-моўнай гібрыдызацыі, у народ сярэдняй краіны. Трэба не радавацца, ставіць сабе ў заслугу такую этнічную метамарфозу, а шукаць эфектыўныя шляхі для вываду краіны з зацяжнога нацыянальна-культурнага крызісу і ўсяляк дамагацца таго, каб беларус ганарыўся сваёй беларускасцю, а не тым, што ён падобны на рускага, украінца, паляка, літоўца, ці яшчэ на каго-небудзь.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

Падзяліцца: