У Карэлію – з гасцінцамі

Два канцэрты прайшлі на сцэнічных пляцоўках Петразаводска з удзелам артыстаў з Беларусі.

Удзельнікі святочных канцэртаў у Петразаводску

Гасцей з Бацькаўшчыны запрасіла Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Петразаводска “Белая Русь”, якой кіруе Святлана Барташэвіч. У складзе дэлегацыі на чале з намеснікам Міністра культуры Васілём Чэрнікам былі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі, фальклорна-этнаграфічны гурт “Неруш” БДУ, фолк-шоу-балет “Альянс” Бабруйскай дзяржаўнай школы-каледжа мастацтваў, інструментальны дуэт Гродзенскай аблфілармоніі ды фальклорны сямейны дуэт з Рэчыцы. Як паведамляецца на сайце Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі, ад ФНКА ў Карэліі пабывала намесніца старшыні па працы з рэгіёнамі Тамара Яшына.

Тры дні былі госці ў Карэліі. Гаспадары паказалі суродзічам славутасці краю, месцы кампактнага пражывання беларусаў. Абмяркоўвалі, як далей разам працаваць на карысць беларускай культуры. Прайшлі сустрэчы з Міністрам па пытаннях нацыянальнай палітыкі, сувязях з грамадскімі ды рэлігійнымі аб’яднаннямі Андрэем Маніным і намесніцай Міністра культуры Рэспублікі Карэлія Ганнай Томчык. Творчая група дэлегацыі правяла яркія канцэрты-фестывалі “Дажынкі” ды “Беларускі гасцінец”. Дарэчы, гасцінцам у беларусаў называюць і добрую дарогу, і падарунак, прывезены падарожнікам. Канцэртную пляцоўку беларусаў, павільёны беларускіх рамеснікаў на гарадскім сямейным свяце наведаў кіраўнік Рэспублікі Карэлія Аляксандр Худзілайнен.

Даведка ГР. Першы з’езд беларусаў Карэліі прайшоў год таму, яго вынікам стала стварэнне НКА “Белая Русь”. Цяпер у Рэспубліцы Карэлія жыве звыш 23 тысяч беларусаў.

Іван Іванаў, «Голас Радзімы»