Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Нацыянальнай трагедыі – 60"

Леанід Лыч

"Нацыянальнай трагедыі – 60"
 



У гісторыі беларускага народа нямала крутых, пераломных, ключавых падзей. І практычна кожная з іх заканчвалася вынішчэннем або ўцёкамі ў чужыя краіны немалой колькасці самых выбітных асобаў. У даволі масавых маштабах гэта назіралася падчас паўстання 1794 года на чале з Тадэвушам Касцюшкам, вайны французскага імператара Напалеона з Расіяй 1812 года, нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг., Першай сусветнай вайны 1914–1918 гг, рэв

 

алюцыйных падзей 1917 г. і грамадзянскай вайны. Рэкорд жа па вымушаных уцёках беларусаў за межы роднай Бацькаўшчыны ўстанавіла Другая сусветная вайна. Прычым, гэты рух пачаўся ўжо на першым месяцы яе, калі Чырвоная армія ў верасні 1939 г. увайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая ў той час “з вялікай ласкі Масквы” знаходзілася ў складзе Польшчы.

Грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы нацыянальнай арыентацыі з “усходніх крэсаў” добра ведалі, як жорстка рэпрэсіўныя службы Савецкай Беларусі распраўляліся з іх аднадумцамі, таму, каб ухіліцца ад зусім верагоднай кары, многія падаліся хто куды. Некаторыя нават у логава самога фашызму – Германію. Там жа апынулася і нямала беларусаў, што ваявалі на баку палякаў і ў колькасці 70 тысяч чалавек (!) трапілі ў нямецкі палон. Аднак пік вымушанай эміграцыі прыпаў не на пачатак, а на апошні год Другой сусветнай вайны, калі Радзіму пакінула вялікая колькасць беларусаў. І да сённяшняга дня прынята называць іх здраднікамі, заклятымі ворагамі беларускага народа. Асабліва любілі і любяць у нас раскідвацца такімі ярлыкамі падчас святкавання юбілеяў перамогі над фашызмам. Па розных прычынах не пажадалі вярнуцца да хаты і прымусова вывезеныя на працу ў Нямеччыну, і ваеннапалонныя, а таксама асобы беларускай нацыянальнасці, што служылі ў польскім войску, якое разам з саюзнікамі ўдзельнічала ў многіх баях з ворагам.

Было б недаравальнай памылкай, вялікім здзекам з памяці загінуўшых у гады акупацыі людзей адмаўляць адсутнасць у той агромістай масе ўцекачоў на захад сапраўдных злачынцаў перад уласным народам. Іх жа нямала служыла ў паліцэйскіх фармаваннях, створаных акупантамі дзеля барацьбы з партызанамі і падпольшчыкамі. У выніку загінула шмат з тых, хто не жадаў падпарадкавацца новым гаспадарам, заставаўся адданым сацыялістычны ідэалам. Вялікія ахвяры неслі і паліцэйскія аддзелы. Словам, дзеці адной маці – беларусы бязлітасна лупілі адзін аднаго, вялі сапраўдную грамадзянскую вайну. Гэта велізарная трагедыя. І бязвіннай ахвярай яе беларусы сталі па віне двух самых магутных у свеце таталітарных рэжымаў: фашысцкага ў Берліне і савецкага ў Маскве. Генеральнай жа рэпетыцыяй такой трагедыі ў СССР з’явіліся масавыя фізічныя рэпрэсіі 30-х гадоў, калі не знешні вораг, а хвалёныя чэкісты ва ўпор расстрэльвалі сваіх бязвінных суграмадзян. Вось тут і разбярыся, хто большы вораг беларускага народа: такія чэкісты ці паліцэйскія, ад рук якіх гінулі сем’і падпольшчыкаў і партызан? Вельмі цяжка тут быць суддзёй. І яшчэ раз паўтаруся: ва ўсім гэтым вінаватыя не самі беларусы, а тыя ўлады, што панавалі над імі. Калі б падчас вайны Германіі з СССР Беларусь знаходзілася ў геаграфічных каардынатах Башкірыі, Чувашыі ці іншых аддаленых ад яго заходняй дзяржаўнай мяжы нацыянальных рэспублік, у нас не было б ні партызанаў і падпольшчыкаў, ні паліцэйскіх, не вялася паміж імі братазабойчая вайна, не было б каму ўцякаць на захад напярэдадні выгнання акупантаў.

Уцякалі ж туды не толькі ўзброеныя беларускія паліцэйскія, вайсковыя фармаванні, але і зусім цывільныя і часта вельмі адукаваныя людзі, што працавалі ў створаных акупантамі арганізацыях і ўстановах, у тым ліку навучальных, культурна-асветных, медыцынскіх. Прычым уцякалі ў бяспечныя месцы разам з членамі сваіх сем’яў.

У кагосьці можа скласціся меркаванне, што ўцёкі на захад асобаў такіх высакародных прафесій, як пісьменнікі, педагогі, навукоўцы, лекары з’яўляліся зусім неабдуманымі ўчынкамі, бо савецкая ўлада не карала б іх за працу ў адчыненых з дазволу акупантаў арганізацыях і ўстановах. Можа якая-небудзь улада і сапраўды не звярнула б увагі на такое супрацоўніцтва, але толькі не савецкая. Вось тыповы прыклад. Не пакінула яна ў спакоі Самсона Пярловіча з Наваградчыны, які ў 1941—1943 гг. настаўнічаў, а затым быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. З 1947 па 1956 год яго жыццё працягвалася ў канцлагерах Комі АССР, Казахстана, Караганды. Затое, ад такіх несправядлівых здзекаў выратаваў сам сябе Анатоль Бярозка, які пры акупантах працаваў лекарам у Баранавічах. Да прыходу Чырвонай Арміі пакінуў гэты горад і, жывучы ў эміграцыі, не зведаў, што ёсць такое савецкі ГУЛАГ. Акрамя лекарскай практыкі ў ЗША, займаўся літаратурнай дзейнасцю, прычым у роднай беларускай мове. Сёлета ў Мінску выйшла яго кніга “Выбранае”.

Да ўступлення ў Мінск Чырвонай арміі пакінуў родныя сцены Сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. І меў на гэта рацыю, бо руская праваслаўная царква ў Маскве ніколі не даравала б яму за самавольны выхад з-пад юрысдыкцыі Маскоўскай патрыярхіі.
Амаль у поўным сваім складзе рушыла на захад кіраўніцтва Беларускай Цэнтральнай Рады, Генеральнага штаба Саюза Беларускай Моладзі, Беларускай Краёвай Абароны.

Пералічаныя вышэй арганізацыі і ўстановы прынята характарызаваць як структуры, варожыя нашаму народу. Варта заўважыць, што яшчэ ніводны акупацыйны рэжым не абыходзіўся без стварэння патрэбных яму органаў улады і кіравання з самым шырокім прыцягненнем да працы ў іх мясцовага цывільнага насельніцтва. Так было, напрыклад, падчас паходу Напалеона ў 1812 годзе на Маскву, у гады Першай сусветнай вайны.

Розныя прычыны вялі беларусаў да супрацоўніцтва з фашысцкімі акупацыйнымі ўладамі, але галоўная ўсё ж – вялікая нянавісць да савецкага таталітарнага рэжыму, які столькі бязвіннае крыві праліў і на Беларусі ў ходзе будавання сацыялізму. Зараз многія з тых, каго ў той ці іншай ступені закранулі сталінскія рэпрэсіі, разлічвалі, што з усталяваннем “новага парадку” на Беларусі ім больш не будзе пагражаць расправа з боку савецкіх спецслужбаў. Пра такія настроі добра ведалі акупанты і пастараліся максімальна выкарыстаць іх пры фармаванні цывільных органаў мясцовага самакіравання. Часта з-за неабходнасці мець хоць які-небудзь заробак жаданне працаваць у іх выказвалі і асобы, якіх не закранулі бальшавіцкія масавыя рэпрэсіі, і нават тыя, хто лаяльна ставіўся да савецкай рэчаіснасці. А былі і такія, прычым не ў малой колькасці, што ішлі на службу да акупантаў з мэтай хоць трохі нейтралізаваць, аслабіць іх злачынную дзейнасць у дачыненні да беларускага народа. Гэтая гульня з ворагам на вастрыні ляза каштавала жыцця даволі вялікай колькасці неабыякавых да лёсу Бацькаўшчыны людзей. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, і іх прынята ў нас называць ворагамі беларускага народа.

А цяпер давайце паспрабуем спраектаваць сітуацыю так: у акупаванай Беларусі ўсе так моцна, шчыра любілі савецкі лад жыцця, што новым гаспадарам не ўдалося знайсці сярод іх людзей, якімі можна было б укамплектаваць установы мясцовых органаў улады. Заставалася б толькі такое выйсце: запрашаць у іх на працу прадстаўнікоў іншых народаў, прычым, не толькі суседніх. Не думаецца, што Беларусь ад гэтага нешта выйграла б. Вядома ж, да прыкладу, што з-за празмернай адміністрацыйна-палітычнай пасіўнасці беларусаў на іх сумежных з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй землях вельмі хутка стаў усталёўвацца характэрны для народаў гэтых краін лад жыцця, асабліва ў сферы адукацыі. І самае страшнае: на гэтых землях беларусы не мелі магчымасці вучыць дзяцей на іх роднай мове, што непазбежна вяло да культурна-моўнай асіміляцыі маладой змены нашага народа. У найбольшай ступені гэта пагражала насельніцтву тых беларускіх земляў, што былі аднесены да правінцыі Усходняя Прусія. На іх знаходзіліся гарады з багатымі беларускімі нацыянальна-культурнымі традыцыямі: Гродна, Беласток, Ваўкавыск і інш. На гэтай этнічнай тэрыторыі Беларусі яе грамадскае і культурнае жыццё пачалі будаваць толькі паводле нямецкіх стандартаў, што немінуча вяло да яго асіміляцыі. Калі дзесьці і працавалі на роднай мове дзяцей невялічкія школкі, дык толькі патаемна.

Становішча стала мяняцца да лепшага на ўсім акупацыйным абшары толькі тады, калі ў мясцовыя органы ўлады і кіравання прыйшла дастатковая колькасць нацыянальна-самасвядомых беларусаў. Цаной вялікіх намаганняў ім удалося ў многіх месцах паставіць народную сістэму адукацыі на нацыянальны грунт. Называць такіх людзей ворагамі беларускага народа не толькі не справядліва, але і злачынна. І многія з іх вельмі разумна зрабілі, што да прыходу Чырвонай арміі ў Беларусь пакінулі яе і ўжо ў чужых краінах прадоўжылі ўзгадоўваць дзяцей нашых эмігрантаў на іх прыродных культурна-моўных традыцыях, якія нядужа шанаваліся ў нас у першыя пасляваенныя гады.

А якіх ж лёс чакаў тых, хто паспадзяваўся на літасць бальшавіцкага палітычнага рэжыму? Самы трагічны, што сёння многім вядома з надрукаваных крыніц. Ён нават не абмінуў малалетніх дзяцей з тых сем’яў, бацькі якіх “заплямілі сябе” службай з акупантамі. Калі надышоў час такім дзецям вучыцца ў ВНУ, ім усяляк перашкаджалі здзейсніць сваю мару. Цалкам быў зачынены ім доступ у ваенныя вучылішча, якія традыцыйна карыстаюцца вялікай прэстыжнасцю ў беларускіх юнакоў.

У колішнім СССР, а зараз у шэрагу іншых краін, існуе нямала крытэрыяў, паводле якіх тую ці іншую асобу альбо групу людзей адносяць да катэгорыі ворагаў уласнага народа. Часцей за ўсё пад такое суровае азначэнне трапляюць тыя, што выступаюць супраць палітычнай незалежнасці краіны, хто гатоў дзеля сваіх асабістых ці групавых інтарэсаў здаць яе нацыянальны суверэнітэт іншай дзяржаве. Ідучы на супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам нацыянальна-палітычныя дзеячы Беларусі ўсё ж не гублялі надзеі штосьці вырваць у яго дзеля дасягнення пэўных правоў у арганізацыі самастойнага мясцовага адміністрацыйнага кіравання. Яны ж ведалі, што, зыходзячы з пэўных стратэгічных мэтаў, Германія ў розныя гады паспрыяла не аднаму народу ўтварыць уласную незалежную дзяржаву. Не маглі такі варыянт цалкам праігнараваць і беларускія нацыянальна-патрыятычныя колы, інтэграваныя ў варожыя ўладавыя структуры. І калі вынікі сталіся не такімі, як хацелася, дык у гэтым вінаваты толькі акупацыйны парадак.

Сваю вялікую, шчырую прыхільнасць да ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасці гэтыя дзеячы пераканаўча прадэманстравалі падчас правядзення 27 чэрвеня 1944 года ў Мінску Другога Усебеларускага Кангрэса, у працы якога ўдзельнічала 1089 дэлегатаў. Сярод іх былі і прадстаўнікі ад беларусаў Смаленскага, Чарнігаўскага і Арлоўскага акругоў, Польшчы, Літвы, Латвіі і інш. Думку ўдзельнікаў Кангрэса датычна нацыянальнага суверэнітэту выклаў сябра Беларускай Цэнтральнай Рады Аўген Калубовіч у сваім рэфераце “Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах”. Востра крытыкаваўся на Кангрэсе і ўрад Польшчы за яго антыбеларускі курс, таму ў аднагалосна прынятай Рэзалюцыі беларускі народ заклікаўся “змагацца са зброяй у руках супраць сваіх векавечных ворагаў” і выказвалася цвёрдая ўпэўненасць: “Што б не здарылася на сьвеце, але ў нашай барацьбе з бальшавізмам мы пераможам і будзем вольнымі”. Як бачым, сёе-тое з абвешчанага, хоць і з вялікім спазненнем, аднак спраўдзілася. Да барацьбы ж з уласным народам ніхто не заклікаў з удзельнікаў Кангрэса.

Беларускія палітычныя дзеячы на падведамнай акупантам тэрыторыі былі зацятымі ворагамі той часткі нашага народа, якая належала да бальшавіцкай дзяржаўна-партыйнай эліты, моцна запляміла сябе масавымі фізічнымі рэпрэсіямі над нявіннымі людзьмі. Многія з гэтых дзеячаў гатовыя былі аддаць сваё жыццё, каб толькі не дапусціць аднаўлення на Беларусі сталінскай таталітарнай сістэмы кіравання грамадствам. Невыпадкова бурнымі апладысментамі адказалі прысутныя на Кангрэсе, калі пачулі з даклада А. Калубовіча словы: “Няхай жа памяць крывавага бальшавіцкага панавання ў нашым краі зарасце чартапалохам і крапівою”.

Да ганебнай катэгорыі “ворагі народа” правамерна адносяць людзей, якія ў цяжкую часіну для яго займаюцца фінансава-эканамічным рабаўніцтвам, набіваюць мяхі накрадзенымі з дзяржаўнай казны грашыма і затым да канца жыцця не зведваюць аніякіх праблем у задавальненні сваіх сацыяльных запатрабаванняў. Нічога падобнага не назіралася за ўцекачамі 1944 года. У чужыя краіны рухаліся з пустымі партаманетамі і шмат напакутаваліся, пакуль выбіліся на прыстойнае жыццё. Многія нават з вышэйшай адукацыяй працавалі ў краінах самавыгнання ў якасці чарнарабочых.

Беспадстаўнасць прышыўкі ярлыка “вораг беларускага народа” да нашых уцекачоў на захад найперш за ўсё вынікае з іх невычэрпнай любові да роднай Бацькаўшчыны. Гэтае бясконца дарагое і любае ім слова яны заўсёды пісалі з вялікай літары і зрабілі неацэнны ўклад дзеля таго, каб жыла і перамагала беларуская справа. З поўнай падставай сцвярджаць такое дазваляе стаўленне беларускай эміграцыі першых пасляваенных гадоў да ўзгадавання сваёй змены. Яно было ў вышэйшай ступені нацыянальна-патрыятычным: іх выхоўвалі і навучалі ў сапраўдным беларускім духу, у поўнай згодзе з нацыянальнай гісторыяй, прыроднымі культурна-моўнымі нормамі. У сусветнай практыцы даўно прынята вызначаць ступень адпаведнасці палітыкі дзяржавы інтарэсам свайго тытульнага народа па тым, якую гісторыю выкладаюць яго дзецям, якія культурна-моўныя каштоўнасці ляжаць у аснове педагагічнага працэсу ўсіх тыпаў навучальных устаноў. І хаця гэтыя разумныя педагагічныя прынцыпы ў нас з канца ХVІІ ст. і да Другой сусветнай вайны, за выключэннем некалькіх гадоў міжваеннай беларусізацыі, груба ігнараваліся, а таму адсутнічала практыка сапраўднага нацыянальнага ўзгадавання маладой змены, усё ж яно стала асноўным патрабаваннем пры стварэнні школ для дзяцей беларускіх уцекачоў. Яшчэ працягвалася вайна , а Пададдзел школьніцтва Аддзела культуры і прапаганды Беларускай Цэнтральнай Рады заснаваў у Нямеччыне да пачатку снежня 1944 года (!) 11 беларускіх пачатковых школ, да якіх у студзені наступнага года дадалося яшчэ 6 такіх устаноў. Істотна актывізавалася дзейнасць па развіцці беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы пасля капітуляцыі фашысцкага рэйху. У снежні 1945 года распачаліся заняткі ў першай на тэрыторыі Нямеччыны беларускай гімназіі (Баварыя), якой у красавіку 1947 года надалі імя слыннага сына беларускага народа Янкі Купалы. Такога тыпу беларускамоўныя навучальныя ўстановы функцыянавалі і ў іншых кутках Еўропы, дзе атабарыліся нашыя адарваныя ад бацькоўскай зямлі суродзічы. З іх дзецьмі працавалі дзесяткі таленавітых беларускіх педагогаў, у тым ліку малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч (літаратурны псеўданім Анатоль Галіна). Спецыяльна для навучальных устаноў беларускай дыяспары ім да пачатку 50-х гадоў было напісана і выдадзена каля дзесятка падручнікаў. Такімі выпускнікамі беларускай нацыянальнай школы першых гадоў пасляваеннай эміграцыі, як Янка Жучка, Янка Запруднік, Вітаўт і Зора Кіпелі, Ала і Галіна Орсы, Павел Урбан... могуць ганарыцца не толькі наша дыяспара, але і ўся краіна. І, несумненна, такія выдатныя, добра вядомыя ў эміграцыі і ў нас асобы не сфармаваліся самі па сабе. Гэта плён па-сапраўднаму беларускай нацыянальнай адукацыі, якая, як мы бачым, у стане многае зробіць нават і па-за межамі роднай Бацькаўшчыны. Хацелася, каб пра гэта памяталі сённяшнія беларускія эмігранты, якія цэлымі касякамі пакідаюць яе ў такі адказны час, ахвяруючы агульнанацыянальным інтарэсам дзеля асабістага. Зусім іншай матывацыяй на выезд за мяжу кіраваліся ўлетку 1944 года.

Абавязвае быць архіасцярожным ва ўжыванні тэрміна “ворагі беларускага народа”да ўсіх ці пераважна да ўсіх супрацоўнікаў з акупацыйным рэжымам за іх паважлівае стаўленне да роднай мовы карэннага насельніцтва нашага краю. Не жадаючы быць апошнім аб’ектам анямечвання, яны зрабілі проста немагчымае ў экстрэмальных варунках “новага парадку”, каб беларуская мова заняла належнае месца ва ўсіх асяродках грамадскага жыцця. Уражвае і такі факт, калі адбываўся напярэдадні прыходу ў Мінск Чырвонай арміі Другі Усебеларускі Кангрэс, калі ў такой страшэннай паніцы знаходзіліся лезь не ўсе, хто прычыніўся да супрацоўніцтва з фашыстамі, з яго ўдзельнікаў ніхто падчас выступленняў не гутарыў па-нямецку, а карыстаўся толькі родным беларускім словам. З ім жа не развітваліся ў сваім асяроддзі і ў гады эміграцыі, што, на вялікі жаль, не стала правілам для пасляваеннай і сучаснай Беларусі. Куды б ні закінуў няўдзячны лёс нашых ізгояў, яны ўсімі сваімі ўчынкамі імкнуліся самасцвярджацца ў беларускасці. І калі некаторым з іх пашчасціла наведаць дарагую Бацькаўшчыну падчас правядзення ў ліпені 1993 года ў Мінску Першага з’езда беларусаў свету, яны прыехалі сюды з жывым, сакавітым родным словам, чым прыемна здзівілі многіх жыхароў метраполіі, бо тут панавала не прыродная для яе мова, а занесеная звонку руская. Вось тут і разбярыся, хто бліжэй да беларускасці: уцекачы 1944 года ці той, хто ўвесь пасляваенны час жыў у адпаведнасці з сацыялістычнымі ідэаламі, быў пасіўным ці актыўным саўдзельнікам у фармаванні ў СССР бяскласавага і безнацыянальнага камуністычнага грамадства, цураўся роднай беларускай мовы.

Бясспрэчна, такія пачварныя з’явы ў нашай айчыннай гісторыі, як масавыя фізічныя рэпрэсіі 30-х гадоў, братазабойчыя паліцэйска-партызанскія сутычкі, забойствы, паліцэйскімі партызанскіх сем’яў, а партызанамі – паліцэйскіх сем’яў, не мелі і не могуць мець апраўдання, хаця многія ўдзельнікі такіх злачынных акцый не па добрай волі, а ў выніку пэўнага збегу абставін прыкладвалі рукі да зброі. Галоўныя ж віноўнікі гэтага зверства – бальшавіцкая і фашысцкая таталітарныя палітычныя сістэмы. Без іх непасрэднага ўдзелу ніколі беларусы не паднялі б рукі адзін на аднаго. Таму трэба адвыкаць ад навязанага нам камуністычнымі ідэолагамі погляду на пасляваенных эмігрантаў, як на ворагаў беларускага народа. Нікому так часта не чаплялі гэты ярлык, як абранаму ў снежні 1943 года на пасаду Прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады (у асноўным дарадчай па сваёй дзейнасці) Радаславу Астроўскаму. Многа дзе даводзілася чытаць, што гэты закаранелы калабарант нібыта гарэў нястрыманым жаданнем дапамагчы фашысцкім уладам ледзь не пагалоўна знішчыць увесь беларускі народ, а астатнюю частку яго аддаць у вечнае нямецкае рабства. Згадзіцца з такім суровым абвінавачваннем не даюць многія факты з біяграфіі Р. Астроўскага: родам са Случчыны (1887–1976). За ўдзел у рэвалюцыі 1905–1907 гадоў выключаны са Слуцкай гімназіі. У лютым 1911 года асудзілі за рэвалюцыйную дзейнасць і засадзілі ў Пецярбургскую турму. Меў вышэйшую адукацыю, у 1915–1917 гг. выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце, у верасні 1917 года стаў першым дырэктарам беларускай гімназіі ў Слуцку, дэлегат Усебеларускага з’езда ў Мінску (снежань 1917 г.), удзельнік Слуцкага паўстання (1920 г.), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924–1936 гг.), супрацоўнічаў з ЦК КП(б)Б і КПЗБ, віцэ-старшыня ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня Таварыства беларускай школы. У час нямецкай акупацыі з’яўляўся бургамістрам Смаленска, Бранска, Магілёва. Яму належала ідэя стварэння цэнтральнага органа самакіравання на Беларусі, дзеля чаго прыклаў шмат намаганняў. Таму не дзіва, калі такі орган узнік, узначаліць яго даверылі Р. Астроўскаму. Галоўнай функцыяй Беларускай Цэнтральнай Рады прызнавалася змаганне з бальшавізмам. Якіх-небудзь рэпрэсіўных акцый супраць беларускага народа яна не ўчыніла, таму і Р. Астроўскага, і ўсіх супрацоўнікаў кіраўніцтва БЦР, у прыватнасці, першага віцэ-прэзідэнта М. Шкялёнка, другога віцэ-прэзідэнта Ю. Сабалеўскага, кіраўніка вайсковай справы Ф. Кушаля, фінансаў – С. Кандыбовіча, справамі культуры – А. Калубовіча, юрыдычнымі і рэлігійнымі – П. Свірыда, школьнымі – А. Скурата, прафесійнымі – С. Стаськевіча, сельскай гаспадаркі – П. Орсы і іншых несправядліва называюць ворагамі беларускага народа. Ва ўсіх заваяваных Германіяй краінах асобы за такое супрацоўніцтва з акупантамі не панеслі сур’ёзнай кары. Не абмінула яна толькі тых, хто меў прамое дачыненне да фізічнага знішчэння змагароў з акупацыйным рэжымам.

Савецкая ўлада не зняла ганебнага ярлыка “ворага беларускага народа” і з нашага другога добра вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, навукоўца, педагога Яўхіма Кіпеля (1895–1969). З гэтай плямай адышоў і на той свет. Зразумела, падставы меліся ва ўлады так сурова ставіцца да гэтага шчыра адданага беларускай нацыянальнай ідэі чалавека. Як-ніяк ён жа з’яўляўся прэзідэнтам Другога Усебеларускага Кангрэса і правёў яго паседжанні на належным узроўні. У сваім выступленні выказаў рашучы пратэст, што “ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія заправілы”, што “яны там вызначаюць апекуноў, якія ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу”. А вось што гэты чалавек праславіўся ў 1919–1920 гадах у баях на савецка-польскім фронце, плённа працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, розных тыпах навучальных устаноў, Інстытуце беларускай культуры і скрозь няўхільна зыходзіў з нацыянальных інтарэсаў Бацькаўшчыны, камуністычныя ідэолагі ніяк не жадалі ўзяць пад увагу. Што Я. Кіпель быў не ворагам, а сапраўдным змагаром за светлыя ідэалы беларускага народа, можа сведчыць узгадаванне ў яго сям’і аднаго з самых слынных на сёння прадстаўнікоў нашай дыяспары Вітаўта Кіпеля. Няма аніводнай колькі-небудзь важнай акцыі беларусаў свету, у якой ён не прымаў бы самага актыўнага ўдзелу. Яго змястоўныя публікацыі па гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША добра вядомыя шырокаму колу чытачоў нашай краіны і замежжа.

Масавы выезд на захад грамадска-палітычных дзеячаў Беларусі, што супрацоўнічалі з акупантамі, з усіх пунктаў гледжання цалкам абгрунтаванае рашэнне. Захаванне імі ў выніку такой акцыі жыцця дазволіла выкарыстаць свой багаты палітычны вопыт у ладаванні жыцця беларускай дыяспары на яе прыроднай культурна-моўнай аснове. Вельмі разумна і абдумана зрабілі, не пажадаўшы застацца на вызваленай ад акупантаў тэрыторыі, асобы, што з іх дазволу нешта карыснае рабілі для беларускай нацыянальнай культуры. Гэты ўчастак дзейнасці творчых людзей надзвычай важны не толькі ў мірны, але і ў ваенны час, бо нельга, каб народ быў пазбаўлены магчымасці будаваць духоўнае жыццё паводле ўласных стандартаў. Адступішся ад іх, так і глядзі, трапіш у кабалу асіміляцыі, а такую з’яву ніколі не забывалі акупанты і як толькі маглі ўкаранялі, шырылі сваю культуру на заваяваных землях. Была ж яна адной з развітых у Еўропе. У падобных умовах мастацкая інтэлігенцыя Беларусі не мела права бяздзейнічаць, дзякуючы часу і дасягнула пэўных творчых набыткаў. З друку выйшаў шэраг новых літаратурных твораў самых розных жанраў. На дзіва, гэтыя цяжкія гады былі досыць плённымі для паэткі Наталлі Арсенневай, якая жыла ў Мінску і супрацоўнічала з “Беларускай газетай”. Заклапочаная зусім верагоднай германізацыяй у недалёкай перспектыве беларускага народа, яна заклікае вучыць яго трымацца, шанаваць свае духоўныя традыцыі. У напісаным у 1942 годзе вершы “Жыве Беларусь” яна нібыта ў дакор тым, хто пры сустрэчы з сябрамі любіў адно два словы ўставіць і з чужой нямецкай мовы, сцвярджае:

Мова наша –
выкутая з золата –
не йржавее,
блішчыць,
зіхаціць.
Гэта мова паэтаў і волатаў,
скарб, які нас трымаў пры жыцці.

І вось гэтая адданая беларускаму слову патрыётка вымушана была пакінуць зямлю.

Такі шлях выбралі для сабе добра вядомыя ад даваеннага часу кампазітары Мікалай Равенскі (у гады акупацыі служыў рэгентам царкоўнага хору ў Чэрвені, напісаў музыку на верш Максіма Багдановіча “Пагоня”), Мікалай Шчаглоў (Куліковіч), які ў час акупацыі ўзначальваў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртавання, напісаў на лібрэта Н. Арсенневай оперы “Лясное возера” і “Усяслаў Чарадзей” (пастаўлены адпаведна ў 1942 і 1943 гадах). Амаль у поўным сваім складзе рушыў на захад калектыў Мінскага гарадскога тэатра, у якім было нямала таленавітых оперных і драматычных артыстаў.

Вайна выгнала з Беларусі не адзін дзесятак тысяч людзей цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, якіх так нам неставала з пераходам да мірнага жыцця. Вось чаму яго аднаўляць, нанова будаваць часта даводзілася без уліку нацыянальнага інтарэсу і людзям не нашага краю, зусім не інтэграваных у яго нацыянальна-культурныя традыцыі. Многіх, зведаных у пасляваенныя гады страт мы не мелі б, каб на Бацькаўшчыне можна было спакойна жыць тым, хто з болем у сэрцы кінуў яе ўлетку 1994 года. Тое масавае самавыгнанне з бацькоўскай зямлі яе сыноў і дачок іншымі словамі нельга назваць як нацыянальнай трагедыяй. Бясспрэчна, сярод іх былі і тыя, што стралялі па партызанах, знішчалі членаў іх сямей. Але такіх уцекачоў наўрад ці было больш за тых, хто ў Курапатах і падобных ім месцах расстрэльваў беларускіх нацыянальных патрыётаў і з прыходам Савецкай арміі адчуў сябе зноў паўнаўладным гаспадаром. Не можа быць аніякіх сумненняў у тым, што не паліцэйскія, а беларуская нацыянальная эліта пераважала сярод уцекачоў. У іх складзе былі і грамадска-палітычныя дзеячы, якія ўжо ў першыя два дзесяцігоддзя ХХ ст. паспелі здзейсніць важкі ўклад у справу беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Шмат было і тых, хто ў міжваенны перыяд актыўна змагаўся за беларускія ідэалы на “ўсходніх крэсах” Польшчы. Усе яны без выключэння адносіліся да актыўных і свядомых носьбітаў беларускіх нацыянальна-культурных і моўных традыцый. Такія людзі не толькі сёння, але і ў той час складалі залаты фонд беларускага народа, бо менавіта яны забяспечваюць апошняму ўстойлівае самабытнае этнакультурнае развіццё, не даюць стаць ахвярай любой формы асіміляцыі. Калі б тыя, з багатым беларускім гартам самавыгнанцы заставаліся на Бацькаўшчыне, несумненна, магло б зусім інакш адбывацца яе духоўнае жыццё, уся нашая інтэлігенцыя не аказалася б такой бяззубай і бесхрыбетнай перад дзевятым валам пасляваеннай русіфікацыі. Знешне можа падацца нейкім парадоксам, што самыя інтэграваныя ў сваю прыродную духоўную спадчыну інтэлігенты не дазволілі сабе застацца на бацькоўскай зямлі і стрымгалоў уцякалі на захад. Аднак гэта ва ўсіх дачыненнях быў вельмі ўзважаны, правільны крок. Тагачаснае беларускае грамадства, будучы страшэнна расколатым паводле сацыяльна-класавых, палітычных і ідэалагічных прынцыпаў, не знайшло б у сябе здольнасці разабрацца, чаму такая значная колькасць людзей супрацоўнічала з акупацыйным рэжымам і без усялякай скідкі патрабавала б ад партыйных і савецкіх органаў судовага пакарання іх. Дзе-нідзе маглі б і чыніць самасуд над прыслужнікамі фашысцкага рэйху, ведаючы, што савецкая ўлада не ўжыве супраць такой расправы аніякіх санкцый. Таму пасляакупацыйную хвалю эміграцыі трэба разглядаць як заканамерную з’яву, правільны крок, бо такім чынам удалося выратаваць ад немінучай смерці велізарны пласт беларускай нацыянальна-самасвядомай інтэлігенцыі. Пішу так таму, што жывучы ў пасляваенны час у розных краінах планеты Зямля, яна не растварылася ў іншародным асяроддзі і ў іншых экстрэмальных умовах шмат чаго карыснага зрабіла для дарагой і любімай Бацькаўшчыны. Калі ў вызваленай ад нямецкіх акупантаў Беларусі пераважная большасць палітыкаў і інтэлігенцыі пакорліва ставілася да працягу распачатага тут яшчэ перад вайной планамернага распаўсюджвання рускіх стандартаў ва ўсіх сферах духоўнай дзейнасці, самавыгнанцы незалежна ад краіны пражывання імкнуліся трымацца свайго. У Нямеччыне ці Францыі, Бельгіі ці Аўстрыі яны стваралі свае школы на роднай мове дзяцей, на ёй жа выдавалі газеты, часопісы, літаратуру, скрозь ужывалі яе ў міжасобасных зносінах. Многія самавыгнанцы няўхільна трымаліся такога правіла да канца свайго жыцця і моцна прышчапілі беларускасць сваёй змене.

З прычыны вымушанай масавай эміграцыі вызваленая ад ворага Беларусь недалічвалася тысяч так патрэбных ёй таленавітых, шчыра адданых нацыянальнай ідэі творцаў. Для паўнавартаснай замены такіх уцекачоў не мелася аніякіх магчымасцяў. І гэта галоўным чынам вялікія страты нацыянальна-самасвядомых людзей падчас масавых рэпрэсій 30-х гадоў. Такія людзі менш за ўсё думалі пра захаванне ўласнага жыцця і тады, калі Бацькаўшчына апынулася пад нямецкай акупацыяй. У сваім самаадданым змаганні за выратаванне народа ад любых формаў няволі адны гінулі ад рук знешняга ворага, другія – ад тых, хто стаяў за вяртанне на Беларусь савецкіх парадкаў. Каму з другой катэгорыі змаганцаў удалося ўцалець, яны не маглі заставацца дома, ведаючы, што тут ізноў у абавязковым парадку будзе ўсталёўваецца ненавісны ім савецкі лад жыцця з уласным яму магутным рэпрэсіўным апаратам. У выніку вызваленая ад акупантаў Беларусь, каб і жадала, дык не ў стане была б укамплектаваць за кошт мясцовых рэзерваў не толькі свой дзяржаўна-партыйны апарат, але і такія лёсавызначальныя для народа сферы, як адукацыя і культура. Сюды накіроўвалі людзей зусім не здольных працаваць у поўнай адпаведнасці з нацыянальна-культурнымі і моўнымі стандартамі карэннага насельніцтва.
У палітычным кіраванні рэспублікай нам вельмі не хапала дзяржаўных дзеячаў падобных Мікалаю Абрамчыку (з 1947 па мая 1970 г. прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі), Радаславу Астроўскаму (са снежня 1943 па кастрычніка 1976 г. прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады), якія на службе карысталіся толькі беларускай мовай. Прысланага ж Масквою на пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б і старшыні Савета Народных Камісараў (з 1946 старшыні Савета Міністраў) БССР ураджэнца Краснадарскага краю Панцеляймона Панамарэнку зусім не хвалявала трывожнае нацыянальна-культурнае становішча ў пасляваеннай Рэспубліцы. Аналагічнае можна сказаць і пра яго партыйнага пераемніка з Астраханскай губерні Мікалая Гусарава. За адносна кароткі тэрмін гэтым высокім дзяржаўна-партыйным асобам удалося закласці трывалы рускі падмурак пад нацыянальна-культурнае, моўнае жыццё Беларусі. Пазней, таксама не без удзелу Масквы, на гэтым падмурку не проста расцвіталі, а забуялі рускамоўная адукацыя і рускамоўная культура. І як вынік, зараз пад імі занята куды больш тэрыторыі нашай краіны, чым пад іх беларускамоўнымі адпаведнікамі.

Востры дэфіцыт у пасляваеннай Беларусі адчуваўся на людзей, якія былі б у стане і жадалі б падпарадкаваць яе нацыянальнаму інтарэсу духоўную сферу і, у першую чаргу, народную адукацыю. І тлумачылася гэта ў значнай ступені тым, што на захад падаліся многія са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю таленавітыя майстры педагагічнай справы: Алесь Ваніцкі, Язэп Гладкі, Барыс Кіт, Аўген Калубовіч (Каханоўскі), Міхась Міцкевіч (малодшы брат Якуба Коласа), Аляксандр і Наталля Орсы, Апалёнія і Лявон Савёнкі і іншыя, хто паспеў яшчэ ў перадванны час вызначыцца не толькі кваліфікаванымі спецыялістамі, але і сапраўднымі патрыётамі на ніве народнай адукацыі. У вызваленай жа ад немцаў Беларусі гэтую адказную дзялянку духоўнага жыцця ўзначальвала расіянка Еўдакія Уралава, якая і пальцам не кіўнула, каб спыніць распачатае пры ёй яшчэ перад вайной разбурэнне нацыянальных асноў народнай адукацыі, асабліва ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе.

Зусім не лішнімі былі б у асяроддзі пісьменніцкай інтэлігенцыі тагачаснай Беларусі такія майстры пяра з ліку самавыгнанцаў, як Вінцук Адважны, Наталля Арсеннева, Уладзімір Дудзіцкі, Алесь Змагар, Янка Золак, Хведар Ільяшэвіч, Міхась Кавыль, Уладзімір Клішэвіч, Рыгор Крушына, Алесь Салавей, Масей Сяднёў і іншыя, якія дзякуючы сваёй цвёрдай нацыянальнай пазіцыі, несумненна, сродкамі мастацкай літаратуры больш аб’ектыўна паказвалі б мінулае і тагачаснае жыццё Бацькаўшчыны, чым многія іх калегі з партыйнымі білетамі ў кішэнях.

Прыстойнае месца ў Беларусі пасляваенных гадоў знайшлося б кампазітарам Алесю Карповічу, Міколу Равенскаму, Мікалаю Шчаглову (Куліковічу), дактарам філасофіі Ф. Грышкевічу, Я. Станкевічу, інжынеру-архітэктару І. Касяку, гісторыку Я. Найдзюку, прафесару медыцыны М. Сцяпанаву, тэатральнаму дзеячу В. Селяху і многім іншым работнікам культуры і навукі, якія, ратуючыся ад незаслужанай кары , са слязамі на вачах пакідалі дарагую і любімую Бацькаўшчыну.

Паколькі такую страту таленавітай часткі грамадства нічым нельга было апраўдаць, бальшавіцкія ідэолагі прыдумалі для яе самыя ганебныя мянушкі: “ворагі беларускага народа”, “зброд самазванцаў”, “беларускія буржуазныя нацыяналісты” і г.д. Як найвялікшы здзек, да разраду такіх нацыяналістаў залічалі нават тых, хто паводле свайго сацыяльнага паходжання адносіўся да самых бяднейшых слаёў насельніцтва. Я цалкам выключаю думку, што хтосьці з вышэйзгаданых асобаў гарэў нястрыманым жаданнем дапамагчы акупацыйным уладам пад самы корань фізічна знішчыць беларускі народ з тым, каб ён знік з этнічнай карты свету. Не магу такога дапусціць, зыходзячы з усяго перадэміграцыйнага жыцця кожнага са згаданых вышэй самавыгнанцаў і таго, што імі рабілася на чужыне. Бясспрэчна, хтосьці з іх працаваў на “новы парадак” не толькі дзеля грошаў, лепшага дабрабыту, але і паводле сумлення. Датычыла гэта найперш грамадска-палітычных дзеячаў Беларусі. Але не трэба забывацца, што абсалютную бальшыню такіх асобаў паклікала на службу да акупантаў іх страшная нянавісць да савецкай таталітарнай дзяржаўнай машыны, якая дазволіла сабе фізічнае знішчэнне ў 30-я гады такой велізарнай колькасці і самых элітарных, і самых шараговых людзей. Суды савецкай інквізіцыі з зайздросным спакоем выносілі смяротныя прысуды палітычнай, навуковай, творчай эліце і тым, хто стаяў за станком, ад раніцы да вечара працаваў на калгасных палетках. Калі на нейкі час прыпыніліся сталінскія рэпрэсіі, у “краіне Ільіча” адчувалі пакрыўджанымі імі мільёны людзей. Шмат іх было і на Беларусі. А гэта ж акурат той пласт грамадства, дзе акупанты маглі без асаблівых цяжкасцей адшукаць неабходную ім колькасць памагатых.

Айчынныя гісторыкі і публіцысты, пісьменнікі шмат сваіх прац прысвяцілі партызанскаму руху, гераічным самаахвярным дзеянням падпольшчыкаў, але неабгрунтавана мала сказалі пра тое, што адбывалася на тэрыторыі, насельніцтва якой вымушана было жыць паводле акупацыйных нормаў. Прычым усе падзеі раскрываліся так, як гэта было выгадна для камуністычнай ідэалогіі. Таму шматгадовае асвятленне вайны з фашысцкай Германіяй з прасавецкіх пазіцый не давала магчымасці для яе аб’ектыўнага і поўнага раскрыцця. Па-за рамкамі даследчыкаў заставаліся вельмі многія прынцыпова важныя пытанні. Меў рацыю Васіль Быкаў, калі ў адным з сваіх інтэрв’ю (верасень 1991 г.) заявіў: “Апошняя вайна – гэта не проста 4 гады бойкі, але яна ёсць эпоха ў нашай гісторыі. Праўды, поўнай праўды пра яе яшчэ няма, хаця столькі кніг напісана. Асабліва аб’ектыўна не асветлена барацьба на акупаваных тэрыторыях. На гэтых тэрыторыях была вельмі складаная сітуацыя”. І хоць сказана гэта больш за дзесяць гадоў таму, буйных дасягненняў нам не ўдалося зрабіць дзеля вывучэння той складанай сітуацыі. Датычыць гэта і падзей, што адбываліся ў самыя апошнія дні акупацыі і ў першыя дні пасля выгнання немцаў з беларускай зямлі. Не будзем забывацца, што разам з акупантамі яе пакідалі і тыя, хто ўзгадваўся тут, меў глыбокія спадчынныя карані, з вялікай павагай ставіўся да традыцый сваіх продкаў. Многіх з тых самавыгнанцаў ніяк не параўнаеш з сённяшнімі эмігрантамі, якія ў цяжкі для Бацькаўшчыны час неабдумана кідаюць яе і шукаюць шчасця ў іншых краінах для сябе, а не для народа.

Даводзіцца толькі пашкадаваць, што сучасныя нацыянальна скіраваныя колы беларускага грамадства нічога не зрабілі, каб хоць неяк адзначыць 60-годдзе самай шматлікай у нашай гісторыі палітычнай эміграцыі. А на запланаваныя ж у сувязі з гэтым мерапрыемствы маглі б прыехаць непасрэдныя ўдзельнікі той хвалі эміграцыі і сумесна з жыхарамі метраполіі сур’ёзна паразважаць над тым, што трэба рабіць, каб вывесці з заняпаду яе эканамічнае жыццё, не дапусціць страты дзяржаўнага суверэнітэту, спыніць даведзеную да крайне небяспечнай мяжы русіфікацыю беларускага народа. Не выключана, што да такой гаворкі прыслухаліся б і палітыкі. Сярод іх жа ёсць асобы, якія цвяроза глядзяць на эмігрантаў 1944 года і не бачаць у іх заклятых ворагаў беларускага народа.

Шасцідзесяцігоддзе вызвалення краіны ад гітлераўскай навалы і такое ж “годдзе” пасляваеннай эміграцыі – гэта вялікі тэрмін. Час перастаць дзяліць беларусаў на змагароў “за” і “супраць” савецкай таталітарнай сістэмы. Яна канула ў Лету. Беларусь – самастойная дзяржава, што было запаветнай марай і тых, хто ўлетку 1944 года пакінуў яе. Значыцца, у самым прынцыпова важным лёсавызначальным пытанні: набыцці ўласнай дзяржаўнасці сышліся жаданні супрацьлеглых сіл перыяду фашысцкай акупацыі на Беларусі. За што змагаліся адзін і другі бакі – спраўдзілася. Зараз адпалі ўсялякія падставы для ўзаемных абвінавачванняў. Такія прыклады не рэдкасць у сусветнай практыцы. Тут дарэчы будзе зазначыць, што пасля выгнання войскаў французскага імператара Напалеона за межы Расіі, цар Аляксандр I прыняў 12 снежня 1812 года маніфест, згодна з якім усім, хто супрацоўнічаў з ворагам, абвяшчаліся “ўселітасцівейшае агульнае і прыватнае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Уласнікам, у якіх незадоўга да маніфеста за падтрымку Напалеона канфіскавалі маёнткі, іх вярнулі.

У падтрымку ідэі змірэння беларусаў, што ў гады акупацыі знаходзіліся па-за рознымі бакамі барыкад, хацеў бы спаслацца на варты пераймання іспанскі вопыт. У гэтай краіне на працягу 1936–1939 гадоў ішла сапраўдная грамадзянская вайна, перамогу ў якой атрымалі прыхільнікі генералісімуса Франка. Прыйшоўшы да ўлады, ён не стаў помсціць сваім праціўнікам рэспубліканцам, а распарадзіўся будаваць мемарыяльны комплекс у памяць усіх іспанцаў, што загінулі ў гэтай грамадзянскай братазабойчай вайне. Можа, і нам, талерантным беларусам, трэба было б адважыцца на такі крок? Ідуць жа размовы пра перазахаванне загінуўшых на беларускай зямлі нямецкіх салдат. І многія пагаджаюцца з такім рашэннем.

Вымушаная масавая летняя эміграцыя 1944 года – гэта не толькі найвялікшае гора для саміх уцекачоў. Гэта яшчэ і найвялікшая нацыянальная трагедыя для беларускага народа ў цэлым. Каб гэтыя людзі не пакінулі сваю дарагую радзіму і мелі магчымасць нармальна жыць і працаваць, нас бы так пад корань не стачыла руская культурна-моўная асіміляцыя, мы не былі б такой бесструктурнай этнічнай масай, якую сёння ўжо няма важкіх падстаў прызнаваць за самастойны народ. Ён у большай ступені спажывае, не без дапамогі дзяржавы, рускія, чым свае, беларускія культурныя каштоўнасці. Дзеля пераадольвання гэтага нічым не апраўданага адыходу ад уласных духоўных традыцый патрэбны аб’яднаныя намаганні беларусаў метраполіі і іх замежных супляменнікаў.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

Падзяліцца: