Бабруйск: расстрэльвалі і ўдзень і ўначы, не саромеліся

1937 год не абмінуў на беларускіх землях ніводнага або амаль ніводнага рэгіёна. Адносна буйныя гарады усе як адзін маюць уласныя мартыралогі, і Бабруйск – не выключэнне. Крочым па гэтым горадзе ў праекце “Будзьма памятаць“.

Краязнаўца і выкладчык з Бабруйску Аляксей Ненадавец у 90-х зрабіў немалую працу, каб даследаваць месцы, дзе канкрэтна ў горадзе на Бярэзіне катавалі людзей, дзе адбыліся растрэлы, па-за горадам ці на месцы. Амаль дакладна – другое. Людзі называлі два месцы: першае – там, дзе цяпер аўташкола.

У трыццатыя там быў будынак, які займаў НКУС. У падвальных памяшканнях менавіта гэтага будынка і трымалі “ворагаў народа”, а у суседнім сутарэнні – расстрэльвалі. Каб стрэлы не былі чутныя, карысталіся старым правераным метадам – заводзілі паблізу аўтамабіль. Трупы вывозілі начамі.

Другое месца, дзе адбываліся расстрэлы, – “вежа Опермана”, дзе тады, як і да рэвалюцыі, знаходзілася гарадская турма. Тут машыны заводзіць не патрабавалася: за тоўстымі сценамі турмы і камер і без таго нічога не было чуваць. Асуджаных “тройкамі”, як распавядаюць, тут расстрэльвалі і ўдзень і ўначы, не саромеліся. Тых, каму “пашанцавала” не быць расстраляным у Бабруйску, везлі ў Магілёў ці Мінск, у сталіцу – у вагонах са станцыі Бярэзіна.

Месца пахавання забітых – не ў горадзе. Называюць два, першае – ля вёскі Яловікі. Вяскоўцы распавядаюць, што ў асноўным прывозілі ўжо забітых. Ёсць сведчанні, што часткова расстрэльвалі тут, трупы скідвалі ў кар’еры з пяском. Праверыць цяпер месца не атрымаецца: усё наваколле займае прамаб’яднанне “Белшына”.

Другое найбольш імавернае месца пахавання ахвяр рэжыму – вайсковыя могілкі непадалёк ад згаданай “вежы Опермана”, раней побач была тэрыторыя Нагорнага ўмацавання Фрыдрыха Вільгельма.

Пра знішчэнне людзей у горадзе, якое працягвалася і напачатку Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў газеце “Бабруйскае жыццё” Віктар Храмкоў. Яшчэ хлопчыкам ён пасвіў карову непадалёк ад Бабруйскай крэпасці і раптам пачуў паблізу стрэлы ды чалавечыя енкі. Спачатку спужаўся, але перасіліў страх і падпоўз бліжэй. Стралялі людзі ў незнаёмай форме, размаўлялі па-руску. З вінтовак і рэвальвераў, па групах з 5–6 чалавек, якія стаялі на краі крапаснога рова. Сярод тых, каго забівалі, былі і людзі і ў цывільным, і ў вайсковай форме. Засыпаць забітых асабліва не імкнуліся, крыху прыкідалі зямлёй. Усяго расстралялі 15–18 чалавек.

Можна сказаць, канечне, што стралялі немцы, якія ўвайшлі ў горад 28 чэрвеня. Але чаму па-руску? Ці расстрэльныя каманды аператыўна стваралі з калабарацыяністаў, якія прыжыліся ў вермахце за некалькі дзён вайны? Брытва Окама заклікае не множыць існасці. І Віктар Пятровіч згадвае, што ў горад немцы ўвайшлі пазней, на танках і машынах, а канцлагер з’явіўся яшчэ пазней. Сумнеўна, што перад сабой яны адправілі ў Бабруйск рускамоўную расстрэльную каманду…

Аляксей Ненадавец разам з Храмковым пабывалі на тым месцы: роў даўно засыпаны, перакапаны, апошні раз – калі пракладалі цеплатрасу…

Пакуль адзіны помнік ахвярам рэпрэсій знаходзіцца на бабруйскай плошчы Перамогі. Ці не варта даследаваць тэму больш глыбока і ўсталяваць памятныя знакі непасрэдна на месцах расстрэлаў?

Тэкст: Дзяніс Пыхалаў (Крыніца: “Памяць”, Бабруйск) Фотаздымкі: Андрэй Лянкевіч