Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Леанід Лыч "Але беларускі народ – двухмоўны"

 Леанід Лыч

"Але беларускі народ – двухмоўны"

Афіцыйнае двухмоўе на Беларусі: рэальнасць ці дысбаланс?
Двухмоўе, шматмоўе – даволі распаўсюджаныя тэрміны ў навуковай і публіцыстычнай літаратуры. Шырока карысталіся імі за савецкім часам, на што былі важкія прычыны: ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках пазіцыю за пазіцыяй заваёўвала руская мова за кошт непазбежнага ў такіх выпадках абмежавання іх нацыянальных моваў. Не радасць, а законную трывогу выклікала гэта ў нацыянальна скіраваных палітычных дзеячаў і інтэлігенцыі. Такія моўныя працэсы вітала толькі кіраўніцтва БССР, тлумачачы вуснамі сваіх шматлікіх ідэолагаў, што гэта забяспечыць нечуваны росквіт яе нацыянальнай культуры.


Асаблівая занепакоенасць у нацыянальнай інтэлігенцыі рэспублік пачала ўзнікаць пасля таго, як руская мова з грамадска-палітычнай, вытворча-эканамічнай сфераў стала паступова пераходзіць і на іх культурную ніву. “Гэта ж ужо непрыхаваная асіміляцыя!” – заяўлялі самыя дальнабачныя і смелыя людзі. Праўда, публічна прызнаць, што яна з’яўляецца цэнтральным звяном нацыянальнай палітыкі КПСС, сфармуляванай у такіх папулярных на той час словах: збліжэнне і зліццё савецкіх нацый і народнасцяў — ніхто не адважваўся.

Каб не дапусціць канфліктаў з-за шырокага пранікнення рускай мовы на тэрыторыю нацыянальных рэспублік, іх народам стараліся ўсяляк данесці пра выключна прагрэсіўнае значэнне двухмоўя як на афіцыйным, такі на міжасобасным узроўнях. Толькі ў пазітыўным плане падавалася выкарыстанне нацыянальнымі аўтарамі рускай мовы пры напісанні твораў мастацкай літаратуры. Пры чым сустракаліся такія гора-тэарэтыкі, якія гэтыя творы адносілі нават да нацыянальнай літаратуры, з чым, вядома, не пагаджаліся людзі з цвярозым розумам. Не падзяляючы згубную нацыянальную палітыку КПСС, грузінскі літаратурны крытык Уладзімір Мачаварыяні ўжо ў 60-ыя годы прыйшоў да цвёрдай высновы, што двухмоўе ўяўляе сабою рэальную пагрозу для існавання нацыянальных моў. Трохі пазней, набыўшы яшчэ большага досведу ў даследванні дадзенай праблемы, ён піша: “Гарманічнае развіццё нашага грамадства не можа весці да двухмоўя ў творчасці. Само двухмоўе ў творчасці – гэта дысгармонія” .

Акрамя шкоды, нічога іншага не бачыў ў літаратурным двухмоўі асецінскі пісьменнік Нафі Джусойты. У той няпросты час у яго хапіла смеласці заявіць, “што нацыянальная літаратура можа існаваць толькі на нацыянальнай мове, што стварэнне нацыянальнай літаратурнай традыцыі на іншанацыянальнай мове – фікцыя.

(...) існаванне нацыянальнай літаратуры толькі тады магчыма, калі яна ствараецца на мове дадзенай нацыі, народа” .

Нешта падобнае на гэтую праблему ў СССР можна было сустрэць і ў творах замежных аўтараў, у прыватнасці ў заходнегерманскага навукоўца Стэнлі Вардэйса, які пісаў: “Сталае прасоўванне рускай мовы служыць растучай пагрозай для нацыянальных моўных культур” .

З дыяметральна процілеглых пазіцый глядзела на двухмоўе бальшыня партыйна-савецкіх работнікаў і інтэлігенцыі Беларусі. Калі ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках у ім бачылі небяспеку для нацыянальных культур, у нас яно лічылася галоўнай перашкодай для франтальнага, якаснага засваення рускай мовы ўсім народам, прычынай захавання ў яго рускамоўнай гаворцы многіх слоў і выразаў з роднай мовы. За ўсё гэта вельмі шмат абвінавачванняў сыпалася на вёску, як прыродны генератар беларускай мовы. З мэтай падрыву беларускамоўных асноў сельскай мясцовасці быў узяты курс на перавод усіх беларускамоўных агульнаадукацыйных школ раённых цэнтраў, старэйшыя класы якіх наведвала і шмат вясковых дзяцей, на рускую мову навучання. Раней такой антынацыянальнай практыкай займаліся толькі ў сталіцы БССР, абласных цэнтрах і самых буйных гарадах. Мэтай падрыву спрадвечнай беларускасці вёскі паслужыў і перавод у 1962 годзе спецыяльна прызначанай для яе газеты “Калгасная праўда” з роднай мовы на рускую.

Ці з жалю, ці па якіх-небудзь іншых прычынах стараліся дапамагчы беларусам знайсці правільнае рашэнне моўнага пытання навукоўцы з іншых рэспублік. Не прамаўчаў і адзін з самых буйных савецкіх спецыялістаў у галіне сацыялінгвістыкі К. Ханазараў (Узбекістан), сфармуляваўшы наступным чынам свой погляд: “Блізкасць рускай, украінскай і беларускай моваў гаворыць не на карысць адмаўлення ад дзвюх апошніх моваў…” . А наш народ з лёгкай рукі кіраўнікоў рэспублікі так актыўна цураўся роднага слова, што меў пахвальбу за гэта ад самога першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова.

Другі апякун беларусаў-псеўдаінтэрнацыяналістаў М. Шытоў крытыкаваў іх разам з татарамі, карэламі, асецінамі за рэзкае скарачэнне школ на роднай мове, бо, відаць, як і многія іншыя навукоўцы справядліва лічыў, што без нацыянальнай адукацыі ў народа няма будучыні. Нібыта беларусам былі адрасаваны і наступныя словы з кнігі “Социология и идеология” (М., 1969): “...духоўны прагрэс нацыі немажлівы без развіцця нацыянальнай культуры, без развіцця мовы” (С. 443).

Беларускі народ не прыслухаўся да гэтых разумных парадаў, бо зусім іншаму вучылі яго партыйныя ідэолагі. І давучылі да таго, што двухмоўе ў беларусаў сталася самым звыродлівым, паколькі ў ім моцна прэваліраваў рускі фактар. Такога “шчасця” не зведаў ніводны тытульны народ саюзных рэспублік. І як вынік, гарбачоўская перабудова заспела беларусаў, як ніякую іншую савецкую нацыю, на самай высокай ступені русіфікацыі. У іх практычна цалкам адсутнічала афіцыйнае двухмоўе. Білінгвізм – і то зрэдку – прысутнічаў толькі ў неафіцыйных зносінах дастаткова адукаваных людзей. Пераважная ж бальшыня народа ў грамадскім жыцці карысталася рускай мовай. Пад гэты час яна добра ўсталявалася і ў сельскай мясцовасці. Таму не дзіўна, калі ў ходзе ажыццяўлення звязаных з перабудовай мерапрыемстваў загаварылі пра неабходнасць пераходу да афіцыйнага двухмоўя, не толькі кіраўніцтва, але і многія шараговыя людзі заяўлялі, што на Беларусі ў ім няма ніякай патрэбы, паколькі тут ужо ўсе даволі добра ведаюць рускую мову. Пагадзіцца з гэтым азначала б стварыць усе неабходныя варункі для хуткага і поўнага завяршэння русіфікацыі беларускага народа. І хаця аўтар дадзеных радкоў праціўнік афіцыйнага двухмоўя ў краіне з адной тытульнай нацыі (а Беларусь акурат і належыць да катэгорыі такіх краін), ён у той час актыўна выступаў на старонках перыядычнага друку за правядзенне менавіта такой моўнай палітыкі, бо лічыў афіцыйнае двухмоўе намнога меншым злом, чым непадзельнае панаванне ў нашым грамадскім жыцці выключна адной толькі рускай мовы. У падобнай сітуацыі ніводная сіла не змагла б уратаваць беларускі народ ад немінучага этнічнага вымірання. Пра ўсё гэта мною вялася даволі падрабязная гаворка з чытачом у артыкулах “Беларуская мова: трывога і надзея” (“Маладосць”. 1988, № 4), “Двуязычие: проблемы и перспективы” (“Советская Белоруссия”, 25 мая 1988), “Взвешенность вместо эмоций” (там же, 15 февраля 1989), “Обсуждению подлежит…” (там же, 19 сентября 1989). Маё імкненне выступаць па праблеме двухмоўя ў газеце “Советская Белоруссия” дыктавалася тым, што супраць яго больш за ўсё выступалі рускамоўныя жыхары. Што датычыць тагачаснага кіраўніцтва газеты і асабліва загадчыцы аднаго з яе аддзелаў Ірыны Гурыновіч, дзе рыхтаваліся да друку мае матэрыялы, ідэя двухмоўя падтрымлівалася імі з поўным разуменнем. З цягам часу на бок яе стала і высокае дзяржаўна-партыйнае кіраўніцтва, асабліва ў перыяд абмеркавання праекта закона “Аб мовах у Беларускай ССР”. І заняла такую пазіцыю не так пад уплывам нацыянальна-адраджэнскага руху, паколькі адмоўна ставілася да яго, колькі з-за неабходнасці весці моўную палітыку ў адпаведнасці з новай лініяй ЦК КПСС у гэтым лёсавызначальным пытанні. Усвядоміўшы сваю велізарную віну за злачынную дэнацыяналізацыю ўсіх нярускіх народаў, і каб як-небудзь выратаваць краіну ад зусім рэальнага канфлікту на моўнай глебе, гэты высокі партыйны орган вымушаны быў на вераснёўскім (1989) пленуме вуснамі свайго лідэра Міхаіла Гарбачова такімі заспакойлівымі словамі стрымаць іх справядлівыя абурэнні: “Перш за ўсё мы зыходзім з таго, што карэннае насельніцтва ўсіх рэспублік, безумоўна, мае поўнае права зацвердзіць сваю мову ў якасці дзяржаўнай (заўважце: пра такі статус для рускай мовы ў рэспубліках ні слова! – Л.Л.), інакш кажучы, стварыць прававыя ўмовы для яе захавання і развіцця. Гэта не толькі юрыдычнае пытанне. Гэта пытанне палітычнае, паколькі, размова ідзе аб самаадчуванні нашых народаў, іх зразумелым імкненні захаваць сваю нацыянальную незалежнасць”. Ах, як усяго гэтага неставала ў бальшавіцкай нацыянальнай палітыцы на працягу ўсяго папярэдняга перыяду!

Павярнуцца тварам да карэнных нацыянальных інтарэсаў абавязвалі партыйна-дзяржаўны апарат, афіцыйных ідэолагаў і такія словы М.Гарбачова: “Пазбаўце чалавека магчымасцяў гаварыць і пісаць на роднай мове, ведаць гістарычны шлях, эпас свайго народа і ён, якіх бы поспехаў не дасягнуў у матэрыяльных адносінах, ужо бязродны, а значыць, і бездухоўны”. Так і хочацца сказаць, што выснова зроблена з няўдалага, стратнага вопыту беларусаў. Праўдзівасць яе цалкам пацвярджаецца і іх сённяшнім становішчам, якое далёка не адпавядае нацыянальнаму жыццю любой еўрапейскай краіны.

У характэрных для канца 80-ых гадоў варунках улады Беларусі ўжо ніяк не маглі далей адтэрміноўваць час надання мове свайго карэннага насельніцтва статусу адзінай дзяржаўнай. Гэтае пытанне знайшло сваё юрыдычнае рашэнне ў прынятым 26 студзеня 1990 года законе “Аб мовах у Беларускай ССР”. Згодна з ім у БССР у некаторых выпадках магла выкарыстоўвацца ў грамадскім жыцці і руская мова. А што датычыцца мовы “ўзаемаадносін рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый з саюзнымі органамі”, тут у адпаведнасці з 9 артыкулам закона павінна была ўжывацца толькі руская мова. Прыярытэт надаваўся ёй і пры абслугоўванні дачыненняў “з органамі, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі іншых саюзных рэспублік”. У той час мала хто думаў, што можа распасціся СССР, таму для сувязі паміж яго суб’ектамі і сапраўды найбольш прыдатнай з’яўлялася руская мова, якую ведалі ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках. Але з адыходам СССР у Лету такую функцыю магла б выконваць ужо і беларуская мова. Да прыкладу, Балгарыя, Польшча, Румынія і ўсе астатнія краіны не выкарыстоўваюць жа якую-небудзь чужую мову дзеля сваіх міжнародных зносін. У такіх выпадках афіцыйнае двухмоўе на Беларусі натуральна ўзяло б яшчэ большы крэн у бок мовы яе дзяржаўнага народа, чым забяспечваліся б вельмі спрыяльныя умовы для яго прыстойнага самабытнага этнакультурнага жыцця. Нарэшце і яму б пашчасціла вызваліцца ад так моцна абрыдлых формаў культурна-моўнай асіміляцыі.

Такі прагрэсіўны ход нацыянальна-культурнага жыцця беларусаў не задавальняў тых, хто дзесяцігоддзямі займаўся іх русіфікацыяй. На вялікую бяду, сярод такіх асімілятараў сустракаліся нямала і саміх беларусаў, прычым і ў верхніх эшалонах улады. У іх галовах вельмі хутка выспела думка аб правядзенні рэферэндуму з мэтай юрыдычнага ўраўнавання рускай мовы з беларускай. Пасля адпаведнай ідэалагічнай апрацоўкі людзей такі рэферэндум адбыўся ў маі 1995 года. Руская мова такі статус атрымала, толькі вось бяда, ніхто не паклапаціўся, каб роўнасць паміж ёй і беларускай мовай усталёўвалася і на практыцы, дзе і падчас рэферэндуму, як і ў папярэдні яму перыяд, панавала руская мова. Пяці гадоў пасля прыняцця закона “Аб мовах у Беларускай СССР” не хапіла, каб прыкметна пацясніць яе ў афіцыйным жыцці беларускай мовай. Вельмі мала было ў апошняй сапраўдных прыхільнікаў у асяроддзі чыноўніцкага апарату. А менавіта гэты ж гэты орган, а не лінгвісты вырашалі і вырашаюць лёс беларускай мовы. Дарэчы, такое, толькі не ў такіх непрымальных для роднай мовы дзеяннях уладных структур, назіраецца і ў іншых краінах.

Майскі рэферэндум 1995 года, спыніўшы заканамернае паступовае пашырэнне маштабаў ужывання беларускай мовы ў грамадскім жыцці, дазволіў апаратчыкам вельмі хутка нарошчваць у ім патэнцыял рускай мовы. Пра афіцыйнае двухмоўе ніхто з іх нават і не думаў. Датычыла гэта і самых высокіх органаў улады і кіравання, г. зн. тых структур, якія абяцалі народу ўсталяваць у краіне на аснове вынікаў рэферэндуму поўную не толькі юрыдычную, але і фактычную роўнасць беларускай і рускай моваў. Абяцання не стрымалі. Не ў прыклад усім астатнім былым саюзным рэспублікам Беларусь у моўным плане не толькі вярнулася да самых неспрыяльных савецкіх часоў, але нават працягвала ўпарта пагаршаць становішча роднага слова сваёй тытульнай нацыі. Прычым гэты архішкодны для яе працэс пачынаў свой ход з самых высокіх паверхаў дзяржаўнай улады, а затым імкліва апусціўся ўніз аж да самых мясцовых саветаў. Гэты негатыўны вопыт дзяржаўных структур тут жа пераймаў кіраўнічы апарат адміністрацыйна-гаспадарчых органаў. У такой сітуацыі не маглі не турыць беларускую мову з усіх тыпаў навучальных устаноў органы народнай адукацыі. Сёння ў іх мова беларусаў горш сябе пачувае, чым за савецкім часам. Дакаціліся ўжо да таго, што кіраўнікі гэтага міністэрства, а таксама міністэрстваў культуры і інфармацыі нават падчас падрыхтоўкі сваіх выступленняў і правядзення 4 верасня ў Камянцы Дня беларускага пісьменства больш карысталіся рускім, чым родным для нашай краіны словам. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што беларуская мова, калі не закончыла, дык канчае выкананне сваіх цалкам законных, зафіксаваных канстытуцыяй функцый па абслугоўванні грамадскага жыцця. Надышоў час спраўляць па ёй хаўтуры.

Сказанае вышэй ніяк не дае пагадзіцца са словамі старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалая Чаргінца: “Наша краіна сёння мае дзве раўнацэнныя (падкрэслена мною. – Л.Л.) дзяржаўныя мовы: такую неабходнасць прадыктавалі гістарычныя рэаліі. У гэтым праявілася дальнабачная палітыка нашага кіраўніцтва” (ЛіМ 2.09.2005). О як нам далёка да ўсяго гэтага! Бо нават цьмянага беларускамоўнага агеньчыка не бачым у дзяржаўным сектары жыццядзейнасці людзей. Пра раўнацэннасць, раўнапраўнасць дзяржаўных беларускай і рускай моваў пішуць і гавораць многія палітычныя дзеячы і блізкая ім па духу інтэлігенцыя. І іх лёгка зразумець: не даць людзям усумніцца ў правільнасці моўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Вось толькі ці магчымы поўны парытэт беларускай і рускай моваў у яе грамадскім жыцці. Думаю, што не.

Яшчэ на самай першапачатковай стадыі распрацоўкі дзяржаўнай канцэпцыі афіцыйнага двухмоўя была закладзена грубая памылка. З вуснаў і з-пад пяра аўтараў гэтай канцэпцыі не сыходзілі любімыя імі словы “раўнапраўнае выкарыстанне беларускай і рускай моваў”. І нямала людзей паверыла ў гэта. Не верылі толькі самі архітэктары майскага рэферэндуму 1995 года, бо яны напэўна ж некалі добра вывучалі творы Уладзіміра Леніна і памяталі яго – на гэты раз правільныя – словы: “Поўнай адпаведнасці не бывае нават у найпрасцейшых з’явах прыроды” (ПСС. Т 26, с. 152, 153), што “такой адпаведнасці не можа быць у развіцці прыроды, як і ў развіцці грамадства” (ПСС. Т. 36, с. 306). На правядзенне рэферэндуму ішлі толькі дзеля таго, каб атрымаць дазвол ад народа на ўсталяванне юрыдычнай роўнасці беларускай і рускай моваў у грамадскім жыцці, наперад ведаючы, што гэта чысцейшай вады міф, і што абавязкова пераможа мова, у якой на той час былі больш моцныя пазіцыі ў гэтым жыцці, г.зн. руская, і тады шматлікаму, уплывоваму ў краіне чыноўніцкаму апарату не спатрэбіцца вывучаць родную мову сваёй тытульнай нацыі, і ён за такую моўную палітыку будзе вельмі прыстойна выглядаць перад сваімі калегамі ў Расіі, што абавязкова станоўча адаб’ецца на ход стварэння адзінай з ёй дзяржавы. З усіх былых савецкіх рэспублік толькі моўная палітыка Беларусі цалкам задавальняе Маскву, хаця такое дасягаецца праз поўнае выключэнне беларускай мовы з абслугоўвання грамадскага жыцця, што немінуча прывядзе да канчатковага вымірання яе. Ужо сёння досыць рэльефна назіраецца такое. Ідэя афіцыйнага двухмоўя, раўнацэннасці дзяржаўных беларускай і рускай моваў цалкам правалілася і гэта трэба публічна прызнаць нашым высокім палітыкам, не ўводзячы ў зман людзей. Многія з іх рэальна ўспрымаюць моўную сітуацыю і правільна бачаць галоўных віноўнікаў страты беларускім словам сваіх законных сацыяльных функцый. Трапна выказаў гэта Фелікс Шкірмантаў (Слаўгарад) у вершы “Усеадно, якая мова?”:
Вось так ідзе знішчэнне мовы.

А ўсялякія размовы
Пра раўнапраўе і дзвюхмоўе
Ёсць балбатня і пустаслоўе.
(“Наша слова”, 19.01.2005)

Тое, што адбываецца ў нас з беларускай мовай, не дастасуеш да практыкі ніякай вольнай краіны свету. У часы Старажытнага Рыму, напрыклад, многія трымаліся добра выверанага правіла: “Чыя ўлада, таго і мова”. Ніхто не будзе адмаўляць, што ўлада ў нас беларуская, таму, зразумела, і мова павінна быць беларускай. На справе ж і раней і зараз (у суверэннай краіне!) у нас зусім не так: мова ў афіцыйным жыцці руская. У тым жа Старажытным Рыме лічылася за норму “Чыя мова, таго і ўлада”. У нас усё наадварот: мова – руская, улада – беларуская. Ці не таму так абвастрылася, нягледзячы на існаванне ўласнай дзяржаўнасці, праблема захавання этнакультурнай самабытнасці беларускага народа? Яго культурна-моўнае жыццё, асабліва ў гарадах і ў асяроддзі самых адукаваных пластоў насельніцтва, не выключаючы і палітычную эліту, больш адпавядае рускім, чым беларускім стандартам. Адрыў насельніцтва гарадоў і такіх пластоў грамадства ад беларускай мовы тлумачыцца галоўным чынам тым, што яны практычна не з’яўляюцца носьбітамі беларускай мовы. І таму створаныя на аснове яе каштоўнасці застаюцца не запатрабаванымі беларусамі рускай культуры. Адсюль зразумела, якую велізарную актуальнасць набывае мэтанакіраванае вяртанне такіх беларусаў – а іх сёння ўжо абсалютная большасць сярод усяго жыхарства краіны – да сваёй прыроднай роднай мовы. Такое ніколі не стане рэальнасцю, пакуль беларуская мова будзе адрынутай ад абслугоўвання грамадскага жыцця. Ніякімі эпітэтамі пра яе прыгажосць і мілагучнасць, ніякімі патрыятычнымі заклікамі шанаваць яе, як зрэнку вока, як самае дарагое на свеце, становішча не палепшыць.

Нацыянальна сумленная частка інтэлігенцыі задавалася і здаецца пытаннем аб прычынах заняпаду беларускай мовы, масавага адрачэння ад апошняй яе прыродных носьбітаў. Задаецца гэтым пытаннем і Марат Гірко ў вершы “Сорам”:

Як адбыцца
Такое магло,
Што забыўся ты
Роднае мовы?
Дух, напэўна,
Табе заняло
І на голаў?
Ты стаў
Не здаровы.
(“Наша слова”, 06.07.2005)

Хачу супакоіць аўтара верша: беларусам дух не заняло і на голаў яны здаровыя. На мову родную яны забываліся і забываюцца толькі па адзінай прычыне: працяглы час на сваёй бацькоўскай зямлі былі палітычна нявольным народам. Запанаваныя на ёй дзяржаўныя ўлады праводзілі тут варожую прапольскую, а затым і прарускую палітыку, усяляк недапускаючы ў грамадскае жыццё беларускую мову, бо ведалі, што гэта немінуча прывядзе яе да скону, пасля чаго адыдуць у нябыт і самі беларусы. На іх месцы такой, а мо нават і большай ступенню адарванасці ад роднай мовы, вызначаліся б і іншыя народы.

Варожы таму ці іншаму народу палітычны рэжым заўсёды знойдзе ў сабе сілу задушыць яго родную мову. Але калі палітычны рэжым ставіць мэтай працаваць у інтарэсах таго ці іншага народа, яго родную мову ён можа выратаваць з самага глыбокага заняпаду. Пераканаўчы прыклад чаму яўрэйская дзяржава Ізраіль. Пры жаданні сучасныя дзяржаўныя ўлады Беларусі дзеля прадухілення пагібелі яе прыроднай нацыянальнай мовы і набыцця ёю прыстойнага месца ў грамадстве ў стане зрабіць у дзесяткі разоў больш, чым увесь пісьменніцкі корпус на чале са сваім Саюзам, інстытуты мовазнаўства і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук РБ, кафедры беларускай мовы і літаратуры вышэйшых навучальных устаноў, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і агульнаадукацыйных школ, рэдакцый беларускіх газет і часопісаў, радыё і тэлеперадач, таварыствы беларускай мовы і беларускай школы. Для гэтага ўладам толькі трэба надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у краіне і неадступна праводзіць яго на практыцы шляхам прыняцця і ажыццяўлення адпаведных нарматыўных актаў. Наданне такога справядлівага, законнага для беларускай мовы статусу ўмомант зробіць яе запатрабаванай усім грамадствам, прычым адпадзе неабходнасць прымусу каго б там ні было вывучаць яе, бо ў гэтым будуць зацікаўлены самі людзі. Узвядзеннем толькі адной беларускай мовы на дзяржаўны п’едэстал мы станем упоравень з усімі астатнімі краінамі з адной тытульнай нацыяй і не будзем, як сёння, выглядаць сярод іх белай варонай. Ці ж для нас не можа быць эталонам дзяржаўная моўная палітыка Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Германіі, Францыі, Італіі... Усялякія спасылкі, што ў нас гэтак гістарычна склалася з рускай мовай, некарэктныя. Не будзем забывацца, што дзеля яе распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі царскія, а затым савецкія ўлады на працягу больш за два стагоддзі выкарыстоўвалі магутны чыноўніцкі апарат, асігнавалі астранамічныя фінансавыя сродкі, правялі шырокі комплекс разнастайных мерапрыемстваў ідэалагічнага парадку па размыванні нацыянальнай самасвядомасці нашых людзей. А які велізарны ўклад дзеля адрыву іх ад роднай і далучэнню да рускай мовы зрабіла і робіць Руская праваслаўная царква на Беларусі!

Зразумела, у кагосьці і з беларусаў можа выклікаць адмоўную рэакцыю наданне толькі іх мове статусу дзяржаўнай. І іх нельга за гэта дакараць, бо на працягу доўгага часу і зараз сістэма адукацыі, дзяржаўны ідэалагічны апарат нашыя маладыя пакаленні больш прывучалі і прывучаюць да рускіх культурна-моўных каштоўнасцяў, чым беларускіх. І школьнікі і студэнты больш ведалі пра Аляксандра Неўскага, чым Давіда Гарадзенскага, пра Пятра І, чым пра Льва Сапегу, Аляксандра Пушкіна, чым Янку Купалу. Вось чаму нават з вуснаў не першага года працы радыёжурналістаў можна пачуць такое: “У нас пры Пятры Першым...” Не сумняваюся, у Маскве ніхто з іх калег не скажа: “У нас пры Льву Сапегу...”.

Падставы смела ісці на наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай дае магутны ўплыў на масы сучаснага дзяржаўнага ідэалагічнага апарату, афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Пры патрэбе яны без асаблівых цяжкасцяў могуць давесці да разумення ўсіх людзей, спасылаючыся на шматлікія пераканаўчыя факты з паслярэферэндумскай практыкі, што афіцыйнае двухмоўе – гэта нерэальны, памылковы, страшны, пагібельны для беларускай мовы шлях, што яно ў моц працяглага, непадзельнага панавання рускай мовы ў грамадскім жыцці, глабальнай культурна-моўнай русіфікацыі беларускага народа, у тым ліку інтэлігенцыі і палітычнай эліты, прывядзе да поўнай перамогі рускай мовы, у выніку чаго немінуча надыдзе этнічная смерць беларускага народа на сваёй жа бацькоўскай зямлі. Хтосьці можа запярэчыць: знікненне роднай мовы яшчэ не азначае этнічнай смерці народа. Дапусцім, што гэта і так. Але ж ён тады будзе нагадваць чалавека, у якога страшная, невылечная хваробы адняла мову. Мець сваю дзяржаву і дапусціць такое з беларусамі – ці не занадта гэта вялікае злачынства?!

З надзвычай небяспечнай ва ўсе часы недаацэнкай ролі ўласнай мовы даводзілася сутыкацца і несці каласальныя духоўныя страты многім народам, прычым нават з багатай, арыгінальнай культурай. Не ўхіліліся ад іх і яўрэі Расіі, сярод моладзі якіх з другой паловы XIX стагоддзя стала вельмі модным узгадоўвацца па-за ўласнымі культурна-моўнымі традыцыямі і аддаваць свой талент рускай культуры. У выніку ў яўрэйскай культуры рэзка пачало звужацца кола яе і пасіўных і актыўных носьбітаў, што ўсур’ёз устрывожыла шчырых прыхільнікаў традыцыйнай культуры гэтага народа. Многія з іх вельмі рашуча асуджалі арыентацыю яўрэйскай творчай інтэлігенцыі на рускія культурныя стандарты, настойліва заклікаючы іх захоўваць, шанаваць, выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці спрадвечную родную мову іўрыт. Асаблівыя намаганні ў гэтым праяўляў вядомы яўрэйскі культурны дзеяч Перэц Смаленскін, пішучы: “Усе тыя, хто пагарджае яўрэйскай мовай, пагарджаюць усім народам, і няма ім месца ў Ізраілі, яны здраднікі народа!” У нас жа людзі, не валодаючы і не карыстаючыся родным словам карэннага насельніцтва краіны, не саромеюцца называць сябе патрыётамі. Не памылюся, калі скажу: беларусам без роднай мовы гэтак жа далёка да сапраўднага нацыянальнага патрыятызму, як грэшнікам да раю.

Поўная адсутнасць па Беларусі афіцыйнага двухмоўя не можа не адбівацца і на характары моўных зносін людзей па-за сферай іх службовай дзейнасці. У падобнай сітуацыі, як сведчыць сусветная практыка, у такіх мэтах выкарыстоўваюць, за рэдкім выключэннем, дзяржаўную мову краіны. Усім вядома, як моцна трымаюцца за сваю мову яўрэі, армяне, грузіны. Аднак, трапіўшы ў тую ці іншую краіну, яны праз некалькі пакаленняў выракаюцца роднай і гавораць на яе дзяржаўнай мове. Такое можна сказаць пра немцаў Эльзаса і Латарынгіі: калі яны знаходзіліся ў складзе Германіі, у іх самай распаўсюджанай была родная мова, калі ж паводле рашэнняў Версальскага мірнага дагавора 1919 года апынуліся пад уладай Францыі, усё больш немцаў сталі выкарыстоўваць французскую мову, як мову дзяржаўную, хаця жылі і працягваюць жыць на сваёй гістарычнай тэрыторыі. Са сказанага лёгка зразумець, чаму беларусы пры такім працяглым існаванні на іх зямлі рускага дзяржаўнага аднамоўя гэтак рэдка карыстаюцца роднай мовай па-за афіцыйным жыццём. Калі б з заўтрашняга дня ўсе афіцыйныя функцыі рускай мовы ўсклалі на беларускую – а такое немінуча адбудзецца праз пяць-дзесяць гадоў, апошняя ў грамадскіх месцах, сямейнай абстаноўцы загучала б паўсюдна так, як гэта сёння характэрна для першай. Таму давайце галоўную прычыну адсутнасці ў беларускай мовы нават мізэрнай ролі ў міжасобасных зносінах людзей тлумачыць толькі адным: працяглым і трывалым усталяваннем у краіне, асабліва пасля майскага рэферэндуму 1995 года, дзяржаўнага рускага аднамоўя.

Не першы год даследуючы моўную сітуацыю, я прыйшоў да цвёрдага пераканання, што беларускі народ нельга называць двухмоўным, як гэта піша Эдуард Скобелеў. У нас па-сапраўднаму двухмоўнымі з’яўляюцца толькі людзі, якія ў моц сваёй прафесіі абавязаныя ведаць беларускую мову: пісьменнікі і журналісты, настаўнікі беларускамоўных адукацыйных устаноў, ліцэяў, каледжаў, прафесары і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, часткова – гісторыі, культуры і шэрагу іншых дысцыплін гуманітарнага цыклу ва універсітэтах і інстытутах, ну і яшчэ нейкая крыха з ліку творчай інтэлігенцыі. А вось чыноўнікаў з міністэрстваў адукацыі і культуры, нават уключаючы іх раённыя структуры, ніяк нельга аднесці да двухмоўных, бо апошнімі гадамі яны і ў час афіцыйных выступленняў, і ў міжасобасных зносінах ужываюць, за рэдкім выключэннем, толькі адзіна фактычна дзяржаўную ў краіне рускую мову, відаць, не жадаючы ў гэтым ніколькі не адрознівацца ад усіх звёнаў службоўцаў прэзідэнцкай вертыкалі. Калі ў жыхароў гарадоў, інтэлігенцыі і палітычных дзеячаў аднамоўе носіць выключна рускі характар, дык у насельніцтва вёскі – беларуска-рускі. Вяскоўцы з чыста беларускай мовай практычна ледзь не ўсе ўжо адышлі на той свет. Пад уплывам сельскіх спецыялістаў, што паканчалі рускамоўныя навучальныя ўстановы, рускамоўных кіно, радыё- і тэлеперадач, рускамоўных літаратуры і перыядычных выданняў, якімі застаўлены ўсе паліцы сельскіх бібліятэк, вяскоўцы не змаглі захаваць у чысціні родную мову і сталі носьбітамі беларуска-рускай “трасянкі”, якая апошнімі гадамі ўсё больш і больш трансфармуецца ў руска-беларускую “трасянку”, што не дае права называць іх двухмоўнымі. Словам, на Беларусі няма не толькі развітога, прыстойнага, але нават самага прымітыўнага двухмоўя. Карэннаму насельніцтву яе рэальна пагражае поўнае абрусенне. Мяжа дапушчальнага засталася ззаду. Мы так далёка зайшлі ў страце этнакультурнай адметнасці, дэфармацыі нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, што нават пераважная бальшыня творчай інтэлігенцыі не валодае, не карыстаецца яго роднай мовай. Мясцовага паходжання прадстаўнікі такой інтэлігенцыі не ратуюць, а наадварот, садзейнічаюць культурна-моўнай асіміляцыі тытульнага народа, якая да таго ж яшчэ адбываецца пры самым поўным спрыянні ўласнай дзяржавы.

Палітыкі і ідэолагі мусяць прызнаць поўны крах навязанага імі сваёй краіне афіцыйнага двухмоўя, што няўхільна вядзе да такога ж правалу двухмоўя ў сферы міжасобасных зносін людзей. Двухмоўнасць аднаго і таго ж народа – гэта нонсенс. Яна ўласціва толькі каланіяльна залежным народам ці толькі тым, хто нядаўна вызваліўся з-пад такога ярма і яшчэ не паспеў наладзіць парадак у родным доме. Сказанае ў пэўнай ступені характэрна і беларусам, бо ў розных формах палітычнай залежнасці яны пражылі не адно стагоддзе. Па-сапраўднаму нацыянальна-суверэннымі яны не сталі і пасля развалу СССР, усталявання ўласнай дзяржаўнасці. І, бадай, самае страшнае, што, апроч эканамічнай і ваеннай, палітычнай залежнасці ад Расіі, Беларусь знаходзіцца пад магутным культурна-моўным уплывам яе, чаму ўсяляк садзейнічаюць не толькі нашыя ўладныя структуры, але і вялікая армія творчай інтэлігенцыі. Гэта якраз тыя сілы, якія і навязалі беларусам ганебнае, непатрэбнае ім двухмоўе, не жадаючы развязаць іх моўнае пытанне так, як гэта зроблена ўсімі цывілізаванымі народамі, у тым ліку і нашымі суседзямі: рускімі, украінцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі.

Афіцыйнае двухмоўе ці шматмоўе цалкам лагічна, крайне неабходна ў поліэтнічных краінах, на тэрыторыі якіх жыве некалькі народаў. Яскравым прыкладам можа служыць Бельгія. Тут у межах адной краіны на сваіх этнічных тэрыторыях жывуць два самабытныя, палітычна паўнапраўныя народы: валоны (гавораць па-французску) і фламандцы (гавораць па-галандску). Здараецца і такое, што ў якой-небудзь поліэтнічнай краіне тытульным народам з’яўляецца толькі адзін народ, а астатнія, хоць і жывуць на сваёй гістарычнай тэрыторыі, аднак не карыстаюцца ніякай тэрытарыяльна-палітычнай і нацыянальна-культурнай аўтаноміяй. Для іх веданне мовы дзяржаўнага народа – гэта асноўнае патрабаванне, інакш будзеш зведваць сур’ёзныя перашкоды ў службовай дзейнасці. А вось самому дзяржаўнаму народу валодаць мовай этнічных супольнасцяў зусім неабавязкова і таму ён, як правіла, заўжды аднамоўны. Беларусь – краіна з адной тытульнай нацыяй, таму ўводзіць тут афіцыйнае двухмоўе няма ніякай патрэбы, алагічна. Гэтак жа алагічна, бесперспектыўна намагацца зрабіць яе народ двухмоўным. Дарэчы, такога не робяць у сваіх краінах ні з польскім, ні з літоўскім, ні з французскім, ні з нямецкім, ні з якім-небудзь іншым народам у дзяржавах з адной тытульнай нацыяй. Непажаданы, небяспечны бок усякага двухмоўя заключаецца ў тым, што яно рана ці позна абавязкова прывядзе да аднамоўя. Нашых палітыкаў і ідэолагаў будзе не лішнім пазнаёміць, як на гэтую праблему глядзеў адзін з самых буйных тэарэтыкаў германскай сацыял-дэмакратычнай партыі і 2-га Інтэрнацыянала Карл Каўцкі (1854—1938). Ураджэнец чэшскай Прагі, ён, мо як ніхто іншы, вельмі добра ведаў моўную сітуацыю ў поліэтнічнай Аўстра-Венгерскай імперыі. На яго вачах адбывалася дэфармацыя этнакультурнай самабытнасці народаў гэтай краіны з-за шырокага пранікнення ў іх жыццё нямецкай мовы. Каб заняць прыстойнае месца ў грамадстве, трэба было абавязкова ведаць яе, прычым непараўнальна лепей за родную. “Там, – пісаў К.Каўцкі, – дзе кожны валодае дзвюма мовамі, заўжды нарэшце агульная перавага па тых ці іншых прычынах будзе аддадзена адной з іх, – ці таму, што гэта мова больш багатага і моцнага народа, ці таму, што яна адкрывае доступ да больш дасканалай культуры, якая зусім адсутнічае ў іншага народа”. Такія станоўчыя азначэнні добра дапасоўваюцца да рускай мовы на Беларусі, пра што шмат парупіліся варожыя ёй палітычныя рэжымы. Галоўную прычыну вымірання нацыі К.Каўцкі бачыць у тым, “што яна перастае размаўляць на сваёй мове, паколькі лічыць іншую мову больш для сябе мэтазгоднай”. Толькі зусім бязглуздыя ці невымерна варожыя беларускай нацыянальнай ідэі людзі могуць не заўважаць, што ўсё гэта ў паўнейшым аб’ёме назіраецца з нашым народам. Гужом цягнуўся і цягнецца ён да рускай мовы таму, што яна фактычна стала адзінай дзяржаўнай у краіне, пануе ва ўсіх відах службовага справаводства, у сферы адукацыі і культуры, у сродках масавай інфармацыі, падчас правядзення розных масавых святочных мерапрыемстваў. Свая ж спрадвечная прыродная родная беларуская застаецца зусім незапатрабаванай і найперш у самых высокіх структурах дзяржаўнай улады. Вось да чаго прывяло нас хвалёнае, практыкай не падмацаванае афіцыйнае двухмоўе, якому нечуваную прарускасць надаў майскі рэферэндум 1995 года. Калі крута не змяніць дзяржаўную моўную палітыку, у беларускага народа – тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь – не застаецца аніякіх перспектыў на далейшае існаванне ў якасці самабытнай этнакультурнай супольнасці.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

Падзяліцца: