Пачаўся дэкламатарскі конкурс «Паэтычнае трохгалоссе»

У Бельску Падляшскім прайшоў першы з трох дзён дэкламатарскага конкурсу “Паэтычнае трохгалоссе”. Арганізатары называюць яго “Паэтычным трохгалосікам”, бо накіраваны ён выключна на дашкольнікаў.

Кажа ініцыятарка мерапрыемства Альжбета Фіёнік з Бельскага Дому культуры:

– Трохгалоссе гаворыць на розных мовах ад трох да сямідзесяці трох гадоў – такі узрост усіх дэкламатараў. Пачынаем, як заўсёды, ад тых найменшых. Выступаюць дзеткі дашкольнага узросту: ад трохгадовых да шасцігодак. Некаторыя з іх яшчэ і гаварыць надта добра не ўмеюць, але ўжо дэкламуюць на двух мовах.

Гэта конкурс адзіны ў сваім выглядзе – кожны ўдзельнік дэкламуе два вершы: адзін на польскай мове, другі на беларускай або ўкраінскай.

Сёння журы выслухала 30 ўдзельнікаў. Заўтра, з 9.30 раніцы дэкламаваць вершы будуць вучні пачатковых школ ды гімназісты. Іх будзе больш за 70. XVII дэкламатарскі конкурс “Паэтычнае трохгалоссе” завершаць у чацьвер, 20 кастрычніка, ліцэісты ды дарослыя.

Давід Гайко, «Беларускае Радыё Рацыя»