Пераможцамі конкурсу "Францыск Скарына і сучаснасць" сталі прадстаўнікі Мінска і Брэста

Пераможцамі конкурсу твораў для драматычнага тэатра "Францыск Скарына і сучаснасць" сталі прадстаўнікі Мінска і Брэста.

У час урачыстага мерапрыемства падвядзення вынікаў конкурсу дыплом пераможцы ў намінацыі "гістарычная п'еса" атрымаў Цімафей Ільеўскі з Брэста з п'есай "Францыск. Прыпавесць", у катэгорыі "сучасная п'еса" атрымаў перамогу Мікалай Прудкоўскі з Мінска за твор "Доктар свабодных навук", а ў намінацыі "сцэнічная ідэя" дыплом пераможцы ўручаны Сяргею Кавалёву з Мінска за п'есу "Юдзiф".

Таксама на мерапрыемстве былі ўручаны дыпломы 1-й ступені фіналістам конкурсу Сяргею Шыдлоўскаму, Ірыне Андрэевай, Міхаілу Туруноўскаму, Віктару Марціновічу і дыплом 2-й ступені Алёне Іванюшэнка.

Конкурс "Францыск Скарына і сучаснасць" праводзіўся да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 525-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны – беларускага першадрукара, мысліцеля, вучонага, гуманіста-асветніка эпохі Адраджэння.

Конкурсныя работы будуць надрукаваны ў зборніку, а п'есы-пераможцы плануецца прадставіць не толькі ў беларускіх тэатрах, але і на замежных сцэнах тых гарадоў, дзе некалі жыў і працаваў Францыск Скарына.

П'есы для ўдзелу ў конкурсе прымаліся з 1 мая па 31 жніўня 2016 года. За гэты час было атрымана 32 драматычныя творы ад аўтараў з розных гарадоў Беларусі. Узначаліў журы конкурсу "Францыск Скарына і сучаснасць" мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў. Заснавальнікі конкурсу – Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (РТБД), Нацыянальная бібліятэка Беларусі, а таксама Беларусбанк.

БЕЛТА