Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Анатоль Грыцкевіч "Яго імя — сімвал нашай незалежнасці"

Анатоль Грыцкевіч

"Яго імя — сімвал нашай незалежнасці"

Вяртанне

Доўгі час яго імя, як, на жаль, і імёны многіх выдатных сыноў Бацькаўшчыны, замоўчвалася ў савецкай Беларусі. А калі згадвалася, то для таго, каб выкрыць "варожую сутнасць" яго дзейнасці.

Толькі ў 90-х гадах ХХ і ў першым дзесяцігоддзі ХХІ веку імя Антона Луцкевіча стала больш вядомым. Выйшлі кнігі з ягонымі працамі. Асабліва адметная — "Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы" (Мінск, Беларускі кнігазбор, 2003). Укладальнік і даследчык яго дзейнасці — Анатоль Сідарэвіч.

У энцыклапедыях нават не заўсёды падаецца год яго смерці, бо афіцыйная дата смерці ў сталінскіх лагерах (1946 год) ставіцца пад сумненне даследчыкамі. Ёсць версія, што А.Луцкевіч быў расстраляны ў Мінску яшчэ да пачатку вайны. Іншая версія, больш праўдападобная, — памёр у ГУЛАГу на тэрыторыі Саратаўскай вобласці ў Аткарску 23 сакавіка 1942 года.

Маладосць

Як шмат хто з першых беларускіх адраджэнцаў і палітычных дзеячаў пачатку ХХ стагоддзя, Антон Луцкевіч (1884—1942?) і яго старэйшы брат Іван (1881—1919) паходзілі з беларускай шляхты, як, дарэчы, і значная частка стваральнікаў першай беларускай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Бацька Антона — Іван Баляслаў Іахімавіч Луцкевіч (1832—1895) — служыў у 19-м Кастрамскім пяхотным палку і пайшоў у адстаўку ў званні штабс-капітана ў 1869 годзе. Ён пасяліўся ў Шаўлях (Шаўляі), потым у Лібаве (Ліепая), дзе служыў на чыгунцы. Там жа нарадзіліся дзеці, сярод іх — вядомыя пазней постаці ў беларускім Адраджэнні Іван (Ян Герман) і Антон. Абодва нарадзіліся ў горадзе Шаўляі ў Ковенскай губерні. У 1895 годзе сям'я пераехала ў Мінск. Тут у 1902 годзе Антон скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага, а потым — на юрыдычным — Дэрпцкага (Юр'еўскага) універсітэта.

Малады Антон рана пазнаёміўся з модным тады ў Еўропе марксізмам. Аднак, як і іншыя беларускія адраджэнцы, быў прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі адраджэння роднай мовы, культуры і самавызначэння краю.

У 1903 годзе браты Луцкевічы заснавалі Беларускую рэвалюцыйную грамаду, палітычную арганізацыю. Антон быў адным з аўтараў яе праграмы. У 1904 годзе партыя прыняла новую назву — Беларуская Сацыялістычная Грамада.

У 1904 годзе А.Луцкевіч быў арыштаваны за распаўсюджванне партыйнай літаратуры. На ІІ з'ездзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1905 годзе ў Мінску ён быў абраны ў склад ЦК БСГ. У 1906 годзе перайшоў на нелегальнае становішча, потым мусіў пераехаць у Вільню. Там разам з братам Іванам, Цёткай і іншымі ўдзельнічаў у рэдагаванні газеты "Наша доля", а потым — "Нашай Нівы".

У наступныя пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў актывісты Беларускай Сацыялістычнай Грамады вымушаныя былі спыніць арганізацыйную дзейнасць у масах, шмат намаганняў прыкладалі да культурна-асветніцкай дзейнасці. А.Луцкевіч стаў уладальнікам Віленскай бібліятэкі-чытальні "Веды".

Iшла Першая сусветная

Як і некаторыя беларускія нацыянальныя дзеячы, Антон Луцкевіч перад наступам нямецкіх войск на Заходнім фронце восенню 1915 года не пакінуў Вільню. Ён узначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — дабрачынную грамадскую арганізацыю, якая згуртавала беларускіх нацыянальных дзеячаў у зоне акупацыі. Таварыства займалася і культурна-асветніцкай працай, арганізацыяй беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў.

Антон Луцкевіч быў аўтарам газеты "Гоман", якая выходзіла ў Вільні ў 1916—1918 гадах. Разам з братам Іванам, паэтэсай Цёткай (А.Пашкевіч) і іншымі марксістамі яны заснавалі ў Вільні Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу, якая дзейнічала да лета 1918 года.

У 1915 годзе А.Луцкевіч стаў адным з ініцыятараў стварэння яшчэ адной грамадска-палітычнай арганізацыі ў Вільні — Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, якая аб'ядноўвала беларускія, літоўскія, польскія і яўрэйскія арганізацыі з мэтай адраджэння былога Вялікага княства. Тады ж ён узначаліў і нелегальны Беларускі Народны Камітэт, які аб'ядноўваў і сацыялістаў, і прадстаўнікоў правых плыняў. Ён выступаў спачатку за ўтварэнне Беларуска-Літоўскай дзяржавы з аўтаноміяй беларускіх і літоўскіх тэрыторый, але ў канцы 1917-га — пачатку 1918 года ўжо цалкам перайшоў на незалежніцкія пазіцыі.

1918 год, 25 сакавіка…

Асабліва плённымі для яго былі 1918—1920 гады. Здавалася, здзяйсняліся яго запаветныя мары і планы. 25 сакавіка 1918 года Беларусь была абвешчана незалежнай рэспублікай, на пачатку 20-х гадоў пачаўся імклівы ўздым беларускай культуры. Перад Беларуссю, здавалася, адкрываліся небывалыя перспектывы развіцця незалежнай нацыянальнай дзяржавы… Да ўсяго гэтага ўсім сэрцам і справай прычыніўся Антон Луцкевіч.

Як тое было, варта згадаць яшчэ раз. 25—27 студзеня 1918 года ў Вільні адбылася Беларуская канферэнцыя, на якой вырашалася пытанне аб далейшым лёсе Беларусі: ці стварыць канфедэрацыю з Літвой, ці ўтварыць асобную Беларускую дзяржаву. Канферэнцыя выбрала Віленскую беларускую раду, старшынёй якой быў абраны Антон Луцкевіч.

А падзеі змянілі палітычную сітуацыю. 16 лютага 1918 года Літва абвясціла дзяржаўную незалежнасць і ВБР перайшла цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 18 лютага яна прыняла пастанову, у якой гаварылася пра разрыў дзяржаўнай сувязі паміж Беларуссю і Расіяй. Пазней ВБР вітала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2-й Устаўнай грамаце ад 9 сакавіка 1918 года.

У гэты час незалежніцкія настроі сярод беларускіх дзеячаў значна пашырыліся, бо тэрыторыя Беларусі амаль цалкам была акупіравана нямецкімі войскамі. 3 сакавіка 1918 года ў Брэсце паміж савецкай Расіяй з аднаго боку, і Германіяй і яе саюзнікамі — з другога быў падпісаны мірны дагавор. Паводле Брэсцкага міру Расія адмаўлялася ад тэрыторыі Віленскай і Гродзенскай губерняў, а астатняя тэрыторыя Беларусі заставалася акупіраванай нямецкімі войскамі да выплаты Расіяй вялікай кантрыбуцыі. Незалежніцкія настроі таксама пашырыліся яшчэ і таму, што Германія адмовілася прызнаць Беларускую Народную Рэспубліку, разглядала тэрыторыю Беларусі (акрамя Гродзеншчыны і Віленшчыны) як расійскую тэрыторыю, якую ёй давядзецца вярнуць Расіі пасля выплаты кантрыбуцыі.

22 сакавіка 1918 года дэлегацыя сяброў Рады БНР прыехала з Вільні ў Мінск. Адразу ж Антон Луцкевіч прапанаваў Народнаму сакратарыяту абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Назаўтра гэтая прапанова была абмеркавана на пасяджэнні фракцыі партыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ) у Радзе БНР. Пасля абмеркавання фракцыя прыняла рашэнне галасаваць за незалежнасць Беларусі.

24 сакавіка а 6-й гадзіне вечара пачалося пленарнае пасяджэнне Рады БНР. Пасля доўгіх і бурных спрэчак а 6-й гадзіне раніцы 25 сакавіка 1918 года большасцю галасоў сяброў Рады БНР была абвешчана незалежнасць Беларусі. Пасля гэтага А.Луцкевіч складаў тэкст Трэцяй Устаўнай граматы. Пасля абеду Рада БНР слова за словам, сказ за сказам грунтоўна абмеркавала і прыняла гэты гістарычны дакумент.

Пасля расколу ўлетку 1918 года Беларускай Сацыялістычнай Грамады А.Луцкевіч быў адным са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У лістападзе 1918 года Антон Луцкевіч узначаліў урад БНР (раду народных міністраў). Адначасова ён быў і народным міністрам замежных спраў. На пачатку лістапада 1918 года А.Луцкевіч паехаў у Маскву, дзе ўжо працавала генеральнае консульства БНР у Расіі. Была і сустрэча з кіраўніком савецкага ўрада У.Леніным. А.Луцкевіч згаджаўся на федэратыўны саюз БНР з РСФСР, на ўвядзенне ў Беларусі савецкай канстытуцыі, аднак настойваў на прызнанні савецкім урадам Расіі незалежнасці Беларусі. Але савецкі ўрад на гэта не пайшоў. Перамовы скончыліся нічым…

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года ў Германіі нямецкія войскі сталі адыходзіць з Беларусі. За імі пачаўся наступ Чырвонай Арміі. На пачатку снежня 1918 года Рада і ўрад БНР на чале з А.Луцкевічам пераехалі ў Вільню, а ў канцы снежня — у Гродна. У канцы сакавіка 1919 года Луцкевіч і некаторыя міністры выехалі ў Берлін. Адтуль Антон Луцкевіч выехаў у Парыж на мірную канферэнцыю, каб дамагчыся прызнання незалежнасці БНР. У Парыжы ён разам са старшынёй польскага ўрада І.Падэрэўскім выпрацаваў праект беларуска-польскай дамовы аб стварэнні беларускай дзяржавы ў саюзе з Польшчай. Аднак праект не быў прыняты кіруючымі дзеячамі Польшчы, сам жа А.Луцкевіч, які прыехаў у Варшаву, быў фактычна інтэрніраваны. Палякі не далі яму магчымасці вярнуцца ў Парыж, каб адстойваць беларускія інтарэсы.

1 снежня 1919 года А.Луцкевіч прыехаў у Мінск, заняты яшчэ ў жніўні польскімі войскамі. Пасля расколу рады БНР 13 снежня 1919 года ён зноў заняў пасаду старшыні Рады міністраў Найвышэйшай рады БНР. Але, не знайшоўшы паразумення з польскім урадам, які чыніў розныя перашкоды, 28 лютага 1920 года А.Луцкевіч пайшоў у адстаўку і выехаў у Вільню. Там ён аднавіў выданне газеты "Наша Ніва", выдаў зборнік артыкулаў. Пасля заняцця Вільні войскамі Чырвонай Арміі Антон Луцкевіч у ліпені—жніўні 1920 года апынуўся ў турме.

I культура, і палітыка…

На пачатку кастрычніка 1920 года Вільня была занята Літоўска-Беларускай дывізіяй на чале з генералам Люцыянам Жэлігоўскім, які абвясціў на тэрыторыі часткі былой Віленскай губерні дзяржаву Сярэдняя Літва з мэтай яе далучэння да Польшчы, што адбылося ў лютым 1922 года. Вільня ў гэты час становіцца цэнтрам беларускага нацыянальнага і палітычнага руху ў Заходняй Беларусі.

Антон Луцкевіч займаецца пераважна культурна-асветніцкай дзейнасцю, аднак не пакідае і палітычную. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазней аб'ядналася з Таварыствам беларускай школы. Прычыніўся да адкрыцця ў 1921 годзе Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, названага так у гонар яго старэйшага брата, які памёр ад сухотаў у 1919 годзе, а таксама ўзначаліў Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні.

Перад выбарамі ў польскі сейм у канцы жніўня 1922 года на чале з А.Луцкевічам быў створаны Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. Камітэт аб'яднаў прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, Беларускай партыі незалежных сацыялістаў, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і вядомыя беспартыйныя дзеячы. Камітэт вылучыў патрабаванне ўтварэння ў Заходняй Беларусі "аўтаномнай адзінкі з краёвымі цэнтрамі ў Вільні". У выніку поспеху камітэта на выбарах у сейм у лістападзе 1922 года ад беларускіх арганізацый было выбрана 11 дэпутатаў, у сенат — 3 сенатары. Камітэт падрыхтаваў структуру і тактыку Беларускага пасольскага клуба ў парламенце.

Пасля ўтварэння ў 1925 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) А.Луцкевіч працаваў у яе рэдакцыйным камітэце. У студзені 1927 года пачаліся арышты актывістаў, а ў сакавіку Грамада была забаронена. Падчас працэсу над дзеячамі Грамады ў 1928 годзе Луцкевіч быў абвінавачаны ў пракамуністычнай дзейнасці, быццам ён (як і некаторыя іншыя) з'яўляецца агентам Камінтэрна… Сапраўды, ён супрацоўнічаў з рэдакцыямі камуністычных газет. Але даказаць, што ён — агент Масквы, не ўдалося.

У 1929 годзе адбыўся яшчэ адзін працэс, і зноў ён быў апраўданы. Польскія ўлады хацелі скампраметаваць беларускіх дзеячаў. Паколькі камуністаў з БСРГ засудзілі, а Антон Луцкевіч аказаўся на волі, камуністычная прэса пачала цкаваць яго як "нацыянал-фашыста". З другога ж боку, яго абвінавачвалі як агента савецкай разведкі… У выніку такой кампаніі ў сярэдзіне 1929 года Антон Іванавіч быў выключаны з Таварыства беларускай школы, дзе камуністы мелі значную перавагу.

У гэты ж час Антон Іванавіч перажыў і асабістую трагедыю. Скончыла жыццё самагубствам яго жонка, пакінуўшы на яго двух хлопцаў. Але ад грамадскай дзейнасці ён не адмовіўся.

Яго цкавалі з усіх бакоў. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі выступіла супраць выкрыцця А.Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі Сталіна і савецкага кіраўніцтва. А польскія ўлады ў 1930 годзе забаранілі дзейнасць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў А.Луцкевіч. Адзін з дзеячаў Грамады Ф.Анічыц абвінавачваў Луцкевіча ў тым, што ён з'яўляецца прыхільнікам Леніна, хоць і крытыкуе Сталіна. Крытыкавалі Луцкевіча і хрысціянскія дэмакраты.

У 1931 годзе яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1933—1939 гадах беларускія газеты яго не друкавалі. Але ён па-ранейшаму, адышоўшы ад палітыкі, працаваў дырэктарам Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і ў Беларускім навуковым таварыстве, выступаў з лекцыямі і рэфератамі.

Апошняя восень на волі

Як вядома, згодна з папярэдняй дамоўленасцю паміж Гітлерам і Сталіным (сакрэтны пратакол №1 ад 23 жніўня 1939 года), краіны Усходняй Еўропы падзяляліся паміж Савецкім Саюзам і Германіяй. Паводле пратакола, Віленшчына перадавалася Літве, а Літва — пад апеку Германіі. Уся ж Заходняя Беларусь з Заходняй Украінай адыходзіла ў "сферу дзяржаўных інтарэсаў СССР". Гэтая дамоўленасць развязала рукі Гітлеру для пачатку Другой сусветнай вайны.

Паколькі пратакол аб тэрытарыяльных змяненнях быў сакрэтны, то пра іх ведалі нямногія. Нават у вышэйшым кіраўніцтве СССР. І ў Мінску партыйнае і савецкае кіраўніцтва не ведала.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Войскі Чырвонай Арміі былі падцягнуты да дзяржаўнай мяжы з Польшчай і на досвітку 17 верасня перайшлі дзяржаўную мяжу, каб заняць тэрыторыю, вызначаную ў савецка-германскім сакрэтным пагадненні. Афіцыйная савецкая прапаганда назвала гэта "паходам, каб вызваліць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі ад прыгнёту польскіх паноў".

19 верасня пасля кароткачасовага бою войскі Чырвонай Арміі занялі Вільню. Адразу пачалася чыстка горада ад так званых антысавецкіх элементаў. Толькі за 40 дзён у Вільні было арыштавана і вывезена ў СССР каля 800 чалавек.

У горадзе дзейнічаў савецкі камісар Іван Клімаў, які не ведаў, што крамлёўскае кіраўніцтва мае намер перадаць Вільню Літве. Таму ў Вільні была створана часовая гарадская ўправа. Чыноўнікі гарадскога магістрата пачалі падрыхтоўку выбарчых спісаў (на беларускай мове) жыхароў для выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў сабрацца ў Вільні і аб'явіць пра далучэнне Заходняй Беларусі да СССР (потым ён сабраўся ў Беластоку). Дзён праз дзесяць І.Клімаў загадаў работнікам магістрата "часова спыніць" складанне спісаў выбаршчыкаў, бо даведаўся, што Вільню перадаюць Літве… На сходзе беларускай інтэлігенцыі, скліканым савецкімі ўладамі ў Вільні, Антон Луцкевіч адмоўна выказаўся аб нацыянальнай палітыцы польскай улады ў дачыненні да беларускай культуры і навукі. А.Луцкевіч заклікаў беларускую інтэлігенцыю "энергічнай працай забяспечыць росквіт культуры, навукі і мастацтва ў Заходняй Беларусі".

Але пасля гэтага па загадзе І.Клімава А.Луцкевіч быў арыштаваны і вывезены ў Мінск. З Мінска яго этапіравалі ў Маскву. Па рашэнні Асобай нарады пры КДБ СССР ён быў прыгавораны да 8 гадоў зняволення ў лагерах. У зняволенні ён і загінуў. Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Імя выдатнага дзеяча Беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя — сімвал нашай дзяржаўнай незалежнасці. Лёс яму выпаў трагічны, але высокі і прыгожы. І тое, да чаго Антон Луцкевіч імкнуўся ўсёй душой і сэрцам, дзеля чаго ахвярна працаваў, змагаўся і паклаў жыццё, спраўдзілася! Мы жывём у незалежнай Рэспубліцы Беларусь і мусім даражыць гэтым неацэнным дарам не менш, чым уласным жыццём, жыццём дзяцей, унукаў і праўнукаў.

 

№13-14 газета "Народная воля", 2009 г.
29 студзеня 2009 г. споўніцца 125 год з дня нараджэння Антона Луцкевіча.

 

Падзяліцца: