Гедройц-2016: кніга “Завяршыць гештальт” Макса Шчура

“Белая муха” Альгерда Бахарэвіча апынулася на другім месцы, а “Таўсціла і лешч” Андрэя Адамовіча – на трэцім.

Пераможцу ўзнагароду ўручыў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. Ён падкрэсліў, што прэмія станоўча ўплывае на беларускае літаратурнае асяроддзе. Перад тым як адкрыць канверт і абвясціць першае месца, ён падкрэсліў: “Усе лаўрэаты – пераможцы, трэба мець мужнасць, каб удзельнічаць у такім няпростым конкурсе”.

За Макса Шчура ўзнагароду ў 5000 еўра атрымаў ягоны выдавец Андрэй Янушкевіч. Гісторыя аўтара і твора сама вартая кнігі: 38-гадовы пісьменнік з Берасця цяпер жыве ў Чэхіі, бо яшчэ ў канцы 90-х праз сваю п’есу “Смерць тырана” быў вымушаны пакінуць Беларусь. Спачатку раман выйшаў у электронным варыянце, а на паперы – ва Украіне. Кніга – своеасаблівы дарожны раман, што распавядае, як чалавек вандруе ў Нідэрланды.

Альгерд Бахарэвіч на цырымонію не прыехаў, але атрымаў стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў на шведскім востраве Готланд, дзе ў свой час бывалі Быкаў, Алексіевіч і іншыя беларускія літаратары. Адметна, што Бахарэвіч традыцыйна ўваходзіць у шорт-ліст прэміі і нават у тройку пераможцаў, але пакуль галоўнай узнагароды журы яму не прысуджала. “Папсовы глядач памятае, колькі часу Леанарда ды Капрыа ішоў да свайго Оскара. А вядомы рэжысёр Федэрыка Феліні так ніколі статуэткі і не атрымаў”, – заўважыў старшыня ПЭН-цэнтра і заслужаны вядоўца прэміі Гедройца Андрэй Хадановіч. “Напэўна, Бахарэвіч і не прыйшоў сёння, бо гэта складана – мець столькі намінацый і не перамагчы, – адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які і абвясціў другую кнігу года. – Журы штогод мяняецца, а Бахарэвіч кожны раз займае высокае месца. Ён ужо даказаў, што выдатны аўтар”.

Трэцяе месца аб’явіў пісьменнік, гісторык і майстар інтрыгі Уладзімір Арлоў. Ён распакаваў канверт і перад тым як назваць трэцюю кнігу года, пэўны час распавядаў пра смакоты на святочным стале з часоў ягонага дзяцінства, дзе самым выбітным быў малочны суп з рыбы. Вядома, з ляшча. За “Таўсцілу і ляшча” Андрэй Адамовіч атрымаў вандроўку на два тыдні ў Берлінскі літаратурны калёквіум. Ён паабяцаў даведацца, ці любяць рыбаліць ягоныя нямецкія калегі, і паспрабаваць з кімсьці з іх што-нішто вылавіць.

Раман “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” Валянціна Акудовіча двойчы выклікаў  бурныя эмоцыі ў залы. Агучаны купалаўцамі ўрывак пра бойку Лукашэнкі з Пазняком на месяцы насмяшыў аўдыторыю, а адсутнасць Акудовіча ў тройцы пераможцаў – расчаравала. Шмат хто прадказваў спадару Акудовічу першае месца, але сёлета журы вырашыла інакш.

Прыхільнікі Тані Скарынкінай пасля абвяшчэння вынікаў прэміі не маглі стрымаць слёз. Яе кнігу “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” высока ацанілі ўдзельнікі журы, а некаторыя ў зале да абвяшчэння вынікаў паміж сабой давалі кнізе другое месца.

У гэтым годзе на прэмію імя Ежы Гедройца былі намінаваныя 29 кніг. Барыс Пятровіч прызнаўся, што нават у лонг-лісце прэміі меў сваіх фаварытаў, вартых увагі чытачоў і крытыкаў. Па яго словах, сёлета быў вельмі моцны спіс прэтэндэнтаў на перамогу.

Урыўкі з твораў шорт-ліста прэміі, што прагучалі падчас цырымоніі, абіраў Хадановіч. Ён прызнаўся, што насалоджваўся такой працай і намагаўся, каб часткі былі цікавыя і зразумелыя тым, хто не чытаў твораў цалкам. Рэжысурай міні-аўдыёпастановак стаў Раман Падаляка, які распавёў, што разам з Алесем Малчанавым і Аленай Сідаравай яны запісалі і звялі ўсе часткі за 12 гадзін.

Прэмію імя Ежы Гедройца ўручаюць з 2012 года за найлепшую кнігу на беларускай мове. Раней яе атрымалі Павел Касцюкевіч за кнігу “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў за “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў за кнігу “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014) і Віктар Казько за кнігу “Час збіраць косці” (2015).

Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступілі пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Марыя Грыц, фота Зарыны Кандрацьевай