У віры быцця. Да 85-годдзя Ніла Гілевіча

Высокі, хударлявы, прамы. Такім я ўбачыў Ніла Гілевіча, калі, паступіўшы на філалагічны факультэт БДУ, пазнаёміўся з ім, старшакурснікам. Ён сам падышоў да мяне і нешта ўхвальнае сказаў пра мае вершы ў «Полымі»…

Вершы Ніла Гілевіча (студэнцкія і нестудэнцкія) друкаваліся як у нашай універсітэцкай газеце, так і ў розных рэспубліканскіх выданнях. А потым увайшлі ў яго першы паэтычны зборнік «Песня ў дарогу», які адкрываўся такімі зазыўнымі радкамі:

Калі не жадаеце знацца ў жыцці З назойлівай скрухай-журбою – Куды б ні прыйшлося паехаць, пайсці, Песню бярыце з сабою!..

Не маглі пакінуць чытача абыякавымі і новыя кнігі Ніла Гілевіча, у якіх паэт выказваў не толькі найбольш хвалюючае сваё, асабістае, але і наша агульнае, тое, што турбавала і турбуе ўсіх.

Перагортваю аднатомнік выбраных твораў Ніла Гілевіча ў нашай «залатой» серыі «Беларускі кнігазбор». Аўтар уключыў сюды ўсё самае-самае са сваёй больш чым паўвекавой творчасці.

Самы большы раздзел у томе – натуральна, паэзія.

Што мне найбольш блізкае, вабнае тут, сугучнае душы, – гэта вершы пра яго родную вёску, пра сыноўнюю любоў да «старонкі мілае». Як і ўсе мы, Ніл Гілевіч мусіў некалі пакі­нуць сваю хату, каб выправіцца ў шырокі свет. Ды «бацькоўскі куток», край маленства застаўся з ім як самае дарагое ў свеце назаўсёды.

Любоў да сваёй зямлі, да Беларусі, як мне здаецца, ёсць тое галоўнае, што вадзіла і водзіць пяром паэта. Ад яе, ад гэтай вялікай любові – яго нязбытны боль за ўкрадзеную чужынцамі волю народа:

Чужое, разбойнае, хамскае Гвалтуе, дратуе, таўчэ, А роднае, свойскае, наскае Бязмоўна ярмо валачэ.

Вершы Ніла Гілевіча – своеасаблівы дзённік паэта, гарачы выказ усяго таго, што яго хвалюе і трывожыць. Гэта застанецца ў гісторыі як жывое сведчанне нашага часу.

Многа добрага хацелася б сказаць і пра паэмы Ніла Гілевіча. Мне асабліва блізкія яго «Заручыны» і «Лодачкі», узятыя з самога жыцця, яшчэ з яго роднай Слабады. Апошняя напісана сэрцам, з дзяцінства параненым сэрцам. Паэма пра нялёгкі паваенны час, калі ўсім нам, дашчэнту згалелым за вайну, прыйшлі на дапамогу простыя амерыканцы, прысылаючы ўсё самае неабходнае з аддзення і абутку. Помніцца, і мне дастаўся тады хвацкі рудаваты фрэнчык (цяпер яго называюць пінжак), які я насіў усе школьныя гады. Шматдзетнай сям’і Гілевічаў выдзелілі размеркавальнікі гожыя, зусім новенькія «лодачкі». Меркавалася аддаць іх, як падрасце і падыдуць па назе, сярэдняй Нілавай сястры Ідзеі. І яна была ад гэтага на сёмым небе. Ніл (ён не надзяваў тут маску «лірычнага героя») бачыў, як сястра ўпотайкі даставала з куфра і, прымяраючы на нагу, любавалася імі. Ды як жа было не залюбавацца, не засвяціцца ад іх радасцю: 

Без засцежак, без банцікаў,
без строчак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З люстрана-чорнай
натуральнай скуры,
Знутры – усцеленыя гладкай
сцелькай,

З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло…

Але ў сям’і былі свае разлікі. Ніл Гілевіч, закончыўшы школу, ужо збіраўся ехаць на вучобу ў Мінск. Толькі як ехаць у сталіцу ў зрэбных портках? Патрэбны людскія штаны. А купіць іх не было за што. І маці знаходзіць адзінае выйсце: прадаць тыя лодачкі і набыць сыну штаны. Даручыла зрабіць усё гэта яму самому. І хлопец паехаў на рынак. «Бязбожны, чэрствы, подлы эгаіст» – кляне цяпер у паэме самога сябе за тое Ніл Гілевіч. Тое, што зрабіў нядобра, прадаўшы лодачкі, ён зразумеў, калі вярнуўся дадому. Ступіўшы на парог хаты, адразу ўбачыў, што нарабіў бяды. Яго сястрыца Ідзея зашылася ў пуню і, як расказала маці, цэлы дзень залівалася там слязьмі. Засмучаны брат пайшоў да яе павініцца і суцешыць. Ды гэта было не проста. «Ты злодзей! Злодзей!.. Ты ўкраў іх у мяне!» Павініўшыся і трохі яе супакоіўшы, ён спытаў: «А ведаеш, каму я іх прадаў?» Дзяўчынка ўмомант перастала хліпаць: каму ж дасталіся «лодачкі»? Хлопец падрабязна расказаў пра тую гожую, «як прынцэса», паненку. Братаў расказ ашаламіў Ідзею. Яна толькі ўпотайкі пачынала сніць пра каханне, а тут во родны брат – яна гэта ўбачыла з яго расказу – узяў ды закахаўся! Дзяўчынка толькі занепакоілася, ці ён знойдзе яе.

– Знайду! Не бойся!.. – Чакай!.. А мне ты скажаш, калі знойдзеш? – Скажу. – І пазнаёміш нас? – А як жа! – Ой, як я рада! – Ну хадзем! Хадзем! – Чакай... Скажы, а я, – і ледзь не шэптам Спытала: – Я таксама калі-небудзь?.. – Што – калі-небудзь? – не адразу ўцяміў, Аб чым яна. Пачырванеўшы страшна, Яшчэ цішэй сястрыца прашаптала: – Мяне таксама нехта... пакахае? – А як ты думала! Абавязкова!.. Яна мільгом саскочыла з рызаўкі І, паглядзеўшы ў вочы мне, сказала: – Я не злуюся ўжо, такой бяды! Адно каб толькі ты спаткаўся з ёю...

Значнай падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі было і з’яўленне рамана ў вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Мне асабліва хочацца чы­таць-перачытваць (часта ўголас) яго бездакорныя, моцна збітыя, літыя строфы, яго чыстую беларускую літаратурную мову. Пачытайце, беларусы-адшчапенцы, як хораша, як мілагучна яна льецца-пераліваецца!

У пракрустава ложа згаданага вышэй «кнігазбораўскага» тома мы, на жаль, не змаглі ўклю­чыць яшчэ шмат чаго з творчага набытку Ніла Гілевіча, вартага нашай «залатой» серыі. Скажам, яго выдатныя сатырычныя і гумарыстычныя творы, яго не менш дасціпныя драматычныя рэчы. Можна б было шырэй даць тут і яркую дакументальную прозу паэта.

Літаратура – у яе самых розных жанрах – гэта праўдзівае поле бою Ніла Гілевіча, на якім ён больш чым паўвека ваяваў за Беларусь. Не збіраўся пакідаць яго і на дзявятым дзясятку жыцця. Пра гэта сведчыць апублікаваная ў часопісе «Дзеяслоў» (№ 6 за 2015 год) яго новая, вельмі дасціпная сатырычная паэма «Сходка нячысцікаў». А таксама вельмі актуальныя паўсядзённыя запісы паэта пад агульнай назвай «У віры быцця», у якіх аўтар востра і палемічна выказваецца пра ўсё, што яго хвалюе, што трывожыць і абурае. Ва ўсе званы б’е Ніл Гілевіч, каб абудзіць ад зацяжной спячкі беларуса, які не бачыць, як пад шалёным напорам русіфікацыі гіне яго мова. А калі гіне мова – гіне народ, гінем мы як нацыя, гінем без вайны. «Бо гінем, дарагія мае, гінем! – даводзіць нам у застыглыя мазгі народны паэт. – Калі не возьмемся ратаваць сябе – згінем. Бо народ жыве, пакуль жыве яго мова... Не разумець гэта могуць толькі прымітыўныя недарэкі і тупіцы. Будзем глядзець праўдзе ў вочы: нашу мову свядома душаць, вынішчаюць. Падкрэсліваю: свядома. У сваіх эгаістычных мэтах».

Ці пачуюць беларусы свайго паэта? Ці зразумеюць, якая вялікая небяспека навісла над усімі намі?

Кастусь Цвірка, «Новы Час»