Будзьма памятаць. Як знішчалі Сілівонаўку

Сілівонаўка, што ля Жлобіна, была вёскай нябеднай. Нават да рэвалюцыі, калі, шчыра кажучы, дабрабыт у сялян назіраўся зрэдку і багатая «Расія, якую мы страцілі» (а беларускія землі тады былі ў складзе Расійскай імперыі) існавала хіба на паперы. Але Сілівонаўка, згодна з успамінамі жыхароў, была не такой. Па-першае, лозунг «Зямля – сялянам» у дадзеным выпадку не патрабаваўся, бо зямля перайшла ў сялянскую ўласнасць яшчэ да 1917 года.

Сярэдняя гаспадарка выглядала прыблізна так: 3-4 каровы, пара коней, авечкі, свінні, свойская птушка. Вядома, ніхто не прынёс гэта сялянам на залатым падносе – працавалі ад ранку да ночы, але і плён быў адпаведны. Не абмінулі вёску ні ліхалецце Першай сусветнай, ні Грамадзянская вайна, ні «ваенны камунізм»: гінулі людзі, улада за ўладай спрабавалі адабраць апошняе. Але неяк выжылі. А ў 1921 годзе прыйшоў НЭП. Не сказаць, што для сялян тут жа наступіў рай, але ўжо сама магчымасць карыстацца вынікамі сваёй працы ў параўнанні з тым, што было раней, нагадвала рай. На жаль, як і ўсё добрае, праз колькі гадоў шчаслівае жыццё скончылася.

1929 год. Год вялікага пералому. Гэтым разам улада з сялянамі не цырымонілася. На сходзе хлебаробам прапанавалі просты выбар, расказваў М.А. Рымараў: альбо ў калгас, альбо на Салаўкі. І, што характэрна, сяляне падпарадкавацца не пажадалі – мабыць, спадзяваліся, што гэтым разам бяда абміне. Не абмінула.

Літаральна праз некалькі дзён высветлілася, што сяляне, якія яшчэ ўчора жылі ледзь не як сям’я, абсалютна розныя! Сярод іх улада адшукала кулакоў, падкулачнікаў, кулацкіх падпявалаў, заможных сераднякоў, маламоцных сераднякоў і беднату. І не ўсім гэтым катэгорыям гарантавалася спакойнае жыццё – хутчэй большай частцы на яго спадзявацца не даводзілася. Зразумела, тыя, хто ў калгас не хацеў, незалежна ад маёмаснага стану сталі кулакамі і падкулачнікамі. Ворагамі.

Галоўнага героя, Асона Осіпавіча Рымарава, улада ворагам не лічыла. Больш за тое, як аўтарытэтнаму селяніну яму параілі не толькі ўступіць у калгас, але і рэкамендавалі накіраваць у калгасны актыў старэйшых сыноў. Ці варта казаць, што праца ў актыве была мала звязаная з рамяством хлебароба, але вельмі нагадвала карніцтва? На кампраміс з сумленнем Рымараў не пайшоў, адмовіўся.

«Вярхі» адрэагавалі аператыўна. Гаспадарка адышла калгасу, але ўжо без гаспадара – Асон Осіпавіч паехаў у высылку ў Кем, у Карэлію. Але дапамог цуд і паходжанне: касацыйнай скарзе жонкі Рымарава далі ход. Яшчэ ў дзяцінстве Асон Осіпавіч застаўся без бацькі і пачаў працаваць на лесараспрацоўках з 14 гадоў. Прыняўшы гэта пад увагу, Вярхоўны суд СССР Рымарава апраўдаў. Але ні пра якую ўласную гаспадарку, апроч малюсенькага прысядзібнага ўчастка, гаварыць ужо не даводзілася. А за асноўную працу ў калгасе ішлі працадні…

Здавалася, што горш ужо няма куды, але ў 1937 годзе высветлілася, што ёсць горшы, нашмат гаротнейшы лёс. 2 верасня 1937 года Асон Рымараў і яшчэ 18 сялянаў былі арыштаваныя і асуджаныя як ворагі народа па лініі НКУС. Праз колькі часу ён памёр у лагеры. Якімі ворагамі маглі быць не надта адукаваныя сяляне, чыімі шпіёнамі альбо дыверсантамі – пра гэта ведалі хіба ў органах. І, дарэчы, ведамі сваімі дзяліцца не спяшаліся. Ужо пасля рэабілітацыі Рымарава, праз дзесяцігоддзе, яго сыну распавялі, што бацька «ўхваляў контррэвалюцыйны трацкізм». Улічваючы, што нават замест подпісу Асон Рымараў ставіў крыжык, якімі маглі быць яго веды пра трацкізм, падаецца, зразумела. Гэта магло б быць  смешна, калі б не было гэтак страшна.

Сям’я Рымарава таксама не абышлася без пакарання: калі бацька – вораг народа, вінаваты, згодна з логікай таго часу, не толькі ён. Старэйшага сына Рыгора звольнілі з Чырвонай арміі як сына кулака яшчэ пасля раскулачвання ў 1930 годзе. Паколькі жыць у такіх умовах было невыносна, ён паспрабаваў схавацца ад рэвалюцыйнага правасуддзя за гарамі – праўдамі і няпраўдамі дабраўся да Закаўказзя і паспрабаваў пабудаваць новае жыццё там. Колькі гадоў гэта атрымлівалася, але ўжо пасля вайны не пашанцавала – мясцовыя ўлады накіравалі запыт па месцы нараджэння пра сацыяльнае паходжанне. Тое, што некалі выратавала бацьку, падкасіла жыццё сына: ніводная арганізацыя цяпер не прымала яго на працу, хіба ў ГУЛАГу не апынуўся – дапамаглі гады на фронце ды раны. Не вытрымаўшы чарговых выпрабаванняў, Рыгор неўзабаве памёр.

Два другія браты, Гаўрыла і Павел, таксама вымушаныя былі з’ехаць і дадому вярнуліся пасля выхаду з атачэння ў пачатку вайны, нейкі час жылі ў роднай вёсцы, але былі забітыя ў 1942 і 1943 гг. партызанамі. Разам ад рук партызанаў загінула пяць жыхароў Сілівонаўка.

Сам Мікалай пражыў жыццё больш шчаслівае: рэпрэсіі, лагер і гвалтоўная смерць яго абмінулі. Але не абмінула маўчанне. Памёр Сталін, пачалася «адліга», але «органы» па-ранейшаму не давалі ніякіх звестак ні пра тое, што адбылося з братамі, ні пра тое, за якое злачынства памёр у ГУЛАГу бацька. Ужо пасля «адлігі», у 1965, Асона Рымарава рэабілітавалі – а пра тое, што ён быў «контррэвалюцыйным трацкістам», не распавялі і тады, даведалася пра гэта сям’я праз дваццаць гадоў, у пачатку перабудовы. Братоў рэабілітавалі толькі ў 1994 годзе, а ў смерці іх ваенная пракуратура Беларускай ваеннай акругі абвінаваціла камандзіра партызанскага атрада Драчова К.М., які братоў Рымаравых ніколі не бачыў і пра вёску Сілівонаўку не чуў.

А што астатнія жыхары вёскі? 18 сялянаў, рэпрэсаваныя разам з Асонам Рымаравым, не былі адзінымі ахвярамі сістэмы. За 30-я і 40-я гады, паводле падлікаў Мікалая Рымарава, была рэпрэсаваная ці не палова галоў сямей і старэйшых сыноў. Асноўная іх віна – не хацелі быць у калгасе… Паліцаямі падчас вайны сілівонаўцы быць таксама не маглі, бо паліцыі ў вёсцы не было ўвогуле.

Як паўплывалі падзеі 30-х на вёску? Спачатку у багатай Сілівонаўцы былі гвалтам арганізаваныя два калгасы – «Чырвоны гай» і «Гудок». Неўзабаве прагрэсіўнае кіраванне з высылкай кулакоў, падкулачнікаў і ворагаў народа прывяло да таго, што калгасы аб’ядналі ў адзін. Потым засталася адна брыгада. Да 60-х гадоў працаздольных сялян у Сілівонаўцы не засталося ўвогуле, былі зачыненыя і школа і клуб – няма каго вучыць, няма каго забаўляць. Цяпер ад вёскі засталося некалькі дамоў, дзе дажывае век некалькі старых.

Зразумела, можна спекуляваць на тэму «Урбанізацыя і без таго б прывяла да знікнення вёскі». Але факт ёсць факт: тое, што да 1930 года было заможнай вёскай, пасля некалькіх хваляў рэпрэсій ператварылася амаль у нішто. Сям’я Рымаравых, да якой мы прыгледзеліся больш падрабязна, з 9 членаў страціла траіх фізічна забітымі альбо закатаванымі, чацвёра памерлі датэрмінова праз цкаванне, галечу і несправядлівасць. Ці не вартыя памяці гэтыя людзі?

Дзяніс Пыхалаў (паводле матэрыялаў канферэнцыі «Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў ХХ ст.», 1998), Фотаздымкі: Андрэй Лянкевіч