У Нью-Ёрку прайшоў канцэрт гурту «Стары Ольса»

Пасля месячнага тура па Штатах «Стары Ольса» нарэшце наведаў Нью-Ёрк. 21 верасня Бруклін стаў 21-м горадам, дзе адбыўся канцэрт гурту. Проста канцэртам гэта нават не назавеш, гэта было выдатнае шоу.

Гучалі творы з «Полацкага сшытка», найлепшыя каверы з альбома «Medieval classic rock» і рыцарскія песні. Таксама Марыя Шарый паказвала базавыя рухі «Кракавяка», «Ойры» і «Дрыгулы», танчылі маладыя і старэйшыя, беларусы і амерыканцы.

Энергетыка была неймаверная. Пасля асноўнай праграмы натоўп не хацеў разыходзіцца, крычалі: «Яшчэ, калі ласка!», тры разы выклікалі гурт на біс. Музыкі падчас выступу нават казалі: «Каб вашую публіку ды на нашыя канцэрты ў Беларусі». Натоўп праводзіў гурт словамі: «Дзякуем! Жыве Беларусь!»

Больш відэа тут >>>

Ганна Шарко, «Наша Ніва» Фота аўтара