З усяго свету – на савет

Гэта – своеасаблівае веча дыяспары. Супляменнікі расказвалі, якімі клопатамі жывуць іх суполкі, разам абмяркоўвалі планы на будучыню. Сёлета ў пасяджэнні паўдзельнічала 33 прадстаўнікі беларускай дыяспары з 20 краін.

Былі госці з Германіі ды Польшчы, Казахстана і Украіны, Малдовы і Расіі, Літвы і Латвіі, Эстоніі ды ЗША, а таксама Чэхіі, Францыі, Італіі, Іспаніі ды іншых краін. Ведаю, кожнае пасяджэнне КС для супляменнікаў – значная падзея. Чакаюць, рыхтуюцца, складаюць пытанні. Прадумваюць тэзісы выступленняў. Неяк у рэдакцыю віцэ-прэзідэнт Міжнароднага культурнага цэнтра «Садружнасць» з Рыма Ніна Пашчанка пісала: «На Кансультатыўным савеце збіраюся агучыць некалькі пытанняў: пра адкрыццё беларускага цэнтра ў Рыме, мерапрыемствы да 500-годдзя з Дня нараджэння Ф. Скарыны, што пройдуць у Італіі. Ёсць прапановы супрацоўніцтва для міністэрстваў адукацыі, спорту, культуры...» А ў нядаўнім інтэрв’ю намеснік старшыні БГКТ у Польшчы Базыль Сегень казаў мне: будзе гаварыць пра вяртанне квоты для паступлення маладых беларусаў Польшчы ў беларускія вну. Кіраўнік ансамбля «Світанак» з літоўскага Вісагінаса Сяргей Шабадалаў згадваў пра былую традыцыю адпачынку дзяцей беларусаў замежжа ў айчынных летніках. Таксама ж вельмі надзённае пытанне!

Беларусы з розных краін свету сабраліся ў Міністэрстве замежных спраў

Пачалося пасяджэнне ў МЗС лірычна... З кветак, якія старшыня Кансультатыўнага савета, Міністр замежных спраў Уладзімір Макей уручыў старшыні суполкі «Сябры» з эстонскай Нарвы Людміле Аннус – павіншаваў такім чынам актывістку беларускага руху з юбілеем. Пасля Уладзімір Уладзіміравіч казаў пра важнае: «Станоўчым вынікам работы МЗС за мінулы год стала прыняцце Урадам Беларусі падпраграмы «Беларусы ў свеце» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады. Дзякуючы гэтаму мы ўпершыню маем магчымасць аказваць фінансавую падтрымку правядзенню мерапрыемстваў арганізацыямі суайчыннікаў за мяжой. Так, ужо былі падтрыманы дзве імпрэзы, у Аргенціне і Эстоніі, якія праводзіліся сумесна з беларускімі пасольствамі ў гэтых краінах».

Казаў глава МЗС і пра ўдзел прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў пятым Усебеларускім народным сходзе, што стала знакавай падзеяй ва ўмацаванні стасункаў з супляменнікамі. А на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры свае веды прадэманстравалі вучні вільнюскай Беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. Некаторыя з беларусаў замежжа навучаліся ў Міжнароднай летняй школе беларусістыкі, якая праводзілася Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы ў Мінску.

Удзельнікі ІІ Кансультатыўнага савета: фота на памяць

Яшчэ навіна, пра якую і мы пісалі: у адной са школ у амерыканскім горадзе Сакрамэнта быў адкрыты клас беларускай мовы і літаратуры. «Аказалася, там знаходзіцца даволі ўплывовая беларуская дыяспара, і ёсць энтузіясты, якія згадзіліся арганізаваць такія класы. Я лічу гэта вельмі пазітыўным момантам,» – адзначыў Уладзімір Макей. Пры дапамозе МЗС Беларусі вырашаюцца і некаторыя фінансавыя пытанні. Так, дзякуючы сумеснай рабоце Пасольства Беларусі ў Літве і Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы была выдзелена спонсарская дапамога ад літоўскіх кампаній для Згуртавання на 2015 і 2016 гады. А мэрыяй Клайпеды для суполкі «Крыніца» перададзена ў карыстанне асобнае памяшканне, прычым на бязвыплатных умовах. Падзякаваў Уладзімір Макей тым выхадцам з Беларусі, хто садзейнічае арганізацыі паставак прадукцыі беларускай вытворчасці за мяжу. Такой супрацы надаецца асаблівая ўвага. Сёлета прадстаўнікі дыяспары былі на 13-м Міжнародным Гомельскім эканамічным форуме і выставе-кірмашы «Вясна ў Гомелі». «Мы плануем працягваць і пашыраць практыку запрашэння беларускіх бізнесменаў з-за мяжы для ўдзелу ў разнастайных эканамічных форумах і кірмашах, якія праводзяцца ў краіне», – паабяцаў Міністр.

Цікавая прапанова прагучала і аб стварэнні ў Мінску «Беларускага дома» – своеасаблівага культурнага цэнтра, з музеем беларускага замежжа, месцам для арганізацый, якія займаюцца развіццём супрацоўніцтва як з беларусамі замежжа, так і з разнастайнымі таварыствамі дружбы, арганізацыямі замежных студэнтаў, якія навучаліся ў Беларусі. Марыцца і пра залы для правядзення канцэртаў, літаратурна-мастацкіх сустрэч, з’ездаў, канферэнцый... Уладзімір Макей папрасіў прадстаўнікоў бізнесу і беларускія суполкі разгледзець магчымасць фінансавага ўдзелу ў рэалізацыі такога праекта.

Казаў Міністр і аб правядзенні ў наступным годзе 7-га З’езда беларусаў свету, арганізатарам якога традыцыйна выступае грамадскае аб’яднанне «Бацькаўшчына». «Падрыхтоўка і правядзенне гэтага мерапрыемства стане адным з галоўных кірункаў работы ў наступным годзе, – адзначыў Уладзімір Макей. – Я сустракаўся з кіраўнікамі арганізацыі, абмяркоўвалі канцэпцыю падрыхтоўкі і правядзення з’езда». А для таго, каб пра беларусаў замежжа больш даведваліся жыхары Беларусі, Уладзімір Макей запрасіў супляменнікаў часцей бываць на Радзіме, прывозіць з сабой творчыя калектывы, удзельнічаць у фэстах, святах, якіх штогод нямала праходзіць у краіне. Напрыклад, на свяце Дзень беларускага пісьменства-2017 у Полацку на асобным стэндзе можна прадставіць кніжныя навінкі ад беларускіх паэтаў і празаікаў замежжа.

Дарэчы, правядзенне ІІ Кансуль­татыўнага савета па справах беларусаў замежжа не абмежавалася адным пасяджэннем. Госці пабывалі ў Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, на цудоўным канцэрце ля Палаца спорту, прысвечаным Дню горада Мінска, святочным феерверку, на экскурсіі ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведалі сталіцу Дня пісьменства – горад Рагачоў Гомельскай вобласці.

Адразу пасля заканчэння веча дыяспары ў сацсетцы Фэйсбук з’явілася старонка «Беларусы свету». Стварыла яе ўдзельніца КС, якая прадстаўляе беларускую суполку ў Кыргізіі «Світанак», спявачка Юлія Руцкая. Уваход у новую віртуальную супольнасць вольны. Змест жа, спадзяецца яе «мадэратар», будзе насычаным і карысным.

Кацярына Мядзведская, «Голас Радзімы»