Сёння Дзень Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга

Дваццаць пяць гадоў таму, 19 верасня 1991 года, нацыянальныя сімвалы Беларусі – герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг – сталі дзяржаўнымі. Прапануем вам сем фактаў пра нашы сімвалы.

Факт першы

Бела-чырвоны сцяг і Пагоня вядомыя ў Беларусі са старажытнасці. У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, выяву ўзброенага вершніка  пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Гербам упрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў». «Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў – ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст., калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 года на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага таварыства).

А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах. Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

К. Дуж-Душэўскі злева.

Факт другі

У снежнi 1917 года ў Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. У 1918 годзе Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг, а «Пагоня» была абвешчана дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Факт трэці

Падчас Другой сусветнай вайны бел-чырвона-белы сцяг разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнуў да ўжытку калабарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).

Факт чацвёрты

У савецкія часы бел-чырвона-белы сцяг на тэрыторыі СССР быў пад забаронай. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі бел-чырвона-белы сцяг залунаў падчас жорстка разагнанага шэсця «Дзяды» ў 1988 годзе. Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня для многіх сталі не толькі сімваламі перамен, але і спосабам апазнаць «сваіх»: каб насіць маленькі бел-чырвона-белы значок тады трэба было мець мужнасць.

Пры гэтым усе масавыя акцыі тых часоў – шматтысячныя мітынгі і дэманстрацыі з перакрыццём праспекта Леніна (цяпер Незалежнасці), страйкі рабочых, пікеты – праходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання і ўдзельнічаў у распрацоўцы афіцыйных сімвалаў Беларусі, узгадваў:

«Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг зацвярджаліся без малюнкаў. Пасля была створаная камісія з найлепшых мастакоў краіны. Наша задача была ў тым ліку, каб наша «Пагоня» на сто адсоткаў адрознівалася ад літоўскай. Літоўцы, дарэчы, спецыяльна памянялі герб – да вайны «Пагоня» ў іх была іншай. Мы за ўзор узялі «Пагоню» з магілы Ягайлы – самую старажытную з вядомых. З крыжам Ефрасінні Полацкай. Літоўцы – «Пагоню» XVI стагоддзя з іншым крыжам. Атрымліваецца, што наш герб больш адносіцца да готыкі, літоўскі – да барочнага Рэнесансу. Цяпер зблытаць іх не змагло б нават дзіця».

Вінцук Вячорка распавядаў, што пра змену сцягу над Домам ураду ў яго захаваўся неадназначны ўспамін:

«Зроблена ўсё было паціху. Мы думалі, што будзе ўрачыстасць, чырвона-зялёны сцяг здымуць і аднясуць у музэй, а мы заспяваем гімн падчас узняцця нашага нацыянальнага сцягу. Нічога падобнага. Уначы адзін сцяг банальна памянялі на другі. Як сказаў тады Віктар Івашкевіч, «адбылася рэвалюцыя заўхозаў…»

Малюнкі для  першых паштовых марак Рэспублікі Беларусь з выявай яе дзяржаўных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня» – былі зроблены ў 1992 годзе мастаком Міколам Купавам.

Факт пяты

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» пазбавілі статусу афіцыйных дзяржаўных сімвалаў у 1995 годзе ў выніку рэферэндуму, які быў ініцыяваны Лукашэнкам. Кіраўнік справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Іван Ціцянкоў апроч іншага ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які зняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сцяг і разарваў яго на кавалкі.

Пасля гэтага нацыянальныя сімвалы Беларусі зноў трапілі ў няміласць, хаця афіцыйна іх выкарыстанне не было забаронена. Тым не менш, людзей з сімволікай на акцыях хапалі ў першую чаргу, за майку з «Пагоняй» штрафавалі і нават збівалі, за сцяг, вывешаны на ўласным балконе, пагражалі суткамі арышту, на канцэрты ці спартовыя мерапрыемствы з бел-чырвона-белай атрыбутыкай не пускалі, а мадэратары некаторых паблікаў у «Вконтакте» называлі герб фашысцкім сімвалам.

Факт шосты

У лістападзе мінулага года з выставы, прысвечанай 25-годдзю суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў і 75-годдзю Аляксея Марачкіна, былі зняты тры творы. Прычым, адзін з іх – партрэт амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца – за тое, што фон карціны нагадаў цэнзаршы бел-чырвона-белы сцяг.

У адказ актывісты грамадскіх і палітычных арганізацый развешвалі на вуліцах беларускіх гарадоў «100 сцягоў», раздавалі кіламетры бел-чырвона-белых стужак мінакам. 

Факт сёмы

Зараз нацыянальная сімволіка ў трэндзе. Модна насіць вышымайку ці швэдары з бел-чырвона-белым арнаментам. Усё часцей на вуліцах можна пабачыць аўто, у якіх едзе «маленькі беларусік», пра што сведчыць адпаведная налепка. Міліцыянты, відаць у адпаведнасці з новым загадам, спакойна прапускаюць праз турнікеты оўпэн-эйраў людзей з Пагоняй на грудзі. А вядомыя беларускія спартоўцы выказаліся  ў падтрымку нацыянальнага сцяга: Аляксандра Герасіменя, Віталь Гуркоў, Аліна Талай, Уладзімір Парфяновіч ды іншыя.

Б-ч-б аўтамабіль. Фота artsiadziba.by

Засталося толькі дачакацца, калі гістарычныя сімвалы незалежнасці зоймуць свае законнае месца. Але, здаецца, уяўным парадкам гэта паступова адбываецца. Бо ж «старадаўняй Літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Са святам!