Зміцер Вайцюшкевіч запісвае альбом на вершы Уладзіміра Някляева

Дыск мае стаць вынікам апошніх 7 гадоў супрацы Вайцюшкевіча і Някляева. Некалькі спеваў з будучага альбому спявак прэзентаваў сталічнай публіцы на вечарыне памяці беларускага капелана Алеся Чаркашына.

«Вядзем працу над альбомам на вершы Някляева да ягонага 70-годдзя,» – гаворыць музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

– Спадзяюся ён выйдзе не ў гэтым годзе, але ў наступным, нягледзячы на тое, што 70-годдзе сёлета. Але гэта праца апошніх 7 гадоў, якую мы рабілі. Я адчуваю са свайго боку важны абавязак давесці яе да канца. Спадзяюся, усё гэта будзе запісана ў Варшаве з вельмі добрым скрыпічным квартэтам, з добрымі аранжыроўкамі, якімі ўжо займаюцца варшаўскія кампазітары.

«Калі ўсё выйдзе, запісы будуць у новым і цікавым нават для мяне гучанні», – дадаў Зміцер Вайцюшкевіч.

Вайцюшкевіч вядомы выкананнем твораў беларускіх класікаў. У яго гучанні наноў ажылі вершы Караткевіча, Бураўкіна, Барадуліна і многіх іншых. Супольны праект з Уладзімірам Някляевым мае выйсці напачатку 2017 года.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя Фота ultra-music.com