Алесь Пушкін: Нам патрэбна незалежнасць

26 жніўня ў Познані адкрыецца выстава «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін».

Алесь Пушкін і Марцэль Скерскі

РР: Ці ўсё ўжо падрыхтавана да адкрыцця выставы?

Алесь Пушкін: Так, ужо ўсё гатова. Куратар Марцэль Скерскі вельмі адказна падыходзіць да гэтай выставы. Гэта такі малады чалавек, які скончыў факультэт філасофіі Познанскага ўніверсітэта, гэта яго першая выстава, якую ён курыруе. Малады хлопец, кандыдат мастацтвазнаўства, вельмі цікавы чалавек. Мы ўжо ўсё раставілі, развесілі, змантавалі карціну Свабоды, якую я вёз па «Аўтастрадзе свабоды». Я ехаў на Познань і вельмі дзівіўся, што вось гэтая цудоўная дарога з Варшавы на Познань называецца «Аўтастрада свабоды». Я вёз карціну Свабоды з Бабра – з усходу Беларусі.

«Карціна Свабоды»

РР: Што яшчэ вы прадставіце жыхарам і гасцям Познані?

Алесь Пушкін: Вельмі прыемна, што гэта выстава мае назву «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін», бо ў сваёй краіне я не маю мажлівасці выставіць усе свае творы і паказаць усю сваю творчасць. Напрыклад, мае перформансы я дагэтуль не магу нідзе паказаць. Партрэты «Беларускага рэзістансу»: Яўген Жыхар, Янкі Філістовіча, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, Лукаша Семянюка, Юркі Моніча, я не магу выставіць у Беларусі. На гэтай выставе ўпершыню можа быць найбольш поўна прадстаўлены, і нават у каталог увайшлі, ўсе мае творы, апрача тэатральнага мастацтва, бо я яшчэ афармляў і аздабляў спектаклі ў тэатры імя Якуба Коласа. Тут прадстаўлены перформансы, якія будуць ісці на двух маніторах, вядома ж праект Бабра, які я забраў з сельсавета. Гэта мая важная канструктыўная прапанова для мястэчка, для цяперашняй улады, што давайце зробім мястэчка Бобр такім, якім мы яго ўсё ж такі можам зрабіць, без гэтых дэкларацый на вашых усебеларускіх з’ездах. Я зрабіў велічэзны праект, ён вісеў у сельсавеце. Куратар выставы вырашыў яго паказаць у Познані, якім мог быць Бобр, калі б улада сапраўды клапацілася пра свой народ.

РР: Якія шансы на тое, што гэты праект вернецца назад у Бобр?

Алесь Пушкін: Так, я нават калі забіраў з сельсавета, то на падставе запрашэння ў галерэю «Арсенал». Я напісаў: «Бярэцца праект мястэчка Бобр з сельсавета на выставу ў Познань да 9-га кастрычніка 2016 года». І ўвогуле, калі зараз прывязуць, то зноў павешу ў сельсавеце. Вядома гэта стымул такі для нашых уладаў, каб усё ж нешта зрабіць, што намалявана на праекце. Бо яны так кажуць заўсёды: «Так, так Аляксандр Мікалаевіч, мы будзем старацца, мы канешне ж зробім, гэта вельмі добра». Нічога не робяць, ну а цяпер можа нешта зробяць, цяпер можа нешта зрушыцца. Будзе прадстаўлены жывапіс, і канешне ж будуць прадстаўлены шпакоўні – гэта такі мірны, цудоўны вясновы супраціў і ўшанаванне памяці нашай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яшчэ будзе паказана серыя «Рукі беларусаў», серыя «Беларускі рэзістанс», ну а таксама партрэты дзяцей і жоначкі вясковай настаўніцы Яніны, і самаго Алеся Пушкіна – называецца «Пленэр на Беларусі».

РР: Што трэба мастаку, каб адчуваць сябе свабодным?

Алесь Пушкін: Мой рэцэпт вельмі просты – нам патрэбна незалежнасць. Я знітаваны з незалежнасцю, вось як раз гэтымі днямі 25 год незалежнасці, гэта мой лёс. Мне 51 год, з іх 20 я займаюся сваім мірным мастацтвам. Сябры, усё цяжка, усё забаронена, пад уплывам суседняй краіны нам не даюць падымаць сваю культуру, але ў нас ёсць незалежнасць. Я жывы, я працую, я сёння ў Познані, заўтра павязу ў Бобр гэтыя працы, паедзем на Крапіўнае поле 8 верасня, буду рэстаўраваць касцёл у Вішнева, якому 600 гадоў, я з’яўляюся яго навуковым кіраўніком, але для гэтага патрэбная падставовая рэч – незалежнасць. Віншую вас сёння са святам! Сёння ў Познані я буду сведчыць пра тое, што мы ёсць, беларусы ёсць, Беларусі ўжо 25 год. Незалежныя мастакі, якія нарадзіліся ў перыяд гэтага новага неба над новай краінай, яны сёння славяць Беларусь сваімі працамі і ў суседняй брацкай краіне. Вельмі цёплая краіна, вельмі цудоўны куратар, дырэктар галерэі. Вы заўважце якая цікавая сітуацыя, што не расейцы мяне запрасілі ў Смаленск, хоць Смаленск бліжэй, ні ў Маскву нешта зрабіць на Дзень Незалежнасці нашай – 25 год незалежнасці, а пазнанцы. Яны зразумелі мяне хутчэй, чым суседні народ у Смаленску ці Маскве. Будзем ствараць Беларусь і сведчыць пра нашу незалежнасць сваёй творчасцю.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя