У Фінляндыі Ўладзімер Някляеў сыграў у спэктаклі сам сябе

Літаратурна-тэатральны вечар, прысьвечаны юбілею Ўладзімера Някляева, прайшоў у клюбе Нацыянальнага тэатра Фінляндыі. Арганізатарамі юбілейнага мерапрыемства выступілі Міністэрства замежных спраў Фінляндыі і фінскі ПЭН-цэнтар.

«Мы не таму арганізавалі ўшанаваньне Някляева ў Хэльсынкі, што беларускія ўлады не дазволілі яму правесьці юбілейную літаратурную сустрэчу ў Менску. Проста мы лічым Някляева ня толькі беларускім паэтам і грамадзянінам, але і фінскім. Вялікім паэтам і вялікім грамадзянінам», – цытуюць naviny.by паэта і перакладчыка, каардынатара Міжнароднага ПЭН-клюбу Юку Малінена.

Са сцэны гучалі вершы, прысьвечаныя Ўладзімеру Някляеву фінскімі паэтамі, музыка, а затым быў паказаны спэктакль па паэме Някляева «Рускі цягнік». Ролю аўтара паэмы ў спэктаклі сыграў сам Уладзімір Някляеў.

З 70-годзьдзем Някляева павіншавалі таксама на сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Фінляндыі.