Беларусы двух гарадоў на Даўгаве адзначылі «Свята бульбы»

У суботу, 6 жніўня, у беларускім таварыстве «Спатканне» г. Екабпілса ў вельмі цёплай, сяброўскай, душэўнай атмасферы прайшло «Свята бульбы», у якім прынялі ўдзел і госці з Даўгаўпілса: прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры і культурна-асветніцкага таварыства «Уздым». Беларусы двух гарадоў на Даугаве спявалі гімн бульбе, якая па праву лічыцца другім хлебам у Беларусі.

Старшыня екабпілскага беларускага таварыства «Спатканне» Валянціна Дарашчонак адкрыла вечар вершам Рыгора Барадуліна «Чышчу бульбу». Запальныя песні мясцовага ансамбля «Завіруха» пра бульбу чаргаваліся з вельмі цікавымі расказамі вядучай пра гісторыю з’яўлення бульбы на беларускай зямлі, пра яе смакавыя і лекавыя якасці, пра шматлікія стравы, якія можна зрабіць з гэтага выдатнага і карыснага прадукта.

І ўдзельнікі свята, і шматлікія госці з непадробленай цікавасцю ўдзельнічалі ў віктарынах і гульнях, разгадвалі загадкі, чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі: і ўсё гэта было прысвечана «яе вялікасці бульбе». Але кульмінацыяй усяго стала дэгустацыя шматлікіх страў, прыгатаваных з душой і любоўю умелымі рукамі майстрых-гаспадынь Екабпілса. І чаго тут толькі не было: бульба вараная, бульба смажаная, клёцкі, дранікі, бабка, калдуны, бульбянікі, цэпеліны – усяго не пералічыць! А да іх яшчэ і салаты, адным з кампанентаў якога абавязкова з’яўлялася бульба, і свежая гародніна, і хатняя каўбаса, і смачны хлеб, і пірагі з ягадамі і фруктамі.

Дэлегацыя беларусаў Даўгаўпілса са сцэны ўрачыста павіншавала арганізатараў, удзельнікаў і гасцей з такім выдатным мерапрыемствам і праспявала песню «Мы вам жадаем». Дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, адзначыўшы крэатыўнасць мерапрыемства, прапанавала екабпілскім беларусам зрабіць «Свята бульбы» сваім брэндам і праводзіць штогод. Бо ёсць жа брэнды ў другіх беларусаў Латвіі: у Даўгаўпілсе – фестываль «Беларускі кірмаш», у Вентспілсе – «Купалле», у Дагдзе – «Фэст». А паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, на вершы якога ансамбль «Завіруха» выканаў песню «Дранікі», вельмі пранікнёна і эмацыйна прачытаў свой верш «Бульбакапанне». Дарэчы, менавіта екабпілскае «Спатканне» стала ініцыятарам агульналатвійскай акцыі «Беларускі ручнік», які будуць вышываць пачаргова ўсе беларускія таварыствы да стагоддзя Латвіі. А на «Ручніку пажаданняў» беларусы Даўгаўпілса сваім екабпілскім сябрам напісалі добрыя словы ў вершах, пажадаўшы зберагаць традыцыі і культуру беларускага народа «і ў песнях, і ў святах, і ў кухні!». А што так ёсць і так будзе, пасля такога цудоўна арганізаванага свята ніхто не сумняваецца!

Марыя Памецька, метадыст Цэнтру беларускай культуры