Чароўныя акарыны Ганны Радзівонавай

Арыгінальныя творы мастацтва нараджаюцца ў Іркуцку пад уплывам беларускіх народных традыцый

Пра таленавітую мастачку-керамістку Ганну Радзівонаву, якая, жывучы ў Іркуцку, вельмі крэатыўна выкарыстоўвае ў сваёй творчасці беларускія культурныя традыцыі, мы крыху пісалі. Засталося, аднак, «за кадрам»: як яна далучылася да беларускай культуры? Пэўна што не выпадкова! Магчыма, актывістам іншых беларускіх суполак цікава будзе даведацца: Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага мае і такі кірунак дзейнасці, як… дапамога студэнтам. Мы ахвотна іх кансультуем, калі нехта бярэцца пісаць курсавыя, робіць дыпломныя працы па беларускай тэматыцы. Такіх энтузіястаў, дарэчы, за час існавання ІТБК было нямала. А нам па-ранейшаму прыемна, калі багатая беларуская культура выклікае інтарэс у маладых даследчыкаў.

Ганна Радзівонава старанна апрабоўвае гучанне кожнай ноты сваіх акарын

Сярод такіх глыбокіх, духоўна багатых, адкрытых да новага досведу маладых людзей аказалася і Ганна Радзівонава, выпускніца Іркуцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яна вучылася ў Інстытуце выяўленчых мастацтваў і сацыяльна-гуманітарных навук, сябруе з мясцовымі беларусамі, актыўна ўдзельнічае ў нашых святах, фэстах. Так што, можна смела казаць, прапіталася яна ўжо беларускім духам. І вось летась Ганна паспяхова абараніла на кафедры дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дыплом «Керамічныя музычныя інструменты па матывах славянскай культуры для правядзення беларускага свята Гуканне Вясны» Праца атрымала ацэнку «выдатна». Акрамя таго, да станоўчых, цудоўных водгукаў іркуцкіх мастацтвазнаўцаў з часам дадалося захапленне гараджан і гасцей Іркуцка, якія наведвалі персанальную выставу Ганны ў Іркуцкім абласным Доме народнай творчасці. А сёлета з сярэдзіны чэрвеня ў Гарадскім выставачным цэнтры імя В. Рогаля таксама прадстаўлены яе арыгінальныя творы – на выставе «Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі». Выстава, як мы пісалі, прысвячаецца 20-годдзю ІТБК. І вось такім чынам – пагадзіцеся, вельмі прыгожа і арыгінальна! – пашыраецца беларуская культура ў Прыбайкаллі.

Так што мая парада актывістам беларускага руху: не стамляйцеся «сеяць зерне», выступаць у самых розных аўдыторыях – і да вас таксама абавязкова прыцягнуцца людзі неардынарныя, таленавітыя.

Вырабы ад Ганны Радзівонавай

Прызнацца, нам, іркуцкім беларусам, і самім вельмі цікава пабачыць (і пачуць!), што атрымалася ў выніку смелага мастацкага эксперыменту Ганны Радзівонавай. Нават на здымках відаць, што ўсё гэта – здорава! Мастачка выдатна перадае ў сваіх творах невымоўны сэнс Гукання Вясны: гэта ж і сунастрой душы чалавека з Дыханнем Вечнасці, адладжванне дыялогу з нябачнымі магутнымі сіламі, што абуджаюць увесну як Зямлю-маці, так і душу кожнага з нас. А якая цёплая, лагодная, можна сказаць, стылістыка выканання акарын у матэрыяле! Безумоўна, яна – беларуская, народная, хоць творы й зроблены з сібірскай гліны. І галоўнае: Ганна ж і сама спасцігае таямніцы грання на тых інструментах, якія змайстравала. Чуйна ловіць настрой, гучанне кожнай акарыны. І ўсё беларускае ёй цяпер – не чужое: тое відаць і ў апісанні кампазіцыі, у аповедзе мастачкі пра само беларускае Гуканне Вясны.

Цікава, што на зробленых Ганнай Радзівонавай інструментах можна граць па нотах. І мы не выключаем, што ў будучыні – напрыклад, у пару чарговага Гукання Вясны – яе чароўныя акарыны загучаць, можа, і на вясновай прыродзе, і ў канцэртнай зале ў руках прафесіяналаў. А канцэрт назавем, напрыклад, так: «Гукі Вясны і Бацькаўшчыны: Чароўныя акарыны Ганны Радзівонавай»… Дарэчы, некаторыя з яе акарын запатрабавалі складанай тэхналогіі вырабу. Расказвала: для стварэння новых вібрацыйных патокаў, напрыклад, каб атрымаць музычны строй ЛЯ-СІ-РЭ-МІ-СОЛЬ, яна зрабіла ў інструменце дзве ўваходныя адтуліны, там і дзве камеры. Ганна старанна адпрацоўвала гучанне кожнай ноты, кансультуючыся ўвесь час з музыкамі-спецыялістамі. Цяпер, пэўна, і прафесійныя выканаўцы, якія граюць на акарынах, не маюць «інструментаў ад Ганны Радзівонавай», з такімі шырокімі магчымасцямі. Бо, як сцвярджае мастачка, любую прыладу з яе цяперашняй калекцыі – і іх ужо больш за паўсотні – можна падладзіць пад любую паслядоўнасць тонаў і паўтонаў.

Ад усіх беларусаў выказваю падзяку Ганне – за тое, што паказала нам, як трэба ўмець слухаць і чуць сваё роднае, як разумець і бачыць яго, прыкмячаць у родным прыгажосць і самім тварыць красу па ягоных узорах. Дзякуй табе, Ганна, і за эстэтычную асалоду, якую маюць усе ад тваіх твораў. Дарэчы, пры афармленні выстаў мы выкарыстоўваем ручнікі з калекцыі ІТБК: здорава атрымліваецца!

Спадзяемся, арыгінальныя працы Ганны Радзівонавай шырока пойдуць па свеце, сваім выглядам ды непаўторнымі галасамі пашыраючы ўсюды беларускую прысутнасць. Так што, сябры, дасылайце нам заяўкі на арыгінальныя керамічныя вырабы! Альбо запрашайце з выставай: прыедзем, пакажам, раскажам, пайграем, ды яшчэ й паспяваем.

Алена Сіпакова, кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага

 

Такія галасістыя птушкі

Птушкі як увасабленне боства іграюць важную ролю ў міфах розных народаў пра стварэнне свету. Напрыклад, ёсць такая версія: сярод бязмежных водных прастораў, якія былі пачаткам усіх пачаткаў, стаяла дрэва. І ад дзвюх птушак, што звілі на ім гняздо, пачалося жыццё на Зямлі. Дрэва, або Дрэва жыцця, стала сімвалам усяго жывога, а дзве птушкі, што ахоўваюць яго – сімвалам дабра і сямейнага шчасця. Усё цалкам азначала жыццё і дабрабыт. Яйкі ў гняздзе – гэта сімвал жыцця, якое зараджаецца.

Беларускія дзяўчаты ў Іркуцку

У маіх творах, кампазіцыях і птушкі, і яйкі ўпрыгожаны беларускімі арнаментамі, сярод знакаў-сімвалаў у якіх пераважае тэма ўрадлівасці зямлі. Я выкарыстоўваю чырвона-белае рашэнне арнаменту, а таксама арнаменты ў цёплых, прыродных танах. Ідэі, матывы для працы я шукала ў беларускай народнай культуры, у якой збераглося ўнікальнае свята: Гуканне Вясны. Клічуць Вясну з Неба на Зямлю. Свістулькі ў гэтым свяце – самы надзейны інструмент, каб пагукаць-заклікаць доўгачаканую Вясну. Таксама і дрэвы на месцы правядзення абраду беларусы ўпрыгожваюць стужкамі, птушкамі ды кветкамі.

У Іркуцку штовесну старажытнае беларускае свята Гуканне Вясны праводзіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. На гэтым свяце кожны – не старонні, не проста глядач, а ўдзельнік. Кожны далучаны да свята: сваім адзеннем, адпаведнай песняй, танцам. Я ж далучаюся сваімі музычнымі інструментамі. Для гэтай мэты і створаны мае керамічныя свістулькі ды акарыны. А нанесеныя на іх паверхню старажытныя арнаменты, спадзяюся, разам з гукамі будуць спрыяць пашырэнню ў свеце ладу, гармоніі, дабрыні, прыгажосці. Бо не сакрэт: ад таго, як мы самі разумеем, адчуваем, перажываем прыгожае, узвышанае, шмат у чым залежаць і нашае быццё ў гэтым вялікім свеце. Прыгажосць рэчаіснасці ды мастацтва – гэта той канал, тая высокая вібрацыя, дзякуючы якой мы спазнаём ды ўмацоўваем ва ўласнай свядомасці пазітыўныя грамадскія ідэалы. Настройваючы сваю ўласную душу на хвалю Прыгажосці – а гэта якраз і адбываецца ў тым ліку і на старадаўнім беларускім свяце Гукане Вясны – мы адначасова і сябе ўпрыгожваем, і гарманізуем свае ўзаемастасункі з людзьмі, з усім Светам, бачным і нябачным.

Ганна Радзівонава