Заключэнне па ўнясенні ў спіс спадчыны ЮНЕСКА Будслаўскага фэсту эксперты падрыхтуюць да лістапада

Заключэнне па ўнясенні ў спіс спадчыны ЮНЕСКА Будслаўскага фэсту міжнародныя эксперты падрыхтуюць да лістапада, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч.

Спецыялісты ЮНЕСКА праводзяць экспертызу беларускай традыцыі святкавання ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай, які прэтэндуе на ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Гэты беларускі элемент нематэрыяльнай культуры знаходзіцца ў ліку прэтэндэнтаў на прадстаўніцтва ў сусветнай спадчыне. Са студзеня бягучага года да канца верасня эксперты ЮНЕСКА знаёмяцца з прадстаўленым Беларуссю файлам «Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай», каб потым вынесці сваё заключэнне на разгляд Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА. Пасяджэнне сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) пройдзе ў Эфіопіі ў лістападзе-снежні бягучага года. Па яго выніках будзе прымацца рашэнне і па беларускай традыцыі.

Як паведамлялася, традыцыя святкавання ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 607 ад 2 жнiўня 2016 года.

Ала Сташкевіч дадала, што беларускія спецыялісты цяпер працуюць над некалькімі прапановамі для прадстаўлення элементаў спадчыны ў спісы ЮНЕСКА. У прыватнасці, рыхтуецца міжнацыянальнае дасье «Культура валынкі», у якім будзе прадстаўлена і беларуская дуда. Над мультынацыянальным дасье працуюць некалькі краін. Яно раскажа пра валынку і блізкія да яе музычныя інструменты, якія прысутнічаюць у культурах іншых еўрапейскіх краін, у тым ліку пра беларускую дуду. Дасье плануецца прадставіць на разгляд спецыялістаў ЮНЕСКА ў 2017 годзе. Яшчэ адзін файл рыхтуецца для намініравання ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы. Размова ідзе пра старадаўні абрад «Юраўскі карагод» (в.Пагост, Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці).