Вось яно якое – Лета ў Малiнаве!

6 жнiўня Малiнаўская воласць святкавала традыцыйны летнi Дзень воласцi. Свята праходзiла пад дэвiзам: «Ах, слаўнае, рознакаляровае лета». Мноства розных мерапрыемстваў было падрыхтавана на гэты дзень. А вечарам прайшоў святочны канцэрт, у якiм удзельнiчалi калектывы Даўгаўпiлса i Даўгаўпiлскага краю.

Запрашэнне прыняць удзел у канцэрце атрымала i беларускае культурна-асветнiцкае таварыства «Уздым». У Малiнаўскай воласцi жыве нямала беларусаў i iм заўжды прыемна пачуць i беларускую мову, i беларускiя мелодыi. Трэба адзначыць, што наша супрацоўніцтва з Малінаўскай воласцью прадаўжаецца ўжо шмат гадоў.

Ад беларускага культурна-асветнiцкага таварыства «Уздым» на свята ў Малiнава прыехалi старшыня «Уздыма» Людмiла Сiнякова i актыўная частка гурта народнай песні «Купалiнкi» (кіраўнік Вячэслаў Пятроў). Як толькi «Купалiнка» у сваiх яркiх, прыгожых касцюмах паявiлася на канцэртнай пляцоўцы, усе позiркі гледачоў павярнулiся да iх i ад усюль пачулася: «Якія вы прыгожыя!» Пасля такой адзнакi трэба было адпавядаць ёй і ўзроўнем. І весялосцю, настроем, пад’ёмам аддзякаваць гледачоў. Што i было зроблена з усiм магчымым стараннем.

Святочны канцэрт адкрыла старшыня Даўгаўпілскай краявой Думы Янiна Яўлiнска. Яна падзякавала ўсiх прысутнiчаючых, што падтрымлiваюць традыцыю воласцi святкаваць Лета, бо гэта вельмi важная пара у жыццi сяльчан. А гэта лета выдалася не лёгкае i не простае, бiтва за ўраджай iдзе поўным ходам, але трэба сабе дазваляць i адпачынак, такi, як у гэты дзень.

Слова Лета стала асноўным i ў вядучых, i ў выступленнях артыстаў, i, здаецца, у самой прыродзе, бо шэры спачатку i крыху дажджлiвы к вечару дзень раптам засвяцiўся сонцам. Стала фантастычна прыгожа, рознакалярова i па-летняму цёпла. З такiмi ж цёплымi пачуццямi i ўсе сябры «Уздыма» пасля сытнай вячэры i запальных танцаў на Зялёным бале вярталiся дамоў у Даўгаўпiлс.

Тэрэса Паўлава, сябра таварыства «Уздым»