«Беларускае Купалле» – свята сяброў

Што ў Купалля даўнія карані, сведчыла і само месца: сярэдневяковая «Парахавая вежа». Там Беларуская грамада Львоўскай вобласці ладзіла «Беларускае Купалле» ў Львове 7 ліпеня. Запрасілі супляменнікаў, кіраўнікоў этнасуполак вобласці. Сярод гасцей былі памочніца Ганаровага консула Беларусі ў Львове Аксана Мілян, артысты творчых гуртоў. А вяла рэй на свяце салістка хору грамады «Белая Русь» Аксана Яцкіў.

У Львове на Купаллі і спявалі, і танцавалі.

Са святам усіх павіншавала стараста грамады Тамара Казак, было зачытана вітаннеПасла Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі. Як вядома, гісторыя беларусаў, іх побыт цесна спалучаны з традыцыйнымі святамі. Моцныя традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, праз іх мы ўсе далучаны да гісторыі, першаверы продкаў. І адно з самых «дзедавых» святаў у народным календары – Купалле.

Беларусы збераглі Купальскую традыцыю. Яшчэ памятаюць яе і рускія, украінцы як старажытнае, язычніцкае свята, раней вядомае ва ўсіх славян. Адзін з найбольш знакавых рытуалаў Купалля – пошукі чароўнай Папараць-кветкі. Кажуць: хто яе знойдзе, таму будзе шанцаваць па жыцці, бо кветка дапаможа здзяйсненню любых жаданняў. Паводле народных павер’яў, якраз на Купалле вада можа «сябраваць» з агнём. Сімвалы таго яднання – вогнішчы на берагах рэк, кіданне ў ваду вянкоў, скачкі праз агонь. На зыходзе Купальскае ночы варта выкупацца: каб быць здаровым фізічна і духоўна. Пра гэтыя ды іншыя асаблівасці свята ў нас ішоў аповед з паказам на экране фотаздымкаў: як святкуюць Купальскую ноч у розных рэгіёнах Беларусі.

Жывучы ў ладзе з Прыродаю, паміж сабою, людзі здольныя многага дасягнуць. І дацэнт універсітэта «Львівська політехніка» Алена Макарчук распавяла пра поспехі, дасягненні сучаснай Беларусі. А хор «Белая Русь» спяваў народныя песні, творы пра Беларусь. Моладзевы гурт станцаваў «Лявоніху», «Весялуху», танец з акрабатычнымі элементамі «Бульба». Таленавітыя музыкі з Львоўскай кансерваторыі разам з іх настаўнікамі гралі творы Баха і Вівальдзі – у плыні Купальскае ночы гарманічна гучалі віяланчэлі ды фартэпіяна, а таксама флейта і фартэпіяна. Мы правялі віктарыну «Хто лепш ведае Беларусь?», конкурс «Адгадай мелодыю» – на лепшае веданне беларускіх песень. Госці паказалі, на што здольныя, і ў конкурсе на лепшае выкананне беларускіх танцаў. Аказалася: Беларусь найлепш ведаюць людзі старэйшага пакалення. А ў веданні «маладых» беларускіх, украінскіх, рускіх песень найбольш дасведчаныя былі Таццяна Швяцова з рускай суполкі, Алена Бондар з беларускай і Адэль Дыянава з яўрэйскай.

На «Беларускім Купаллі» хораша танцавалі беларускія і ўкраінскія танцы пад спевы львавяніна Багдана Футурскага азербайджанец Тэймур Мамедаў з жонкай-украінкай Наталляй, расіянін Ігар Карчэўскі, памочніца Ганаровага консула Аксана Мілян, грачанка Людміла Качэтжы. Прыемна было паглядзець і на беларусаў. Я ж прачытаў урыўкі з паэм народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. А далей гаспадыня «Беларускага Купалля» Тамара Казак запрасіла ўсіх пакаштаваць беларускія стравы: як кажуць, што Бог паслаў. І гэтая частка вечарыны, я ўпэўнены, таксама ўсім спадабалася – бо была цалкам у плыні гасцінных Купальскіх традыцый. Госці ж хораша гаварылі пра шматгадовую і плённую дзейнасць нашай суполкі.Адзначалася, што беларусы грамады заўсёды займаюць «пазіцыю яднання», выяўляюць любоў і да этнічнай Радзімы Беларусі, і да нашай прыёмнай маці-Украіны.

Сяргей Кулікоў, ганаровы член савета Беларускай грамады Львоўскай вобласці, «Голас Радзімы»