Месца пад сібірскім сонцам

Нас часам папракаюць: газета шмат увагі надае дзейнасці актывістаў Іркуцкага таварыства беларускай культуры, іншых беларускіх суполак Прыбайкалля. Але ж яны таго вартыя! Калі няма спраў, а ёсць толькі жаданне «выглядаць прыгожа» – то што ж напішаш пра такую суполку? І яшчэ адзін «сакрэт» ад супляменнікаў з Прыбайкалля: яны не саромеюцца дасылаць прэс-рэлізы, проста кароткія інфармацыі пра імпрэзы, якія самі ладзяць, у якіх удзельнічаюць.

А наш разлік такі: нехта пачытае ды выкарыстае досвед. Як вядома, беларусы Іркуцкай вобласці – увесь час у пошуку, іх творчыя ініцыятывы не ведаюць межаў. Зрэшты, мяркуйце самі па кароткім аглядзе навін, дасланых у рэдакцыю.

У святочным шэсці па вуліцах Іркуцка – беларусы

«Крывічы» запрашаюць

Вестка пра тое, што Іркуцкі беларускі моладзевы клуб «Крывічы» ладзіць другі Міжнародны фэст «Беларускі кірмаш-2016», прыйшла напрыканцы мая ад Алега Рудакова. Месцам падзеі стаў кінатэатр «Художественный», прысвячаўся фэст 20-годдзю першага З’езду беларусаў Прыбайкалля і і 355-годдзю Іркуцка. На фэсце прайшла прэм’ера дакументальнага фільма «Жыццё паводле запаветаў продкаў» рэжысёра Вадзіма Рудакова – гэта аповед пра беларускую дыяспару ў Прыбайкаллі. Далей быў канцэрт паважанай госці з Мінска, вядомай спявачкі ды музыканткі Таццяны Беланогай. А яшчэ выступалі гурт аўтэнтычных спеваў «Крывічы», а таксама 14 беларускіх калектываў з Іркуцкай вобласці. Праводзіліся майстар-класы па беларускіх рамёствах, навучальны майстар-клас па беларускіх бытавых танцах.

Дарэчы, уваход на фэст быў вольным, а доўжыўся ён шэсць гадзін.

Перамагла Ганна Радзівонава!

Пра важныя вынікі абласнога маладзёжнага фестывалю-конкурсу нацыянальных культур «Мой народ – мой гонар» напісала нам старшыня праўленя ІТБК Алена Сіпакова. Арганізатары конкурсу прапанавалі маладым творцам пазнаёміць сібіракоў з багатай шматвекавой культурай, традыцыямі ды звычаямі народаў, якія жывуць на тэрыторыі Іркуцкай вобласці. Вызначаліся найбольш таленавітыя асобы ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў у намінацыях «Мастацкая творчасць», «Музычная творчасць», «Харэаграфія».

«Ад ІТБК мы запоўнілі тры заяўкі, – паведаміла Алена Сіпакова. – Палічылі: вартыя шырокай увагі творчыя праекты «Керамічныя музычныя інструменты для правядзення беларускага свята “Гуканне Вясны”, “Выраб традыцыйнага беларускага дзявочага касцюма” і “Танец «Бульба”. І вось пад час святочнага канцэрта – выступалі лаўрэаты конкурсу – усім удзельнікам былі ўручаны дыпломы, букеты і падарункі. Нашы юныя танцоры з ансамбля “Диво-дивное” (мастацкія кіраўніцы Ларыса Намаконава, Алеся Сізых) з ДМШ №7 з пастаноўкай «Бульба» занялі 5-е месца. У намінацыі «Мастацкая творчасць. Вышыўка» наша Наталля Баяркіна заняла 2-е месца. Дарэчы, Наталля абапіралася на даўнія традыцыі вырабу адзення, якія існавалі ў нашых продкаў. Захаваны традыцыйны крой, арнамент. Зроблены ёю дзявочы касцюм складаецца са спадніцы, кашулі, фартуха, камізэлькі-гарсэткi, галаўнога ўбору (скiнда) і пояса, сплеценага ўручную на дошчачках. Для пояса падабраны характэрны для беларусаў арнамент. Атрымалася так здорава! Малайчына, Наташа!»

Вельмі радуецца Алена Сіпакова, і ў тэксце гэтая інфармацыя асабліва выдзелена, што ў намінацыі «Мастацкая творчасць. Кераміка» Ганна Радзівонава з ІТБК заняла першае месца. «Яе акарыны заваявалі сэрцы журы, – удакладняе. – Дрэва, дзве птушкі звілі на ім сваё гняздо. Тое Дрэва жыцця – як сімвал усяго жывога, і птушкі, што яго ахоўваюць – гэта сімвалам дабра і сямейнага шчасця. Уся кампазіцыя цалкам сцвярджае жыццё і дабрабыт. А яйкі ў гняздзе – гэта як сімвал зараджэння новага жыцця».

Дарэчы, у кампазіцыі, якую Ганна Радзівонава прадставіла на конкурс, ажно 50 акарын розных памераў! Дзве з іх – птушкі вялікага памеру: большая амаль 60 см у даўжыню. Дыхнеш у іх – пачуеш нізкі ды ціхі гук. Тэмбр і вышыня гуку свістулькі, як вядома, залежыць ад унутранага аб’ёму камеры. Як расказала Ганна Радзівонава, аднакамерныя акарыны здольнаы гучаць у дыяпазоне крыху больш за актаву, а каб гук быў шырэйшы – ёсць у керамісткі дзве акарыны з дзвюма камерамі рознага аб’ёму. Ганна зрабіла некалькі інструментаў, якія маюць толькі адну, даволі вялікую, ігравую адтуліну. Плошча адтуліны рэгулюецца далонню, таму на такім інструменце можна дамагчыся плаўнай змены тону. На свістулькі мастачка наносіць беларускія арнаменты, прычым пераважае тэма ўрадлівасці зямлі. Выкарыстоўвае чырвона-белыя колеры, цёплыя, прыродныя таны.

Віншуем з перамогай, спадарыня Ганна!

Трохметровы пояс

Пра шосты фестываль нацыянальных культур і восьмы ўжо «Байкальскі кірмаш» у Іркуцку чытаем у наступным допісе Алены Сіпаковай – яны праходзілі ў Дзень Расіі. Ва ўрачыстым шэсці, іншых мерапрыемствах свята паўдзельнічалі актывісты ІТБК. У прыватнасці, майстры з беларускай суполкі вырабілі адметны вялікі макет беларускага пояса даўжынёй на 3 метры і 80 сантыметраў у шырыню. Гэтае белае палотнішча было ўпрыгожана традыцыйным беларускім арнаментам. Потым яго далучылі ў сімвалічны адзіны «Пояс Дружбы» – такая была задумка ў рэжысёраў свята, у якім паўдзельнічала 16 нацыянальна культурных цэнтраў.

На фестывалі працавала выстава-продаж вырабаў беларускай прыкладной творчасці, там жа прайшлі майстар-класы для гараджан. Майстры з ІТБК прадставілі вырабы ручнога ткацтва, саломку, кераміку і вырабы з бісеру. А ў святочнай канцэртнай праграме паўдзельнічаў фальклорны гурт «Беларусы Прыбайкалля».

У сярэдзіне чэрвеня ў Іркуцку, у Гарадскім выставачным цэнтры імя В. Рогаля адкрылася выстава «Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі» – яна прысвячаецца 20-годдзю ІТБК. Гэта, напісала Алена Сіпакова, ужо другі сумесны праект ІТБК і цэнтра. Выстава знаёміць наведнікаў з творчасцю Ганны Радзівонавай, якая – выпускніца Іркуцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яна вучылася ў Інстытуце выяўленчых мастацтваў і сацыяльна-гуманітарных навук, на кафедры дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прадстаўлены, вядома ж, яе музычныя керамічныя інструменты – акарыны, якія, пісалі мы вышэй, прынеслі мастачцы перамогу ў абласным конкурсе.

Вось што гаворыць пра свае працы Ганна Радзівонава: «У старажытнасці чалавек быў бліжэй да прыроды і вучыўся ў яе. Вось так і народныя інструменты ствараліся – на аснове гукаў прыроды, яны і вырабляліся з прыродных матэрыялаў. Традыцыйна гліняныя свістулькі майстры ляпілі ў выглядзе птушачкі. Пры дапамозе свісту і самой магічнай глінянай птушкі людзі, кажуць, адганялі злых духаў. Цяпер тыя музычныя інструменты ператварыліся ў народныя цацкі – свістулькі, альбо духавыя музычныя інструменты акарыны. Гэта такі род флейты».

Выстава прымеркавана да юбілею ІТБК, на ёй прадстаўлена і фотавыстава пра жыццё і справы актывістаў беларускай суполкі. Выкарыстаны архіўныя матэрыялы, фотаздымкі са святаў, этнаграфічных экспедыцый. «Выстава ў нас атрымалася светлая, радасная, – піша Алена Сіпакова. – Бо “галоўная нота” яе – гэта гармонія дачыненняў прыроды і чалавека. Беларусы Прыбайкалля запрашаюць іркуцян, гасцей далучыцца да гэтай радасці й падзяліцца ёю з блізкімі. А мы, беларусы Прыбайкалля, добрым людзям, як і добрым весткам, заўсёды рады».

Вось так, у цікавых справах, з прыгожымі перамогамі й святкуюць 20-гадовы юбілей іркуцкія беларусы.

Іван Іванаў