Фэст св. Ганны. Святыня — месца сустрэчы чалавека з Богам

23 ліпеня Лучайская парафія святога Юды Тадэвуша, Апостала, сабрала шматлікіх вернікаў, сяброў, гасцей, артыстаў, каб разам адсвяткаваць доўгачаканую падзею — 250-годдзе заснавання святыні і адпустовую ўрачыстасць святой Ганны.

Варта нагадаць, што велічны мураваны гмах быў закладзеныў 1766 на месцы былой драўлянай святыні і з’яўляецца апошнім езуіцкім касцёлам на нашых землях. Храм пабудаваны італьянскім архітэктарам Карла Спампані ў стылі пераходным ад барока да класіцызму, на сродкі ўладальнікаў Лучая -Агінскіх. 

Пачалося святкаванне з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні на тэму Эўхарыстыі і адарацыйныя спевы ў выкананні моладзі пад гітарны акампанемент сталі добрай падрыхтоўкай да святой Імшы.

Святочная Літургія пачалася ўрачыстай працэсіяй святароў з міністрантамі на чале з шаноўным госцем- біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Упершыню ў Лучай завіталі дудары, якія пачатак святой Імшы аздобілі незвычайна прыгожай музыкай на старажытным беларускім музычным інструмэнце.

Па запрашэнні ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага на ўрачыстасці прыбылі святары: ксёндз дэкан Павел Самсонаў з Дунілавіч, ксёндз Павел Кнурэк з Лынтуп, ксёндз Міхаіл Бубен з Маладзечна, ксёндз Ежы Ноцунь з Барадзенічаў, ксёндз Міхаіл Татарэнка з Лужкоў, з далёкага Чаду (Афрыка) прыбыў на сваю малую радзіму ксёндз прэлат Аляксандр Рагіня, каб паўдзельнічаць у святкаванні юбілейнай даты святыні, у якой ён узрастаў у веры. Маладая змена — семінарысты Алег Зямчонак з Парыжа і Алег Хмылка з Лынтуп, а таксама дыякан Аляксей Паплёўка з Лагойска былі прысутнымі на свяце.

У прамове да вернікаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB закрануў тэму гісторыі будаўніцтва святыняў, узгадаў і пра Арку Запавету і пра першы храм, пабудаваны ў гісторыі чалавецтва . Іерарх падкрэсліў важнасць будавання храмаў, «бо ў святыні жыве Бог і там чалавек сустракаецца з Богам».

Парафіяльны хор з Глыбокага ўпрыгожыў спевам Літургію ў суправаджэнні лучайскага аргана з двухсотгадовай гісторыяй. Цудоўным падарункам з нагоды юбілею святыні — стаў верш «Малітва за Лучай» семінарыста Алега Зямчонка, які аўтар прачытаў прысутным.» Дзякуй Богу за рай — Лучай, найпрыгажэйшы куток Беларусі».

Працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні скончыла святую Імшу i прайшло асвячэнне фігуры Апостала Барталамея са скульптурнай кампазіі на прыкасцельнай тэрыторыі. З нагоды успаміну святога Крыштафа — апекуна ўсіх падарожных, адбылося асвячэнне аўтатранспартных сродкаў.

Дастойным працягам святкавання юбілейнай даты стаў канцэрт, рэкордны па працягласці, па колькасьці выканаўцаў і гледачоў. Да апоўначы працягнулася святочная праграма, насычаная разнастайнымі выканаўцамі ў шматлікіх жанрах і плынях.

Таццяна Якушава — дыктар радыё і Валянціна Альшанская — спявачка з Мінска, былі вядучымі канцэрта. І вядомыя зоркі , такія як Лявон Вольскі і Павел Аракелян, Андрусь Такінданг і гурт «Рэха», Марына Вярэнiч, Дзмітрый Корсак і Андрэй Жукоўскі, Сяргей Савiцкi, Дзмiтрый Сяргееў, так і ўзыходзячыя зорачкі — моладзь з наваколля, прафесійныя артысты і самабытныя музыкі, напрыклад, спадар Часлаў Рачыцкі з Шаркаўшчынскай парафіі — вельмі гарманічна склалі юбілейную святочную праграму.

Небывала яркім момантам свята стала вогненнае прадстаўленне ў выкананні фаершоў «Дзісар», якое літаральна зачаравала прысутных. Скончыўся канцэрт супольным выкананнем Лучайскага гімну. Тут жа прагрымеў Лучайскі салют у 250 залпаў, які адзнайменаваў гістарычную падзею.

Напрыканцы свята вядучая Валянціна Альшанская запрасіла на сцэну «чалавека з вялікай літары» - ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага, каб падзякаваць за несамавітае свята і за тую вялікую працу, якая вядзецца ў парафіі.

Ствараецца прыгажосць, якая прываблівае ўсё большую і большую колькасць наведвальнікаў Лучая. Важна, што тут не толькі клапатліва захоўваецца спадчына, але і ствараецца новая гісторыя парафіі. Зразумела, што без гаспадарлівага, крэатыўнага, нястомнага пробашча Мікалая Ліпскага гэта было б немагчыма.

Падзякаваўшы ўсім прысутным за ўдзел у свяце, ксёндз пробашч традыцыйна паблаславіў на дарогу і запрасіў на Свята ведаў 21 жніўня, каб супольна памаліцца перад пачаткам новага навучальнага году.

Алёна Клімза-Колтан, фота Леанід Юрык