На Вялейшчыне зьявіўся крыж у гонар пакутнікаў за Беларусь

10 ліпеня беларускія праваслаўныя вернікі адзначылі Сьвята Сабора беларускіх сьвятых.

У прыходзе вескі Любань Вялейскага раёна гэта яшчэ і прастольнае сьвята, бо ў 2004 годзе новапабудаваная царква была асьвечана ў гонар сьвятых нашай зямлі.

Сёлета да гэтага сьвята ля храма быў узьведзены вялізны крыж. Ён мае форму крыжа Еўфрасіньні Полацкай і ўсталяваны ў гонар пакутнікаў за Беларусь.

«З дабраслаўленьня Епіскапа Маладзечанскага і Сталбцоўскага Паўла крыж асьвечаны ў гонар пакутнікаў і вызнаўцаў беларускай зямлі і ўсіх вядомых і невядомых людзей, якія загінулі за веру бацькоў і незалежнасьць Бацькаўшчыны», – кажа настаяцель айцец Ігар Дражын.

Крыж стаіць на пагорку ля трасы Маладзечна–Мядзел, з якой добра бачны і ён сам, і малітва на ім: «Дабраславі Божа краіну нашу – святую Беларусь!». На другім баку, зьвернутым да вёскі, малітва: «Збаў, ахіні і памілуй нас Божа Тваёй дабрадаццю!»