На чужым беразе з родным васільком

Яшчэ ў далёкім 1923 годзе была заснавана Беларуска-амерыканская нацыянальная асацыяцыя. З таго часу яе прадстаўнікі настойліва прапагандуюць на амерыканскай зямлі веды пра гісторыю, культуру і звычаі свайго народа, бо працягваюць лічыць сябе неаддзельнай ад яго часткай. Пры гэтым беларускія імігранты шырока карыстаюцца сродкамі мастацтва (эстрада, фестывалі, выстаўкі і г. д.), бо добра разумеюць важкасць такой актыўнасці як для сябе асабіста, так і для іншамоўных суседзяў.

Вось прызнанне аднаго з гледачоў, якому пашчасціла прысутнічаць на Беларускім фестывалі мастацтва: «...Я пабачыў дарагія, ад маленства знаёмыя твары беларусаў і беларусак, лагодныя, ветлівыя абліччы, якія пазнаў калісьці ў ціхіх вёсках пры Нёмане, на вуліцах у Мінску і ў ягоных ваколіцах. Але ваколіцы Мінска — гэта не ваколіцы Нью-Ёрка. І пабачыць сабраныя разам тры тысячы землякоў не толькі з Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, а і з усіх Злучаных Штатаў — з Каліфорніі, Чыкага, Дэтройта, з Канады і нават з Аўстраліі, дык хіба ж гэта не цуд?» Для імігранта пачуць роднае слова, родную песню, пабачыць знаёмы танец ці самому ўдзельнічаць у ім, угледзецца ў родныя краявіды на карціне мастака — значыць узняць настрой, адчуць сябе неадрыўнай часткай свайго народа — задаволіць духоўную смагу чалавека, нейкімі абставінамі адарванага ад Айчыны. Па-першае, удзел у мастацкай самадзейнасці дапамагае па-ранейшаму адчуваць сябе людзьмі з берагоў Нёмана і Прыпяці, садзейнічае ўзмацненню нацыянальнай салідарнасці. Па-другое, эстрада — дзейсны спосаб распавесці пра Беларусь — дазваляе амерыканцам не блытаць яе з Балгарыяй ці Бангладэш, паўстае для іншамоўнага акружэння найвышэйшай формай камунікацыі ва ўмовах дэмакратычнага ладу, узнімае культуру ўзаемадачыненняў, фарміруе паважлівае і прыязнае стаўленне да незнаёмцаў.

Пра нястомную дзейнасць беларусаў у ЗША распавядае кніга «Беларускія фестывалі і выстаўкі ў Нью-Джэрсі. Палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948 — 2011)», выдадзеная на англійскай і беларускай мовах Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Йорк, 2013). Аўтар кнігі - Янка Запруднік — вядомы беларусазнаўца, гісторык, журналіст, аўтар даследаванняў «Belarus. At Crossroads in History» (1993) i «Historical Dictionary of Belarus» (1998), актыўны ўдзельнік, арганізатар і прапагандыст беларускіх фестываляў і выставак, якія прадстаўляюць прывабны вобраз Бацькаўшчыны.

Кніга прысвечана дзейнасці беларускай дыяспары ў штаце Нью-Джэрсі, а таксама змяшчае водгукі амерыканскага друку і прадстаўнікоў палітычнай эліты краіны. Выбар абумоўлены тым, што ў гэтым штаце беларускае жыццё больш актыўнае. Разам з тым справядліва адзначаецца, што Нью-Джэрсі не выключэнне, бо такую ж культурна-прапагандысцкую дзейнасць праводзілі і праводзяць беларусы ў многіх штатах: Нью-Ёрк, Ілінойс, Мічыган, Каліфорнія ды інш. Дзякуючы гэтаму беларускімі справамі цікавіліся прэзідэнты Рычард Ніксан, Джэральд Форд, Джымі Картэр, Джордж Буш-старэйшы ды іншыя, якія выказвалі ўдзячнасць «за высокі ўнёсак амерыканцаў беларускага паходжання ў наш уклад жыцця».

Кніга насычана візуальна-фатаграфічнымі дакументамі, якія наглядна адлюстроўваюць дзейнасць беларускіх мастацкіх калектываў, хароў, танцавальных гуртоў, чытальнікаў-дэкламатараў, выступленні якіх адбываліся ў школах, ва ўніверсітэтах, на адкрытых пляцоўках, пры правядзенні ўрачыстасцей, прысвечаных гістарычным амерыканскім і беларускім падзеям, на кірмашах, у міжнародных канцэртах, а таксама падчас выставак мастацкіх работ і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паказаў беларускага нацыянальнага адзення, знаёмства з беларускімі традыцыямі (Каляды, вяселле)… Мерапрыемствы па папулярызацыі Беларусі шматлікія і разнастайныя. Як вядома, здымкі — доказныя сляды кволай людской памяці — дапамагаюць узнаўляць тое, што адбывалася на самай справе, — пашыраюць інфармацыю пра жыццё беларускай грамады ў Амерыцы. Невыпадкова кніга ўспрымаецца яшчэ і як своеасаблівы альбом.

Пры напісанні кнігі Янка Запруднік карыстаўся як уласнымі ўражаннямі, так і архіўнымі матэрыяламі, публікацыямі беларускіх выданняў у ЗША, успамінамі ўдзельнікаў падзей — Вітаўта Кіпеля, Ірэны і Міколы Дутко, Лізы Літаровіч, Валянціны Трыгубовіч і інш.

Грамадскія з’явы і факты з гісторыі беларускай дыяспары, якія апісвае і дакументуе Янка Запруднік, яскрава сведчаць пра нацыянальную салідарнасць і духоўную сувязь беларускіх амерыканцаў з краінай свайго паходжання, яе культурнай спадчынай, выяўляюць глыбокую ўпэўненасць у неабходнасці пашырэння інфармацыі пра Беларусь.

На старонках кнігі згадваюцца сотні імёнаў шчырых энтузіястаў-прапагандыстаў беларускасці, якія, у дадатак да сваіх сталых заняткаў, да таго ж і самаахвярнымі ўзносамі са сціплых сямейных бюджэтаў спрыяюць ажыццяўленню беларускіх культурных мерапрыемстваў. Такім чыннам аўтар аддае належнае любові і адданасці да сваёй радзімы, якімі прасякнуты сэрцы яе былых жыхароў. Ды і сама кніга, прысвечаная натхнёнай працы беларускіх імігрантаў па пашырэнні ў амерыканскім грамадстве дакладных звестак пра Беларусь, доказна падкрэслівае эфектыўнасць перадачы інфармацыі разнастайнымі сродкамі народнага мастацтва, праз зварот да палітычных ідэй і фактаў з гісторыі Беларусі, дэманструе на прыкладах беларускіх фестываляў і выставак, як амерыканскі лад жыцця дазваляе кожнай этнічнай групе захоўваць і памнажаць культурную спадчыну, што спрыяе мірнаму суіснаванню прадстаўнікоў розных народаў, павышэнню агульнай культуры грамадства. Кніга абавязана сваім з’яўленнем не толькі аўтару, але і ахвяраванням каля ста амерыканскіх беларусаў, прыхільнікаў роднай культуры.

Матэрыял выдання пацвярджае, што культурна-інфармацыйная дзейнасць — сувязь праз народнае мастацтва ўсіх пакаленняў народа. Кніга дэманструе гістарычнае адзінства беларусаў, жыццядзейнасць нацыянальнага духу, што сведчыць пра вялікую любоў да Беларусі.

Невыпадкова аўтар уступнага артыкула, вядомы дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўт Кіпель, падкрэсліў: «Альбом гэты — выдатны даведнік як для амерыканскіх публічных бібліятэк, гэтак і для сямейных збораў-архіваў, дзе маладзейшыя змогуць убачыць, прыгадаць татаў-мам, а часам і дзядоў-бабак, калі тыя спявалі, танцавалі на сцэнах тэатраў, у каледжах, парках, на фестывалях, ушаноўваючы і амерыканскую культуру, і беларускую, пры гэтым шчодра пашыраючы інфармацыю пра Беларусь».

Аўтар уступнага артыкула таксама лічыць, што кніга будзе стымулам да пашырэння беларускай культурнай дзейнасці ў Злучаных Штатах. З гэтай думкай можна цалкам пагадзіцца, бо сярод эмігрантаў з Беларусі ў апошнія два-тры дзесяцігоддзі нямала мастакоў, музыкантаў, спевакоў, тэатральных артыстаў, патэнцыяльных арганізатараў — людзей з адказным стаўленнем да краіны, з якой паходзіць іх род. Пра гэта, напрыклад, можна меркаваць па мастацкіх выстаўках, якія рэгулярна ладзяцца ў Чыкага і вабяць шматлікіх гледачоў, ды іншыя цікавыя беларускія мерапрыемствы, якія асвятляюцца ў друку.

Народнае мастацтва адлюстроўвае інтэлект народа, яго добразычлівую калектыўную душу, эстэтыку і светаўспрыманне. Таму Янка Запруднік мае рацыю, мяркуючы, што мастацка-эстрадная дзейнасць беларускіх эмігрантаў у ЗША мае пэўны ўплыў на разуменне амерыканскімі палітыкамі жадання беларускай нацыі мець незалежную дзяржаву.

Завяршае кнігу Янкі Запрудніка прадстаўнічы спіс выданняў, з якіх можна даведацца пра жыццё беларускіх эмігрантаў у ЗША, пра іх уклад у эканамічную, палітычную і культурную галіны новай для сябе краіны, пра натхнёную працу па ўслаўленні роднага краю перад прадстаўнікамі іншых этнасаў.

Па дакладным вызначэнні В. Кіпеля, кніга Янкі Запрудніка «Беларускія фестывалі і выстаўкі ў Нью-Джэрсі. Палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948 — 2011)» — «найлепшы помнік, які можна было стварыць сотням харыстаў, танцораў, народных умельцаў ды арганізатараў фестываляў і выставак — пашыральнікам у Амерыцы ведаў пра Беларусь».

Перагортваеш апошнія старонкі кнігі з адчуваннем, якое трапна вызначыў Алесь Бачыла: «Нідзе сваё роднае, прывычнае блізка гэтак не кранае і не расчульвае, як у далечыні ад радзімы».

Кніга прысвечана дзейнасці беларускай дыяспары ў штаце Нью-Джэрсі, а таксама змяшчае водгукі амерыканскага друку і прадстаўнікоў палітычнай эліты краіны. Выбар абумоўлены тым, што ў гэтым штаце беларускае жыццё больш актыўнае. Разам з тым справядліва адзначаецца, што Нью-Джэрсі не выключэнне, бо такую ж культурна-прапагандысцкую дзейнасць праводзілі і праводзяць беларусы ў многіх штатах…