Купалле ў Стакгольме

На пачатку ліпеня 2016 года згуртаванне «Беларусы Швецыі» ўжо другі год запар адсвяткавала Купалле ў Стакгольме, на маляўнічай выспе Вінтэрвікен.

Гэтым разам свята ладзілі сумесна з арганізацыяй «Украінская моладзь у Швецыі» і пры падтрымцы ўстановы «Studieförbundet vuxenskolan».

Прыемна адзначыць, што ўзбуйняецца не толькі маштаб свята, але і цікаўнасць да яго з боку беларусаў ды мясцовых арганізацый. Свята, якое доўжылася усю ноч, наведалі каля 80 чалавек. Сёлета атрымалася не толькі захаваць усё лепшае з мінулага году, але і дадаць больш тэатралізаваных элементаў, у чым вельмі дапамог калектыў аматарскага тэатральнага гуртка «Беларусаў Швецыі». Зладзілі традыцыйную купальскую пастаноўку «Марусіначка», пародыю на паганскае вяселле, а таксама абрад Русаліі.

Вадзім Крук, удзельнік беларускай каманды арганізатараў: «Нягледзячы на надвор’е і дажджы, прыйшло шмат людзей, большасць з якіх не былі раней знаёмыя. Усім было весела і цікава падчас карагодаў, гульняў. Купальскія абрады выконвалі ўсе разам – а гэта ж і ёсць чараўніцтва Купальскай ночы. Людзі гулялі да сёмай раніцы, купаліся і танчылі. Атмасфера была вельмі цёплая. Купалле ўсіх нас аб’яднала».

Олена Вялічка, старшыня «Украінскай моладзі ў Швецыі», распавяла: «Мы былі вельмі радыя адсвяткаваць Купалле разам з беларускай грамадой Швецыі. У нас вельмі падобныя традыцыі, напрыклад, пляценне вянкоў, скокі праз вогнішча і пошукі папараць-кветкі. Але некаторыя беларускія адметнасці аказаліся новымі для нас, напрыклад, прыход русалкі. Атмасфера падчас свяце была файная, людзі не жадалі разыходзіцца, і мы танчылі пад “Ляпісаў” да ранку Гэта была цудоўная магчымасць перазнаёміцца паміж сабой. Мы спадзяемся на далейшую супрацу».

Лаура Экемар, шведка, якая наведала Купалле ў гэтым годзе ўпершыню: «Што мяне ўразіла больш за ўсё – гэта падабенства паміж Купаллем і шведскім святам летняга сонцастаяння, асабліва ў тым, што датычыцца купальскага слупа і карагодаў вакол яго, хаця ваша версія і адрозніваецца ад нашай. Было вельмі весела браць удзел у вашых традыцыйных абрадах, варажыць з дапамогай вянкоў, а таксама ачысціцца праз агонь і ваду. Адчувалася фантастычная еднасць усіх на працягу ўсяго вечара і ночы, што, безумоўна, ёсць поспехам свята!»